Бываюць падзеі, што рыхтуюцца адмыслова да юбілеяў, значных датаў, а бываюць супадзенні — твайго жыцця і гістарычных угодкаў. Гэткаю выпадковаю стала сёлетняя паездка з калегамі на Монтэ Касіна за тыдзень да чарговай гадавіны тае крывавае бітвы, што скончылася 18 траўня 1944 г.
Станцыя Кассіна
Да гарадка Кассіна (менавіта так, паводле мовазнаўцаў, мелася б правільна па-беларуску пісацца італьянская назва Cassino) ад Неапаля можна даехаць за дзве гадзіны на рэгіянальным цягніку. У горадзе і ваколіцах знаходзяцца тры мемарыяльныя могільнікі, звязаныя са знакамітай бітвай: брытанскі (каля 5 тысячаў пахаванняў), нямецкі (каля 20 тысячаў) і польскі (каля 1 тысячы). Пры гэтым да апошняга дабірацца найскладаней: трэба ўздымацца высока ўгару, амаль да самага бенедыктынскага абацтва, за якое так жорстка змагаліся ў 1944-м.
Ад чыгуначнага вакзала ў Касіна да дзейнага і сёння абацтва тройчы на дзень ходзіць мясцовы аўтобус, што за 1 еўра падыме вас на вышыню больш як 500 метраў. Калі не трапілі на аўтобус, можна даехаць на таксоўцы ў любы час, але ўжо за 20 еўра. Пераважная ж большасць наведнікаў і ў абацтва, і на польскі могільнік прыязджаюць адмысловымі экскурсійнымі аўтобусамі. Шмат іх мы спаткалі каля ўваходу ў каталіцкую святыню, значна меней, але былі тыя аўтобусы і на могілках.
Польскі вайсковы могільнік знаходзіцца на той самай гары, крыху ніжэй па схіле за абацтва (хвілінаў 10-15 пешкі). Ён быў запачаткаваны адразу пасля сканчэння бітвы, паводле загаду генерала Уладыслава Андэрса — камандзіра 2-га Польскага корпуса, што стаў асноўнай вайсковай сілаю ў змаганні за стратэгічную вышыню. Каля 1050 жаўнераў былі пахаваныя тут ужо да адкрыцця могільніка ў верасні 1945 г. Колькі асобаў дадалося пазней, у тым ліку і сам генерал Андэрс з жонкаю. Памерлы ў 1970 г. у Лондане, ён завяшчаў пахаваць сябе побач са сваімі жаўнерамі.
Магіла Уладыслава Андэрса і яго жонкі Ірэны
Пахаванні на могільніку месцяцца ў дзевяці вялікіх секцыях (па два шэрагі ў кожнай), якія размяшчаюцца на розных узроўнях — кожны наступны ўсё вышэй па схіле. Пераважная большасць надмагілляў мае традыцыйныя чатырохканцовыя крыжы, але ёсць секцыі і з шасьціканцовымі праваслаўнымі, а таксама іўдзейскія пахаванні.
Нас, зразумела, цікавілі пахаваныя на могільніку жаўнеры-беларусы. Паводле сведчанняў эміграцыйных публікацыяў яшчэ ад пачатку 1950-х, тут знайшлі спачын больш за 250 нашых суайчыннікаў (паводле гісторыка Юрыя Грыбоўскага, менавіта беларусаў сярод іх каля 180). Нараджэнцаў беларускіх земляў тут можна знайсці ва ўсіх секцыях, але ў праваслаўнай іх пераважная большасць.
Габрэйская секцыя на могілках
Мы ішлі ўздоўж шэрагаў пахаванняў, учытваючыся ў надпісы. На большасці надмагілляў пазначаны рэгіён (найчасцей павет), з якога паходзіў жаўнер. Спыніяліся перад кожным “нашым”, рабілі здымкі. Багата тут Наваградскага, Пастаўскага, Ваўкавыскага, Браслаўскага, Ашмянскага і іншых заходнебеларускіх паветаў, жыхароў якіх пасля 1939 г. шмат вывозілі ў далёкую Сібір, адкуль праз колькі гадоў яны намагаліся трапіць у “ратавальную” польскую армію, каб знайсці апошні спачын у гэткай жа няблізкай італьянскай зямлі… На некаторых надмагіллях польскія нацыянальныя стужкі, на магілах жаўнераў з Львова — жывыя кветкі-гваздзікі, відаць, нядаўна была тут украінская дэлегацыя. Надпісы на надмагіллях паказваюць шырокую геаграфію ўдзельнікаў бітвы: сустракаецца і расійская Разань, і амерыканскі Нью-Джэрсі… На адным надмагіллі месцам нараджэння пазначаны “Мінск. Расія”. На 1917 г. гэта, безумоўна, было праўдаю, але непрыемна чапляе гэтая пазнака…
Магіла Пятра Мышко з Пастаўскага павету
Пахаванне за пахаваннем абыходзім увесь могільнік. Зробленыя здымкі ўсіх “нашых” надмагілляў. Яны з часам будуць апрацаваныя і дададзеныя ў віртуальную базу звестак пра беларускія пахаванні на Захадзе, што мы ствараем.
Магіла Юзафа Сялявы з Мінска
Варта адзначыць, што польскі могільнік на Монтэ Кассіна — адно з найбольшых месцаў кампактнага пахавання беларусаў на чужыне. Большымі ёсць хіба што адмысловыя беларускія могільнікі, створаныя паваеннымі эмігрантамі ў Нью-Джэрсі, Кліўлендзе ці Мельбурне. Але да стварэння гэтага мемарыялу беларусы дачынення не мелі.
Наталля Гардзіенка
На эміграцыі сярод беларусаў былі ветэраны Монтэ Касіна, што згадвалі тыя падзеі, адзначалі ўгодкі. Захаваліся сціплыя сведчанні пра бітву ў мастацкай літаратуры, згадаем “Смерць і салаўі: Успаміны афіцэра-беларуса з-пад Монтэ-Касіна” Пётры Сыча. Або вось яшчэ “Макі” Міхася Кавыля:
Можа сэрцу мне даць адпачынак
На аблоні суцішных вятроў?
Макі, макі на Монтэ-Касіна
Беларуская жывіць кроў.
Хай квітнеюць на вояў магілах,
Мне ня шкода, люблю я квяты;
Але бачу — арол белакрылы
Па-над макамі ў небе застыў.
Беларусаў ён душы вартуе,
Каб да Бога са скаргай ня йшлі,
Што за справу ня тую сьвятую,
За чужую палеглі ў зямлі…
Не, я сэрцу ня дам адпачынак
На аблоні суцішных вятроў, —
Макі, макі на Монтэ-Касіна
Беларуская жывіць кроў…
Наталля Гардзіенка