19 красавіка ў Мінску адбылося пасяджэнне Малой Рады ЗБС “Бацькаўшчына”, на якім былі зацверджаныя справаздачы – аб дзейнасці Згуртавання і фінансавая – за 2018 год, а таксама ўхвалены план дзейнасці “Бацькаўшчыны” на бягучы год.
Цягам 2018 года “Бацькаўшчына” традыцыйна падтрымлівала сувязь з арганізацыямі беларусаў замежжа, у тым ліку беручы актыўны ўдзел у шэрагу замежных мерапрыемстваў (XIX “Трыялог” у Крынках (Польшча), 33-я Сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі ў Нью-Ёрку (ЗША), ушанаванне пахаваных беларусаў на могілках Монтэ-Касіна (Італія), святкаванне 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці БНР у Вялікабрытаніі і інш.), і асвятляла іх дзейнасць праз сайт zbsb.org, сацыяльныя сеткі Згуртавання ў Facebook і “Вконтакте” і бюлетэнь “Беларусы ў свеце”. Новы інфармацыйны накірунак, які з’явіўся ў справаздачны перыяд, – раздзел сайта “Дыяспара для Беларусі”, створаны, каб акумуляваць усю магчымую інфармацыю пра дабрачынную і мецэнацкую дзейнасць беларусаў замежжа (асабіста ці праз арганізацыі) ў справе дапамогі Беларусі, прыватным ініцыятывам і ўстановам.
У 2018 годзе спецыялісты Згуртавання прааналізавалі законы “Аб беларусах замежжа”, “Аб сродках масавай інфармацыі” і “Аб грамадзянстве”, статут Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кодэксы Рэспублікі Беларусь “Аб культуры” і “Аб адукацыі”. Заўвагі і прапановы былі накіраваны ў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў пры Адміністрацыі прэзідэнта.
Чарговы зварот “Бацькаўшчыны” да Ураду Беларусі з тым, каб дасягненні беларусаў замежжа былі шырэй прадстаўленыя ў школьнай праграме, у 2018 годзе абапіраўся на замоўленае Згуртаваннем даследаванне “Рэпрэзентацыя дыяспаральнай і міграцыйнай праблематыкі ў сучасным адукацыйным працэсе Беларусі (сярэдняя школа)” (аўтар – даследчык літаратуры Ціхан Чарнякевіч, кансультанты – кандыдат філалагічных навук Лявон Баршчэўскі і кандыдат гістарычных навук Наталля Гардзіенка). З адказу Міністэрства адукацыі вынікае, што пэўныя змены ў азначаным накірунку ўжо робяцца, а прапановы “Бацькаўшчыны” будуць накіраваныя да разгляду рабочым групам для дапрацоўкі падручнікаў.
ЗБС “Бацькаўшчына” разам з Таварыствам беларускай мовы, Саюзам беларускіх пісьменнікаў, Беларускім добраахвотным таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры, Саюзам беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын, Гістарычнай майстэрняй імя Леаніда Левіна, Беларускім саюзам мастакоў і Беларускім саюзам дызайнераў заснавалі Арганізацыйны камітэт па ўсталяванні помніка беларусам – праведнікам народаў свету.
У 2018 годзе Згуртаванне працягвала выдавецкую дзейнасць. У серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” выйшлі кнігі “Масей Сяднёў: pro et contra” (укладальнік Лявон Юрэвіч), “Як укладалі “Спадчыну” (укладальнікі Наталля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч), “Абрэзкі з мінулых гадоў” Тамары Стагановіч-Кольба, пяты выпуск “Дзённікаў і запісаў” Рыгора Барадуліна, а таксама, па-за серыяй – зборнік паэзіі Пётры Мурзёнка “Колеры” і публіцыстычны зборнік Радзіма Гарэцкага “Апантаны Бацькаўшчынай. Жыццёвы меланж-2”.
На зварот дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім і Ганны Канапацкай “Бацькаўшчына” падрыхтавала інфармацыю пра выкарыстанне бела-чырвона-белага сцяга падчас публічны’ мерапрыемстваў, якія ладзяць беларускія суполкі за мяжой. Гэтая інфармацыя была неабходная для распрацоўкі праекта Закона “Аб выкарыстанні і ахове першага дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь”.
У верасні кіраўніцы Згуртавання Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская ўзялі ўдзел у чацвёртым пасяджэнні Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа, у якім таксама ўдзельнічалі прадстаўнікі беларускіх арганізацый замежжа, дзяржаўных устаноў і некаторых грамадскіх аб’яднанняў Беларусі.
ЗБС “Бацькаўшчына” не магла пакінуць па-за ўвагай 100-гадовы юбілей абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі і зладзіла інфармацыйную кампанію, выдаўшы юбілейны каляндар і падрыхтаваўшы для сайту budzma.by цыкл тэматычных матэрыялаў. Напярэдадні Дня Волі ў парку імя Янкі Купалы ў Мінску з ініцыятывы Маргарыты Пяровай (Санкт-Пецярбург) і пры спрыянні “Бацькаўшчыны” быў усталяваны памятны знак у гонар Антона і Івана Луцкевічаў.
Зрэшты, і для Згуртавання мінулы год таксама быў юбілейны. У 2018 годзе арганізацыя адзначыла інфармацыйнай кампаніяй і выданнем спецыяльнага выпуску “Беларусаў у свеце” 25-годдзе правядзення першага З’езда беларусаў свету ў Мінску. А яшчэ ў мінулым годзе 10 гадоў споўнілася адному з найважнейшых накірункаў працы “Бацькаўшчыны” – грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Інфармацыйную кампанію з гэтай нагоды падтрымалі незалежныя беларускія СМІ, прысвяціўшы шэраг матэрыялаў аналізу дзейнасці Кампаніі і гутаркам з яе каардынатаркамі Аленай Макоўскай і Нінай Шыдлоўскай.
