Ціхан Чарнякевіч: Чаму аўтарам беларускіх падручнікаў жыць хораша? Бо на Русі жывуць

Чарговы прыступ заклапочанасці кіраўніка Беларусі школьнай адукацыяй закрануў матэматычныя дысцыпліны, біялогію і працоўнае навучанне. Дзякуючы гэтаму мы дазналіся, што ў школьных падручніках (альбо, паводле Лукашэнкі, “іконах”) ёсць-такі пэўныя недахопы.

Адзначэнне недахопаў ў дачыненні да падручнікаў стала цяпер? фактычна агульным месцам пры абмеркаванні стану адукацыі, нягледзячы на тое, што самі аўтары-аўтаркі падручнікаў бачаць гэтыя недахопы і тых, хто іх адзначае, у нейкім зусім іншым месцы і ў белых тэпцях.

Падручнік у дадзеных умовах, калі сістэма не крытыкуецца, калі яна замкнёная на самой сабе, з’яўляецца ў пэўнай ступені актам дыктатарскай інтэрвенцыі аўтара-“іканапісца” (ці калектыву аўтараў) у дзіцячую свядомасць. І надзвычай забаўна глядзець, наколькі розныя гэтыя інтэрвенцыі, калі чытаць падручнікі адзін за адным, запар, ад 5-га да 11-га класа.

Дастаткова нядаўна, па замове ЗБС “Бацькаўшчына”, аўтар гэтых радкоў прачытаў усе падручнікі гуманітарнага цыклу ў пошуках згадак пра вядомых беларусаў замежжа і пра дыяспару ў цэлым. Заўвагі і прапановы ўдасканалення былі накіраваныя ў міністэрствы і іншыя ведамствы. Прыйшлі і адказы, з якіх мяне, па шчырасці, не надта здзівіла поўнае маўчанне ў дачыненні да курса “Грамадазнаўства”. Усё ў ім падалося экспертам Міністэрства адукацыі выдатным і цудоўным. Не мае прэтэнзій да падручніка і Аляксандр Лукашэнка (што праўда, курс пачынаецца ў 9 класе, а трэці сын вучыцца пакуль толькі ў 8-м).

А мне, ведаеце, падаўся гэты курс надзвычайна цікавым. Вось першая старонка падручніка: “Наша Радзіма — Рэспубліка Беларусь — параўнальна невялікая краіна. Незалежнай дзяржавай яна стала нядаўна, і мы, беларусы, шануем магчымасць самастойна выбіраць свой шлях, вызначаць сваю будучыню. Гэты выбар, бясспрэчна, не з’яўляецца адвольным ці выпадковым. Шматвяковая гісторыя беларускага народа, яго цесныя сувязі з рускім і іншымі блізкімі нам народамі ўзбагацілі нас ведамі і вопытам, , якія дазваляюць больш эфектыўна будаваць сваё жыццё”.

Калі перакласці, то атрымаецца так:

1) невялікая краіна;

2) незалежнымі сталі нядаўна;

3) будуем сваё жыццё акуратна, “у сувязі з рускім і іншымі блізкімі нам народамі”.

У далейшым аўтары не адыходзяць ад сваёй прадмовы ні на крок. Напрыклад, можна глянуць

КАРЦІНКІ

Грамадазнаўства фактычна з’яўляецца асновамі ідэалагічнага прамывання школьнікаў. У нейкім сэнсе адлюстроўвае нацыянальную ідэю ў яе дзяржаўным выкананні. Нават калі перагартаць падручнік як альбом (ілюстрацый хапае) і не ўчытвацца, то адзначаеш цікавыя акалічнасці.

– раздзел “Духоўная сутнасць чалавека” ілюструецца карцінай М. В. Несцерава “Святая Русь” (1901—1906).

– раздзел “Скіраванасць чалавека” — карцінай В. І. Сурыкава “Пераход Суворава цераз Альпы” (1899).

– пры ілюстраванні раздзела “Роля культуры ў жыцці грамадства” выбранае фота “Капліца-пахавальня Паскевічаў у Гомелі (1870—1889)”.

– шырокае поле для ілюстравання раздзела “Чалавек і гісторыя” запоўненае карцінай Волкава “Мінск. 3 ліпеня 1944 года”.

