Да гэтага часу ў Беларусі, дзякуючы дапамозе беларускіх арганізацый замежжа і ахвяраванням асобных беларусаў, рэалізоўваюцца культурна-асветніцкія праекты, друк кніг і слоўнікаў, аказваецца дапамога творчым арганізацыям і асобным аўтарам, у тым ліку ладзяцца культурныя мерапрыемствы пры дапамозе Харытатыўнага фонду беларусаў у Вялікабрытаніі, Фонду культуры і адукацыі Алы Орсы-Рамана (ЗША).
У перыяд з 1996 па 2007 год Згуртаванне “Бацькаўшчына” пры дапамозе Фонду “Этнічны голас Амерыкі” (ЗША) правяло 7 літаратурна-мастацкіх конкурсаў для дзяцей і накіравала пераможцаў на аздараўленчы адпачынак у Турцыю, Балгарыю, Польшчу, Чэхію; выдала зборнікі твораў і мастацкія альбомы пераможцаў конкурсу.
“Мой родны кут, як ты мне мілы...”
Сачыненні пераможцаў дзіцячага конкурсу. МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Мінск: Беларускі кнігазбор, 2002.
Беларусь маёй будучыні
Сачыненні пераможцаў літаратурна-мастацкага конкурсу. МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Беласток, 2008.
“Я – беларус, і тым ганаруся!”
Сачыненні пераможцаў дзіцячага конкурсу. МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Мінск: Беларускі кнігазбор, 2003.
“Беларусь – мая Бацькаўшчына”
Сачыненні пераможцаў дзіцячага конкурсу. МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Мінск: Беларускі кнігазбор, 2003.
“Гістарычныя вандроўкі”
Сачыненні пераможцаў дзіцячага конкурсу да 450-годдзя Рэфармацыі на Беларусі. МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Мінск: Беларускі кнігазбор, 2003.
“Нашчадкі змагарнай славы”
Сачыненні пераможцаў дзіцячага конкурсу. МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Мінск: Беларускі кнігазбор, 2004.
“Гэта мы – гэта наша гісторыя”
Альбом-каталог дзіцячых твораў на беларускай і англійскай мовах конкурсу. МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Чарнігаў: Промінь, 2006.
“Радзіма вялікая і малая”
Сачыненні пераможцаў дзіцячага конкурсу. МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Мінск: Беларускі кнігазбор, 2006.
З удзелам “Бацькаўшчыны” і дапамогай Фонду “Этнічны голас Амерыкі” (ЗША) выйшаў шэраг музычных альбомаў гуртоў з Беларусі, сярод якіх — “Стары Ольса”, “Testamentum Terrae” і інш.
Позняя вясна 2004 года. Літоўска-беларуская мяжа. Чарга на аўтапераездзе. Побач сталі дзве машыны. У адной з Вільні вярталіся свядомыя беларусы, у другой з паездак па крамах і рэстарацыях Літвы – заможныя беларусы. Цёплае надвор’е, надвячорак, усе выйшлі з машынаў і размаўляюць на вуліцы. Заможныя беларусы, нападпітку і ў добрым гуморы ад адпачывальнай паездкі, пачулі размову па-беларуску і зацікавіліся свядомымі. Падчас нязмушанай размовы самы салідны заможны беларус запытаў, адкуль свядомыя бяруць грошы на свае выданні, канферэнцыі, выставы. Свядомы: “Дзелавыя людзі, пасля таго як дасягаюць пэўнага ўзроўню дабрабыту, пачынаюць клапаціцца пра родную культуру і ўкладаць у яе грошы”. Гэты адказ настолькі закрануў заможнага, што той пайшоў задуменны і сеў у сваю машыну.
У адным з нумароў “Беларуса” надрукаваная рэцэнзія на новы дыск “Скарбы літвінаў” гурта старадаўняй музыкі “Стары Ольса”. Рэцэнзія добрая, але яна ніводным словам не згадвае чалавека, дзякуючы якому выйшаў гэты альбом. А менавіта ў такой вялікай і прэстыжнай газеце беларускай дыяспары, як “Беларус”, было неабходна апісаць цікавую з’яву беларускай культуры – мецэнацтва беларускай дыяспары, накіраванае на падтрымку культуры ў Беларусі.
Дыяспара любой нацыі адыгрывае вялікую ролю ў развіцці грамадства, культуры і бізнэсу сваёй Айчыны. Беларуская ж дыяспара штучна ізаляваная ад Беларусі на падставе адрознення поглядаў з сённяшнімі ўладамі на гісторыю і будучыню сваёй краіны. У той жа час беларускі шоу-бізнэс не выходзіць пакуль з зародкавага стану – існуе ў выглядзе напаўсамадзейнай “эстрады”, падкормленай бюджэтам і прафільтраванай дзяржаўнымі цэнзарамі. У гэтым зародкавым арганізме адсутнічае прафесійнае прадзюсарства як інвестыцыі з дакладным планам прасоўвання і продажу шоу-прадукта. У гэтым зародкавым “эстрадным” арганізме адсутнічае таксама і інстытут мецэнацтва – вольны густоўны адбор музыкі і фінансаванне праектаў, якія даспадобы гурманам мастацтва.
Сённяшняя беларуская культура закрытая ад вольных укладанняў у яе: дзяржава бярэ да 30% падаткаў ад пералічанай сумы. І тут праз шматлікія заслоны прабіўся чалавек, які лічыць справай гонару падтрымку ініцыятываў у беларускіх літаратуры і музыцы – Ірэна Каляда-Смірнова (хаця літаратура і музыка далёка не вычэрпваюць кірункаў яе мецэнацкага ўкладання). Гэты артыкул выкліканы вялікай удзячнасцю і высокай асабістай сімпатыяй да спадарыні Ірэны. Аздараўленне дзяцей, выданне кніг, запіс і тыражаванне музыкі – толькі пачатак пераліку падтрыманых творчых і гуманітарных ідэй. Адзіная нязменная рыса ўсіх падтрыманых спадарыняй Ірэнай пачынанняў – загартаваны патрыятызм і мастацкая арыгінальнасць. Гэтыя дзве рысы (беларускасць і навізна) мецэнацтва спадарыні Ірэны складаюць ужо пэўны пласт у новай гісторыі Беларусі: першыя зборнікі дзіцячых сачыненняў аб Радзіме, першы мастацкі пераклад Фёдара Дастаеўскага на беларускую мову, першы аўдыёзапіс на старабеларускай мове Статута ВКЛ і інш.
Гісторыя мецэнацтва Беларусі пакуль не сістэматызаваная і не надрукаваная, але ў многіх даследаваннях можна прачытаць пра высакародныя ўчынкі нашых продкаў, накіраваныя на падтрымку айчыннага мастацтва. Спіс можна пачынаць ад святой Еўфрасінні Полацкай, праз усе стагоддзі прайсці да эпохі Рэнесансу, калі мецэнацтва магнатаў і шляхты прывяло да шыкоўнага мастацтва і дойлідства, дайсці да мецэнацтва XVIІІ ст., прасачыць творчыя ініцыятывы беларускіх дзеячаў ХІХ ст., праглядзець станаўленне беларукага Адраджэння ў пачатку ХХ ст., а потым прыйсці да мецэнатаў ХХ – пачатку ХХІ ст.
Мецэнацтва як некамерцыйнае ўкладанне – неабходная ўмова развіцця многіх відаў мастацтва і адкрыцця новых імёнаў. Асобныя часткі культуры не ў стане існаваць без “гуманітарнай дапамогі”. Такімі з’яўляюцца, напрыклад, усе новыя, маладыя віды мастацтва; яны ніколі не бываюць выгаднымі і маюць у сваім развіцці толькі адну крыніцу выжывання – мецэнацтва. Тое ж адбываецца цяпер з маладым для Беларусі (як, дарэчы, і для многіх краін Еўропы) стылем музыкі, які ў шырокім сэнсе называюць “медываль” – сярэднявечныя балады, танцы і п’есы. Гэты стыль мае некалькі прынцыповых патрабаванняў да сваіх выканаўцаў – музыка XII-XVII ст., агучаная на копіях тагачасных інструментаў (стыль дапускае стварэнне некаторай колькасці новаствораных мелодый у жорсткіх межах сярэднявечнага стылю). Музыка стылю медываль на Беларусі – нязменная крыніца патрыятызму, бо даказвае, што нашая краіна ў часы Сярэднявечча і Рэнесансу мела высокаразвітае мастацкае асяроддзе. Гуртоў стылю медываль на Беларусі ў апошнія часы амаль не было. Толькі ў апошнія гады з’явілася новая генерацыя музыкаў. Яны ў большасці выпадкаў выйшлі з рыцарскіх клубаў, дзе доўгі час біліся на турнірах, а цяпер узялі ў рукі музычныя інструменты: “Стара Літва”, “Ліцвінскі хмель”, “Верхні горад”, “Вайдалот”, “Осіміра”, “Герфункер” і інш. Некаторыя з іх не здолеюць вытрымаць напружання, з якім сутыкаюцца ўсе гурты ў першыя гады творчасці. Але тыя, што выжывуць, сутыкнуцца з новай хваляй праблемаў: дзе набыць вартыя інструменты, дзе знайсці пастаянны рэпетыцыйны пункт, як рэгулярна займацца рэкламай, і, нарэшце, як аплаціць студыю для запісу музыкі.
Дзякуючы падтрымцы Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, настойлівасці і працаздольнасці музыкаў, менеджараў “Беларускай музычнай альтэрнатывы” і падтрымцы мецэнатаў (у тым ліку Ірэны Каляды-Смірновай) гурт “Стары Ольса” ўжо прэзентаваў шосты альбом, маючы аншлагі на танцавальных і канцэртных выступах. (Беларусь можа стаць першай краінай у Еўропе, дзе канцэрты старой акустычнай музыкі збіраюць больш аматараў, чым музыкі сучаснай электроннай.) Вопыт гэтага выжывання, вопыт працы з музычным матэрыялам, сувязі са студыямі і менеджарамі гурт цяпер перадае маладым, бо робім адну справу на гонар адной краіны. Дзякуючы “Бацькаўшчыне” гурт “Стары Ольса” ў двухгадовым сваім ўзросце пазнаёміўся з Ірэнай Калядой-Смірновай, якой, як і кожнаму мецэнату, сталі даспадобы некаторыя музычна-даследчыя ідэі ўдзельнікаў гурта. Вынікам стаў дыск “Verbum” (з латыні “Слова”), у якім, акрамя музычных здабыткаў (“Полацкі сшытак”), упершыню былі агучаныя з беларускай фанетыкай “Слова пра паход Ігаравы”, загучалі пад лютню арыгінальныя тэксты Міколы Гусоўскага, запісаныя вялікія ўрыўкі Статута ВКЛ пад беларускія дуды і начытаныя ўрыўкі з “Пана Тадэвуша” пад беларускую ліру. Гэта быў першы вопыт, і калі спадарыня Ірэна атрымала вынікі працы – ліцэнзійныя дыскі – яна зрабіла наступны прафесійны крок мецэната. Яна проста запытала, ці маюць удзельнікі гурта інршыя арыгінальныя ідэі. А ідэй процьма – нашыя продкі пакінулі так шмат перлінаў музычнага мастацтва, што працы хопіць вялікаму Інстытуту гісторыі. Без залішніх перамоваў спадарыня Ірэна прапанавала брацца за далейшую працу. І тут, абапіраючыся на вопыт, набыты за ранейшыя гады, ольсаўцы год працавалі над старымі мелодыямі і паўгода ў студыі. Праз паўтара года пабачыў свет двайны альбом “Скарбы літвінаў”, які вяртае мноства згубленых шэдэўраў. Ад святой Еўфрасінні Полацкай да Ірэны Каляды-Смірновай і далей нашая культура і нашыя нашчадкі будуць абавязаны вам, беларускія мецэнаты. Шчыры дзякуй!
Зміцер Сасноўскі, кіраўнік гурта “Стары Ольса”
Дзякуючы Фонду “Этнічны голас Амерыкі” (ЗША) пры ўдзеле Згуртавання “Бацькаўшчына” былі зробленыя пераклады і выдадзеныя па-беларуску творы шэрагу класікаў замежнай літаратуры. Фонд таксама спрыяў выданню твораў айчынных літаратараў.
Ф. Дастаеўскі. Аповесці. Апавяданні
Уклад. і пер. А. Каляды; Прадм. В. Іваноўскага / МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Мінск: Беларускі кнігазбор, 2002.
Лялечны дом: П’есы замежных драматургаў у перакладзе Андрэя Каляды
МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Мінск: Беларускі кнігазбор, 2006.
Рыгор Барадулін. Навошта: Вершасказы
Уклад. Алесь Камоцкі; фотамаст. Джон Кунстадтэр. МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Мінск: Медысонт, 2009.
А.А. Каляда. Беларускае літаратурнае вымаўленне: практыкум па дыкцыі і арфаэпіі
МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Мінск: Тэхналогія, 2006.
Андрэй Каляда. Сцэнічная мова: Вучэб.-метад. дапаможнік
МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Мінск: Беллітфонд, 2006.
Серж Мінскевіч. Прыгоды Какоса Маракоса: Вершы
МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. – Мінск: Медысонт, 2007.
Пакаленне Jeans: П’есы маладых драматургаў Беларусі ў перакладзе Андрэя Каляды
Укл. М. Халезіна, Н. Каляды / МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, 2007
Алесь Петрашкевіч. Приласкать и уничтожить: Гістарычная трагедыя
МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Мінск: Медысонт, 2008.
Чытанка для дзіцячага садка
Уклад. Вінцук Вячорка, Пётра Садоўскі; мал. Наталлі Гарбуновай / МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. – Мінск: Медысонт, 2008.
Кастусь Акула. Заўтра ёсць учора: Раман
Пер. з ангельскай, прадм. Ірыны Варабей. МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Мінск: Медысонт, 2008.
Радзім Гарэцкі. Браты Гарэцкія
МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Мінск: Медысонт, 2008.
Сяргей Шабельцаў. Беларусы ў Аргенціне: Грамадская дзейнасць і рээміграцыя ў СССР (1930–1960-я гг.)
Зборнік дакументаў і ўспамінаў / МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Мінск: Медысонт, 2009.
Анатоль Грыцкевіч. Старонкі нашай мінуўшчыны.
МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. – Мінск: Кнігазбор, 2009.
Сяргей Шапран. Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах. Том 1.
МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, Гарадзенская бібліятэка. Мінск–Гародня, 2009.
Сяргей Шапран. Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах. Том 2.
МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, Гарадзенская бібліятэка. Мінск–Гародня, 2009.
Зміцер Сасонўскі. Гісторыя беларускіх музычных уплываў
МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. – Мінск: Медысонт, 2009.
Алег Трусаў. Невядомая нам краіна. Беларусь у сваіх этнаграфічных межах
МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. – Мінск: Кнігазбор, 2009.
Гістарычны шлях беларускай нацыіі дзяржавы.
М. Біч, Р. Гарэцкі, У. Конан і інш.; Рэдкал.: У. Арлоў і інш.; Пер. на англ. А. Бурсаў / МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. – Вільня, 2011.
Выданне Згуртаваннем як асноўным ініцыятарам аднаўлення вобразу Крыжа Еўфрасінні Полацкай кнігі "Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны" (укладальнік — У. Арлоў) і здымкі фільма "Шлях да Святыні" (рэжысёр — Віктар Шавялевіч) пра гісторыю аднаўлення вобразу Крыжа Еўфрасінні Полацкай пры дапамозе А. Сілівончыка (Расія, 1998).
Ахвяраванне на рэстаўрацыю фрэсак у Царкве Св. Еўфрасінні Полацкай у Полацку і распрацоўка канцэпцыі рэстаўрацыі Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў Полацку, а таксама аказанне дапамогі ў рэстаўрацыі. Ахвярадаўца – Анатоль Сілівончык (Расія) праз фонд Еўфрасінні Полацкай.
Прадстаўнікі беларусаў замежжа рэгулярна ўдзельнічаюць на сваёй малой радзіме ў аднаўленні і рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры.
Да прыкладу, Анатоль Лук’янчык з ЗША на рэстаўрацыю Мірскага замка ахвяраваў некалькі дзясяткаў тысяч даляраў.
Цырымонія перадачы ў дар Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і Нацыянальнаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку “Нясвіж” шэрагу культурных каштоўнасцяў, па розных прычынах вывезеных з Беларусі, адбылася сёння ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі.
Галоўным героем мерапрыемства стаў Валеры Казакоў, старшыня Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі”, сябра Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Менавіта дзякуючы працы аўтаноміі “Беларусы Расіі” і высілкам асабіста Валерыя Казакова Беларусь атрымала шыкоўныя падарункі, сярод якіх:
Выступаючы падчас цырымоніі Валеры Казакоў падкрэсліў, што Беларусь – сусветная нацыя: “Калі мы паглядзім на любую зямлю ў Еўропе, мы ўбачым, што там ёсць беларусы”. Ён заклікаў беларусаў, якія жывуць за мяжой, памятаць, што яны беларусы і не чакаць, што Беларусь зменіцца.
Валеры Казакоў
Словы падзякі Валерыю Казакову за перададзеныя падарункі выказалі дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі, дырэктар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Сергей Клімаў, намеснік Старшыні Брэсцкага райвыканкама Людміла Жуковіч.
Ліст падзякі Валерыю Казакову перадае Раман Матульскі
Падзяку Валерыю Казакову выказаў Міністр культуры Беларусі Павел Латушка. Ён адзначыў, што перадача культурных каштоўнасцяў стала магчымай “дзякуючы канкрэтным людзям, дзякуючы таму, што Валеры Казакоў – чалавек слова”. Павел Латушка паабяцаў, што супраца з беларускай дыяспарай будзе працягвацца. Зараз вядзецца праца над адмысловай праграмай “Беларусы ў свеце”, адзначыў спадар міністр. Ён нагадаў, што ў пачатку ліпеня ў Беларусі будзе праходзіць Першы фестываль мастацтваў беларусаў замежжа.
Павел Латушка
Надзею на тое, што “эстафета, пачатая Валерыем Казаковым, будзе пашырацца”, выказаў Міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў. Ён перадаў Валерыю Казакову ганаровую грамату ад МЗС Беларусі ў знак падзякі за развіццё сувязяў з Расіяй і садзейнічанне вяртанню культурных каштоўнасцяў Беларусі.
Сяргей Мартынаў
Прымаючы грамату Валеры Казакоў заўважыў: “Мы не замежныя людзі, мы тутэйшыя”. “Мы перадавы атрад Беларусі за Смаленскам”, - пажартаваў кіраўнік аўтаноміі “Беларусы Расіі”. Яшчэ адным падарункам ФНКА “Беларусы Расіі” стаў экземпляр факсімільнага выдання “Слуцкага Евангелля”.
Слуцкае Евангелле ў падарунак
Лёсы архіваў беларускіх дзеячаў і арганізацый у замежжы — складаная, а часам і трагічная старонка айчыннай гісторыі. Можна прывесці дзясяткі прыкладаў знікнення ці нават свядомага знішчэння каштоўных збораў нашчадкамі або нейкімі структурамі. Разам з тымі дакументамі знікае вялікі пласт інфармацыі і сам даробак суродзічаў за мяжой. Яны застаюцца нябачнымі і для даследчыкаў, і, як вынік, для шараговых суайчыннікаў.
У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва паўстала навукова-творчая ініцыятыва “Цэнтр камплектавання і вывучэння дакументальнай спадчыны беларускага замежжа”. Стварэнне такой структуры звязана з неабходнасцю сістэматычнага збірання дакументаў, друкаў, артэфактаў, што ствараліся і ствараюцца беларусамі па-за межамі метраполіі. Калі раней функцыі такога збірання ў пэўнай ступені выконвалі эміграцыйныя ўстановы на Захадзе, як, прыкладам, Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, Беларуская бібліятэка імя Ф. Скарыны ў Лондане, або Цэнтр Ф. Скарыны ў Мінску, дык цяпер, з пашырэннем геаграфіі беларускіх дыяспар, сістэматычнага мэтанакіраванага збірання даробку замежных суайчыннікаў не вядзецца. У выніку каштоўная частка беларускай культурнай спадчыны страчваецца для сучасных і будучых даследчыкаў.
Паводле задумы новы Цэнтр прызначаны для садзейнічання выяўленню, захаванню, апісанню, вывучэнню і папулярызацыі дакументальнай спадчыны беларускага замежжа на базе Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літататуры і мастацтва.
