“Колеры” – такую назву мае новы паэтычны зборнік вядомага дзеяча беларускага замежжа ў Канадзе Пётры Мурзёнка, выдадзены ў Мінску пры спрыянні ЗБС “Бацькаўшчына”. Кніга сталася вынікам паэтычнага плёну аўтара за апошнія пяць гадоў.
Пяцігадовы перыяд, з лірычным бокам якога пакліканы пазнаёміць чытача зборнік “Колеры”, быў для Пётры Мурзёнка наздзвычай прадуктыўным. Не зважаючы на моцную загружанасць працай у Міністэрстве аховы здароўя Канады, нягледзячы на ўдзел у справах Беларускага інстытута літаратуры і мастацтва ў Канадзе і Атаўскага аддзела Згуртавання беларусаў Канады, якія ён узначальвае, спадар Пётр знайшоў час, каб выдаць грунтоўны зборнік публіцыстыкі “Шляхі да беларускай нацыі” (2016), ілюстраваны даведнік “Чым трэба ганарыцца кожнаму беларусу” (2017), падрыхтаваць больш за дваццаць выпускаў вэб-часопісу “Культура. Нацыя” (sakavik.net) і нават запісаць аўдыяальбом “Дотык” (2014).
Зборнік “Колеры” складаецца ў асноўным з вершаў, створаных у Атаве (Канада), але асобныя раздзелы ўтрымліваюць таксама і падарожную паэзію з “іспанскага” і “дамініканскага” дзённікаў. Пётра Мурзёнак верыць, што прыгажосць у выглядзе паэзіі здольная выратаваць свет. Пасля выхаду “Колераў” кожны мае магчымасць таксама ў гэтым пераканацца.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”