І гэтак далей, і да таго падобнае. То бок помнік К. Э. Цыялкоўскаму ў Бароўску (2007) школьнікі пабачаць — як прыклад выдатнага вучонага. З помнікамі беларускім вучоным у іх узнікне неслабая праблема. Што ўвогуле падштурхне іх задумацца, ці не варта пакорліва заставацца надалей “у сувязі з рускім і іншымі блізкімі нам народамі”. Характэрныя тут і

ЦЫТАТЫ

Сам падручнік, калі чытаеш яго няспешна, падобны на зборнік афарызмаў вялікіх людзей. Па шчырасці, не здзіўлюся, калі раптам знайду недзе ў букінісце зашмальцаваную пра-матэрыю гэтага дапаможніка.

Ключэўскі, Тойнбі, Данілеўскі, Карсавін, Чарнышэўскі, Пушкін, “рускі паэт Уладзімір Высоцкі”, “савецкі пісьменнік Канстанцін Сіманаў”, філосаф Г. Пляханаў, Шолахаў, Сенека, Эйнштэйн, Сухамлінскі, Гётэ, Скаварада, Ян Амос Коменскі, Сервантэс, Экзюперы, Ліхачоў, Бунін, Андэрсэн, Эрэнбург, Чэхаў, Дзяржавін, Гумілёў, Маркс і Энгельс з Гегелем пад пахай.

З раздзелу ў раздзел — і пра чалавека, і пра яго характар, і пра ўладкаванне свету й грамадства ў прыватнасці — паўсюль знаходзіцца асноўная цытата. Па дзясятку цытатаў яшчэ й падаецца пасля кожнага параграфу. Для абдумвання.

Вас нічога не зацікавіла ў пераліку прозвішчаў? Я таксама не адразу ўрубіўся, але потым дайшло — з літаральна сотняў цытат, якімі нашпігаваны падручнік “Грамадазнаўства”, няма ніводнага выказвання беларуса.

Становіцца відавочна: беларусы, з братняю Руссю, разам шукаюць к шчасцю дарог.

І робяць гэта моўчкі.

Але, можа, мы й празмерна нагаворваем на стваральнікаў “Грамадазнаўства”. А яны ж нават згадваюць пра

РЭПРЭСІІ

Ну як, насамрэч слова такога няма. Увогуле антысавецкі флёр даволі спецыфічны. Напрыклад, глуха прыпамінаецца, што “Расія была ўцягнута спачатку ў Першую сусветную вайну, а затым стала ахвярай шэрага разбуральных сацыяльных працэсаў” (9 кл., с.96). Якія ж няшчасці напаткалі нас у далейшым? Вось якія:

“Духоўнае жыццё народа на працягу савецкага перыяду таксама было своеасаблівым полем бою. Ідэя класавага характару культуры супрацьстаяла ў савецкай ідэалогіі агульначалавечым каштоўнасцям. Да прадстаўнікоў інтэлігенцыі дзяржава нярэдка ставілася з падазрэннем, бачачы ў іх адкрытых ці тайных контррэвалюцыянераў. Вынікам такой пазіцыі яшчэ ў першыя гады існавання савецкай улады стала масавая эміграцыя рускай інтэлігенцыі. Краіну пакінулі тысячы высокакваліфікаваных навукоўцаў, інжынераў, канструктараў. З’ехалі такія вялікія людзі, як спявак Ф. І. Шаляпін, кампазітар С. В. Рахманінаў, балерына А. П. Паўлава, паэтэса М. І. Цвятаева, пісьменнік І. А. Бунін, мастак К. А. Каровін. Шмат хто пакідаў радзіму не па сваім жаданні. Яркім прыкладам стаў сумна вядомы «філасофскі параход». На ім была выслана за межы краіны вялікая група рускіх філосафаў і пісьменнікаў: М. А. Бярдзяеў, С. М. Булгакаў, П. А. Сарокін, М. А. Лоскі, С. М. Пракаповіч і інш. Такі адток розумаў прывёў да заўважнага паніжэння духоўна-інтэлектуальнага ўзроўню грамадства, што запатрабавала дадатковых намаганняў па аднаўленні страчанага (с. 97)”.

З сумам узіраюцца аўтары падручніка ўдалечыню: там плыве параход, а на ім — Бярдзяеў, Пракаповіч (але не той), Шаляпін і балерына А.П. Паўлава. Сур’ёзны выпад супраць ВКП(б) і ЧК-ГПУ-НКВД! Я б нават сказаў, аўтары падручніка крыху франдзіруюць.