Варта адзначыць, што ў БДАМЛіМ на працягу апошніх дзесяцігоддзяў ужо ішло паступовае збіранне замежнай беларусікі. Свае архіўныя зборы сюды перадалі вядомыя дзеячы замежжа Масей Сяднёў, Алесь Алехнік, Янка Запруднік, Вітаўт Кіпель. Нядаўна ў архіў была перададзеныя вялікая калекцыя дакументаў згаданага ўжо вышэй Беларускага інстытута навукі і мастацтва. Такім чынам, новаствораны Цэнтр мае добрую базу для сваёй дзейнасці.
Сярод задач Цэнтра можна адзначыць выяўленне беларускіх дакументаў у замежных архівах, музеях і бібліятэках, зборах арганізацый беларускага замежжа, а таксама прыватных асобаў; арганізацыю камплектавання і стварэнне архіўных фондаў беларускіх грамадска-культурных арганізацый замежжа і дзечаў беларускіх дыяспар у складзе Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва; навуковае апісанне дакументальнай спадчыны беларускага замежжа; спрыянне яе навуковаму вывучэнню; папулярызацыя ў беларускім грамадстве ведаў пра дзейнасць за мяжой беларускіх арганізацый, выдатных асобаў беларускага паходжання. Мяркуецца ажыццяўляць кансультаванне зацікаўленых асобаў па пытаннях захавання і вывучэння дакументаў, публікацыю матэрыялаў на падставе сабраных архіваў.
Сёння надзвычай важным ёсць збіранне дакументаў і друкаў дзеючых арганізацый і суполак, а таксама захаванне архіваў дзеячаў далёкага і блізкага замежжа. Таму Цэнтр спадзяецца наладзіць цеснае супрацоўніцтва з усімі зацікаўленымі асобамі і арганізацыямі як за мяжой, так і ў Беларусі, каб не даць знікнуць багатай спадчыне беларускага замежжа.
У справе супрацоўніцтва па пытаннях, звязаных з захаваннем і вывучэннем замежнай беларусікі, можна звяртацца да дырэктара БДАМЛіМ Ганны Запартыкі або гісторыка Наталлі Гардзіенкі.
Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва.
Сайт: http://bdamlm.by/
Адрас: Мінск, вул. Кірыла і Мефодыя, 4.
Тэл.: +375(17)3274781.
E-mail: bdamlim@tut.by; nhardzijenka@gmail.com.
Наталля Гардзіенка
Беларускі інстытут навукі і мастацтва (г. Нью-Ёрк) перадаў у цэнтр фрагменты асабістых архіваў Антона Адамовіча, Наталлі Арсенневай, Юркі Віцьбіча, Алеся Салаўя, багатыя калекцыі паштовак, марак, значкаў, медалёў, разнастайных бланкаў з беларускай сімволікай, што выходзілі ў беларускіх асяродках у Аўстраліі, Канадзе, ЗША, Вялікабрытаніі і г.д. Таксама дзякуючы БІНіМу ў Беларусь перададзеныя ўнікальныя аўтографы Я. Купалы, У. Жылкі, архівы беларускіх пісьменнікаў і многае іншае. Ад 2014 г. БІНіМ рэгулярна перадае каштоўныя архіўныя матэрыялы у Архіў-музей у Беларусі. Паступаюць архіўныя дакументы і ад БІНіМ Канады. Асобныя дзеячы беларускай эміграцыі перадаюць асабістыя і арганізацыйныя архівы, дзякуючы якім ідзе папаўненне фондаў Архіва-музея ў Мінску.
Набыццё Статуту ВКЛ на старабеларускай мове (2012) для Музея гісторыі Магілёва. Сярод ахвярадаўцаў — Валеры Казакоў (Расія), Павел Бераговіч (Эстонія).
Эпапея з набыццём арыгінальнага асобніка Статута Вялікага княства Літоўскага ўзору 1588
года скончаная. Сёння яго прывезлі ў Мінск, дзе ўрачыста прэзентавалі. Са сталіцы Статут перавязуць у Магілёўскі музей, дзе ён і будзе захоўвацца. Справа ў тым, што менавіта дырэктар магілёўскага музею Аляксей Бацюкоў ініцыяваў збор сродкаў на набыццё юрыдычнай рэліквіі. Усёй краінай назбіралі 15 тысяч долараў, яшчэ 30 ахвяравала кампанія Alpari.
"Вельмі прыемна! Нам тэлефануюць, пішуць абсалютна незнаёмыя людзі і дзякуюць. Кажуць "дзякуй за гераічны ўчынак". Вельмі прыемна, што гэтая акцыя знайшла водгук сярод насельніцтва, сярод СМІ. Я хачу падзякаваць усім, хто адгукнуўся на акцыю не толькі грашамі, але проста словамі", -- гаворыць угутарцы з Еўрарадыё кіраўнік беларускага прадстаўніцтва Alpari Аляксандр Сабодзін.
Усяго ў свеце захавалася толькі 60 арыгінальных асобнікаў Статута. Дагэтуль ніводнага з іх у Беларусі не было. Зараз адзін з асобнікаў Статута будзе захоўвацца ў Магілёве.
Матэрыял: Алесь Пілецкі, euroradio.fm
Набыццё Статуту ВКЛ на польскай мове (2012) для Музея гісторыі Магілёва, арганізатар — Валеры Казакоў (Расія)
13 мая ў Магілёўскай ратушы адбылася прэзентацыя набытага экзэмпляра Статута Вялікага Княства Літоўскага.
Падараваны асобнік Статута ВКЛ быў выдадзены ў Вільні ў 1744 годзе на польскай мове.
Пошукамі рарытэта займаўся калекцыянер Аляксандр Коган, грошы ахвяраваў пісьменнік, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, кіраўнік Федэральнай нацыянальнай культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі” Валерый Казакоў. Па словах апошняга, за кнігу прыватная асоба з Кастрамы запрасіла менш за тысячу долараў.
— Уладальнік Статута нават не разумеў яго каштоўнасці. Ён быў упэўнены, што мае падручнік па польскай гісторыі, — кажа Валерый Казакоў. — Гэта сведчыць пра тое, што многія нашыя каштоўнасці, якія захоўваюцца ў прыватных калекцыях і музеях замежжа, там не патрэбныя. Іх магчыма выкупіць за невялікія грошы. Толькі гэтым трэба займацца: шукаць, дамаўляцца, вывучаць. А сёння вяртаннем культурнай спадчыны займаюцца асобныя апантаныя людзі. І часам сорамна і не зразумела за што некаторыя чыноўнікі Міністэрства культуры атрымоўваюць заробкі?
— У адрозненне ад выкупленага намі раней асобніка Статута ВКЛ, гэтая кніга не з'яўляецца ўнікальнай, — распавядае дырэктар Музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў. — Падобны асобнік захоўваецца, напрыклад, у Мінску. Ён уяўляе сабой канвалют з трох асобных выданняў. Гэта значыць, што акрамя Статута ВКЛ у кнізе пад адной вокладкай змешчаны «Трыбунал ВКЛ» і «Інструктаж». Але асаблівую каштоўнасць тут маюць так званыя маргіналіі, пазнакі на старонках выдання. Эксперты высветлілі, што ўладальнікам кнігі быў шляхціч з Магілёўшчыны Антоній Сабанскі.
— Для мяне сёння надзвычай хвалюючы дзень, — кажа гісторык Ігар Марзалюк. — Толькі што я даведаўся, што гэты экзэмпляр Статута ВКЛ мае непасрэднае дачыненне да майго роду з Мсціслаўшчыны. Гэта цуд нейкі.
— Гісторыя вяртання Статута, дзейнасць Валерыя Казакова — гэта ўзор таго, як важна любіць сваю краіну не словам, а справай, — лічыць Ігар Марзалюк. — Напрыклад, цяпер вядуцца работы па аднаўленні замка і сінагогі ў Быхаве. Дзяржавай прынята рашэнне акумуляваць усе сродкі на гэтыя аб'екты. А тым часам, на дабрачынны рахунак Сінагогі паступіла ўсяго паўтара мільёна рублёў. А толькі на рамонт даху патрэбна паўтара мільярда. Гэта да таго, што ўсім неабыякавым людзям варта забыцца на ўсе палітычныя і канфесійныя непаразуменні, перастаць абмяркоўваць і пачаць дзейнічаць на карысць краіны.
Акрамя таго, удзельнікі прэзентацыі змаглі ўбачыць і іншыя экспанаты, набытыя з дапамогай Валерыя Казакова — “Собрание сочинений Георгия Конисского” 1835 года і "Вестнік Могілевского земства” 1915 года. Яны, як і новы Статут, застануцца ў Музеі гісторыі Магілёва.
У гэты ж дзень Валерый Казакоў наведаў абласную бібліятэку і ўзяў удзел у імпрэзе “Баркалабаўскі летапіс — нацыянальная каштоўнасць беларусаў”. Падчас імпрэзы В. Казакоў зрабіў падарунак — перадаў абласной бібліятэцы факсімільныя выданні “Баркалабаўскага летапісу” і “Слуцкага Евангелля” і адзначыў, што кнігу трэба берагчы, бо пакуль будуць існаваць кнігі — будуць і людзі жыць. Пісьменнік заўважыў, што калі ён вучыўся ў магілёўскай школе № 24, то быў чытачом бібліятэкі, але як літаратар наведаў яе ўпершыню. Таксама наш зямляк расказаў пра сябе і адказаў на шматлікія пытанні прысутных.
Адкрыццё ў Вільні 9 лістапада 2017 года памятнай шыльды, прысвечанай Якубу Коласу, стала нагодай прыгадаць калі і якія мемарыяльныя табліцы былі ўсталяваныя ў старадаўняй крывіцкай сталіцы беларускім дзеячам. Беларускае Радыё Рацыя пастаралася прымомніць усе беларускамоўныя шыльды ў Вільні, прысвечаныя нашым нацыянальным героям.
Першай у Вільні была ўсталяваная шыльда беларускаму першадрукару Францішку Скарыну. Адбылося гэта ў лістападзе 1990 года.
Шыльда Францішку Скарыну па адрасе Didzioji, 19, у самым цэнтры Вільні, непадалёк гарадской ратушы. Усталявана на старым будынку 16 стагоддзя, які належаў бурмістру горада Якубу Бабічу. Шыльда сведчыць пра тое, што ў 1520 годзе беларускі асветнік Скарына перавёз сюды з Прагі сваю друкарню.
Шыльда знакамітаму беларускаму харавому майстару Рыгору Шырму была адкрыта 20 студзеня 1994 года, фота з кніжкі Лявона Луцкевіча „Вандроўкі па Вільні”.
Памятная дошка Кастусю Каліноўскаму ўсталявана па адрасе Sv.Ignoto-11 (Свята Ігнатаўская вуліца). Адкрыта яна 24 сакавіка 1994 года.
6-7 жніўня 1994 года ў Вільні адбыўся зьезд беларусаў Балтыі. Тады ж урачыста адкрыта памятная шыльда беларускаму песняру Янку Купалу. У 1914 г. рэдакцыя „Нашай Нівы” пераехала ў будынак па Віленскай, 29 (цяпер Vilniaus, 14). Рэдагаваў газету ў гэты час Янка Купала, які жыў пры рэдакцыі, пра што сведчыць шыльда злева ад брамы.
9 лістапада 1994 года ў Вільні была адчынена памятная шыльда Браніславу Тарашкевічу. Усталявана яна на сённяшняй вуліцы Vilniaus, 37 на ранейшым доме № 12 вуліцы Віленскай. Тарашкевіч жыў тут з 1923 па 1926 год.
11 ліпеня 1996 года ў Вільні адчынена памятная шыльда Вацлаву Ластоўскаму. Размешчана яна на доме, дзе жыў выдатны мовазнавец і грамадска-палітычны дзеяч, дзе пэўны час месцілася рэдакцыя „Нашай Нівы”. Адрас – вуліца Завальная-7 (цяпер Pylimo, 5/1)
16 траўня 1996 года ў Вільні адчынена памятная шыльда Пётру Сергіевічу. Знакаміты беларускі мастак, які нарадзіўся на Браслаўшчыне, правёў у Вільні амаль усё жыццё. Пасля вайны мастак пераехаў на Антокаль, дзе жыў у камяніцы на аднайменнай вуліцы (Antаkalnio, 30). Пасля гэтага шмат гадоў новых беларускіх знакаў у горадзе не з’яўлялася. Наступнай шыльды давялося чакаць ажно 8 гадоў.
22 траўня 2004 года ў „крывіцкай Мецы” адкрыта памятная шыльда беларускай паэтцы Натальлі Арсеньневай. Знак у сталяваны ў Базыльянскіх мурах на будынку былой беларускай гімназіі.
Там жа вісіць памятная шыльда ў гонар класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага. Ён выкладаў у беларускай гімназіі.
Практычна ўсе пералічаныя шыльды былі ўсталяваныя пераважна высілкамі Таварыства Беларускай Культуры ў Летуве.
Дзве з трох шыльдаў апошняга часу – Францішку Багушэвічу і Якубу Коласу з’явіліся пры падтрымцы амбасады Рэспублікі Беларусь.
17 верасня 2010 года ў Вільні з’явілася шыльда аднаму з заснавальнікаў беларускай літаратуры Францішку Багушэвічу. Усталявана яна на былой вуліцы Коннай (цяпер Arkliu 18). Да ўстаноўкі табліцы спрычынілася таксама Таварыства беларускай мовы Віленскага краю.
22 траўня ў Вільні Таварыствам Беларускай Культуры ў Летуве была ўсталявана дошка ў памяць Казіміра Сваяка, вядомага беларускага святара і паэта. Знаходзіцца яна па адрасе Didžioji g. 17. Фота з сайту ТБК.
9 лістапада 2017 года на будынку на скрыжаванні вуліц Trakų (Троцкай) і Pylimo (Завальнай) адчынена шыльда класіку беларускай літаратуры Якубу Коласу. Гэта так званы „дом пад балванамі” – будынак са статуямі атлантаў, дзе некалі была рэдакцыя „Нашай нівы” і працаваў Колас.
З Вільняй цесна звязаныя жыццё і дзейнасць многіх іншых выдатных беларускіх дзеячаў – Францішка Аляхновіча, Максіма Багдановіча, Лявона Вітан-Дубейкаўскага, Зоські Верас, братоў Луцкевічаў, Цёткі… Таму будзем спадзявацца, што ў будучым у старадаўнім горадзе з’явяцца і новыя мемарыяльныя знакі.
Падрыхтаваў Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара і з інтэрнэту
Эпісталярны раман XVIII стагодзьдзя «Дзіўныя паведамленьні пра езуітаў Беларусі» прэзэнтавалі ў магілёўскай ратушы 15 траўня, у Міжнародны дзень музэяў.
Старадрук набыў на інтэрнэт-аўкцыёне і 29 ліпеня 2013 году перадаў Музэю гісторыі Магілёва маскоўскі беларус Алесь Чайчыц. Перакладзеная на беларускую мову кніга выйшла на прыватныя ахвяраваньні. Пераклад зрабіў беларус, які жыве ў Нямеччыне, Алег Давід Лісоўскі. Прэзэнтаваў твор дырэктар музэю гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў.
Аляксей Бацюкоў прэзэнтуе кнігу пра беларускіх езуітаў
«Арыгінал гэтага выданьня, — кажа пра гісторыю кнігі Бацюкоў, — быў надрукаваны ў 1786 годзе ў Франкфурце-на-Майне і Ляйпцыгу. Перад ім было выданьне на італьянскай мове. Кніга прысьвечана падзеям, якія адбываліся ў Беларусі, а канкрэтна ў Магілёве, у 1770-80-я гады».
Паводле дырэктара магілёўскага музэю, у кнізе апісваюцца падзеі, зьвязаныя з каталікамі, якія пасьля падзелу Рэчы Паспалітай на беларускіх землях апынуліся без духоўнага патранату. Расейская імпэрыя не жадала іх аддаваць пад уладу ранейшых біскупаў, бо многія зь іх не прызнавалі падзелу і лічылі яго гвалтам.
У кнігу ўкладзеная мапа Вялікага Княства Літоўскага з вылучанымі беларускімі абшарамі, якія забрала Расейская імпэрыя пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай
«Паўстаў юрыдычны казус, які патрабаваў, каб каталіцкае насельніцтва мела легальную духоўную ўладу. Пад ціскам расейскай імпэратрыцы Кацярыны ІІ біскупам стаў Станіслаў Богуш-Сестрынкевіч. Ён галоўны герой гэтай кнігі, якога намагаюцца абяліць. Яго дужа крытыкавалі сучасьнікі, і ў абарону сьвятара выступае аўтар кнігі», — даводзіў грамадзе Аляксей Бацюкоў.
Пры новапрызначаным біскупу працягвалі дзеіць мясцовыя езуіты, якіх па ўсім сьвеце амаль не засталося. Езуіцкі ордэн быў забаронены, і існавала дужа вялікая антыезуіцкая партыя, якая прэтэндавала ня толькі на духоўны аўтарытэт езуітаў, але і на іхную духоўную ўладу, якая манэтызавалася даволі вялікімі грашыма. У гэтай барацьбе ахвяраў было нямала. Ёй мог стаць і Богуш-Сестрынкевіч, які не дазваляў абвясьціць пра роспуск ордэну езуітаў.
«Такім чынам, на тэрыторыі Беларусі езуіты захаваліся. У Магілёве існаваў езуіцкі калегіюм. Езуіты былі ў Мсьціславе. У кнізе пералічаныя і апісаныя ўсе езуіцкія прыходы, якія існавалі да 1786 году. Кніга напісана невядомым аўтарам і распаўсюджвалася, хутчэй за ўсё, у асяродках адэптаў каталіцкай царквы», — зазначыў Аляксей Бацюкоў.
Кніга аздобленая каляровымі ілюстрацыямі
Алег Давід Лісоўскі ў разьдзеле «Ад перакладчыка» адзначае, што «аўтар кнігі бачыць сваёй мэтай апраўданьне езуітаў ва ўмовах шматлікіх паклёпаў і інтрыг, што суправаджалі іх скасаваньне».
У кнізе нямала каляровых ілюстрацыяў з партрэтамі сьвятароў і палітычных дзеячаў канца XVIII стагодзьдзя.
АБ, “Радыё Свабода”
дапамога ў рэстаўрацыі цэркваў
Дзякуючы падтрымцы беларусаў замежжа ў Беларусі ладзяцца навуковыя конкурсы на тэму эміграцыі і беларускай гісторыі, выдаюцца навуковыя зборнікі.
Выданне больш чым 30 найменняў кніг серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” пра жыццё і дзейнасць беларускай эміграцыі ў розных краінах свету стала магчымым пры падтрымцы шмат якіх арганізацый беларускай дыяспары.
1. “Месца выдання – Парыж: выбраныя старонкі часопіса “Моладзь” 1948–1954”
2. “Беларусы ў бітве за Монтэ-Касіна”
3. Н. Гардзіенка “Беларусы ў Аўстраліі”
4. Л. Юрэвіч “Мемуары на эміграцыі”
5. І. Варабей “Там, дзе сэрца мае”
6. М. Ганько “Каб сведчылі пра Беларусь: жыццё й дзейнасць Міколы Ганька”
7. “Эквівалент”
8. Л. Юрэвіч “Летапісны звод сусвету Чалавека Сведамага”
9. “Каханы горад: зборнік эміграцыйнае ваеннае прозы”
10. Б. Рагуля “Беларускаестудэнцтва на чужыне”
11. А. Адзінец “Паваеннае эміграцыйнае скрыжаванне лёсаў”
12. “Адзін Госпад, адна Вера, адзін Хрост”
13. В. Грыцук “Мы стваралі сваю Беларусь”
14. “Урачыстасць у садзе: драматургія беларускай эміграцыі XX стагоддзя”
15. К. Акула “Заўтра ёсць ўчора”
16. А. Гардзіенка “Беларускі Кангрэсовы Камітэт Амерыкі (БККА)”17. С. Шабельцаў “Беларусы ў Аргенціне: грамадская дзейнасць і рээміграцыя ў СССР (1930–1960-я гг.)”
18. Н. Гардзіенка “Беларусы ў Вялікай Брытаніі”
19. Ю. Віцьбіч “Лшоно Габоо Бійрушалайм”
20. Л. Юрэвіч “Шматгалосы эпісталярыюм”
22. Н. Гардзіенка, Л. Юрэвіч “Рада БНР 1947–1970: Падзеі. Дакументы. Асобы”
23. Н. Гардзіенка, Л. Юрэвіч “Рада БНР 1970–1982: Падзеі. Дакументы. Асобы”
24. С. Шабовіч “З фальварку Марцінова да Фарменгтонскіх узгоркаў: гісторыя аднаго падарожжа”
25. Л. Юрэвіч “Эмігрант Францыск Скарына, ці Апалогія”
26. Я. Запруднік “Па гарачых слядах мінуўшчыны: мае лісты 1952–1959 гг.”