У 2018 годзе кампанія “Будзьма беларусамі!” па-ранейшаму ладзіла шматлікія літаратурныя і музычныя сустрэчы ў шчыльным супрацоўніцтве з Саюзам беларускіх пісьменнікаў, справаздачы пра якія рэгулярна публікаваліся на сайце Кампаніі budzma.by.
Праз рэгулярнае правядзенне Кампаніяй рэгіянальных мерапрыемстваў у межах рэалізацыі трохгадовай праграмы “Разам да справы!” відавочна палепшылася сітуацыя з павелічэннем колькасці мясцовых грамадскіх ініцыятываў і павышэннем даверу да іх з боку мясцовых адміністрацый. Гэтае сцвярджэнне грунтуецца не толькі на практычным досведзе, а і на сацыялагічным апытанні і выніках фокус-групаў, што былі аб’яднаныя агульнай тэмай – “Узаемадзеянне грамадзянскай супольнасці і дзяржавы на мясцовым узроўні” (праведзена сацыялагічнай лабараторыі “Новак” на замову “Будзьма беларусамі!” і Цэнтра даследавання грамадскага кіравання “СІМПА”). 14 публічных сустрэчаў-дыскусій па актуальных пытаннях, 8 “Кірмашоў праектаў” (у выніку якіх 44 ініцыятывы былі рэалізаваныя), прэс-клубы ў 6 гарадах і 22 запачаткаваныя дыскусійныя клубы былі зладжаныя ў 2008 годзе недарэмна.
Актывісты, якія мелі жаданне падвысіць кампетэнцыю ў сферы дзяржаўнага кіравання, змаглі прайсці навучанне ў “Школе мэраў”– адукацыйна-асветнай праграме, што ладзілася сумесна з ”СІМПА”.
На замову “Будзьма беларусамі!” і “СІМПА” эксперты Вольга Смалянка (Цэнтр прававой трансфармацыі) і Юры Чавусаў (Асамблея НДА) падрыхтавалі аналіз прававога рэгулявання і практыкі ўзаемадзеяння мясцовых органаў і НДА, які ўвасобіўся ў папяровым і электронным выданні з рэкамендацыямі для міжнародных арганізацый, дзяржаўных органаў і грамадзянскай супольнасці. Зараз кампанія “Будзьма беларусамі!” клапоціцца пра тое, каб гэтыя рэкамендацыі дайшлі да адрасатаў і былі імі ўзятыя на ўзбраенне.
Як і ў ранейшыя гады, “Будзьма!” выдала чарговы выпуск календара “Не маўчы па-беларуску” і аднайменны камплект з 12 паштовак, набор стыкераў “Ёсць нагода для карагода” (прадубляваных у электроннай версіі для папулярнага мэсэнджара Telegram). Выдавецкім поспехам кампаніі ў справаздачны год было выданне рамана Віктара Марціновіча “Ноч”, які карыстаўся вялікім чытацкім попытам.
Таксама “Будзьма!” аказала дзейсную падтрымку “Спеўным сходам” (аўтар Сяргей Доўгушаў) і “Лідэрскім курсам” (аўтар Павел Севярынец).
Сярод найбольш цікавых і важных планаў Згуртавання на бягучы год – актуалізацыя рубрыкі “Дыяспара для Беларусі” на сайце zbsb.org, рэалізацыя ў рамках кампаніі “Будзьма беларусамі!” прававой асветнай праграмы для школьнікаў, бацькоў і настаўнікаў “Маё права!” і дзейнасць, звязаная з перапахаваннем парэшткаў паўстанцаў 1863–1864 гг. у Літве.
Падчас абмеркавання плану працы “Бацькаўшчыны” на бягучы год намеснік Старшыні Рады Валеры Герасімаў агучыў прапанову скіраваць зварот да кандыдатаў у дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў з заклікам звярнуць увагу на беларускае замежжа і наладжваць з ім сувязі на ўсіх узроўнях, пачынаючы ад рэгіянальнага.
Сябра Рады, гісторык Леанід Лыч нагадаў пра неабходнасць у бягучым годзе належным чынам асвятляць 75-годдзе паваеннай эміграцыі, а таксама знайсці спосаб уздзеяння на дзяржаўныя інстытуцыі з мэтай рэалізацыі дапамогі ў захаванні этнакультурнай самабытнасці беларусаў Прыбалтыкі на найвышэйшым узроўні.
Сябра Рады, дэпутатка Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Алена Анісім прапанавала “Бацькаўшчыне” заключыць з Таварыствам беларускай мовы, якое яна ўзначальвае, пагадненне, прапанаваўшы супольную падтрымку тым кандыдатам на выбарах у Палату Прадстаўнікоў, якія будуць прасоўваць падтрымку беларускай мовы, звяртаць увагу грамадскасці на беларускае замежжа і да т.п.
Асобнай тэмай абмеркавання Рады ЗБС “Бацькаўшчына” быў пункт пра ўшанаванне памяці Хведара Нюнькі – сябра Рады, слыннага беларускага грамадскага дзеяча ў Літве, які ў мінулым годзе пайшоў у іншы свет. Сваякі спадара Хведара якраз у гэты час заклапочаныя зборам сродкаў, каб усталяваць помнік на яго магіле ў Літве, і звярнуліся па фінансавую дапамогу да беларускай грамады.
Інфармацыйны цэнтр МГА „ЗБС „Бацькаўшчына“