А што Курапаты? 29.10.37? Цішка Гартны, які прабівае сабе горла нагою ложка ў магілёўскай псіхлякарні? Дзённік Кузьмы Чорнага: “У яжоўскай турме ў Менску ўвосень 1938 года мяне саджалi на кол, бiлi вялiкiм жалезным ключом па галаве, бiлi паленам па голым жываце”?

Не, не чулі. Ды і навошта сучаснаму падлетку-беларусу гэты негатыў, калі ў яго ў прынцыпе ўсё добра. Найперш, у яго ёсць моцны

ЛІДАР

Лідарскія якасці — гэта вельмі важна. Педагогі ўсяго свету шчыруюць, каб у дзяцей такія якасці з’явіліся. Аднак беларускія педагогі пайшлі далей. Бо лідар лідарам, а быць “гістарычнай асобай” значна больш крута.

“У гісторыі дзейнічае мноства людзей. Некаторыя з іх пакінулі ў ёй значны след, налажылі свой адбітак на ход гістарычных падзей і іх вынікі. Дзякуючы чаму гэта аказалася магчымым? Асобны чалавек, стаўшы на чале дзяржавы, палітычнай партыі, народнага руху, можа значна паўплываць на ход падзей грамадскага жыцця ў тым выпадку, калі ён лепш за іншых разумее наспелыя грамадскія праблемы, ясна бачыць тыя сацыяльныя слаі, якія закліканы іх вырашыць, і прытым сам мае задаткі лідэра, арганізатара, здольнага згуртаваць людзей і весці іх за сабой.

Гістарычная асоба лепш за іншых здольная вызначыць наяўныя магчымасці, улавіць тэндэнцыі, якія фарміруюцца ў грамадскім жыцці, у эканоміцы, культуры, і ўзначаліць рух па рэалізацыі гэтых магчымасцей. Выдатны вынаходнік спалучае разам тыя ідэі, якія быццам луналі ў паветры, і надае ім ясную, пераканаўчую форму, што дазваляе паспяхова рэалізаваць творчую задуму. Так працаваў, напрыклад, амерыканскі вынаходнік Т. А. Эдысан (1847—1931). Выдатны палітык кажа людзям тое, да чаго яны звычайна ўжо ўнутрана гатовы, і аб’ядноўвае іх для вырашэння задачы, важнасць якой яны здольныя зразумець і прыняць. Прыкладам можа служыць першы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка” (9 кл., с. 50).


02-WP_20151031_11_26_10_Pro-800x449-420x236.jpg


Ставіць побач вынаходніка лямпачкі і першага Прэзідэнта РБ наважыцца не кожны. У падручніку для 10 класы аўтары, зноў пішучы пра лідарства, параўнаюць А. Р. Лукашэнку ўжо не з Т. А. Эдысанам, а з Ш. дэ Голем:

“Лідэр ёсць у кожнай арганізацыі. Любая сумесная дзейнасць людзей патрабуе арганізуючага ўздзеяння, кіраўніцтва з боку людзей, якія маюць аўтарытэт і здольныя ўплываць на іншых. Палітычны лідэр у нашы дні не дзейнічае ў адзіночку. У яго ёсць памочнікі, якія ўзгадняюць з ім свае дзеянні і забяспечваюць сувязь з масамі людзей. Звычайна палітычны лідэр узначальвае якую-небудзь арганізацыю, выконвае адказныя кіраўнічыя функцыі. Уплыў палітычнага лідэра на вялікія масы людзей звязаны найперш з тым, што ён карыстаецца іх даверам, павагай і падтрымкай. Ён добра адчувае настрой людзей, ведае іх праблемы і клопаты і ставіць у якасці першачарговых такія задачы, рашэнне якіх можа з’яднаць людзей і вядзе да паляпшэння іх жыцця, умацавання становішча краіны на сусветнай арэне. У найноўшай гісторыі Францыі такім палітычным лідэрам быў генерал Шарль дэ Голь. Такімі якасцямі валодае і першы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка.” (10 кл., с. 158).

Карацей, я думаю, што нават калі і пройдзе трохі часу і атрымаюць пэўныя людзі падручнікі для старэйшай школы, з “Грамадазнаўствам” усё будзе ў парадку.

А пра тое, што зусім няма беларусаў у цытатах я, канечне, схлусіў. Нават Янка Купала ёсць. Праўда, з’яўляецца ён у падручніках за тры гады толькі адзін раз.

Яго цытуе А. Р. Лукашэнка ў адной са сваіх прамоў.

Ціхан Чарнякевіч, “Будзьма беларусамі!”