27. П.С. Мурзёнак “Адвечныя плыні”
28. Н. Гардзіенка, Л. Юрэвіч “Рада БНР 1982–1997: Падзеі. Дакументы. Асобы”
29. А. Гардзіенка “БЦР: Беларуская Цэнтральная Рада. Стварэнне. Дзейнасць. Заняпад. 1943–1995”
30. “Кантакты”
31. В. Кіпель “Беларусы ў ЗША”
“Першы з’езд беларусаў свету вырашыў перыядычна раз у два гады праводзіць міжнародныя навуковыя канферэнцыі пад назвай “Культура беларускага замежжа”.
Першая такая канферэнцыя адбылася ў чэрвені 1994 года. Матэрыялы яе дзякуючы намаганням супрацоўнікаў Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Ф. Скарыны і найперш яго дырэктара прафесара Адама Мальдзіса былі падрыхтаваны да друку і апублікаваны разам з дакладамі, паведамленнямі, зробленымі на міжнароднай навуковай канферэнцыі “Беларуска-амерыканскія гістарычна-культурныя ўзаемадачыненні: традыцыі, сучасны стан, перспектывы” ў пятым выпуску выдання “Беларусіка. Albaruthenica” (1995 г.).
5–6 кастрычніка ў Мінску прайшла Другая міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Культура і адукацыя беларускага замежжа”, якую, як і першую, арганізавала Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. У ёй бралі ўдзел многія навукоўцы Беларусі, блізкага і далёкага замежжа. Тэматыка іх дакладаў і паведамленняў вельмі шырокая і шматстайная – гэта праблемы гісторыі, адукацыі, літаратуры, мовы, культуры, асобных відаў мастацтва і т.п.
У аснове трэцяга выпуску “Культуры беларускага замежжа” – матэрыялы апошняй канферэнцыі.”
А. Сабалеўскі, з прадмовы да “Культура беларускага замежжа. Кніга 3”
З 1951 года ў ЗША працуе Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНіМ), які вядзе актыўную даследчую дзейнасць. Дзякуючы яму з’явіліся сотні навуковых публікацый па гісторыі і культуры Беларусі на розных мовах, у тым ліку было зробленае адкрыццё ў Скарыніяне: менавіта А. Надсан удакладніў час выдання першай кнігі Скарыны ў Вільні (1522 г., раней лічыўся 1525 г.), менавіта В. Тумаш знайшоў унікальныя дакументы пра экзамены Скарыны ў Падуі і прапанаваў гіпотэзу пра паездку Скарыны ў Маскву і г.д. Ад 1952 года і да сёння БІНіМ выдае навуковы аьлманах “Запісы” – выйшла ўжо 38 выпускаў.
У Беларусі выйшлі “Хронікі БІНіМу” – самай дасведчанай навуковай установы беларусаў-эмігрантаў. Гэта 33 кніга выдавецкай серыі “Бібліятэка “Бацькаўшчыны”.
Пры канцы 1951 года намаганнямі беларусаў, якія па вайне апынуліся ў Злучаных Штатах Амерыкі, у Нью-Ёрку была створаная легендарная навуковая інстытуцыя – Беларускі інстытут навукі і мастацтва. Арганізацыі было наканавана не толькі праіснаваць да сённяшніх дзён, але праз пераемнасць пакаленняў даследчыкаў і наладжванне трывалых сувязяў шматкроць узмацніць свой аўтарытэт у навуковым асяродку беларусістаў. За савецкім часам БІНіМ быў ці не адзінай установай, якая на высокім навуковым узроўні займалася даследаваннем беларускай эміграцыі, у гістарычных працах унікала звычайных для айчынных даследаванняў скажэнняў і фальшавання фактаў, а таксама звярталася да рэлігійных тэмаў, рэгулярна друкуючы матэрыялы ў альманаху “Запісы”.
За гады існавання БІНіМ пашырыўся на два філіялы – у Мюнхене (Нямеччына) ды ў Таронта (Канада), – усталяваў кантакты з сотнямі арганізацый, бібліятэкамі (асабліва шчыльныя з Публічнай бібліятэкай у Нью-Ёрку), каледжамі, фондамі. Сотнямі таксама вымяраецца і лік навукоўцаў, якім давялося супрацоўнічаць з інстытутам. Бадай што галоўнымі вынікамі дзейнасці знакамітай установы можна назваць істотнае падвышэнне цікаўнасці заходніх даследчыкаў што да Беларусі, а таксама тое, што ад 2002 года інстытут з’яўляецца не выключна эмігранцкай установай, а супольным ньюёркска-мінскім праектам і шчыльна супрацоўнічае з Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва.
Амаль семдзесят гадоў руплівай плённай працы інстытута – больш чым дастатковы тэрмін для таго, каб паўстала нагода для гістарычнага даследавання цяпер ужо яго самога. Сябры БІНіМа Наталля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч, скарыстаўшыся архівамі Вітаўта Тумаша (узначальваў інстытут у 1955–1982) і Вітаўта Кіпеля (узначальвае БІНіМ з 1982 года па сёння), бліскуча выканалі гэтую задачу, стварыўшы цікавую чытанку, у якой праз лісты, успаміны і пратаколы ключавых дзеячаў эміграцыі раскрываюцца няпростыя ўмовы працы, праз якія праходзіў шлях да немалых дасягненняў арганізацыі.
Выданне дапоўненае бібліяграфіяй альманаху “Запісы”, а таксама біяграфічным даведнікам далучных да дзейнасці БІНіМа асобаў.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Дзякуючы падтрымцы беларусаў замежжа ў Беларусі ладзяцца навуковыя конкурсы на тэму эміграцыі і беларускай гісторыі, выдаюцца навуковыя зборнікі.
Больш за 10 гадоў таму, у 2004 годзе Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” зладзіла конкурс для маладых навукоўцаў “Беларускай дыяспары прысвячаецца”. Гэта была першая спроба гэткім чынам паспрыяць пашырэнню цікавасці да вывучэння беларускага замежжа. Восем дасланых на конкурс прац, аднолькава ацэненых журы, былі апублікаваныя ў адмысловым зборніку “Да гісторыі беларускай дыяспары. Сшытак 1” (Мінск, 2005).
У 2015 годзе на сваё 25-годдзе “Бацькаўшчына” зноў абвясціла конкурс навуковых прац, прысвечаных беларускаму замежжу. Дванаццаць дасланых на конкурс прац былі выдадзены ў зборніку “Да гісторыі беларускай дыяспары. Сшытак 2” (Мінск, 2016).
Бібліятэку можна наведаць для карыстання ейнымі зборамі задарма. На дадзены момант, усе матэрыялы даступныя для карыстання толькі ў чытальнай залі.
Каб наведаць бібліятэку, калі ласка, скантактуйцеся папярэдне – як скантактавацца. Калі вы хочаце працаваць у бібліятэцы некалькі дзён ці тыдняў, прапануем скарыстацца нашай праграмай навуковых даследаванняў і карыстання гасцявым памяшканнем у бібліятэцы. Падрабязнасці тут.
Скарынаўская бібліятэка ў Лондане стала легендай як унікальны цэнтр беларускай гісторыі і культуры за мяжой. Рукапісы, кнігі і артэфакты спачатку назапашваліся дзякуючы нашым суайчыннікам, якія ўцякалі ад “бальшавіцкага раю”, пасля вывучаліся і ўрэшце ператварыліся ў неацэнны скарб, які дазваляе даследаваць Беларусь як замежнікам, так і самім беларусам.
Пра лёс і перспектывы музея і бібліятэкі распавядае Ігар Іваноў, дарадца ў Беларускім музеі і бібліятэцы імя Ф. Скарыны.
– Як даўно персанальна вы займаецеся бібліятэкай?
– У Лондан я трапіў у 1998 годзе – прыехаў вучыцца. А жыць давялося літаральна праз два будынкі ад бібліятэкі, дзе быў студэнцкі дом Беларускай каталіцкай місіі. Мы называлі гэта “беларускай вёскай” у Фінчлі, у паўночным Лондане. Мы дапамагалі і ў бібліятэцы, і ў мерапрыемствах, якое ладзіла Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі.
Пэўны час я працаваў у бібліятэцы на паўстаўкі – як асістэнт. Калі вырашыў, што хачу быць прафесійным бібліятэкарам, спатрэбіўся досвед практычнай працы. Такім акурат і быў перыяд працы ў Скарынаўскай бібліятэцы. Нейкі час пасля я жыў у Лестэры, але калі вярнуўся ў Лондан, то пачаў працаваць з бібліятэкай ужо больш сур’ёзна. Сама структура бібліятэкі валанцёрская, у нас няма штатных супрацоўнікаў. Але ёсць кола адказных людзей, ёсць рада.
– Музей, бібліятэка і грэка-каталіцкі цэнтр – гэта адна структура ці розныя?
– Гісторыя – гэта працэс. Усё пачыналася з беларускай каталіцкай місіі а. Чэслава Сіповіча, які ў 1960-м стаў біскупам. З ім быў а. Леў Гарошка, неверагодны бібліяфіл. А. Аляксандр Надсан быў самым маладым з іх: у 1960-я ён кіраваў каталіцкай школай праз дарогу ад бібліятэкі. Усе гэтыя людзі былі надзвычай адукаванымі і цікаўнымі да гісторыі.
Калі а. Леў Гарошка пераехаў у Лондан з Парыжа і перавёз свой кнігазбор, аказалася, што каб яго размясціць, патрэбны цэлы пакой: гэта былі 6,5 тысяч кінг – беларускіх або пра Беларусь. Шмат якія выданні належалі да міжваеннага часу і ў БССР захоўваліся ў спецсховах. Іншай такой калекцыі ў Вялікабрытаніі проста не было, таму людзі, якія цікавіліся Беларуссю, прыходзілі менавіта сюды. Справа пайшла так добра, што для бібліятэкі неўзабаве спатрэбіўся асобны будынак! Яго набылі: праз дарогу.
– А скуль узяўся музей?
– Беларусы, якія эмігравалі на Захад з СССР, ехалі не з пустымі рукамі. Бралі самае дарагое: іконы, кнігі, даматканую тканіну, ручнікі і г.д. Калі не маглі ўтрымліваць пры сабе ці хацелі зрабіць добрую справу – аддавалі ў бібліятэку. У дадатак да гэтага, святары аб’язджалі Нямеччыну, Італію, Францыю, Брытанію, каб скупіць у букіністычных крамах усё, што тычылася Беларусі.
А. Аляксандр распавядаў, што пасля вайны цэны былі невялікія, асабліва на беларускі матэрыял. Людзі тады яшчэ не разумелі яго вартасці. У 1970-80-х цэны пайшлі ўгару, паралельна з беларусазнаўчымі даследаваннямі, якія адкрывалі Беларусь свету. Але нашы святары паспелі скарыстацца момантам і набыць шмат што. Так паўстаў музей і бібліятэка як адна інстытуцыя.
– Ці лёгка да вас трапіць?
– Бібліятэка стваралася для даследчыкаў, якія прыязджалі і фактычна жылі тут – у асобным пакоі. Нават ангелец прафесар Макмілін, які выдаў багата па беларускай тэме, жыў тут, каб не адрывацца ад працы. Некаторыя жылі задарма, некаторыя плацілі, калі мелі сродкі на сваё даследаванне. У любым разе гэта было танней, чым спыніцца ў гатэлі. Прыязджалі людзі з Ізраіля, Нямеччыны, Штатаў і г.д. – тут былі напісаныя цэлыя кніжкі!
Калі я яшчэ быў студэнтам, да нас прыехаў гісторык Алег Латышонак, які пачынаў пісаць працу па гісторыі беларускай нацыянальнай ідэі. Цэлы дзень, пакуль мы былі на занятках, ён чытаў-пісаў, пасля, калі мы вярталіся, то гулялі разам у валейбол. У гэтым таксама нешта было: даследчыкі беларушчыны з розных канцоў свету жылі ў беларускім асяродку.
– Што наконт звычайных беларусаў-турыстаў?
– Для звычайных людзей бібліятэка будзе цікавая як месца памяці. У нас ёсць што паглядзець. Ёсць, напрыклад, фрагмент “Кнігі Царстваў” Францішка Скарыны, два асобнікі Статута ВКЛ, супрасльскія выданні і г.д. Тут жа захоўваецца калекцыя вышываных кашуляў і ручнікоў. Некаторая вышыўка рабілася нашымі суайчыннікамі ўжо за мяжой. Гадоў 10 таму мы апранулі маладое пакаленне беларусаў ў тыя строі і сфатаграфавалі. У выніку атрымалася неверагодная фотавыстава.
Падчас Другой сусветнай беларусы вывозілі ўсё беларускае, каб уратаваць рэліквіі ад знішчэння. Напрыклад, мы маем адзін з чатырох альбомаў этнаграфічнай экспедыцыі Ластоўскага. Альбомы захоўваліся ў Гістарычным музеі ў Мінску, але цягам вайны калекцыя рабавалася. Таму захаваўся толькі адзін.
Таксама ў нашым музеі ёсць крыж з адной з мінскіх цэркваў. Яго падняў на вуліцы нямецкі жаўнер і прывёз з сабой у Германію. Праз шмат гадоў пасля канца вайны, калі ён даведаўся пра наш музей, ён яго перадаў. Гэты драўляны крыж таксама ў нас захоўваецца. Таксама і з іконамі…
– Чуў, што лагерная роба Ларысы Геніюш таксама ў вас?
– Так, робу Геніюш і яе рукапісы перадаў нам яе сын Юрка Геніюш, які жыў у Беластоку. Такія рэчы немагчыма было трымаць у БССР альбо ў краінах савецкага блоку, таму і ратавалі хто як мог.
Дарэчы, унікальнай з’яўляецца і новазбудаваная грэка-каталіцкая царква тут жа. Яна зробленая з дрэва і шкла, такім чынам, гэта першая драўляная царква ў Лондане, якая паўстала пасля вялікага пажару ў 1666 годзе. Царква фантастычная, яна стварае ўражанне свечкі ў цемры. Яе цікава было б пабачыць як беларусам, так і турыстам з усяго свету.
– Ангельцы цікавяцца беларушчынай?
– Дзякуючы Скарынаўцы з беларускай тэмай працуе багата брытанскіх даследчыкаў. Той жа Арнольд Макмілін акурат у мінулым годзе выдаў сваю чарговую кнігу: гэтым разам пра маладых беларускіх паэтаў. Шмат пра каго з іх яшчэ і па-беларуску не напісана, а праца па-ангельску ўжо ёсць!
Гай Пікарда таксама працаваў у нас: спачатку ён зацікавіўся рускай царкоўнай культурай, а пасля перайшоў на беларускую. Ён быў першым, хто пачаў вывучаць нашу царкоўную музыку і адкрыў яе самім беларусам. Мовазнаўца прафесар Маё працаваў у Шэфілдзе напісаў адзін з падручнікаў беларускай мовы па-ангельску, карыстаючыся нашымі матэрыяламі…
– Магчыма, ёсць нейкая статыстыка?
– Аляксандр Надсан вёў улік карыстальнікаў бібліятэкі: за першыя 40 гадоў працы такіх атрымалася больш за 1000. Гэта тысяча чалавек, якія дакрануліся і зацікавіліся беларушчынай дзякуючы інстытуцыі, аналагаў якой на Захадзе ніколі не было і пазней не ўзнікла.
– Роля бібліятэкі і музея з часам змяняецца?
– Так, безумоўна. На гэта ўплываюць і тэхналогіі, і палітыка. Беларусь, як бачым, стала адкрытай краінай, сюды можна прыехаць любому падарожніку. Але калі мы гаворым пра часы БССР, то Скарынаўская бібліятэка была не толькі брамай, але і пунктам адліку, дзе можна было адкрыць Беларусь як для самога сябе, так і для іншых.
– А ці ёсць цяпер магчымасці віртуальна працаваць з вашымі матэрыяламі?
– Капіяванне рукапісаў і манускрыптаў з бібліятэкі пачалося, відаць, з 1980-х гадоў. Той жа Гай Пікарда капіяваў матэрыялы па гісторыі музыкі і перасылаў іх у Беларусь. Тое самае з Марыяй Міцкевіч, унучкай Якуба Коласа, якая прыехала ў Скарынаўку і, пабачыўшы рукапісы Купалы, “Курган” і інш., пачала капіяваць ды перадаваць гэта ў музеі Купалы і Коласа ў Беларусі. Калі паглядзець часопіс “Спадчына” 90-х, то значная частка артыкулаў паводле эмігранцкіх матэрыялаў зробленыя з нашай дапамогай.
Цяпер ёсць магчымасць аблічбоўваць: пачалі з часопісу “Божым Шляхам” – цяпер у сеціве дасяжныя ўсе нумары. Але гэта толькі пачатак. Кантакты з Беларуссю працягваюцца: у 2015-м да нас прыязджаў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша. Зараз мы яго чакаем зноў. У красавіку прыязджаюць іншыя прадстаўнікі Нацыянальнай бібліятэкі, каб апрацаваць выданні, якія ў іх адсутнічаюць: збольшага гэта тычыцца выданняў дыяспары.
– Ёсць вопыт БІНІМа (Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў ЗША – аўт.), які перадаў свае калекцыі ў Беларусь. Ці можа такое адбыцца са Скарынаўкай?
– Такі варыянт разглядаўся, ён мае і моцныя, і слабыя бакі. Нам не трэба забывацца, што Беларусь не абмяжоўваецца сваімі дзяржаўнымі межамі. Я часта прыводжу ў прыклад іншыя краіны. У палякаў ёсць Польскі інстытут у Лондане, дзе штогод адбываецца фестываль польскага кіно. Чаму? Бо ёсць панятак мяккай дыпламатыі. Мы хочам, каб людзі за мяжой цікавіліся Беларуссю, каб мы не былі пустой плямай на мапе.
Паглядзіце на Германію, якая мае Інстытут Гётэ, што працуе з замежжам. Паглядзіце на Кітай, які ўкладае грошы ў вывучэнне кітайскай мовы далёка за сваімі межамі. Нават Малайзія фінансуе малайзійскія рэстараны па ўсім свеце, каб людзі праз кухню цікавіліся іхнай краінай і культурай. Лондан – гэта адзін з цэнтраў свету, а ў нас там ужо ёсць свой музей і бібліятэка, і гэта вялікі здабытак.
– То бок, як і ў выпадку са Скарынам, Беларусь ідзе ў шырокі свет “з кнігай”?
– Гэта вельмі трапна. Сімвалічна таксама, што менавіта да гэтага 500-годдзя Беларусь прачынаецца. Гэта заўважна, калі сюды прыязджаеш. Рообіцца зразумелым, чаму дыяспары быў патрэбны Скарына. Гэта сімвал Беларусі адукаванай, прадпрымальнай, якая ідзе і на Захад, і на Усход, якая вучыцца і стварае. Гэта вобраз нашай краіны, а не Беларусь, якая сядзіць у маленькай хатцы і спявае сумныя песні.
– Адначасна Скарына – сімвал сучасных тэхналогіяў для свайго перыяду…
– Абсалютна. Скарынаўская друкаваная Біблія – гэта смартфон таго часу. І тое, што зараз беларусы ізноў ідуць у свет з тэхналогіямі і праграмамі: MSQRD, Wоrld of Tanks, Maps.me і інш. – вельмі сімвалічна. Бо 500 гадоў таму Скарына зрабіў дакладна тое ж самае.
– Вы працягваеце купляць экспанаты ці выключна захоўваеце сабранае?
– Нават калі б мы хацелі спыніцца, мы не можам. Бо людзі ведаюць бібліятэку і проста дораць нам. Калі дорыць аўтар, то абавязкова падпісвае, таму ў нас яшчэ і выдатная калекцыя кніжных аўтографаў.
Мы, зразумела, працягваем купляць кнігі, але ўжо не ў тым аб’ёме, што раней. Айцец Аляксандр некалі паставіў задачу купляць усё, што выдаецца ў Беларусі альбо пра Беларусь. Але ўжо калі я прыехаў, ён жаліўся: “Выдатна, што ў вас цяпер столькі прыватных выдавецтваў, але дзе каталогі? Дзе гэта ўсё набыць?..” Цяпер немагчыма купляць усё, але ёсць прыярытэтныя рэчы і ёсць падарункі, якія працягваюць паступаць да нас, бо ёсць давер і аўтарытэт.
– Якімі вы бачыце перспектывы Скарынаўкі?
– Шмат у чым гэта будзе залежыць ад таго, як развіваецца беларуская супольнасць. Бібліятэка не можа існаваць па-за супольнасцю. Хоць яна і стваралася для даследчыкаў, але ўсё адно была дзіцем беларускай грамады ў Лондане.
