Ці з’явіцца беларускае замежжа ў школьных падручніках?

Днямі ЗБС “Бацькаўшчына” атрымала адказы з Нацыянальнага інстытута адукацыі, Міністэрства адукацыі і з Палаты прадстаўнікоў у адказ на нашу прапанову ўнесці змены ў школьныя падручнікі.

Падставай для прапановы сталі вынікі даследавання, праведзенага экспертамі на замову Згуртавання: школьная праграма амаль цалкам інгаруе беларусаў замежжа і вынікі іх палітычнай, культурнай і навуковай дзейнасці, а некаторыя падручнікі наогул фармуюць негатыўнае стаўленне да беларускай дыяспары.

З адказу Міністэрства адукацыі вынікае, што ў сувязі з распачатым у 2015 годзе паэтапным пераходам на абноўленыя вучэбныя праграмы і падручнікі шэраг заўваг экспертаў пакрысе страчвае актульнасць, аса­бліва ў пунктах, якія датычацца прадмета “Мастацтва”: ці не палова імё­наў мастакоў, прапанаваных экспер­тамі да ўключэння ў праграму, як вынікае з ліста, цяпер будуць вывучацца.

Таксама, са словаў намесніка Міністра адукацыі Р.С. Сідарэнкі, “у змест вучэбнай праграмы для 11 класа (базавы і павышаны ўзроўні) уключана рубрыка “Літаратура беларускага замежжа” (тэма “Сучасная беларуская літаратура. Агляд”), якая знаёміць старшакласнікаў з найбольш вядомымі прадстаўнікамі беларускага замежжа і іх роляй у развіцці беларускай літаратуры”.

Разам з тым, “па заўвагах і прапановах да дзеючых вучэбных дапаможнікаў па грамадазнаўстве адзначаем, што ў 9 класе ўключэнне асобных тэм і раздзелаў, прысвечаных беларускай дыяспары, пытанням міграцыі і гісторыка-культурнай спадчыны беларусаў замежжа не прадугледжана вучэбнай праграмай, але належная ўвага надаецца фарміраванню паняцця шматгран­насці грамадства, наяўнасці розных груп і слаёў, міжкультурнага дыялогу паміж імі і інш.”

У любым разе, Міністэрства адукацыі сцвярджае, што “работа па пашырэнні нацыянальнага кампанента ў змесце вучэбных праграм і падручнікаў” будзе працягвацца, і рабочым групам прапанавана дадаткова разгледзець рэкамендацыі “Бацькаўшчыны” і абмеркаваць пытанне аб магчымасці іх уключэння ў вучэбныя праграмы.

Мы ж, у сваю чаргу, хочам падкрэсліць, што і беларуская дыяспара, і даробак беларусаў замежжа, – з’явы аб’ектыўнай рэчаіснасці. Не заўважаць іх – значыць мець скажоную, ненавуковую карціну свету.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”