XIX Трыялог у Крынках: BELARUSIAN OUTSIDE

Беларусы і Беларусь па-за межамі. Так можна акрэсліць тэму дыскусій у межах сёлетняга “Трыялогу”, які прайшоў у Крынках 31 жніўня і 1 верасня на тэму BELARUSIAN OUTSIDE.

Традыцыйна “Трыялог” адкрыла мастацкая выстава ў галерэі “Крынкі”. Сёлета яна называецца PRA__BEL, і паказвае працы мастакоў, якія цяпер жывуць і працуюць па-за межамі Беларусі.

Кажа куратар выставы, мастак Андрэй Дурэйка:

— Часамі мы гаворым, што яны з’ехалі і ўжо не беларусы нібы, а гэта вялікая памылка. Мне здаецца, што вельмі важна інтэграваць, альбо ведаць культурны кантэкст людзей, і тады развіваць гэтую тэму Беларусі пашыранай. Што мы маем сваіх агентаў за мяжой, якіяя атрымалі за апошнія 20 гадоў добрую адукацыю ў найлепшых школах Еўропы і Амерыкі. Нам ёсць, што паказаць, нам ёсць, аб чым казаць.

Журналіст і перакладчык Ян Максімюк першы раз удзельнічаў у “Трыялогу”, калі мерапрыемстваў арганізоўваў яшчэ сам Сакрат Яновіч. Тэма сённяшняга “Трыялогу”, кажа, выклікае дзве асацыяцыі:

— Ну, што я, скажам outsude-беларус, я чалавек, які ніколі не жыў у Беларусі. Раней жыў у Польшчы, 20 гадоў жыву ў Чэхіі. То бок я ўжо крышку гляджу на Беларусь outsude, ці на Беларусь тую, што называецца Рэспублікай Беларусь, ці на сваю ўнутраную Беларусь, якая называецца Падляшшам, гэта я ўжо крышку з боку. Так што гэта першая такая асацыяцыя – асабістая. Ну, а другая асацыяцыя, што тут, на гэтых Трыялогах наогул прапанавалася: такі погляд з боку.

Як кажа кіраўніца Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская, ёй падабаецца тэма сёлетняга “Трыялогу” сваёй шматзначнасцю:

— Belarusian Outside — гэта тыя беларусы, што жывуць па-за межамі Беларусі, ці сама Беларусь ужо сёння outside як бы сваёй дыяспары і тых нейкіх прагрэсіўных тэндэнцый, якія адбываюцца ў свеце. Сёння я якраз хацела паразважаць на гэту тэму ў час дыскусіі, бо яна вельмі сугучна таму, што гучала у час апошняга з’езду беларусаў свету, пра што мы казалі і на што мы звярталі ўвагу дзяржаўных устаноў Беларусі. А менавіта на тое, што трэба наладзіць больш інтэнсіўную працу, актывізаваць працу з беларускім замежжам.

“Медыя робяць нават больш за свае магчымасці. Мы ўсе ў Беларусі працуем з вялікай доляй энтузіазму”. Кажа беларускі журналіст і літаратар Сяргей Дубавец. Ён звяртае ўвагу, што ў нашай краіне ёсць такі феномен, як дзяржаўныя медыя, якія займаюцца не столькі журналістыкай, колькі ідэалогіяй. “Уласна прафесійная журналістыка – гэта ўсё недзяжаўнае”:

– Яно існуе з вялікай доляй энтузіязму, яно ўвесь час пад прэсінгам. Тыя ж белсатаўскія журналісты, як мы ведаем, сотні штрафаў атрымліваюць. Іх хапае міліцыя, а яны ўсё адно здымаюць. Гэта матывуецца не толькі іх заробкамі, і не столькі іх заробкамі, колькі місіяй.

“У Беларусі ўсе недзяржаўныя журналісты матываваныя сваёй місіяй”, – дадае Сяргей Дубавец.

XIX “Трыялог” у Крынках завяршыўся канцэртам з удзелам беларуска-расейскай выканаўцы Галіны Чыкіз, якая цяпер жыве ў Нямеччыне, а таксама беларускага трыё Port Mone.

“У Беларусі мала такіх дыскусій і сустрэч, дзе ў свабоднай атмасферы людзі могуць абмеркаваць важныя для дзяржавы і для нацыі пытанні”. Так вынікі сёлетняга “Трыялогу” у Крынках на тэму BELARUSIAN OUTSIDE падводзіць журналіст тэлеканала “Белсат” – Павел Мажэйка. Ён быў удзельнікам панэлі на тэму “Медыя”, і кажа, што незалежныя СМІ працягваюць выконваць сваю функцыю, не зважаючы на ўсе неспрыяльныя абставіны:

– “Белсат” і “Радыё Рацыя”, а таксама іншыя медыі, якія працуюць з-за мяжы для Беларусі, абсалютна выконваюць сваю задачу нягледзячы на гэтыя тысячныя штрафы, пераследы, арышты і крымінальныя працэсы. Справу мы выконваем і нельга казаць, што мы па-за Беларуссю, па-за працэсам. Адзінае, што ў гэтай сітуацыі я б асабіста хацеў ад беларускай улады, ці тых людзей, якія трымаюць сёння ўладу ў Беларусі, хаця б не перашкаджаць.

Старшыня фонду Villa Sokrates, арганізатар “Трыялогу”, выбітны мастак Лявон Тарасэвіч на пытанне, ці важным ёсць месца нараджэння чалавека, адказаў наступным чынам:

– Людзі, якія жывуць у індустрыяльным грамадстве, потым жывуць у розных месцах, для іх не мае значэння дзе яны знаходзяцца. Яны працуюць там, дзе могуць спаўняць свае мары. Яны не абцяжараныя сумам па месцы нараджэння. Але ж для мастака гэта фундаменты творчасці, калі камусьці гэта абыякава, то ён можа пашкадаваць.

Беларускі эсэіст, філосаф, тэарэтык літаратуры Валянцін Акудовіч упершыню ўзяў удзел у гэтым мерапрыемстве. Ён лічыць, што абыякавым стаўленнем да дыяспары і беларускай нацменшасці дзяржава губляе вельмі шмат:

– Тое, што яна амаль наўмысна адсякае сябе ад шматлікіх дыяспар, і найперш Падляшша, гэта канцэптуальная памылка. Падтрымаць антыасіміляцыю нашых беластоцкіх беларусаў – гэта надзвычай важна. У дадатак скажам, нават асіміляваныя яны і іх дзеці ўсё роўна яшчэ доўга будуць адчуваць сябе беларусамі. І нейкім чынам гэта адгукалася б у свеце, скажам шмат хто стаў бы знакамітым, вялікім, ён бы казаў, што ён беларус.

Па выніках “Трыялогу” у Крынках традыцыйна пабачыць свет выданне Annus Albaruthenicus, якое прэзентуе і падсумуе вынікі сёлетніх дыскусій.

Яна Запольская, “Беларускае Радыё Рацыя”