Бібліятэка будзе жыць, але яе роля будзе змяняцца. Роля кніжнай калекцыі ўжо не такая важная. Даследчыкам сёння патрэбныя базы дадзеных, а не друкаваныя манаграфіі, усё змянілася. Часта на Захадзе манаграфіі ўжо не выходзяць на паперы. З іншага боку, мы далёка не ўсё зрабілі, каб аблічбаваць нашы матэрыялы. Для гэтага патрэбная дапамога і супраца, у тым ліку з дзяржаўнымі ўстановамі. Мы працягваем працаваць, збіраць і цешымся, калі знаходзім кантакты з інстытуцыямі сучаснай незалежнай Беларусі.
Размаўляў Алесь Кіркевіч, budzma.by
Аўтар панарамных здымкаў – Яраслаў Крывой
Гуманітарная дапамога Беларусі (лекі, дзіцячыя цацкі, дзіцячае харчаванне і медыцынскае абсталяванне) ад Асацыяцыі амерыканскіх цэркваў (1992–1993 гг.)
Canadian Relief Fund for Chernobyl Victims in Biełaruś (СRFCVB, КФДАЧБ) зьяўляецца адной зь першых замежных арганізацыяў дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі. СRFCVB быў створаны ў 1989 г., толькі на паўгады пазьней за брытанскую фундацыю айца Аляксандра Надсана – “The Byelorussian Radiation Relief Appeal” (у скарачэньні BRRA, у беларускім перакладзе – “Беларускі заклік да дапамогі з прычыны радыяцыі” (БЗДР)).
Канадыйскі фонд КФДАЧБ пачаў сваю дзейнасьць зь перасылкі ў Беларусь аднаразовых шпрыцаў і іншай мэдычнай дапамогі шпіталям яшчэ ў 1990 г. Дзіцячая праграма і некалькі іншых, пра якія мы больш падрабязна раскажам ніжэй, была распачатая ўвесну 1991 г. Першы год КФДАЧБ працаваў на Менск і Менскую вобласьць, а пасьля, большай часткай, на Магілёў і Магілёўскую вобласьць.
У галіне праграмы па аздараўленьні дзяцей мы супрацоўнічалі зь беларускім дабрачынным фондам “Дзецям Чарнобылю”, які быў заснаваны доктарам, прафэсарам Генадзем Грушавым (1950-2014). Грошы на заснаваньне гэтага дабрачыннага фонду ахвяраваў пісьменьнік і прафэсар Алесь Адамовіч, які зарабіў іх, чытаючы лекцыі ў Японіі. Гэты фонд дапамагаў нам падбіраць беларускіх дзетак з забруджаных радыяцыяй раёнаў Беларусі, а менавіта, з Магілёва і Магілёўскай вобласьці – перадусім з Чавусаў і прылеглых вёсак. Валянтэры з фонду “Дзецям Чарнобылю” таксама фізычна дапамагалі пры перавозе дзяцей. Грошы на авіяпералёт першай групы дзяцей, якія прыбылі ў Канаду ўлетку 1991 г., даў фонд Грушавога (з ахвяраваньняў, якія ён спачатку атрымоўваў ад беларускіх прадпрыемстваў). Але пачынаючы з 1992 г., КФДАЧБ самастойна плаціў за ўсё: транспарт і візы для дзяцей і перакладчыкаў, пасылкі зь лекамі, ежай і вітамінамі, перавозку інвалідных вазочкаў, мэдычнага і тэхнічнага (кампутары) абсталяваньня. Калі перавозілі мэдычнае і стаматалягічнае абсталяваньне, кампутары для школ і адзеньне для жыхароў пацярпелых раёнаў, адзін-два валянтэры з Канады наглядалі за перавозкай і развозілі рэчы па адрасах. У наступны раз іншыя валянтэры правяралі, каб ўсё было на месцы і працавала. Наколькі мы ведаем, такога кантролю не было ні ў якой іншай замежнай фундацыі.
Генадзь Грушавы
Першымі і афіцыйнымі арганізатарамі Фонду былі тры жанчыны беларускага паходжаньня: Івонка Сурвілла – прэзыдэнт, Зіна Гімпелевіч – віцэ-прэзыдэнт і Паўліна Пашкевіч-Сміт (народжаная ў Канадзе ў беларускай сям’і) – сакратар.
Івонка Сурвілла
Першы сход управы Фонду прайшоў у хаце Янкі і Івонкі Сурвіллаў. Прысутнічалі: Уладыка Мікалай, Мікола Ганько, доктар Барыс Рагуля, доктар Раіса Жук-Грышкевіч, Паўліна Пашкевіч, Янка і Івонка Сурвіллы, доктар Зіна Гімпелевіч.
Зіна Гімпелевіч
Актыўны ўдзел у працы Фонду з самага пачатку ўзялі Янка і Івонка Сурвілла, Зіна Гімпелевіч, Паўліна Пашкевіч і Барыс Рагуля. Нягледзячы на тое, што Янка Сурвілла ня меў афіцыйнай пасады ў Фондзе (да ўправы не маглі належаць дзьве асобы з тае самае сям’і), ён быў да канца галоўным супрацоўнікам і дарадцам Фонду. Спадарыня Пашкевіч рэгулярна прымала ў сваёй хаце беларускіх перакладчыкаў. Яе роля ў подпісе асноўных дакумэнтаў пры стварэньні фонду павінна быць адзначана на роўных правах з ролямі Івонкі Сурвіллы і Зіны Гімпелевіч. Бяз гэтых трох подпісаў, якія азначалі поўную фінансавую і маральную адказнасьць, Канадыйскага фонду дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі проста не было б. Адкрыцьцё рахунку ў банку патрабавала сродкаў, якія пакрылі Я. і І. Сурвіллы і З. Гімпелевіч. Цяжкасьцяў з рэгістрацыяй КФДАЧБ фактычна не было, але мы чакалі восем месяцаў, каб атрымаць фармальны статус дабрачыннай арганізацыі (charity status).
Паўліна Пашкевіч-Сміт
Беларусаў тады ў Канадзе было няшмат, таму з самага пачатку арганізатары разьлічвалі на канадыйцаў небеларускага паходжаньня. Івонка Сурвілла шмат часу праводзіла, даючы інтэрвію на радыё, тэлебачаньні і ў газэты Канады. За адно лета 1991-га яна дала 52 інтэрвію. Зіна Гімпелевіч дабілася ў той час ад рэдактара атаўскай газеты “Сітызэн” Ільлі Герольда, каб матэрыялы пра Чарнобыльскую катастрофу былі надрукаваныя на першай бачынцы сталічнай газэты. Пазьней “Сітызэн” друкаваў шмат матэрыялаў аб наступствах Чарнобылю ў Беларусі і аб дзіцячай праграме Фонду. Газэта нават высылала ў Беларусь свайго рэпартэра. Мы таксама друкавалі “ўлёткі” з інфармацыяй пра Чарнобыль і нашую працу, а нашыя валянтэры разносілі іх па дамах і кідалі ў паштовыя скрыні.
Янка Сурвілла
Патрохі сродкі пачалі прыбываць. Вельмі часта старыя людзі дасылалі па 2 даляры ў канверце, некаторыя дасылалі нават дробязь. Але мы былі рады ўсялякай дапамозе. Таксама мы і нашыя сябры хадзілі па цэрквах, нацыянальных і культурных асацыяцыях, клюбах і іншых арганізацыях і чыталі лекцыі пра наступствы Чарнобылю ў Беларусі. Напрыклад, чыталі лекцыі розным групам у Кітчынэры, таму што дабрачыннасьць ёсьць вялікай часткай культуры мэнанітаў, якія там жывуць. Наагул, яшчэ раз падкрэсьліваем, што зь першага да апошняга дня існаваньня Канадыйскага фонду дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі (1989-2005) фінансавая падтрымка ішла амаль выключна ад звычайных канадыйцаў. Фонд не атрымліваў ніякіх грантаў. Толькі аднойчы, з самага пачатку і таму што Генадзю Грушавому не хапала сродкаў, каб прывезьці адну з групаў запрошаных дзяцей, нам на месяц пазычыла грошы Беларуская Аўтакефальная Царква ў Таронта (12 тысяч даляраў). Мы аддалі пазычку, як і дамаўляліся, цягам наступнага месяца.
Уладыка Мікалай
З 1990 году (амаль першыя ў сьвеце і ўвадначасьсе зь Верай Рыч) сп-ня Івонка Сурвілла, д-ры Паўля Сурвілла і Зіна Гімпелевіч – часам разам, часам індывідуальна – “затрубілі” пра Чарнобыльскую бяду Беларусі на навуковых канфэрэнцыях і кангрэсах у Канадзе, ЗША і Эўропе. З 1992 году да нас далучыўся канадыйскі навуковец, прафэсар Дэвід Марплз.
Марыя і Мікола Ганько
Дзіцячая праграма з 1991-га году зрабілася галоўнай праграмай фонду КФДАЧБ. Мы вельмі строга адбіралі канадыйскіх “бацькоў” якія бралі нашых дзяцей у свае сем’і на лета. Кожны зь іх павінен быў прайсьці праз паліцэйскі кантроль, падпісаць дакумэнты аб поўнай адказнасьці за дзіцё, пацьвердзіць, што адзін з бацькоў будзе дома (г.зн. ня будзе працаваць) падчас побыту беларускага дзіцяці ў Канадзе. Канадыйскія “бацькі” таксама дамаўляліся са сваімі прыватнымі дантыстамі і сямейнымі лекарамі, каб абсьледаваць і, калі была патрэба, лячыць дзяцей. І чаго яны толькі не рабілі для нашых дзетак, каб ім было добра! Апраналі, абувалі, давалі вітаміны, былі ў кантакце з роднымі сем’ямі дзяцей у Беларусі, дасылалі пасылкі на каляды і ў іншыя часы, калі мелі магчымасьць.
Вінцэнт і Раіса Жук-Грышкевічы
Мова была невялікай праблемай. На кожную групу дзяцей з 10-14 чалавек прыяжджаў зь Беларусі перакладчык. Але ён ці яна ня меў магчымасьці быць з кожным дзіцём 24 гадзіны ў суткі. Неяк абыходзіліся з дапамогай валянтэраў, слоўнікаў і на мігах. Але большасьць канадыйскіх “бацькоў” выдатна вырашалі моўныя праблемы. Групы арганізоўвалі супольныя пікнікі (раз на тыдзень), паездкі ў парк атракцыёнаў “Ўандерлэнд”, у музэі, дзіцячыя паркі і.т.д. Пад канец сэзону большасьць беларускіх дзетак нядрэнна разумелі ангельскую мову (а тыя, хто адпачываў у Кўэбэку – францускую) і нават трошкі на іх размаўлялі.
Дэвід Марплз
Першая група ў колькасьці 69 дзетак прыехала ўлетку 1991 году. У тым жа годзе, пры канцы жніўня, у Лёндан (Антарыё), прыбыла група з 10 дзетак. Гэтыя дзесяць дзяцей прыляцелі на 6 тыдняў і нават хадзілі ў школу з канадыйскімі раўналеткамі.
Больш за ўсё праблем мы мелі ад савецка-расейскага ўраду. Пачытайце, калі ласка, другі ліст да амбасадара СССР у сувязі з маніпуляцыямі Аэрафлоту, паслугамі якога мы карысталіся на пачатку працы дзічячай праграмы:
Его Превосходительству,
Чрезвычайному и Полномочному
Послу СССР в Канаде, г-ну Овчинникову.
Уважаемый г-н посол!
Мы, участники программы Canadian Relief Fund for Chernobyl Victims in Byelorussia (СRFCVB), вторично обращаемся к Вам за помощью в получении 79 (69+10) билетов для детей, проживающих в районах Белоруссии, заражённых распадом радиоактивных элементов. Разрешите ещё раз поделиться с Вами ситуацией, которая требует Вашего незамедлительного участия.
Члены нашей организации, без устали работавшие для того, чтобы собрать фонды, разместить ребят в Канаде, создать идеальные условия для детей, попавших в беду, не могут понять, почему их титанический труд напрасно пропадает. Два месяца назад Белорусской организации в БССР, с которой мы работаем, «Детям Чернобыля», были обещаны места в Аэрофлоте. Совершенно неожиданно эти оплаченные места не реализовались в виде билетов. Представители Аэрофлота в Канаде и СССР объявили нам, что места обнаружатся, если мы доплатим за каждый билет по 160 ам. дол. На сегодняшний день доплата увеличена до 367 ам. дол. на каждого ребёнка и мы её вовремя произвели. Нам было сказано, что Аэрофлот договорился с Чехословацкой авиалинией, которая доставит детей в срок через Прагу. Вчера, связавшись с белорусской благотворительной организацией «Детям Чернобыля», члены которой работают так же тяжело, как и члены нашего благотворительного фонда, мы выяснили, что билетов нет. Канадцы ждут детей 15-го июля...
Мы, руководители СRFCVB (КФДАЧБ), хорошо представляем себе реакцию канадской общественности и прессы на срыв этого гуманитарного проекта. В качестве иллюстрации интереса канадцев к работе нашего фонда, прилагаю статью из последнего номера журнала Maclean’s.
С уважением и от имени руководства и членов СRFCVB (КФДАЧБ),
Д-р Зина Гимпелевич, профессор Университета Ватерлоо,
Вице-президент СRFCVB (КФДАЧБ)
Падобных лістоў было шмат, і праблемаў сапраўды хапала. А пасьля таго, як атрымалі білеты, пачаліся клопаты з выязнымі візамі. Канадыйскія візы на ўезд у Канаду атрымалі адразу, а вось на выезд з СССР – практычна ў апошнюю хвіліну. Але з часам справы пачалі наладжвацца. Асабліва калі дзетак пачалі адпраўляць зь менскага лётнішча. Таксама дапамагалі дзеці, якія вярталіся ў свае “канадыйскія сем’і” ў наступныя гады. З другога боку, “вяртальнікі” ператварыліся ў праблему, таму што мы плянавалі набіраць на аздараўленьне ўсё новых дзетак, а “вяртальнікі” займалі іх месца. Гэтая праблема пачала расьці, бо ўсё больш і больш канадыйскіх сем'яў хацелі запрашаць на наступны год толькі “сваіх” дзетак, з якімі яны пасьпелі парадніцца. Прыйшлося ўвесьці новыя правілы: каб кожная сям'я, якая хоча запрасіць другі год запар тое самае беларускае дзіця, назьбірала грошы на прыезд у Канаду яшчэ аднаго дзіцяці, а таксама знайшла для яго добрую канадыйскую сям'ю. Гэтая палітыка не заўсёды працавала, але, тым ня менш, з кожным годам мы прымалі ўсё больш дзетак.
У 1997 годзе ў нас ўжо дзейнічалі 42 групы па ўсёй Канадзе і Фонд прыняў 600 чалавек на аздараўленьне. Мы мелі больш за 1000 валянтэраў і больш за 4000 мецэнатаў (якім трэба было ўласнаручна выпісаць паквітаваньні да канца лютага наступнага году). Група дырэктароў управы ўключала 21 асобу. Кожны год зьбіраўся агульны зьезд, на якім адміністратары Фонду і лідэры рэгіёнаў рабілі справаздачы аб працы сваіх груп і іншых праграмаў Фонду. Кожны год мы здавалі поўную справаздачу ў падаткавае міністэрства Канады, дзе падрабязна, да кожнага цэнту, былі расьпісаныя даходы і расходы. Яшчэ раз падкрэсьліваем, што ўсе сябры Фонду (за выключэньнем нанятага пазьней сакратара) працавалі як валянтэры, а тыя, якія езьдзілі ў Беларусь з інспэкцыямі, ці наведаць “свае” сем’і, ці на канфэрэнцыі, уключна з сакратарамі, рабілі гэта за свае асабістыя сродкі.
З кожным годам расходы на кожнае дзіця павялічваліся. Калі параўнаць з 1992 годам, калі было дастаткова сабраць на кожнае дзіця каля 900 даляраў (сюды ўваходзілі затраты на аўтобус, страхоўку, перакладчыка, самалёт і візы), дык ў 2001 годзе толькі авіяпералёт каштаваў ужо 1273.99, а ў 2002-м ягоны кошт падняўся да 1573.40. Агульная ж сума расходаў на адно дзіця (без уліку расходаў канадыйскай сям’і на ежу, абутак, адзеньне) складала ў 2001 годзе 1975.04 даляраў, а ў 2002-м – ужо 2330.90. Тым ня менш, з 1991 па 2005 год у Канадзе адпачылі больш за пяць тысяч беларускіх дзетак. А якое шчасьце было бачыць, насколькі палепшылася здароўе і вонкавы выгляд дзяцей, калі пасля 6 тыдняў (або, у выпадку дзетак зь дзіцячых дамоў, 9 тыдняў) яны вярталіся дадому, у Беларусь! Гэта кампэнсавала ўсе высілкі і бяссонныя ночы сяброў СRFCVB (КФДАЧБ).
Справаздачы ўправы агульнага зьезду за 2002 г. сьведчаць, што нягледзячы на тое, што колькасьць аддзелаў паменшылася да 30 і 2 аддзелы пры КФДАЧБ перарабіліся ў арганізацыі са сваім статутам, які дазваляў ім пэўную фінансавую свабоду, насамрэч яны, асабліва група з Лёндану (Антарыё) ня толькі зьбіралі больш грошай, чым іншыя, але, дзякуючы сем’ям д-ра і прафэсара Барыса Рагулі і яго сябра прафэсара Чарльза Руўда, арганізавалі і вялі, акрамя дзіцячай праграмы, мэдыцынскую праграму. Падрабязны пісьмовы даклад пра тое, як працавалі нашыя праграмы, сьведчыць, што яны пашыраліся з кожным годам:
Лекарская праграма дапамогі ў адукацыі студэнтаў Менскага мэдыцынскага ін-стытуту, якія спэцыялізаваліся ў лячэньні ахвяраў Чарнобылю, разьвівалася ў двух кірунках: прафэсары лёнданскага ўнівэрсытэту з Антарыё прыяжджалі вясной ці ўлетку ў Менск і чыталі лекцыі студэнтам і прафэсарам ММІ. Яны таксама вучылі, як карыстацца мэдычным абсталяваньнем, якое прывозілі ў Беларусь. Так, у шпіталь №9 прывезьлі станцыю, якая дазваляла праводзіць абследаваньне сэрца адначасова некалькім хворым. Сем канадыйскіх прафэсараў прыехалі ў Менск у траўні 2002 г. на тыдзень. Пасьля Калядаў прыехала (другі раз) на год у Канаду прафэсар Менскага мэдыцынскага інстытуту. Яе пасьпяхова вучылі новай для Беларусі прафэсіі – “occupational therapy” (прафэсійная тэрапія) з тым, каб яна ўвяла гэтую дысцыпліну ў ММІ. Гэты від тэрапіі ўключае як фізычную, так і псыхалягічную практыку і спэцыялізуецца на лячэньні хворых з сардэчна-сасудзістымі і бранхіяльна-лёгачнымі хваробамі, якія разьвіліся ў выніку радёактыўнага заражэньня пасьля Чарнобыльскай катастрофы. У жніўні на 6 тыдняў прыехалі зь Менску яшчэ 2 дактары на стажыроўку ў галіне кардыялёгіі. Лёнданскі аддзел таксама праводзіў стажыроўку для менскіх дантыстаў і ў Менску, і ў Антэрыё і прывозіў у Менск для іх абсталяваньне. Мэдычныя праграмы існавалі і ў іншых аддзелах СRFCVB (КФДАЧБ), напрыклад, у правінцыі Ньюфаўндлэнд і у Атаве, адкуль таксама адсылалі абсталяваньне і куды прыяжджалі на практыку лекары. У Атаве, дзякуючы д-ру Гарсу Эморы (Garth Emory), наладзілі сувязь з адным з найлепшых кардыялягічных цэнтраў у сьвеце пры Атаўскім унівэрсытэце, які называецца “Інстытут сэрца”. Гэты кардыялягічны цэнтар рэгулярна мяняў абсталяваньне на самае сучаснае і некалькі разоў аддаваў нам “старое”. Ня кожны шпіталь у Канадзе мог пахваліцца такім добрым “старым абсталяваньнем”, і мы заўсёды былі вельмі удзячныя “Інстытуту сэрца” за дапамогу. Д-р Эморы зьвязаўся з авіякампаніяй “Эйр Кенэда”(Air Canada) і дамовіўся аб перавозцы абсталяваньня ў Беларусь за свае сродкі.
