“Апантаны Бацькаўшчынай“: новая кніга Радзіма Гарэцкага

“Апантаны Бацькаўшчынай: Жыццёвы меланж-2” – так называецца новая кніга Радзіма Гарэцкага, акадэміка НАН Беларусі, слыннага беларускага геолага, грамадскага дзеяча, сябра Рады “ЗБС “Бацькаўшчына”.

Што азначае слова меланж аўтар тлумачыць у прадмове – у геалогіі “меланж” абазначае цела, складзенае з разнастайных парод, якое мае адмысловую структуру і спалучае самыя розныя колеры. А “жыццёвы меланж” – гэта адлюстраванне ўсяго, што было важным у жыцці, што знайшло свой адбітак у нашай памяці, жанр, блізкі да вытрымак з дзённікавых запісаў, якія тычацца розных здарэнняў, праяў, эпізодаў штодзённага жыцця і выкліканых імі пачуццяў, думак.

Пяцісотстаронкавы том, выдадзены з дапамогай ЗБС “Бацькаўшчна”, стаў своеасаблівым адказам Радзіма Гарэцкага на просьбу чытачоў папярэдняй кнігі (“Жыццёвы меланж”, 2013) працягваць ствараць нарысы, эсэ, лірычныя замалёўкі і публіцыстычныя артыкулы. Новая кніга ўтрымлівае актуальныя тэксты, напісаныя з 2013 года і дасёння (адзін з апошніх датаваны лютым 2018 года). Частка тэкстаў друкавалася ў беластоцкім часопісе “Тэрмапілы”, некаторыя – у беларускіх газетах і зборніках, але шмат якія з прапанаваных твораў друкуюцца ўпершыню.


61EC5977-D111-458D-A1DA-C3175D126912_w1597_n_r0_s.jpg


У кнізе таксама змешчаныя фотаздымкі, якія ілюструюць апісаныя падзеі і знаёмяць чытачоў з іх удзельнікамі: Заір Азгур, Мікола Аўрамчык, Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Уладзімер Арлоў, Уладзімер Някляеў, Барыс Пятровіч, Алеся Кіпель, Хведар Нюнька, Уладзімір Колас ды многія іншыя.

Гэтая кніга будзе цікавая самаму шырокаму колу чытачоў. Спяшайцеся набыць, наклад выдання невялікі!

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБМ “Бацькаўшчына”