Пляменьніца Луцкевічаў пра ўстаноўку памятнага каменя ў Менску

Унучатая пляменьніца Івана і Антона Луцкевічаў Маргарыта Пярова, якая жыве ў Санкт-Пецярбургу, у інтэрвію Радыё Свабода расказала, хто і як спрычыніўся да ўстаноўкі памятнага каменя з шыльдай у парку імя Янкі Купалы ў Менску.

— Маргарыта, хто мае дачыненьне да ўстаноўкі памятнага каменя?

— Размовы пра кампраміс паміж камітэтам БНР100 і ўладамі ў справе ўсталяваньня памятнага каменя не адпавядаюць сапраўднасьці. Аргкамітэт БНР100 ня мае ніякага дачыненьня да помніка.

Усё гэта рабілася агульнымі намаганьнямі нашчадкаў Луцкевічаў, Музэю імя Янкі Купалы, ЗБС «Бацькаўшчыны», Міністэрства замежных спраў і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Выканаўца гэтага помніка — Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт. Менгарвыканкам і фінансаваў усю справу.

— Хто ініцыяваў устаноўку памятнага каменя з шыльдай?

— Ініцыятыва была яшчэ пяць гадоў таму. Ад імя нашчадкаў Луцкевічаў, раскіданых па ўсім сьвеце, я зьвярнулася да Міністэрства культуры і да Менгарвыканкаму. Паколькі я жыву за мяжой, уся справа зацягнулася.

Некалькі разоў мы атрымлівалі адмовы. Спачатку былі няправільна аформленыя паперы. Потым, у 2014 годзе, Міністэрства культуры адмовіла з той прычыны, што гэта ня мае дачыненьня да купалаўскай тэматыкі ў парку Янкі Купалы. Але Музэй Янкі Купалы запярэчыў, бо на думку музэйных супрацоўнікаў, памятны камень з шыльдай паспрыяў бы экскурсійным маршрутам, якія арганізоўвае музэй.

І вось пасьля VII зьезду беларусаў сьвету, калі вельмі добра выступіў міністар замежных спраў Уладзімер Макей, які казаў пра патрэбу вяртаць каштоўнасьці на радзіму, мне здалося, што цяпер троху зьмяніліся часы і можна паспрабаваць зноў падаць паперы у Міністэрства культуры і гарвыканкам.

Вельмі падтрымаў і дэпутацкі корпус. Паперы зноў былі пададзеныя ад калектыву заяўнікаў, у тым ліку ад Музэю імя Янкі Купалы, ад ЗБС «Бацькаўшчына», ад нашчадкаў Луцкевічаў. Паперы я зноў падала ў жніўні 2017 году, а ў сьнежні ўжо падала цалкам аформленыя паводле патрэбнага ўзору.

Там быў ужо і зварот МЗС Беларусі да Менгарвыканкаму, там быў і мой зварот да дэпутацкага корпусу і да Міністэрства культуры. У студзені 2018 году дазвол быў дадзены.

— Давайце яшчэ раз удакладнім. Хто ўрэшце фінансаваў устаноўку памятнага каменя з шыльдай?

— У звароце Міністэрства замежных спраў да Менгарвыканкаму ўтрымлівалася просьба знайсьці грошы на ўстаноўку памятнага каменя. Падтрымаў і дэпутацкі корпус Палаты прадстаўнікоў. У выніку выканаўцам усёй справы стаў Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт — ён фінансаваў праект і ўстаноўку. Усё зроблена за кошт Менгарвыканкаму.

— А хто стварыў праект памятнага каменя з шыльдай?

— Я шукала архітэктара і скульптара. Згадзіўся вядомы архітэктар Юры Градаў. 27 студзеня адбылося паседжаньне архітэктурнай рады, на якім і быў зацьверджаны праект. І вось так хутка ўсё было зроблена. Дзякуй вялікі ўсім, хто спрычыніўся да гэтай справы.

Адкрыцьцё памятнага каменя адбудзецца 13 сакавіка аб 11-й гадзіне дня.

Сяргей Абламейка, “Радыё Свабода”