Але такой поўнай мэдычнай праграмы, як у антарыйскім Лёндане (дзе існавалі І мэдычная, і стаматалягічная праграмы), у нас больш нідзе ня было. Дзейнасьць гэтых мэдычных праграмаў заўдзячвалася выключна ініцыятывам і прамым сувязям двух нашых сяброў – сьветлай памяці Барыса Рагулі (1920-2005) і Чарльза Руўда – зь іх унівэрсытэцкімі калегамі, пра якіх мы ўжо ўспаміналі. Тут трэба зазначыць, што нават у траўні 2017 г., перад тым як перабрацца на сталае жыхарства ў ЗША, прафэсар Руўд перавёз кардыялягічнае абсталяваньне ў Менск.
Адной з унікальных праграм КФДАЧБ была так званая праграма сірот. Мы набіралі групы зь сямі дзіцячых дамоў. Да гэтых дзетак, безумоўна, было асаблівае стаўленьне. Некаторых зь іх, негледзячы на цяжкасьці, канадыйскім сем’ям удалося ўсынавіць і ўдачарыць.
Наступнай даволі паспяховай праграмай КФДАЧБ была Інтэрнэт-праграма, якая зьвязвала бацькоў і дзетак з Канады і Беларусі праз электронную пошту.
Пачынаючы з 1990 г. мы ўвялі праграму пасылак з чыстымі прадуктамі і адзеньнем. Але досьвед паказаў, што гэтую ініцыятыву дорага і цяжка падтрымліваць праз нашую цэнтральную адміністрацыю, і мы перадалі яе аддзелам і індывідуальным сем’ям. У нас быў сьпіс прадуктаў, якія мы раілі канадыйцам высылаць у Беларусь, і сьпіс фірмаў з адрасамі і тэлефонамі, якія (праз украінскія і польскія канадыйскія крамы) дасылалі гэтыя патрэбныя рэчы сем’ям у Беларусі.
Калі-некалі нам проста шанцавала. Напрыклад, Зіна Гімпелевіч, якая 10 гадоў выкладала расейскую мову дыпляматам Міністэрства замежных спраў Канады, патэлефанавала свайму былому вучню і папрасіла ў яго дапамогі. Ён тады быў дырэктарам усходнеэўрапейскага дэпартамэнту ў гэтым міністэрстве і арганізаваў ад канадыйскага ўраду высылку вакцынаў ад поліяміеліту ў забруджаныя радыяцыяй зоны. Яны выслалі ў Беларусь на гэтых вакцынаў на агульную суму пяцьсот тысяч даляраў. Канадыйскі ўрад перавёз вакцыны на “Air Canada” за свае сродкі. Другі прыклад: У 1992 г. Івонка Сурвілла, якая працавала ўва ўрадавым дэпартамэнце перакладаў, патэлефанавала ў Міністэрства замежных спраў Канады, каб даведацца, ці ёсьць ў іх магчымасьць выслаць лекі ў Беларусь. Івонка натрапіла на ўрадоўца, які якраз арганізоўваў высылку лекаў ува Ўсходнюю Эўропу. Такім чынам, на просьбу старшыні нашага Фонду, дэпартамэнт выслаў у Беларусь два самалёты зь лекамі, на агульную суму мільён даляраў. Калі спадарыня Сурвілла прыехала ў Менск на канфэрэнцыю “Сьвет пасьля Чарнобылю” ў красавіку 1992 г., яна ўбачыла на лётнішчы ў Менску гэтыя канадыйскія самалёты. Такія шчасьлівыя супадзеньні, праўда, больш не паўтарыліся, але маральна і душэўна ад іх было амаль так жа цёпла, як ад тых двух даляраў, што дасылалі нам некаторыя старыя канадыйцы. З тых і іншых датацый, працы валянтэраў, шчырага спачуваньня да нашай радзімы, жаданьня дапамагчы ёй у яе бядзе, і расла ў нас павага і любоў да грамадзян Канады.
І сапраўды, КФДАЧБ выклікаў шмат пазітыўных эмоцый ня толькі ў арганізатараў праграмы. Канадыйцы, сябры Фонду, выказвалі вялізарную ўдзячнасьць за тое, што КФДАЧБ адчыніў ім акенца ў новы сьвет, якім зрабілася для іх наша радзіма Беларусь, і за тое што ім была дадзеная магчымасьць дапамагчы беларусам, дарослым і дзеткам, у Чарнобыльскай бядзе. У 1997-м сп-ня Івонка пайшла з пасады прэзыдэнта Фонду на пасаду прэзыдэнта БНР. Спадарыня Зіна Гімпелевіч вымушана была тэрмінова пераняць гэтую пасаду да наступных выбараў. На агульным зьездзе нам падарылі прыгожыя памятныя шыльдачкі як першым заснавальнікам і працаўнікам фонду, гаварылі цёплыя словы, абяцалі заўсёды дапамагаць Беларусі. Наагул, сябры чуліся радней родных.
Мы ніколі ня страцілі цікавасьці да КФДАЧБ. Сп-ня Івонка Сурвілла назаўсёды засталася “галоўным” прэзыдэнтам КФДАЧБ і прымала ўдзел у штогадовых сустрэчах, а Зіна Гімпелевіч перайшла ў 2001 г. на пазыцыю дырэктара аддзелу заходняга Антарыё, якім заставалася да канца існаваньня Фонду.
Мы вымушаны былі зачыніць КФДАЧБ у сувязі з тым, што беларускі ўрад пачаў дыктаваць нам свае правілы, вымагаў зрабіць зьмены ў нашым статуце, дамагаючыся адначасова, каб урад Канады запэўніў, што запрошаныя на адпачынак дзеці не застануцца ў Канадзе. Канадыйскі ўрад гэтага запэўніць ня мог, і як канадыйская арганізацыя, мы жылі па канадыйскіх законах і не прынялі ціску з боку беларускіх уладаў. Тое ж самае атрымалася і з ангельскім фондам. І ім таксама прыйшлося скончыць сваю дзейнасьць.
Але мы лічым, што за гэтых пятнаццаць гадоў мы ня толькі зрабілі вялізарную працу, каб дапамагчы ахвярам Чарнобылю ў Беларусі, але і адначасна здабылі тысячы сяброў для Беларусі і нагадалі іншым канадыйцам, што існуе такая краіна – Беларусь.
Івонка Сурвілла, першы прэзыдэнт СRFCVB; КФДАЧБ
Зіна Гімпелевіч, першы віцэ-прэзыдэнт СRFCVB; КФДАЧБ
N.B.Наагул, тэма дапамогі Беларусі і ахвярам Чарнобылю на Радзіме настолькі абшырная, што вартая цэлай кнігі, якую з часам мы спадзяемся напісаць.
Аказанне медыцынскай дапамогі беларускім дзецям, арганізацыя замежных стажыровак для спецыялістаў-стаматолагаў. У выніку акцыі "Аперацыя Беларусь" дзясяткі беларускіх дзяцей прайшлі стаматалагічнае абследаванне ў Канадзе, атрымалі адпаведнае лячэнне. Каля 60 тысяч даляраў былі сабраныя і перададзеныя на абсталяванне дзіцячай стаматалагічнай паліклінікі ў Мінску (1994–1995).
Аздараўленне больш чым 20 тысяч дзяцей з забруджаных раёнаў Беларусі (Фонд “Этнічны голас Амерыкі, ЗША, беларусы Вялікабрытаніі праз фонд “Сакавік”, беларусы Канады і МЗС Канады).
Маё першае знаёмства з беларусамі замежжа адбылося ў 1990-м годзе, калі я трапіла на з’езд беларусаў замежжа ў Кліўлендзе. Нас сустракалі ў нацыянальных строях і па-беларуску, што ў той час ды ў іншай краіне было вельмі незвычайна. Дзякуючы гэтай сустрэчы я пазнаёмілася з Вітаўтам Кіпелем, Янкам Запруднікам, Юліяй Андрусішынай, Міколам Прускім, Івонкай Сурвілай, упершыню сустрэлася з малодшым братам майго дзеда Міхасём Міцкевічам. На з’езде ішла гаворка пра дапамогу Беларусі пасля Чарнобыльскай катастрофы. Аказалася шмат зацікаўленых, бо гэта быў той момант, калі эміграцыя хацела і магла дапамагчы.
У пачатку 90-х дапамогу ахвярам чарнобыльскай радыяцыі ўзяў на сябе Беларускі народны фронт “Адраджэнне”. БНФ праводзіў чарнобыльскія і экалагічныя акцыі, мітынгі, паездкі ў забруджаныя раёны, жалобныя набажэнствы. 30 верасня 1989 года ў Мінску адбыліся народнае шэсце і мітынг “Чарнобыльскі шлях”. У 1991 годзе быў арганізаваны “Народны трыбунал”, які разглядаў, наколькі эфектыўна пераадольваюцца вынікі чарнобыльскай катастрофы. У красавіку 1998 года Генадзь Грушавы ўзначаліў Камітэт БНФ “Дзеці Чарнобыля”, які праз два гады быў зарэгістраваны дабрачынным фондам. Шмат у якіх краінах пачалі стварацца грамадскія арганізацыі дапамогі пацярпелым рэгіёнам. Аднак кіраўніцтва многіх шпіталяў адмаўлялася ад лекаў і вітамінаў, забараняла сустрэчу з дактарамі, калі рабілася вядома, што дапамога ідзе праз БНФ.
Чарнобыльскі шлях
Я часта суправаджала айца Аляксандра Надсана ў паездках па чарнобыльскім рэгіёне Беларусі і бачыла, з якімі цяжкасцямі часам ідзе размеркаванне гуманітарнага грузу. Пасля першай паездкі мы прыйшлі да высновы, што трэба стварыць дабрачынную партнёрскую арганізацыю, не звязаную з палітыкай. З яго бласлаўлення 26 красавіка 1993 года, на 7-я ўгодкі Чарнобыльскай катастрофы, у Доме літаратара адбылася прэзентацыя Дзіцячага фонду духоўнага і культурнага адраджэння “Сакавік”. Мы лічылі, што аўтарытэт майго дзеда, народнага паэта Якуба Коласа, будзе спрыяць у вырашэнні складаных арганізацыйных пытанняў. Назва фонду сімвалізуе адраджэнне Беларусі. На вечарыне гучаў верш Наталлі Арсенневай “Сакавік”, а капэла спявала “Магутны Божа”. З таго дня пачалася праца, якая працягваецца амаль 25 гадоў.
Па-першае, мы займаліся размеркаваннем і дастаўкай гуманітарнай дапамогі, а таксама дапамагалі нашым сябрам замежжа арганізаваць сустрэчы ў дзіцячых дамах і іншых арганізацыях, ладзілі знаёмства з дактарамі. Бо нават для наведвання пэўнай установы патрэбны дазвол, а для дапамогі – стос папераў. Працэдура іх атрымання штогод ускладнялася нашым заканадаўствам. Раней гуманітарную дапамогу можна было прыехаць і аддаць, цяпер яе трэба браць на захоўванне і пісаць план размеркавання, узгадняць ў Дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці, чаму папярэднічаюць гадзіны, праведзеныя на мытні.
Дзякуючы айцу Аляксандру Надсану пачалося супрацоўніцтва з дабрачыннымі арганізацыямі Вялікабрытаніі і Ірландыі. Іх прадстаўнікі прыязджалі з вялікімі канвоямі, і нават падаравалі фонду “Сакавік” машыну хуткай дапамогі, на якой можна было развозіць грузы па Беларусі. Спачатку дапамогу складалі лекі і вітаміны, разнастайныя медыцынскія матэрыялы. Аднак пасля мы прыходзілі да галоўнага ўрача, і той даваў запыт. Калі машына едзе з гуманітарным грузам, варта прывозіць тое, што трэба. У снежні мінулага года мяне запрасілі на адкрыццё новай беларускай царквы ў Лондане і папрасілі разабраць архіў айца Аляксандра, звязаны з гуманітарнай дзейнасцю. Сярод іншага мне сустрэўся вялікі стос запытаў ад дактароў, па якіх ён замаўляў неабходныя рэчы.
Марыя Міцкевіч і айцец Аляксандр Надсан
Дабрачынны канвой вёз у Беларусь гуманітарную дапамогу, а на зваротным шляху я слала выданні ў “скарынаўку” – бібліятэку імя Францыска Скарыны ў Лондане. А калі сама ездзіла на машыне, сталыя эмігранты перадавалі на Беларусь дарагія для іх, але ўжо не цікавыя наступнаму пакаленню выданні – прысвечаныя радзіме газеты, часопісы, кнігі. Частка была перададзеная ў Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны, частка захоўваецца ў мяне. Аднак я планую перадаць эміграцыйныя выданні ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, у аддзел, прысвечаны беларускай эміграцыі.
Беларусы замежжа вельмі шмат дапамагалі: яны збіралі грошы на канвоі, знаходзілі сем’і, гатовыя прыняць беларускіх дзяцей, шукалі арганізацыі, якія маглі падтрымаць Беларусь. Шмат сродкаў ішло праз царкву. Разам з айцом Аляксандрам гуманітарныя грузы суправаджалі Сяргей Дзейка, Тодар Жынгель, Язэп Мошчык, Міхась Баяроўскі з Вялікабрытаніі, Святаслаў Каржанеўскі з Аўстраліі. На сабраныя грошы набывалі лекі і неабходную апаратуру. Так, на замову беларускіх дактароў Міхасём Наўмовічам (Францыя) быў набыты апарат ультрагуку. А на святы абавязкова везлі для дзяцей падарункі. У ЗША вельмі дапамагаў Мікола Прускі, у Канадзе – Івонка Сурвіла, Раіса Жук-Грышкевіч. Нашыя беларусы збіралі сродкі на разнастайныя праекты і праз Беларускую царкву ў Канадзе. У Нью-Ёрку ішла дапамога праз майго сваяка Алеся Міцкевіча. Ён выдаваў інфармацыйны лісток, што распаўсюджваўся сярод амерыканскіх беларусаў. Сярод іншага там друкаваліся мае інтэрв’ю, і чытачы маглі даведацца пра нашыя патрэбы і чымсьці дапамагчы.
Вельмі многа для нашай краіны зрабілі ірландскія дабрачынныя арганізацыі. Аднойчы ў вёску Караліна ў Стаўбцоўскім раёне прыехаў канвой з 60 ірландцаў. Дапамагалі і іншым дзіцячым дамам – у Станькаве, Караліне, Язоўках, Чэрвені, Тарасіках, Гарадзішчах і г.д. У Беларусь і цяпер прыязджае шмат ірландскіх валанцёраў – у дамы-інтэрнаты, дзе ўтрымліваюцца дзеці і дарослыя з псіхічнымі захворваннямі. У гэтым напрамку можа не кожны пайсці – быць сярод незвычайных людзей. А ірландскія валанцёры прыязджалі – кармілі, гулялі, прывозілі гуманітарную дапамогу і неабходнае абсталяванне, рабілі рамонт.
Адзін з ірландскіх валанцёраў ужо шмат гадоў жыве на дзве краіны – Беларусь і Ірландыю. Ён атрымаў від на жыхарства ў нашай краіне. Нашае знаёмства ірландскі манах Лім О’Мара згадвае ў адной са сваіх кніг, прысвечанай Беларусі. Усё пачалося з вялікіх канвояў, якія суправаджала знакамітая ірландка Эдзі Роўч. Мне трэба было зрабіць справаздачы аб іх паездках па Беларусі. Аднаго з кіроўцаў канвою звалі Лім, і я хацела з ім паразмаўляць, каб скласці ўяўленне пра маршруты. Лім знайшоўся ў Мазыры. Я яму пазваніла, аднак ён аказаўся зусім не тым Лімам. Тым не менш мы пагаварылі і дамовіліся на сустрэчу. Лім О’Мара хацеў працаваць у Беларусі, знайшоў сабе школу на Лунінеччыне і там выкладаў ангельскую мову. Незадоўга да нашага знаёмства ён ужо збіраўся вяртацца ў Ірландыю, бо не ведаў, чым яшчэ можа дапамагчы. Тады я адвезла яго ў Чэрвенскі дом-інтэрнат, і Лім ужо 20 гадоў працуе з гэтай установай. Больш за тое, ён змог адкрыць уласны фонд, які назваў “Добра тут”.
Адно з вялікіх дасягненняў Ліма – Дом Сары ў Мінску, грошы на будаўніцтва якога ён збіраў у Ірландыі. Гэты Дом працаваў як дзённы цэнтр для дзяцей з разнастайнымі адхіленнямі, якіх бацькі трымаюць дома. Пакуль дзеці пад наглядам, дарослыя могуць вырашыць свае справы, і гэта істотная дапамога. Больш за тое, у Доме спыняюцца валанцёры, якія прыязджаюць у Беларусь на працу, госці, а таксама выхаванцы дзіцячых дамоў, якія прыязджаюць наведаць Мінск.
Калі я прыязджаю ў Ірландыю, іду ў карцінную галерэю ці ў басейн, усюды сустракаю людзей у вазках. У нас інвалідаў на вуліцах амаль не бачна. Нават калі дзе-небудзь ёсць пандус, няма гарантыі, што вазок пройдзе ў дзверы. Калі валанцёры пачалі выводзіць на вуліцу дзяцей з Чэрвенскага дома-інтэрната, аказалася, што некаторыя местачкоўцы нават не ведалі пра іх існаванне. Больш за тое, у нас зусім іншае выхаванне. Аднойчы я была з групай дзяцей у Англіі. Сярод дзяцей быў хлопчык з хворай нагой. Калі надышоў час гуляць у футбол, нашыя дзеці прасілі Сяргейку адысці і не перашкаджаць. Ангельскія дзеці, наадварот, падыходзілі найперш да Сяргея і запрашалі ў гульню. На жаль, у нашай краіне з табой не будуць гуляць, калі ты не такі, як усе.
Яшчэ адзін напрамак дзейнасці фонду “Сакавік” – аздараўленне дзяцей за мяжою. Дзякуючы айцу Аляксандру на пачатку дзейнасці Камітэта дапамогі ахвярам радыяцыі беларускія дзеці пачалі выязджаць на аздараўленне ў Вялікабрытанію. Выязджалі некалькі разоў на год групамі ад 6 да 90 чалавек. Штогод больш за сто дзетак атрымлівалі магчымасць выехаць за мяжу. Жылі дзеці ў сем’ях і мелі добра падрыхтаваную і насычаную праграму. Мы спрабавалі вазіць дзяцей у розныя краіны, у тым ліку ў Італію і Іспанію. Аднак у тых арганізацыях адсутнічалі беларускія прадстаўнікі, і часам было складана вырашаць розныя пытанні. Таму мы аддавалі перавагу арганізацыям, якія адшукалі беларускія эмігранты. Найчасцей мы суправаджалі групы ў Англію, Ірландыю, Уэльс.
Айцец Аляксандр Надсан знайшоў для Дзіцячага фонду “Сакавік” надзейнага партнёра – Джанет Вадамс з ангельскага горада Рай. Царква Святой Марыі дапамагла знайсці сем’і для размеркавання беларускіх дзяцей. Былі праведзеныя медыцынскія кансультацыі, лячэнне і аперацыі ў ангельскіх шпіталях. Арганізацыя Chernobyl Children Rye таксама дапамагала ў стварэнні дзіцячых хоспісаў на тэрыторыі Беларусі. У Вялікабрытаніі існуе і беларуска-ангельская дабрачынная арганізацыя CelticCross, якой кіруюць Джон і Марына Купер. Марына працавала намеснікам Дзіцячага фонду “Сакавік” і ўдзельнічала ва ўсіх праграмах. Пасля пераезду ў Вялікабрытанію Марына працягвае гуманітарную дзейнасць. Разам з мужам яна арганізоўвала адпачынак беларускіх дзяцей у сваім рэгіёне. CelticCross таксама дапамагае сацыяльным цэнтрам у Брагіне і Камарыне Гомельскай вобласці.
Зноў жа дзякуючы айцу Аляксандру мы пазнаёміліся з фондам каталіцкіх сем’яў ва Уэльсе – Victims of Chernobyl Children’s Fund. Каталіцкая царква Святога Патрыка аб’яднала людзей, якія хацелі дапамагаць Беларусі. Фонд узначаліла Марсія Дойл. Так завязалася сяброўства дзіцячага фонду “Сакавік” з Марсіяй і Майклам Дойламі, якое працягваецца ўжо больш за дваццаць гадоў. Вёску Калдыкот каля Ньюпарта ведаюць сотні дзяцей з Беларусі, якім пашчасціла паехаць на аздараўленне і адпачынак да ангельскіх бацькоў. Мама Марсія і тата Майкл не шкадавалі сілаў, каб зрабіць адпачынак беларускіх дзяцей цікавым і карысным для здароўя.
Кожны год з таго часу ў Беларусь адпраўляліся канвоі з гуманітарнай дапамогай, якія збіралі і арганізоўвалі валійскія сябры і іх арганізацыя Victims of Chernobyl Children’s Fund. Грузы перадаваліся дзіцячым дамам і школам-інтэрнатам у Рэчыцы, Васілевічах, Бабічах, Івянцы, шпіталям Брагіна, Калінкавічаў, Бялынічаў, Магілёва. Не раз Марсія і Майкл былі ў самых забруджаных рэгіёнах, нават у зоне адсялення за вайсковым кардонам і на мяжы з Украінай, бачылі пакінутыя хаты, закапаныя ў зямлю вёскі, кінутыя школы і дзіцячыя садкі. Апошні канвой з гуманітарным грузам, які везлі Марсія і Майкл, не пусцілі ў Беларусь. Давялося шукаць месца для разгрузкі ў Польшчы. Але гэта здарэнне не спыніла дзейнасці арганізацыі. У мінулым годзе Марсія і Майкл сабралі грошы для правядзення рамонтных работ бальніцы ў Жыткавічах.
Каб ведаць, каму патрэбная дапамога, мне давялося самой паездзіць па краіне. У гэтым мне дапамагала праграма “Экалогія душы”. Разам з тэатрам “Дзея” – цяпер гэта Новы драматычны тэатр – мы ездзілі з дабрачыннымі спектаклямі для дзяцей у школы-інтэрнаты. Пакуль ішоў спектакль, я магла даведацца, якія патрэбы ёсць у арганізацыі. Праграму дапамагалі спансараваць нашыя замежныя сябры і беларусы замежжа. Да гэтых дзяцей у тыя часы мала хто прыязджаў, яны жылі ў сваім асяроддзі, нікога не бачылі, таму нам былі радыя і вельмі дапамагалі. Многія артысты плакалі, калі бачылі, для каго выступаюць. Дзеці прасілі, каб мы прыязджалі часцей. З дазволу Міністэрства адукацыі мы наведвалі жаночую рэжымную калонію ў Петрыкаве. Дзяўчатам спадабаўся спектакль настолькі, што, калі мы прыехалі праз два гады, яны памяталі ролі і словы з першага.
Мы шмат ездзілі па чарнобыльскіх рэгіёнах, нават вельмі забруджаных, і знаёміліся з людзьмі, каб ведаць, да каго звяртацца, калі прыйдзе час везці дзяцей на аздараўленне. Пасля надышоў час лістоў, дакументаў і дазволаў. Было вельмі шмат працы, асабліва з дакументацыяй.
Дзякуючы беларуска-ангельскай супрацы ў 1999 годзе стала магчымай аперацыя “Усмешка”, накіраваная на дзяцей са сківічна-тварнымі пашкоджаннямі. Калі такое дзіця расце ў сям’і, то клопат пра яго бяруць на сябе бацькі і блізкія. На жаль, такія адхіленні ёсць і ў гадаванцаў дзіцячых дамоў. Аперацыю на твары вельмі складана зрабіць, шмат цяжкасцяў і ў пасляаперацыйным доглядзе. У межах праекта мы сустракалі дактароў з Англіі, якія прыязджалі са сваімі медсёстрамі і абсталяваннем, каб дапамагчы беларускім дзеткам. А нашыя дактары ездзілі на стажыроўкі ў Вялікабрытанію.
Нам удалося падтрымаць яшчэ адну цікавую праграму, скіраваную на адукацыю ў ангельскіх школах. Мы адбіралі дзяцей, якія ўжо ведалі ангельскую мову, і вазілі іх на двухтыднёвую стажыроўку ў Англію. Беларускія дзеці жылі ў сем’ях і разам з ангельскімі аднагодкамі наведвалі школьныя заняткі. Больш за тое, адбываліся агульныя сустрэчы, экскурсіі па Лондане, знаёмства з музеем і бібліятэкай імя Ф. Скарыны. Дзецям вельмі падабалася. Але праз змены ў заканадаўстве праект стала цяжка ажыццяўляць, і праграма была закрытая. Вельмі шкада. Шмат нашых дзяцей падчас такіх стажыровак атрымала запал, каб вучыць замежную мову і паступаць у прэстыжныя ўніверсітэты.
Так сталася, што найбольш цесныя сувязі наш фонд меў з дабрачыннымі арганізацыямі Ірландыі. Калі я сама першы раз паехала туды як кіраўнік групы дзяцей, краіна мне вельмі спадабалася. Яна вельмі блізкая да Беларусі. Ірландцы, як і мы, любяць збірацца разам, спяваць песні. Да і нацыянальная ежа – бульба, як і ў нас. Больш за тое, ірландцы вельмі шмат дапамагалі Беларусі. І нам трэба было аддзячыць гэтую краіну. Так узнікла ідэя таварыства “Беларусь – Ірландыя”, створанага пры Доме дружбы. Перш за ўсё мы правялі канферэнцыю, прысвечаную беларуска-ірландскім культурным сувязям, удзельнікі якой у сваіх дакладах шукалі, што агульнага ў Беларусі і Ірландыі. Таварыства пачало падтрымліваць разнастайныя ініцыятывы, перадусім – беларускія школы ірландскага танцу. Мы прывозілі музыкам і танцорам сапраўднае ірландскае адзенне і абутак, запрашалі калектывы на розныя мерапрыемствы. Мы пачалі святкаваць Дзень Святога Патрыка. Неўзабаве паўсталі фестывалі ірландскай музыкі, танцу і тэатру, якія мы праводзілі некалькі гадоў. Таварыства падтрымлівае шмат ініцыятываў – сустрэчы, прэзентацыі, чытанні. Амаль кожны год у Доме дружбы мы ладзім прысвечаную Ірландыі вечарыну з цікавымі квэстамі і дакладамі.
Ірландскія валанцёры дапамагаюць беларускім дзецям з абмежаванымі здольнасцямі
Нам удалося запрасіць у Беларусь выдатнага піяніста Майкла О’Рурка. Спачатку ён выступаў у дзіцячай музычнай школе, а пасля – у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, кіраўніцтва якой неаднаразова выклікала яго на канцэрты. Разам з Майклам О’Руркам мы наведалі Уселюб, дзе ў XVIII стагоддзі была сядзіба старажытнага роду О’Руркаў. У мястэчку да гэтай пары захаваліся рэшткі вялізнага парка.
Як унучку Якуба Коласа і Янкі Маўра мяне часта запрашаюць выступаць на вечарынах, сустрэчах і канферэнцыях у Беларусі і за мяжою. Цяпер я супрацоўнічаю з курсамі беларускай мовы “Мова Нанова”, на якіх чытаю лекцыі пра Коласа і Маўра ў гарадах, дзе адбываюцца заняткі. Вельмі часта мяне запрашаюць на Пухавіччыну. Гэта другая радзіма Коласа, дзе ён любіў адпачываць. Выступала ў Пінкавічах, дзе мой дзед працаваў у школе. Пра Коласа і Маўра я расказвала і падчас нашых дабрачынных паездак з тэатрам. Супрацоўнічаю і з беларусамі замежжа. Так, маю добрыя сувязі з латвійскай дыяспарай, таму што ў Ліепаі нарадзіўся мой дзед Янка Маўр. Мне вельмі хацелася паехаць у гэты горад і пазнаёміцца з нашымі беларусамі. Сябруем з Лонданам, Вільняй, Львовам, Севастопалем, Рыгай. Ужо шмат чаго зроблена, выдадзена і арганізавана, але застаецца яшчэ больш. Надрукавала некалькі артыкулаў, якія прысвечаны дзеячам беларускага замежжа: А. Надсану, Я. Запрудніку, М. Прускаму, В. Жук-Грышкевічу, М. Міцкевічу, С. Сахараву. У музеі Якуба Коласа ладзіла выставу “Якуб Колас ў эміграцыйным друку”, у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва – выставу да 120- годдзя Міхася Міцкевіча, у беларускай школе ў Рызе – выставу “Якуб Колас і Янка Маўр: разам па жыцці”. З найбліжэйшых праектаў – выданне кнігі да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Маўра, кнігі “Якуб Колас ў перакладах Веры Рыч”. Не пакідаю думкі пра кнігі з творамі вядомага дзеяча беларускай эміграцыі Міхася Міцкевіча.
Гутарыла Яна Шыдлоўская,
фота з уласнага архіва Марыі Міцкевіч
Публікацыя зроблена ў межах ініцыятывы “Грамадскі ўдзел”, якая аб’ядноўвае розныя арганізацыі дзеля пашырэння грамадскай актыўнасці і развіцця грамадзянскай супольнасці.
Аздараўленне больш чым 20 тысяч дзяцей з забруджаных раёнаў Беларусі (Фонд “Этнічны голас Амерыкі, ЗША, беларусы Вялікабрытаніі праз фонд “Сакавік”, беларусы Канады і МЗС Канады).
“Я малюся, каб у Вашым жыцці былі цуды, якія б здзіўлялі Вас, як і Вы прыемна здзіўляеце беларускіх дзяцей…” Гэтыя словы Жоркі Каляды, маленькага хворага хлопчыка з Мінска, вельмі выразна характарызуюць адносіны беларускай дзятвы да амерыканкі беларускага паходжання Ірэны Каляды-Смірновай.
Чым заслужыла гэтая жанчына такую любоў і павагу? Тым, што спачувае дзецям, якім у жыцці не вельмі пашчасціла, дзецям-сіротам, хранічна хворым. Васілевіцкі інтэрнат даў прытулак такiм гаротным, абдзеленым лёсам дзеткам. Але як падтрымаць дзяцей з запушчанымi хваробамi? Дзе ўзяць сродкi на лячэнне, знайсцi месца адпачынку для такой колькасці кволых дзіцячых душ?.. Далёка ад Беларусі, у ЗША, забалела сэрца ў жанчыны, якая пабывала ў Беларусі і ўбачыла бяду сірот. Яна вырашыла стаць іх апякункай і лекаркай. Якім чынам? Як сказаў вялікі Хрыстос: “…Шмат званых, але мала выбраных”. Кожны з нас мог гэта зрабіць. Але толькі адна яна арганізавала некамерцыйную арганізацыю “Этнічныя галасы Амерыкі”. Згуртавала вакол сябе адданых паплечнікаў усіх нацыянальнасцяў. Усклала на плечы свайго мужа Юрыя Смірнова вялікі кавалак работы. Разам з імі працуюць кітайцы Сціў і Джудзі Вонг, Марыа Каўсык славянскага паходжання, амерыканка афрыканскага паходжання Іяланда, амерыканкі маці і дачка Джулія і Тэмі, продкі якіх прыбылі сюды некалькі стагоддзяў таму на першым караблі “May Flower”. Тут і амерыканкі Дэбі, Барбара і Дана, украінкі Эна Мужчыка і маці з дачкой Сайко, беларусы Алесь і Гелена з Мінска. Дзевяць гадоў вельмі плённа працуе гэтая арганізацыя. Ірэна Каляда-Смірнова згуртавала дружную каманду, адзіную ў сваіх намаганнях – дапамагчы найменш сацыяльна абароненым дзецям Беларусі. Толькі за мінулы год у Польшчы пабывала 26 груп дзяцей па 60 чалавек у кожнай. Вось што гаворыць дырэктар Васілевіцкай школы-інтэрната Віктар Рудэнка:
– Вельмі ўдзячныя спадарыні Ірэне і ўсім, хто працуе побач з ёю, за дапамогу нашым дзецям. Вяртаюцца яны з адпачынку ў Польшчы ажыўленымі ад увагі да іх. І самае галоўнае, амаль не звяртаюцца да дактароў!
А вось словы маці Васілька Ільіна, якая піша ад імя ўсіх бацькоў, дзеці якіх пацярпелі ад чарнобыльскай навалы: “Звяртаюся да вас, паважаная наша Ірэна, таму што вы сапраўды наша. Толькі свой чалавек можа зразумець наш боль і боль зямлі нашай, якую забрудзіў выбух у Чарнобылі. Дазвольце ад усёй душы яшчэ раз шчыра падзякаваць вам за тое, што вы зрабілі для нашых хворых дзяцей і, у прыватнасці, для майго хворага сына Васілька. Бог аддзячыць вам за тое, што вы прыгрэлі нашых чарнобыльскіх дзетак, а я ад усяго сэрца дзякую і нізка вам кланяюся”.
Цяпер прыйшоў час паслухаць дзетак. Каця Ларычава: “Я ніколі вас не бачыла, але кожны дзень у душы выказваю вам словы ўдзячнасці”. Ігар Сукач: “Няшмат на зямлі людзей, якія б памяталі аб сваёй Радзіме, знаходзячыся за тысячы кіламетраў ад яе. Вы – Чалавек з вялікай літары!” Ігар Саламакін з Мазыра напісаў так: “Я вельмі люблю сваю краіну, і таму пішу вам гэты ліст на сваёй і вашай роднай мове. Я і мае сябры хочам выказаць вам падзяку за тое, што далі нам магчымасць убачыць Польшчу, дзе мы знайшлі сяброў і шмат цікавых заняткаў, дзе нас добра даглядалі. Без вас мы б гэтага ніколі не ўбачылі і не набраліся столькі сіл…”
Гэтыя дзіцячыя галасы можна бясконца цытаваць – іх шмат, а іх вуснамі гаворыць ісціна. Але не толькі Беларусі дапамагае дабрачынная арганізацыя “Этнічныя галасы Амерыкі”, якой так плённа кіруе Каляда-Смірнова. University Hospital атрымаў 15 тысяч даляраў дапамогі. Амерыканскаму Чырвонаму Крыжу перадалі 10 тысяч даляраў. “Rustler Raneh” – арганізацыя, якая клапоціца пра хворых дзяцей у ЗША, атрымала дапамогу некалькі разоў. Не абыдзеныя ўвагай і хворыя дзеці ў ЗША, якія нарадзіліся ад хворых на СНІД бацькоў. Яны атрымалі дапамогу ў 10 тысяч даляраў. Амерыканская арганізацыя “Make a Wish foundation” (“Здзейсні жаданне”), якая клапоціцца пра маленькіх хворых дзетак, якім патрэбны аздараўляльны адпачынак, таксама некалькі разоў атрымлівала дапамогу ад арганізацыі, якой кіруе Ірэна. Доўга давялося б мне пералічваць усіх, каму аказвае падтрымку арганізацыя “Этнічныя галасы Амерыкі”. А каб грошы былі, трэба напружана працаваць. І няма тут работы маленькай ці вялікай, бо гэта стыль жыцця.
Аўтар гэтага артыкула добра ведае, якой цаной дасягнутыя вынікі каманды Ірэны Каляды. Якія змораныя разыходзяцца людзі пасля 8-10 гадзін працы, але і задаволеныя. Калі ласка, паслухайце, што яны гавораць. Пачнём з беларусаў Алеся і Гелены з Мінска: “У старшыні нашага фонду Каляды-Смірновай шчасліва спалучаюцца рысы моцнага, разумнага, адукаванага кіраўніка-лідара з чалавечымі хрысціянскімі каштоўнасцямі: дабрынёй, спагадай і спачуваннем чужому гору”. Іяланда: “Яе гуманізм, адданасць людзям, дабрыня і чуласць да чужой бяды – прыклад для мяне”. Джулія і Тэмі: “Ірэна пасланая Богам на дапамогу людзям. Мы шчаслівыя працаваць з ёю”. Каця Сайко: “Гэта такое шчасце працаваць з такім кіраўніком. У нас заўсёды ёсць адчуванне аднадумцаў, адзінай шматнацыянальнай сям’і”. Джудзі і Сціў Вонг: “Спадарыню Ірэну мы ведаем каля 20 гадоў. Шмат перажылі разам. Сябруем сем’ямі і працуем поруч з даверам і натхненнем. Мы не толькі аднадумцы, мы адна шматнацыянальная сям’я і пойдзем за ёй усюды, куды яна пакліча”. Марыа Каўсік (паходзіць са Славеніі): “Спадарыня Ірэна – кіраўнік, пра якога можна толькі марыць. Яна ўзначальвае наш фонд ужо 9 гадоў. За гэты час шмат вады сплыло. Але не сплыло галоўнае – спагада бездапаможным. І галоўны натхняльнік для нас – старшыня нашага фонду Ірэна Каляда-Смірнова.
І зноў вернемся да лістоў з Беларусі. Вось гэты ад журналісткі Галіны Сутулы: “…Я пішу вам, паважаная Ірэна, каб падзякаваць ад сябе і ад майго 12-гадовага сына Змітра, які нядаўна вярнуўся з адпачынку ў Польшчы. Ён шмат памучыўся ў дзяцінстве. Я і мой муж пабывалі ў Чарнобылі. Муж працаваў ліквідатарам аварыі. Хвароба Міці – вынік нашага знаходжання ў чарнобыльскай зоне. У тры гады Змітру зрабілі складаную аперацыю на нырцы. Шчасце, што не аднялі нырку і ён не застаўся калекам на ўсё жыццё. Але яшчэ шмат гадоў ён быў абмежаваны сценамі: нельга было бегаць і шмат рухацца. Міця ўзрушаны паездкай у Польшчу. Ён ніколі не плаваў у басейне, не катаўся на лыжах, ніколі не выязджаў за межы Беларусі і, як ён сказаў, “ніколі так смачна і ўволю не еў”. Мы зведалі, што такое бяда, і таму будзем усё жыццё ўдзячныя вам за дапамогу. І я жадаю вам словамі майго сына – “няхай кожны куток вашага дома пахне шчасцем”.
Уявіце, колькі ўдзячных дзяцей схілілася над пісьмамі да Ірэны і яе арганізацыі. Яны зведалі пакуты ад бранхіяльнай астмы, хваробаў нырак, хранічнага танзіліту, скаліёзу, хранічнага гастрыту, хворых суставаў. Але не толькі хворыя дзеці пішуць словы ўдзячнасці. Вось ліст ад удзельнікаў дзіцячага танцавальнага гуртка “Непаседы”: “Добры дзень, паважаная Ірэна. Мы жывем у маленькай вёсачцы Расна, што каля 40 кіламетраў ад Брэста. Нягледзячы на гэта, нас ведае ўся Беларусь, а дзякуючы вам, і ў Польшчы, і ў Амерыцы. У час адпачынку ў Польшчы мы далі 4 канцэрты. Пасля нашага выступлення на Міжнароднай алімпіядзе для дзяцей-інвалідаў мы ўбачылі на іх вачах слёзы і радасць. Размаўляючы з імі, мы сталі лепшымі і дабрэйшымі. Мы прасілі іх не маркоціцца, не сумаваць, а верыць у цуд. Мы расказалі ім пра вас, і канцэрт прысвяцілі вам, спадарыня Ірэна…”
Верыць у цуд! Верыць у добрых чараўнікоў, верыць у казку! Ці ж мы з вамі ў дзяцінстве не марылі пра гэта? Ці ж, стаўшы дарослымі, не працягваем верыць, што калі-небудзь Бог пашле нешта чароўнае і цуд адбудзецца? Трэба толькі моцна верыць, як верыў маленькі хворы беларускі хлопчык Жорка Каляда. Вось напаследак яшчэ некалькі радкоў з яго пісьма: “Паважаная Ірэна! Я вельмі ўдзячны, што вы так хутка адказалі на маю паштоўку. Мы ўсе жадаем вам здароўя і поспехаў, каб і ў вашым жыцці таксама былі цуды, якія б здзіўлялі вас, як і вы так нечакана і прыемна здзіўляеце маленькіх. З павагай, Жорка Каляда”. Дарэчы, гэты хлопчык не сваяк Ірэны. Проста аднолькавае прозвішча.
Ну вось на гэтым я і стаўлю кропку ў сваім артыкуле з думкай пра тое, што было б добра, каб кожны з нас хаця б крыху наблізіўся да той духоўнай вышыні, на якую ўзнялася гераіня майго артыкула.
Бурмістр мястэчка Новай Руды Томаш Кілінскі выказаў падзяку, а старшыня Мазырскага гарадскога выканаўчага камітэта В. Барысенка ўзнагародзіў Ірэну Каляду-Смірнову і дабрачынны фонд “Ethnic Voece of America” Граматай за актыўны ўдзел у арганізацыі аздараўлення дзяцей з малазабяспечаных сем’яў, сірот і ахвяр Чарнобыля.
Наталля Вярбоўская
Адрасная дапамога дзіцячым дамам у Беларусі да 2006 г. рэгулярна аказвалася фондам “Этнічны голас Амерыкі” (ЗША).
Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы надвор’я, Вялікодная радасць зноў напоўніла душы і сэрцы выхаванцаў школы-інтэрната № 7 для дзяцей-сірот г. Мінска 17 красавіка 2010 года. Ласкаю Божай і дзякуючы Міжнароднай дабрачыннай арганізацыі “Этнічныя галасы Амерыкі” адбылася духоўная вандроўка ў Жыровіцкі манастыр.
Калі мы прыехалі ў манастыр, надвор’е значна змянілася: ярка свяціла сонейка, саграваючы нас сваімі пяшчотнымі праменьчыкамі. Пад купаламі статнага Жыровіцкага Свята-Успенскага манастыра панавала таямнічая ўрачыстасць, незвычайная любоў, радасць, якая адразу ж адлюстравалася на тварах і ў душах нашых дзяцей.
Дзякуючы экскурсаводу-семінарысту мы наведалі Крыжаўзвіжанскую царкву, званіцу манастыра, Яўлінскую царкву і даведаліся многа цікавага і карыснага.
З хваляваннем і асаблівым замілаваннем дзеці прыкладваліся да абраза Божай Маці і іншых ікон з малітваю і падзякай. І ў гэты момант усе думкі, пачуцці і вочы дзяцей, здавалася, асвечваліся незямным святлом, душа напаўнялася мірам.
Па заканчэнні экскурсіі мы нас акружылі ўвагай і любоўю ў трапезнай, дзе з апетытам елі смачную манастырскую вараную капусту, кашу і пілі гарбату.
Затым, з блаславення бацюшкі, мы накіраваліся да Святой крыніцы, якая цудадзейнай сілай умацавала і абнавіла наш фізічны і духоўны стан.
Свята душы адбылося! Настрой быў радасны, не хацелася ад’язджаць.
Мы ўсе, выхаванцы і педагогі, вельмі ўдзячныя Міжнароднай дабрачыннай арганізацыі “Этнічныя галасы Амерыкі” і асабіста Вярбоўскай Наталлі Міхайлаўне за гэтую цудоўную вандроўку, пра якую будзем доўга ўспамінаць.
Як ежа і адпачынак неабходныя чалавеку для падтрымкі яго фізічнага жыцця, а веды, мастацтва і культура ўзбагачаюць душэўныя якасці, так і сутыкненне са святыняй раскрывае ў чалавеку вышэйшы духоўны бок яго сутнасці.
Выхаванцы школы-інтэрната №7
Аднаўленне святыні – вобразу Жыватворнага Крыжа Святой Еўфрасінні Полацкай (1993–1997). Ініцыятыва была ўхваленая Першым з’ездам беларусаў свету. “Бацькаўшчына” ўзяла на сябе арганізацыю і каардынацыю работ, асвечаных Беларускай праваслаўнай царквой. Праект ажыццяўляўся на сродкі Згуртавання “Бацькаўшчына”, беларусаў замежжа, сярод якіх асноўным ахвярадаўцам быў Анатоль Сілівончык з Расіі, і дзяржавы.
Аднаўленне святыні – вобразу Жыватворнага Крыжа Святой Еўфрасінні Полацкай (1993–1997). Ініцыятыва была ўхваленая Першым з’ездам беларусаў свету. “Бацькаўшчына” ўзяла на сябе арганізацыю і каардынацыю работ, асвечаных Беларускай праваслаўнай царквой. Праект ажыццяўляўся на сродкі Згуртавання “Бацькаўшчына”, беларусаў замежжа, сярод якіх асноўным ахвярадаўцам быў Анатоль Сілівончык з Расіі, і дзяржавы.
Пошукі крыжа св. Еўфрасінні Полацкай, створанага ў XII ст., пачалі адразу пасля таго, як Беларусь атрымала незалежнасць на пачатку 90-ых гадоў. Рэліквію бальшавікі вывезлі з нашай краіны ў 1941-ым годзе.
Пошукі найвялікшай святыні беларусаў вялі па ўсім свеце, але безвынікова. Тады нарадзілася думка пра аднаўленне крыжа.«Каб людзі маглі бачыць што яны страцілі і каб самім прайсці шлях стварэння рэліквіі», – гэтак абгрунтавала Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» патрэбу стварэння святыні нанова.
З 1990 года адбылося 6 сусветных форумаў на актуальныя для Беларусі і беларускага замежжа тэмы. Істотную дапамогу ў правядзенні з’ездаў аказвалі асяродкі беларускай дыяспары і асобныя мецэнаты.
Прысутнічалі:
Прысутнічалі:
16-17 ліпеня 2005 г. г. Мiнск
Паводле інфармацыі мандатнай камісіі З’езда, з Беларусі і замежжа ў працы З’езда бралі ўдзел 278 дэлегатаў: 144 дэлегаты з Беларусі, 134 дэлегаты з краін замежжа. У працы З’езда ўдзельнічалі прадстаўнікі 69-ці арганізацый беларускай дыяспары з 21 краіны: Англіі, Германіі, ЗША, Польшчы, Ватыкана, Аўстрыі, Іспаніі, Коста-Рыкі, Францыі, Чэхіі, Швейцарыі, Канады, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Расіі, Украіны, Арменіі, Кыргызстана, Беларусі, Канады. На З’ездзе былі зарэгістраваны 110 гасцей з Францыі, ЗША, Польшчы, Расіі, Беларусі, Чэхіі, Швецыі. Былі запрошаныя прадстаўнікі Адмiнiстрацыi прэзiдэнта, Мiнiстэрства юстыцыi, Мiнiстэрства адукацыi, Мiнiстэрства iнфармацыi, Мiнiстэрства эканомiкi, Мiнiстэрства замежных спраў, Камiтэта па справах рэлiгiй i нацыянальнасцяў i iнш. Аднак ад дзяржаўных структур на З’ездзе прысутнічалі толькі прадстаўнiкi Мiнiстэрства юстыцыi i Камiтэта па справах рэлiгiй i нацыянальнасцяў. Ад дыпламатычнага корпусу прысутнiчалі Пасол ЗША Джордж Крол, Першы сакратар пасольства Польшчы Марыюш Семаковiч, прадстаўнiк пасольства Францыi Лаура Трэгерэ. Да З’езда праявілі вялікую цікавасць прадстаўнікі беларускіх і замежных сродкаў інфармацыі. На З’ездзе былі акрэдытаваны і яго асвятлялі 16 перыядычных выданняў, сярод якіх і дзяржаўныя, і незалежныя газеты і часопісы. Працавалі 7 інфармацыйных агенцтваў, сярод якіх БелаПАН, ІНТЭРФАКС, ВВС, REUTERS, ASSOCIATED-PRESS і інш. Актыўна асвятлялі дзейнасць З’езда Радыё “Свабода”, І канал Беларускага радыё, а таксама “Polskie radio” і “Radio Gdansk”. Бралі інтэрв’ю і здымалі працу З’езда 6 каналаў тэлебачання: НТВ, RenTV, СТВ, ТВЦ, ЛАД, АНТ.
Спіс сяброў Вялікай Рады МГА "ЗБС "Бацькаўшчына", абраных на Чацвёртым з'ездзе беларусаў свету
18-19 ліпеня 2009 г.
г. Мiнск
За некалькі дзён да пачатку З’езду ў Мінск пачалі з’язджацца беларусы з розных краін. Яны заходзілі на сядзібу “Бацькаўшчыны”, цікавіліся тым, як ідзе падрыхтоўка да З’езду, расказвалі пра дзейнасць беларускіх суполак за мяжой.
Апошнім падрыхтоўчым момантам стала паседжанне Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, што адбылося напярэдадні З’езду, увечары 17 ліпеня. На паседжанні былі абмеркаваныя праекты выніковых дакументаў, прапанаваныя кандыдатуры ганаровых сяброў “Бацькаўшчыны”, кандыдатуры на пасаду кіраўніка і старшыні Рады Згуртавання, сяброў Вялікай Рады і Управы.
Першы дзень
18 ліпеня а 9-й раніцы перад будынкам Міжнароднага адукацыйнага цэнтру IBB пачалі збірацца дэлегаты і госці З’езду. На ўваходзе ўсіх вітаў знакаміты дудар Пузыня. Пасля рэгістрацыі дэлегатаў і гасцей а 10-й раніцы адбылося ўрачыстае адкрыццё Пятага з’езду беларусаў свету. Прагучаў гімн “Бацькаўшчыны”. Затым з уступным словам выступіў кіраўнік МГА “ЗБС “Бацькашчына” Аляксей Марачкін. Быў заслуханы аўдыёзварот ад старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы. Таксама вітанні З’езду беларусаў свету даслалі Управа Беларуска-амерыканскага задзіночання, Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусы Масквы”, Федэральная Рада беларусаў Аўстраліі, старшыня былога Згуртавання беларусаў Бельгіі Янка Жучка, Віленскае беларускае таварыства палітычных вязняў і ссыльных, Рыгор Барадулін, старшыня Рады “Бацькаўшчыны” з 1993 да 1999 г. Ганна Сурмач, старшыня ініцыятывы “Еўрапейская кааліцыя” Мікола Статкевіч.
Пасля выбараў рабочых органаў і зацверджання парадку дня З’езду перад прысутнымі выступілі пасол Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь Стэфан Эрыксан, міністр культуры Павел Латушка, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка.
З дакладамі па асноўнай тэме З’езду – “Нацыянальная ідэнтычнасць беларусаў у сучасным свеце: праблемы захавання і развіцця” – выступілі кіраўнік МГА “ЗБС “Бацькашчына” Аляксей Марачкін, гісторыкі Наталля Гардзіенка (Беларусь) і Янка Запруднік (ЗША), дырэктар Беларусага інстытута стратэгічных даследаванняў Віталь Сіліцкі (Беларусь). З дакладам пра праблемы беларусаў Іркуцку і аб’яднання беларусаў у супольнасць у межах Расіі выступіў Алег Рудакоў - старшыня Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Я. Чэрскага.
Пасля асноўных дакладаў выступалі дэлегаты З’езду. Асаблівую ўвагу прысутных прыцягнулі выступы пісьменніцы Вольгі Іпатавай і палітыка Юрыя Хадыкі. Вольга Іпатава звярнулася да міністра культуры Паўла Латушкі з просьбай “вярнуць” беларускіх пісьменнікаў у бібліятэкі і школы, даць ім магчымасць выступаць. Юры Хадыка агучыў сваю асцярогу наконт таго, што абраная тэма З’езду – “Нацыянальная ідэнтычнасць беларусаў у сучасным свеце: праблемы захавання і развіцця” – можа звесціся толькі да лінгвістычнага аспекту, аднак тут жа запэўніў, што ўжо ў пачатку працы З’езду стала зразумела, што гэта не так. Таксама спадар Хадыка звярнуўся да міністра культуры з просьбай звярнуць асаблівую ўвагу на праблему рэстытуцыі і на праблему рэстаўрацыі гістарычна-культурных помнікаў. Ён заклікаў міністра зрабіць усё магчымае, каб захаваць хоць некалькі сапраўды ідэнтычных архітэктурных помнікаў.
Пасля перапынку быў заслуханы справаздачны даклад мандатнай камісіі. Згодна з дакладам, на З’ездзе прысутнічалі 252 дэлегаты з 18 краін свету, якія прадстаўлялі больш за 50 суполак беларусаў замежжа. Палова дэлегатаў прадстаўляла краіны замежжа.
Са справаздачным дакладам аб дзейнасці МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” выступіла старшыня Вялікай Рады Алена Макоўская. Яна агучыла праблемы, з якімі сутыкалася “Бацькаўшчына” на працягу апошніх чатырох гадоў, расказала пра культурніцкія акцыі, што ладзіла “Бацькаўшчына", пра кнігі, выдадзеныя “Бацькаўшчынай”, і пра дзейнасць кампаніі “Будзьма беларусамі!”, каардынатарам якой з’яўляецца Згуртаванне. З кароткімі дакладамі выступілі Юры Статкевіч (Малдова), Вячка Целеш (Латвія), Юрка Станкевіч (Чэхія), Анатоль Міхнавец (Польшча), Валянцін Стэх (Літва). Затым удзельнікі З’езду разышліся на працу па секцыях: “Сродкі нацыянальнай ідэнтыфікацыі беларусаў у Беларусі і свеце (мова, літаратура, мастацтва, друк і г.д.)”, “Магчымасці ўзаемадзеяння метраполіі і дыяспары ў захаванні нацыянальнай ідэнтычнасці і культурнай спадчыны беларусаў”, “Беларуская ідэнтычнасць у еўрапейскім кантэксце”.
Дзейнасць З’езду асвятлялі 19 перыядычных выданняў, 4 інфармацыйныя агенцтвы, 6 інтэрнэт-сайтаў. Таксама на З’ездзе працавалі журналісты Радыё Свабода, Радыё Рацыя, “Deutsche Welle”, радыёстанцыі “Беларусь”, Літоўскага нацыянальнага радыё, Нацыянальнай радыёкампаніі Украіны, І канала Беларускага радыё. Працу З’езду здымалі тэлеканалы СТВ, АНТ, Першы канал, Белсат.
Завяршыўся першы дзень Пятага з’езду святочным канцэртам. Дэлегатаў і гасцей сваімі выступамі парадавалі этна-джазавы гурт “Акана-НХС”, гурт сярэднявечнай музыкі “Стары Ольса”, трыё “Вытокі”, гурт “Зігзаг” у асобе Ігара Загумёнава, гурт “Jab Club”, лідэр гурта “White Night Blues” Юры Несцярэнка, бард Алесь Камоцкі, сёлетні ўдзельнік Еўрабачання Пётр Ялфімаў, Зміцер Вайцюшкевіч, гурт “Рэха”.
Другі дзень
Другі дзень З’езду пачаўся з сустрэчы дэлегатаў з міністрамі, прадстаўнікамі міністэрстваў і іншых дзяржаўных установаў. На гэтай сустрэчы прысутнічалі міністр культуры Павел Латушка, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка, намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур, пасол па асаблівых даручэннях Уладзімір Шчасны, старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і сувязях з СНД Сяргей Маскевіч, кіраўнік Упраўлення друкаваных СМІ і замежных сувязяў Міністэрства інфармацыі Уладзімір Матусевіч, намеснік кіраўніка Упраўлення вышэйшай адукацыі, загадчык аддзелу выкладання грамадазнаўчых дысцыплінаў Міністэрства адукацыі Надзея Ганушчанка. Большасць пытанняў былі адрасаваны спадару Латушку. Авацыі прысутных выклікала прапанова Аляксея Марачкіна, адрасаваная Паўлу Латушку, пра наданне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай мовы ў краіне, на якое спадар Латушка адказаў, што асабіста ён як грамадзянін Рэспублікі Беларусь падтрымлівае гэтую прапанову, аднак як міністр культуры вымушаны папярэдзіць пра небяспеку гвалтоўнага насаджэння беларускай мовы, адзначыўшы, што гэтае пытанне нельга вырашыць загадам за адзін дзень. Увогуле трэба адзначыць, што спадар Латушка трымаўся вельмі годна. Адзінае пытанне, на якое ён не змог адказаць, датычыла занясення бел-чырвона-белага сцягу ў спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў. Спадар міністр адразу прызнаўся, што не гатовы адказаць на гэтае пытанне, і паабяцаў разгледзець яго пасля вывучэння. Адным з вострых пытанняў, якія былі ўзнятыя на сустрэчы, было пытанне пра аднаўленне Беларускага ліцэя імя Якуба Коласа. Адказваючы на яго, спадарыня Ганушчанка спаслалася на тое, што ліцэй не прайшоў атэстацыі, падчас праверкі ў ліцэі былі выяўленыя недахопы матэрыяльна-тэхнічнага стану ды іншыя. Аднак, паводле яе словаў, у Беларусі ёсць шмат іншых ліцэяў, якія даюць вельмі высокі ўзровень падрыхтоўкі. Былі таксама ўзнятыя пытанні спрашчэння візавага рэжыму для беларусаў замежжа, пытанні забяспечання падручнікамі беларускіх школаў за мяжой, стварэння тэлеканалаў, якія вялі б вяшчанне па-беларуску, вяртання ЕГУ ў Беларусь. Сустрэча працягвалася 2 гадзіны, але і гэтага было мала, шмат яшчэ пытанняў не паспелі агучыць, і спадар Латушка яшчэ доўга размаўляў з дэлегатамі ў фае адукацыйнага цэнтру.
Таксама ў другі дзень адбылася прэзентацыя кніг, сустрэча з творчай інтэлігенцыяй, падвядзенне вынікаў працы секцый, прыняцце выніковых дакументаў, выбары кіроўных органаў.
На З’ездзе былі прынятыя наступныя выніковыя дакументы:
Кіраўніком МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” амаль адзінагалосна (двое дэлегатаў устрымаліся) была абраная Алена Макоўская, старшынёй Рады – Ніна Шыдлоўская. Намеснікамі старшыні Рады абраныя Валеры Герасімаў і Барыс Стук.
Спіс сябраў Вялікай Рады, зацверджаны на Пятым з'ездзе беларусаў свету.
Ганаровымі сябрамі МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” сталі Вячка Целеш (Латвія), Адам Мальдзіс (Беларусь), Аляксей Марачкін (Беларусь), Валеры Барташ (Украіна), Юрка Станкевіч (Чэхія), Вячка Станкевіч (ЗША).
Пасля выбараў новая кіраўніца МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алена Макоўская выказала падзяку свайму папярэдніку Аляксею Марачкіну, Вялікай Радзе і Управе мінулага абрання. Асобную падзяку ад імя дэлегатаў З’езду спадарыня Макоўская выказала за дапамогу ў арганізацыі З’езду і фінансавую падтрымку Валерыю Казакову (Расія), Ірэне Калядзе-Смірновай (ЗША), Згуртаванню беларусаў Вялікай Брытаніі, Згуртаванню беларусаў Канады, парафіі Св. Кірылы Тураўскага БАПЦ у Канадзе, Змітру Ярашэўскаму (Германія), Ніне Петуховай (ЗША), Янку Марцінкевічу (Латвія), Андрэю Макагону (Расія), Але Орса-Рамана (ЗША), Марыі Ганько (Канада), Зінаідзе Гімпелевіч (Канада), Вользе Грыцук (Канада), Надзеі Дробінай (Канада), Алесю Кату (Канада), Юрку Станкевічу (Чэхія), Пятру Мурзёнку і Наталлі Баркар (Канада). Менавіта дзякуючы гэтым асобам і арганізацыям стала магчымае правядзенне Пятага з’езду беларусаў свету.
-------------------------------------------------------------------------------------------
Даклады па асноўнай тэме з'езду: "Нацыянальная Ідэнтычнасць беларусаў у сучасным свеце: праблемы захавання і развіцця"
23-24 ліпеня 2013 г.
г. Мiнск
Дваццаць гадоў таму, у 1993 годзе, адбыўся Першы з’езд беларусаў свету, на які ўпершыню пасля доўгіх дзесяцігоддзяў расстання з радзімай прыехалі беларусы з далёкага замежжа. Той з’езд сабраў больш за 1200 дэлегатаў і гасцей. У гэты юбілейны год у Мінску адбыўся Шосты з’езд беларусаў свету, які завяршыў сваю працу 24 ліпеня. Гэты з’езд, як і папярэднія, быў, арганізаваны Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Усяго было вылучана 330 дэлегатаў з 22 краін замежжа і Беларусі.
Адкрыццё з’езду ў Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Раў адбылося 23 ліпеня. Па стане на 10 гадзін раніцы на з’ездзе прысутнічала 239 дэлегатаў і 95 гасцей з 18 краін замежжа і самой Беларусі. На з’езд завіталі таксама прадстаўнікі дыппрадстаўніцтваў Украіны, ЗША, Польшчы і Нідэрландаў, 14 прадстаўнікоў дзяржаўных установаў: Міністр культуры Барыс Святлоў, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міхаіл Рыбакоў, а таксама прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў, Міністэрства культуры, апарата ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, Міністэрства эканомікі, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.
Тэмай з’езду стала “Беларуская нацыя ва ўмовах глабалізацыі: выклікі і магчымасці”.
Пасля вітання ўдзельнікам з’езду ад імя Згуртавання, з якім выступіла кіраўнік “Бацькаўшчыны” Алена Макоўская, удзельнікаў з’езду прывітаў міністр культуры Барыс Святлоў. З вітальным словам ад Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта выступіў пратаіерэй Сергій Гардун, прафесар Мінскай духоўнай акадэміі, кандыдат багаслоўя, вітанне ад апостальскага візітатара для грэка-каталікоў Беларусі зачытаў айцец Яўген Усошын.
Вядучыя першага дня з’езду – Радзім Гарэцкі, Валеры Герасімаў, Алег Рудакоў зачыталі вітанні ад прадстаўнікоў суполак і дзеячаў беларускага замежжа, якія напярэдадні з’езду ішлі на адрас Згуртавання.
З асноўнымі дакладамамі выступілі Алена Макоўская, даследчыца беларускай эміграцыі Наталля Гардзіенка, старшыня гуртка Беларуска-амерыканскага задзіночання ў Вашынгтоне Алеся Кіпель і сябра абласной Рады Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага Алег Рудакоў. Яны акрэслілі асноўныя актуальныя праблемы беларускай дыяспары і шляхі іх вырашэння. У прыватнасці, былі адзначаныя неабходнасць прыняцця Закона аб беларусах замежжа, наладжвання супрацы ўладаў Беларусі з беларусамі замежжа на дэмакратычных умовах, спрыяння папулярызацыі беларускай мовы сярод беларусаў, пошуку спосабаў супраціву асіміляцыі беларусаў, якія выехалі ў замежжа (асабліва ў дачыненні да “новай” эміграцыі), арганізацыі ўзаемадзеяння эміграцыі розных пакаленняў, беларус-кага школьніцтва і інш. Асноўныя даклады чытайце на сайце zbsb.org.
З'езды беларусаў свету — добрая нагода не толькі абмеркаваць праблемы і поспехі беларускіх суполак, але і прааналізаваць ўласна дзейнасць Згуртавання. А за 4 гады паміж з'ездамі ўдалося зрабіць нямала. Нават паўгадзіны, цягам якіх старшыня Рады Ніна Шыдлоўская рабіла справаздачны даклад, не змаглі змясціць пералік усяго дасягнутага за 2009-2013 гады.
У з’ездзе бралі ўдзел беларусы розных краін, розных пакаленняў і розных поглядаў. Прадстаўнікі чыноўніцтва, бізнесу, дзеячы навукі і культуры выступалі з дакладамі і ўдзельнічалі ў дыскусіях. З’езд даў ім усім магчымасць сустрэцца і агучыць сваё меркаванне па розных тэмах, якія іх хвалююць. Цягам двух дзён удзельнікі з’езду абмяркоўвалі свае праблемы, дзяліліся поспехамі, выказвалі сваё бачанне адносна далейшага развіцця супрацы з беларускім замежжам.
Вельмі востра чарговы раз гучала праблема мовы, праблема нацыянальнай ідэнтычнасці. Нягледзячы на тое, што дэлегаты выказвалі розныя погляды на двухмоўе і на тое, ці можна лічыць беларусам таго, хто не размаўляе па-беларуску, панавала аднадушша, што беларуская мова – аснова нацыі. Па-рознаму ацэньвалі і стаўленне беларускіх дыппрадстаўніцтваў да беларускіх суполак у эміграцыі.
Больш грунтоўнае абмеркаванне праблемаў адбывалася на секцыях “Магчымасці ўнутраных сіл Беларусі і дыяспары па ўмацаванні нацыянальнай ідэнтычнасці”, “Новая” і “старая” эміграцыі: супраца на карысць нацыянальнага развіцця” і “Культурная спадчына беларускага замежжа”. Выступленне мадэратараў секцый і падагульненне іх працы адбылося на другі дзень з’езду.
Падчас з’езду была арганізаваная і культурная праграма. У гонар 20-годдзя Першага з’езду беларусаў свету дзякуючы сябрам Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар” і асабіста яго старшыні Вячкі Целеша, МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” арганізавала выставу карцін, якія былі ўпершыню прадстаўленыя ў Беларусі, а таксама выставу фотаздымкаў Першага з’езду беларусаў свету (1993 г.). У фае была размешчаная выстава, падрыхтаваная Наталляй Гардзіенка (Беларусь) і Лявонам Юрэвічам (ЗША) “У літарах і вобразах: спадчына беларускай эміграцыі на захадзе”, у якую ўвайшлі прадметы матэрыяльнай культуры, рупліва сабраныя беларускімі цэнтрамі Англіі і ЗША. Выстава экспанавалася ў Беларусі ўпершыню.
Напрыканцы першага дня з’езду ўсіх удзельнікаў чакаў цудоўны канцэрт, у першай частцы якога выступалі беларускія калектывы і салісты з замежжа: іркуцкі гурт аўтэнтычнага спеву “Крывічы”, спявачкі Алена Капылова з Новасібірска і Анастасія Трубянкова з Томска, дуэт чэшскіх беларусаў Сяргея Доўгушава і Аляксандра Ясінскага. Таксама ў аўтарскім выкананні прагучалі вершы Іны Снарскай, беларускай паэткі, што жыве ва Украіне. У другой частцы музычнага вечара выступіў малады беларускі калектыў “Сваё неба” і вядомыя гурты “Pawa” і “Палац”.
24 ліпеня выступы дэлегатаў і гасцей з’езду працягваліся. Прадстаўнікі беларускіх суполак дзяліліся праблемамі і поспехамі, выказвалі свае думкі і ідэі. Таксама ў межах з’езду прайшла прэзентацыя культурных праектаў, у тым ліку кніг, выдадзеных прадстаўнікамі беларускай дыяспары. Спецыяльна да 20-годдзя з правядзення з’езду была выдадзеная кніга Ганны Сурмач “Беларусь без межаў”. “Беларусь без межаў” – гэта тая беларуская супольнасць, якую мы будуем разам, пашыраючы беларускую прысутнасць на цэлы свет, без увагі на дзяржаўныя межы”, – зазначыла ў прывітальным лісце аўтар кнігі.
Таксама адбыліся прэзентацыі электроннай бібліятэкі “Камунікат”, кнігі Юрася Бушлякова “Жывая мова”, музычнага дыска “Пецярбургскі сшытак”, што з'яўляецца часткай вялікага праекта пад назвай “Беларускі Пецярбург”, ініцыяванага сябрам Вялікай Рады Згуртавання, гісторыкам Міколам Нікалаевым. Андрэй Залатар прадставіў ужо даступную для спампоўвання ў APP STORE першую беларускую азбуку для платформы IOS, створаную камандай грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і выдавецтва Kinderfox. Агулам было прэзентавана 10 праектаў і кніг, над якімі працавалі беларусы замежжа і якія з пэўнасцю зацікавяць беларусаў як на Радзіме, так і за яе межамі.
Галоўным вынікам працы з’езду стала прыняцце дакументаў, якія тычацца беларусаў незалежна ад месца пражывання. Перш за ўсё, гэта зварот да Нацыянальнага сходу, Урада і Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб стварэнні заканадаўчай і нарматыўна-прававой асновы для ўзаемадзеяння з беларусамі замежжа, а таксама праграма “Беларусы замежжа” (2013–2017), якая ставіць мэту захаваць беларускую прысутнасць у свеце ў розных яе праявах, кансалідаваць беларускую нацыю і ўмацаваць грама-дзянскую супольнасць у Беларусі.
У прынятым звароце зазначаецца наступнае: “За больш чым 20 гадоў так і не створаная заканадаўчая і нарматыўна-прававая аснова для ўзаемадзеяння са шматмільённай беларускай дыяспарай: 1) не прыняты закон “Аб беларусах замежжа”, не распрацаваны і заканадаўча не замацаваны статус “беларус замежжа”; 2) не прынятая дзяржаўная праграма “Беларусы ў свеце”; 3) не створаны ва Урадзе Рэспублікі Беларусь Дзяржаўны камітэт па справах беларусаў замежжа; 4) не створаная ў парламенце Камісія па справах беларусаў замежжа; 5) не створаны ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі навуковы цэнтр па вывучэнні беларускай дыяспары. Невыкарыстанне найбагацейшага патэнцыялу беларус-кай дыяспары прыносіць вялікія страты дзяржаўным інтарэсам Рэспублікі Беларусь і ўсёй беларускай нацыі. Заклікаем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны сход, Урад паскорыць прыняцце закона “Аб беларусах замежжа” і Дзяржаўнай праграмы “Беларусы ў свеце” і ажыццявіць астатнія неабходныя арганізацыйныя захады для захавання і развіцця беларускага замежжа”.
На з’ездзе былі прынятыя наступныя рэзалюцыі: “Беларуская мова – галоўны фактар захавання беларускай нацыі”, “Аб захаванні гістарычна-культурнай спадчыны”, “Аб транслітарацыі най-менняў беларускіх геаграфічных аб’ектаў”, а таксама выніковая рэзалюцыя з’езду, якую падаем ніжэй.
Усе дэлегаты з’езду пагадзіліся з рэзалюцыяй аб беларускай мове. “Звяртаемся да ўсіх беларусаў у Рэспубліцы Беларусь і замежжы штодзень актыўна выкарыстоўваць беларускую мову ва ўсіх сферах жыцця і дзейнасці”, – гаворыцца ў дакуменце.
У рэзалюцыі “Аб захаванні гістарычна-культурнай спадчыны” зазначаецца: “Каштоўныя аб’екты гіс-тарычна-культурнай спадчыны існуюць і ў замежжы і нароўні з помнікамі ў Беларусі патрабуюць увагі і абароны з боку беларускай дзяржавы”.
Рэзалюцыя “Пра транслітарацыю найменняў беларускіх геаграфічных аб'ектаў” ухваляе замацаванне ў “Інструкцыі па транслітарацыі геаграфічных назваў у Рэспубліцы Беларусь літарамі лацінскага алфавіта” перадачы геаграфічных назваў з беларускай мовы беларускай лацінкай і заклікае і надалей спрыяць ужыванню беларускай лацінкі як сістэмы транслітарацыі і пашыраць яе.
Акрамя таго, была прынятая заява “Аб акце добрай волі”. “Мы заклікаем улады Беларусі зрабіць акт добрай волі і вызваліць з месцаў зняволення людзей, якія знаходзяцца там у знак пакарання за свае палітычныя перакананні”, – гаворыцца ў ёй.
Усе прынятыя дакументы размешчаныя на сайце zbsb.org, а таксама дасланыя ў адпаведныя дзяржаўныя ўстановы.
Пасля прыняцця выніковых дакументаў былі праведзеныя выбары кіруючых органаў МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Кіраўніком Згуртавання была пераабраная Алена Макоўская, старшынёй Рады – Ніна Шыдлоўская. Яны падзякавалі дэлегатам за аказаны ім давер і падкрэслілі, што займаць кіроўную пасаду ў грамадскай арганізацыі – гэта вялікі гонар, але ў той жа час вялікая праца і адказнасць. Намеснікамі старшыні сталі Валеры Герасімаў і Барыс Стук. Таксама быў абраны новы склад Вялікай Рады, якая традыцыйна складаецца з ”беларускіх” сяброў аб’яднання і ”замежных”. Гэтым разам у склад Рады ўвайшлі 50 чалавек ад Беларусі і, адпаведна, такая ж колькасць ад замежжа. Рашэннем з’езду 13 сябраў Вялікай Рады атрымалі статус ганаровага сябра. У адпаведнасці са Статутам Ганаровым сябрам абіраецца сябра аб’яднання па прадстаўленні Управы за актыўную дзейнасць у складзе Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” на ніве нацыянальнага адраджэння.
Напрыканцы працы з’езду прайшло першае паседжанне новаабранай Вялікай Рады, дзе адбылося ўручэнне ганаровым сябрам памятных медалёў да 20-годдзя Першага з’езду беларусаў свету.
***
Выніковыя дакументы, прынятыя на Шостым з'ездзе беларусаў свету
2. Праграма “Беларусы замежжа” (2013 — 2017 гг.)
3. Рэзалюцыя “Беларуская мова — гарантыя захавання беларускай нацыі”
4. Заява дэлегатаў Шостага з’езду беларусаў свету МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” “Аб акце добрай волі”
5. Рэзалюцыя "Пра захаванне гістарычна-культурнай спадчыны"
7. Выніковая рэзалюцыя дэлегатаў Шостага з’езду беларусаў свету
***
Асноўныя даклады па тэме з'езду: “Беларуская нацыя ва ўмовах глабалізацыі: выклікі і магчымасці”:
Наталля Гардзіенка. Беларускае замежжа: сучасны стан, праблемы і перспектывы
Алеся Кіпель. Параўнанні і досвед змены хваляў і пакаленняў беларусаў у Амерыцы
Алена Макоўская. Актуальныя праблемы ўзаемадачынення дыяспары і метраполіі
Алег Рудакоў. Перспектывы развіцця беларускага патрыятызму ў адрыве ад метраполіі
***
Даклады і тэксты выступаў удзельнікаў з'езду:
Алег Краўцоў (Масква). Прамова да VI З’езду беларусаў свету
Хведар Нюнька. Даклад на VI З'ездзе беларусаў свету
***
Спіс сябраў Вялікай Рады, зацверджаны на Шостым з'ездзе беларусаў свету.
***
Фотасправаздача Аляксандра Ждановіча з Шостага з'езду беларусаў свету
Фотасправаздача Надзеі Бацілавай з Шостага з'езду беларусаў свету
15–16 ліпеня ў Мінску прайшоў Сёмы з’езд беларусаў свету Міжнароднай грамадскай арганізацыі “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, у якім узялі ўдзел 228 дэлегатаў, з якіх 115 дэлегатаў – прадстаўнікі беларускага замежжа з 20 краін.
Вынікам двухдзённай працы дэлегатаў стала прыняцце дакументаў, якія актуалізуюць агульнанацыянальныя пытанні. Праблемы, узнятыя ў гэтых дакументах, тычацца кожнага беларуса, незалежна ад месца пражывання і сферы дзейнасці. Таму аргкамітэт З’езда неўзабаве размесціць прынятыя дакументы на арганізацыйным сайце і дашле іх па суполках беларусаў замежжа, грамадскіх арганізацыях і дзяржаўных установах Беларусі. Акрамя таго, на падставе гэтых матэрыялаў далей будуць фармулявацца прапановы з боку Згуртавання “Бацькаўшчына” да дзяржаўных інстытуцый краіны, а таксама будзе складзены план дзейнасці самога Згуртавання на наступныя чатыры гады.
Выніковыя дакументы, прынятыя З’ездам:
рэзалюцыя “Беларуская мова – аснова беларускай нацыі і падмурак дзяржаўнасці Беларусі”;
прапановы да дзяржаўнай стратэгіі “Беларусь – дыяспара” на перыяд да 2025 года;
зварот да мітрапаліта Кандрусевіча і ўладаў сталіцы аб размяшчэнні парэшткаў княгіні Магдалены Раздзівіл у Чырвоным касцёле ў Мінску
Гасцямі З’езда былі вядомыя беларускія культурныя і грамадскія дзеячы, прадстаўнікі міністэрстваў і Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, вышэйшых навучальных устаноў, праваслаўнай, рыма-каталіцкай, грэка-каталіцкай канфесій, Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, мусульманаў Беларусі.
У першы дзень З’езда з вітальным словам да ўдзельнікаў звярнуліся кіраўнік МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алена Макоўская і старшыня Рады Ніна Шыдлоўская. Выступілі прадстаўнікі дзяржаўных устаноў: міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей і намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Васіль Чэрнік.
На з’ездзе былі агучаныя вітанні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку, ФНКА “Беларусы Расіі”, часопіса “Культура. Нацыя” і інш.
З дакладамі па асноўнай тэме З’езда “Беларуская нацыя, беларуская дзяржаўнасць, беларускае замежжа – выклікі сучаснасці і стратэгія развіцця” – выступілі доктар гістарычных навук, супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Валянцін Голубеў, кіраўнік МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алена Макоўская, кандыдат гістарычных навук, намеснік дырэктара Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Наталля Гардзіенка і доктар гістарычных навук, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства (Польшча) Алег Латышонак.
Са справаздачным дакладам па дзейнасці МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” выступіла Старшыня Рады Ніна Шылдоўская.
У другі дзень З’езда праца ўдзельнікаў была арганізаваная па секцыях: “Беларуская дзяржаўнасць: станаўленне, рэаліі, перспектывы”, “Беларуская дыяспара і Беларусь: стратэгія ўзаемадзеяння ў сучасных умовах” і “Беларуская мова і культура – аснова нацыянальнай дзяржаўнасці”. Праца секцый насіла больш практычны характар у межах акрэсленых тэмаў, а высновы, зробленыя падчас працы секцый, былі ўлічаныя ў выніковай рэзалюцыі.
Пасля зацвярджэння выніковых дакументаў адбыліся выбары кіруючых органаў МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”: кіраўніком Згуртавання абраная Алена Макоўская, а ў склад Вялікай Рады ўвайшло па 50 прадстаўнікоў з Беларусі і суполак беларускага замежжа. На першым пасяджэнні новаабранай Вялікай Рады старшынёй Рады абраная Ніна Шыдлоўская.
Алена Макоўская: Беларусь – дыяспара. Новыя задачы і кірункі супрацоўніцтва
Ніна Шыдлоўская: Справаздача па дзейнасці МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Наталля Гардзіенка: Беларускае замежжа ў гісторыі і сучаснасці
Алег Латышонак: Беларусы ў Польшчы
Прэзентацыя: “Узаемадзеянне дыяспары і Беларусі: стэрэатыпы ва ўспрыманні, чаканні і прапановы”
Аляксандр Драгун: Пра беларусаў Данбаса
Алег Краўцоў: Новая беларуская ідэнтычнасць як трэнд і перспектыва
Хведар Нюнька: Мова – прыкмета этнасу беларуса
Алег Рудакоў: Беларусы ў сучаснай прасторы – погляд з глыбінкі Сібіры. Аналіз і прапановы
Валер Санько: Беларусы, яднайцеся!
Алесь Чайчыц: Патрэбная дзяржаўная стратэгія што да працы з дыяспарай
Беларуская дзяржаўнасць: станаўленне, рэаліі, перспектывы
Беларуская дыяспара і Беларусь: стратэгія ўзаемадзеяння ў сучасных умовах
Беларуская мова і культура – аснова нацыянальнай дзяржаўнасці
29 чэрвеня 2017 г.: Анкета апытання беларускіх арганізацый і беларусаў замежжа з нагоды падрыхтоўкі Сёмага з’езду беларусаў свету
30 траўня 2017 г.: Сёмы з’езд беларусаў свету: ідзе вылучэнне дэлегатаў
7 сакавіка 2017 г.: Сучасныя выклікі Беларусі і стратэгію супрацоўніцтва з беларусамі замежжа абмяркуюць у ліпені на Сёмым з’ездзе беларусаў свету
20 лютага 2017 г.: Месца і дата — вядомыя
17 лютага 2017 г.: Беларусы з усяго свету збяруцца ў Менску 15-16 ліпеня
16 снежня 2016 г.: Міністр МЗС Уладзімір Макей шукае падтрымання беларусаў замежжа?
16 снежня 2016 г.: Макей сустрэўся з прадстаўнікамі „Бацькаўшчыны”
16 снежня 2016 г.: Сёмы з’езд беларусаў свету пройдзе 15–16 ліпеня 2017 года ў Мінску
Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі перадало будынак у Лондане пад дзейнасць пасольства Рэспублікі Беларусь з 1992 па 1995 год.
Ад 2001 г. Згуртаванне “Бацькаўшчына” ў кансультацыях з суполкамі беларусаў замежжа ініцыявала і прасоўвала прыняцце Закона “Аб беларусах замежжа”. Закон прыняты ў 2014 г. Гэта першы заканадаўчы акт Беларусі, які фіксуе панятак “беларус замежжа” і рэгулюе стасункі дзяржаўных інстытуцый з беларускай дыяспарай.
Законам Рэспублікі Беларусь ад 16 чэрвеня 2014 года «Аб беларусах замежжа» (Закон) вызначаны асноўныя прынцыпы, мэты і напрамкі дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносін з беларусамі замежжа ў мэтах забеспячэння салідарнасці беларусаў ва ўсім свеце, захавання нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці беларусаў замежжа і ўмацавання іх сувязей з Рэспублікай Беларусь, а таксама катэгорыі асоб, якія адносяцца да беларусаў замежжа, і меры дзяржаўнай падтрымкі, што аказваецца беларусам замежжа ў Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі.
У адпаведнасці з Законам да беларусаў замежжа адносяцца наступныя асобы:
Дзяржаўная палітыка ў галіне адносін з беларусамі замежжа засноўваецца на:
Згодна з Законам дзяржаўнае рэгуляванне і кіраванне ў галіне адносін з беларусамі замежжа ажыццяўляюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, Урадам Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей, абласнымі і Мінскім гарадскім выканаўчымі камітэтамі, іншымі дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі Рэспублікі Беларусь.
Акрамя таго, у мэтах вызначэння максімальна эфектыўнай дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносін з беларусамі замежжа ствараецца Кансультатыўны савет па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь.
Асноўнымі задачамі Кансультатыўнага савета з’яўляюцца:
Названыя палажэнні Закона ўступаюць у сілу з 21 верасня 2014 года.
Па інфармацыі Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь