2019 год з “Бацькаўшчынай”

18 снежня адбылося пасяджэнне Малой Рады МГА "ЗБС "Бацькаўшчына", падчас якой кіраўніцтвам Згуртавання была агучана і зацверджана справаздача аб дзейнасці МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" за 2019 год і прыняты зварот у абарону незалежнасці Беларусі. З дакладам аб выніках працы аргкамітэта па стварэнню знака "Праведнікі Свету" прачытаў даклад Юры Меляшкевіч. Быў прыняты зварот МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" ў абарону незалежнасці Беларусі.

Адсправаздачыўшыся на пачатку году аб праведзенай у 2018 годзе працы, Згуртаванне “Бацькаўшчына”, не збаўляючы абаротаў, увайшло ў новы працоўны год. Як і раней, штодзённа абнаўляецца сайт Згуртавання zbsb.org, штомесяц выходзіць бюлетэнь “Беларусы ў свеце” і раз на квартал мы дапамагаем Саюзу беларускіх пісьменнікаў у выданні бюлетэня з аглядам кніжных навінак “Кніганоша”. “Бацькаўшчына” на забывае сваіх юбіляраў і штогод віншуе іх з круглымі датамі. І канешне ж, адзнае юбілеі арганізацый беларусаў замежжа. Так, сёлета 70-годдзе адзначалі сябры Беларуска-Амерыканскага Задзіночання і 30-годдзе – Беларуска-Эстонскае Згуртаванне (“БЭЗ”). На апошнім мерапрыемстве Згуртаванне прадстаўляла старшыня Рады Ніна Шыдлоўская, а творчым падарункам БЭЗу ад “Бацькаўшчыны” стаў выступ этнамузыколага і спявачкі Ірэны Катвіцкай.

Але гэта, канешне , не ўсё, таму прапаноўваем азнаёміцца, што яшчэ ў нас з атрымалася зрабіць з вашай дапамогай.

Удасканаленне заканадаўства

Яшчэ ў сакавіку 2018 года на просьбу Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Беларусі “Бацькаўшчына” падрыхтавала дакумент з прапановамі па ўдасканаленні заканадаўства краіны ў сферы зносінаў з беларусамі замежжа. Прапановы занялі 13 старонак (з імі можна азнаёміцца на нашым сайце) і тычыліся закона “Аб беларусах замежжа”, “Аб сродках масавай інфармацыі”, “Аб грамадзянстве”, а таксама статуту Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і кодэксаў Рэспублікі Беларусь “Аб культуры” і “Аб адукацыі”.

У 2019 годзе Згуртаванне атрымала зваротную рэакцыю. Паводле інфармацыі ад Нацыянальнага цэнтру заканадаўства прапановы “Бацькаўшчыны” будуць разгледжаныя на пасяджэнні рабочай групы па падрыхтоўцы праекта Закона Рэспублікі Беларусь “Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь “Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь”. Прапановы ж па карэкціроўцы згаданых кодэксаў будуць разгледжаны пры наступным іх комплексным змяненні.

У атрыманым адказе таксама адзначана, што з 23-х арганізацый, якія атрымалі магчымасць дасылаць прапановы ў заканадаўства, “Бацькаўшчыне” належыць асноўная колькасць заўвагаў.

У лістападзе 2019 года Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” накіравала ў Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь прапановы ў дзяржаўную праграму “Беларусы ў свеце” (2021–2025 гг.). Да працы над гэтым дакументам Згуртаванне прыступіла на просьбу МЗС у часе сёлетняга пасяджэння Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа. У аснову дакумента пакладзеныя прапановы дыяспары, агучаныя на з’ездах беларусаў свету, а таксама аналіз паспяховага досведу іншых унітарных краінаў у галіне двухбаковага супрацоўніцтва са сваімі дыяспарамі. Асаблівая ўвага ў дакуменце надаеца захадам, скіраваным на захаванне і паглыбленне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў замежжа, а таксама на ўключэнне беларускага замежжа ў развіццё розных сфераў.

Разам з гэтым відавочна, што без наўпростых заўваг тых, хто непасрэдна зацікаўлены ў развіцці стасункаў Беларусі і беларускай дыяспары, гэтыя прапановы не могуць прэтэндаваць на поўны ахоп усіх наяўных праблемаў. Таму згаданыя прапановы выкладзеныя на сайце Згуртавання, а таксама вынесеныя на меркаванне сябраў Вялікай Рады.

Гісторыя і культура

Два разы на месяц “Бацькаўшчына” публікавала матэрыялы і гутаркі, прысвечаныя актыўным прадстаўнікам беларускай дыяспары. Акцэнт пры гэтым сёлета рабіўся не на іх грамадскую дзейнасць, (пра якую Згуртаванне традыцыйна шмат піша), а на прафесійныя дасягненні нашых суродзічаў. Праз гэтыя артыкулы мы хацелі паказаць высокі прафесійны ўзровень нашых суайчыннікаў, а таксама распавесці пра асаблівасці працы ў іншых краінах.

Напачатку года, зважаючы на блізкі па часе перапіс насельніцтва, “Бацькаўшчына” ўвайшла ў арганізацыйны камітэт кампаніі “Беларускамоўны”, высілкі якой былі скіраваныя на тое, каб людзі аддавалі перавагу беларускай мове, адказваючы на адпаведныя пункты анкеты перапісу. Згуртаванне лічыць гэта важным, бо вынікі адказаў, на нашу думку, аказваюць уплыў на самыя розныя аспекты дзяржаўнай палітыкі, а існуючы стан беларускай мовы ў Беларусі вы ведаеце. .

Ёсць пэўны плён і ад працы Арганізацыйнага камітэту па ўсталяванні помніка беларусам – праведнікам народаў свету, куды ўвайшло і кіраўніцтва “Бацькаўшчыны”. У лютым Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры атрымала згоду ад Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь на працу па стварэнні мемарыяльнага знаку беларусам – праведнікам свету. Аднак гэтага ў нашай бюрактарычнай краіне мала. З якімі перашкодамі у гэтай справе Аргкамітэт сутыкаецца, падрабязней распавядзе сябра нашай Рады Юрась Меляшкевіч.

Сакавік – час, калі беларусы ва ўсім свеце традыцыйна святкуюць абвяшчэнне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Сёлетняе святкаванне 101-й гадавіны БНР у розным фармаце адбывалася не толькі ў розных гарадах самой Беларусі, але і ў Вялікабрытаніі, Канадзе, Новай Зеландыі, Літве, Польшчы, Украіне, ЗША, Ізраілі. “Бацькаўшчына” старалася як мага больш поўна інфармаваць пра ход святкавання ў гэтых ды іншых краінах.

У чэрвені, на 95-годдзе Васіля Быкава, народнага пісьменніка і першага прэзідэнта Згуртавання, кіраўніцтва “Бацькаўшчыны” разам з Саюзам беларускіх пісьменнікаў уганаравала яго памяць ускладаннем кветак на Ўсходніх могілках, дзе ён пахаваны.

У ліпені “Бацькаўшчына” ўзяла ўдзел у пасяджэнні Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа ў Міністэрстве замежных спраў. , на якім было агучана пра пачатак збору прапаноў у дзяржаўную праграму “Беларусы ў свеце (2021–-2025 гг.)”, пра што распавядалася трошкі раней. У кастрычніку ЗБС “Бацькаўшчына” падпісалася пад “Зваротам беларускай грамадскасці наконт беларускай мовы”, выказаўшы заклапочанасць неспрыяльным станам у Беларусі для яе існавання.

Сёлетняя восень была адзначана грандыёзнай падзеяй для беларусаў усяго свету – 22 лістапада на віленскіх могілках Росы адбылося перапахаванне парэшткаў паўстанцаў 1863–1864 гг., знойдзеных і ідэнтыфікаваных у мінулым годзе падчас раскопак на гары Гедыміна ў Вільні (Літва). Разам з шматлікімі ўдзельнікамі, сярод якіх былі прадстаўнікі ўрадаў Літвы, Польшчы, ураду Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнанні і тысячы беларусаў, у перапахаванні бралі ўдзел і прадстаўнікі “Бацькаўшчыны”.

Разам з Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Беларускім ПЭН-Цэнтрам, пры падтрымцы Фонда культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі, ЗБС “Бацькаўшчына” ўдзельнічала ў правядзенні прэміі імя Наталлі Арсенневай. Пераможцай стала паэтка Марыя Мартысевіч, а другое месца атрымала Надзея Артымовіч, беларуская паэтка з Падляшша.

Выдавецкая дзейнасць

Разам з Беларускім Інстытутам Навукі і Мастацтва ў 2019 годзе ў серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” быў падрыхтаваны шэраг выданняў: - Зміцер Саўка “Беларуская цывілізацыя ў Амерыцы”, прысвечаную пяцідзесяцігадоваму агляду гісторыі дзейнасці Беларуска-Амерыканскага Задзіночання, найстарэйшай і найбуйнейшай беларускай арганізацыі ў ЗША; - “Газеты “Бацькаўшчына” і “Беларус”: Дзве душы – адзін лёс” (падсерыя: “Спадчына: агледзіны”; укладальнікі – Наталля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч), прысвечаную легендарным найбуйнейшым перыёдыкам беларускага замежжа, газетам з аднайменнымі назовамі, якія выходзілі ў Мюнхене (Нямеччына) і Нью-Ёрку (ЗША); - “Зора Кіпель” (падсерыя “Людзі эміграцыі”; укладальнікі – Наталля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч) – разгорнуты аповед пра жыццё славутай навукоўкі, дзяячкі беларускага замежжа, а таксама яе выбраныя тэксты, падрабязная бібліяграфія і вялікая колькасць фотаздымкаў; - Рыгор Барадулін “Дзённікі і запісы. Выпуск 6: 1992–1993” (падсерыя “Людзі Беларусі”) – і працяг, калі верыць укладальніцы Наталлі Давыдзенка, яшчэ будзе.

У Мнску прайшлі прэзентацыі “Газеты “Бацькаўшчына” і “Беларус” і “Беларускай цывілізацыі ў Амерыцы” (апошняя – пры аншлагу, з прычыны знакавасці асобы Змітра Саўкі, які заўчасна пайшоў з жыцця, для сучаснай беларускай культуры). Кніга “Зора Кіпель” прэзентавалася ў Нью-Ёрку з удзелам сябра Управы “Бацькаўшчыны” Наталлі Гардзіенка.

Акрамя гэтага, ЗБС “Бацькаўшчына” дапамагала з арганізацыяй прэзентацый кнігі паэзіі беларускага паэта з Канады Юрася Шамецькі “Непрадказальнае” і анталогіі перакладаў беларускай паэзіі на італьянскую мову Ларысы Пуцылевай.

Увосень, пры арганізацыйнай дапамозе Згуртавання, пабачыў свет альбом “БНР-100: Сьвяткаваньне 100-гадовага юбілею ў Беларусі і ў замежжы”. Само ж выданне зробленае пры падтрымцы арганізацый беларусаў замежжа – Рады БНР, Фундацыі культуры і адукацыі Орса-Рамана і Фундацыі імя Пётры Крачэўскага.

Аб'яднаўшы высілкі з грамадскім дзеячам Глебам Лабадзенкам, “Бацькаўшчына” ўдзельнічае ў выданні амаль 900-старонкавай кнігі ўспамінаў Радзіма Гарэцкага.

Уганараванні

2019 год быў шчодры на заслужаныя ўзнагароды для сяброў “Бацькаўшчыны”.

На сённяшні дзень Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ўзнагародзіла Медалём да стагоддзя БНР палову складу дзеючай Рады “Бацькаўшчыны”, 24 чалавекі, і гэта, па ўсім відаць, яшчэ не фінал, бо яшчэ не ўсе медалі ўручаныя.

А два сябры Рады сёлета атрымалі ордэны. Так, у лютым кавалерам Ордэну Белай зоркі стала Зінаіда Клыга, кіраўніца Беларуска-Эстонскага Згуртавання, атрымаўшы ўзнагароду з рук прэзідэнткі Эстоніі Керсьці Кальюлайд.

У красавіку ордэн “Gloria Muncii” атрымаў старшыня Беларускай абшчыны Рэспублікі Малдова Юрый Статкевіч. Узнагароду яму ўручыў прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон. Намеснік Юрыя Статкевіча, вядомы беларускі мастак Вячаслаў Ігнаценка, у той самы дзень атрымаў медаль і званне ганаровага майстра мастацтваў.

Страты

Але былі ў гэтым годзе і сумныя старонкі. Беларусь страціла перакладчыка Васіля Сёмуху і пісьменніка Леаніда Дайнеку. Беларуская Канада ў красавіку развіталася з Вольгай Грыцук, а беларуская Аўстралія – з Аўгенам Грушам. Жахлівая трагедыя напаткала сябра нашай Рады Дзьмітрыя Плакса, які страціў сына.

Да гадавіні смерці Арсеня Ліса і чацвертую гадавіну сыходу Анатоля Грыцкевіча “Бацькаўшчына” адмыслова падрыхтавала артыкулы.

Таксама Згуртаванне дапамагала збіраць сродкі на помнік беларускаму грамадскаму дзеячу ў Літве Хведару Нюньку – помнік на сёння ужо ўсталяваны сваякамі.

Будзьма беларусамі!

Дзейнасць грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” сёлета зазнала пэўную трансфармацыю.

На пачатку года чатырма ток-шоў – у Віцебску, Оршы, Наваполацку і Светлагорску, – двухдзённым трэнінгам у Мінску і правядзеннем прэс-клубаў у абласных цэнтрах краіны завяршыўся чарговы значны этап дзейнасці кампаніі ў межах трохгадовай рэгіянальнай праграмы “Разам да справы!”. Яе вынікам стала заўважнае павелічэнне колькасці мясцовых грамадскіх ініцыятываў і павышэнне даверу да іх з боку мясцовых адміністрацый – гэты факт быў пацверджаны сацыялагічным апытаннем і фокус-групамі, праведзенымі на замову “Будзьма беларусамі!” і Цэнтра даследавання грамадскага кіравання “СІМПА” сацыялагічнай лабараторыяй “Новак”.

У сакавіку пабачыла свет аналітычнае выданне “Узаемадзеянне мясцовых органаў улады і некамерцыйных арганізацый у Беларусі: прававое рэгуляванне і практыка”, падрыхтаванае экспертамі Вольгай Смалянка (Цэнтр прававой трансфармацыі) і Юрыем Чавусавым (Асамблея НДА), таксама на замову “Будзьма беларусамі!” і “СІМПА”. Кампанія “Будзьма!” паклапацілася, каб рэкамендацыі, якія ў ёй утрымліваюцца, дайшлі да адрасатаў – міжнародных арганізацый, дзяржаўных органаў і грамадзянскай супольнасці. Дзяржаўным інстытуцыям, недзяржаўным беларускім і міжнародным арганізацыям былі дасланыя папяровыя версіі кнігі. Электронная форма выдання даступная на сайце budzma.by.

Адначасова з заканчэннем рэгіянальнай праграмы ў красавіку “Будзьма беларусамі!” распачала новы праект – “Маё права”. Ён арыентаваны на дзяцей малодшага школьнага ўзросту і падлеткаў і мае на мэце пашыраць іх веды пра свае правы і магчымасці. Шэраг публікацый і відэаматэрыялаў, створаных адмыслова да гэтага праекту, закранаюць самы шырокі спектр з’яваў, звязаных з правамі непаўнагадовых, у тым ліку такіх як булінг, гвалт і цкаванне ў навучальных установах, праблемы, звязаныя з адстойваннем асабістай прасторы, рэгуляцыя стасункаў з настаўнікамі і бацькамі, а таксама рознага кшталту дыскрымінацыя.

Ад пачатку кампаніі было праведзена 26 інтэрактыўных гульняў, 2 клубы і 1 дыскусія. Мерапрыемствы ў гэтых фарматах яшчэ працягваюцца. Таксама зроблена адмысловая размалёўка для дзяцей малодшага школьнага ўзросту і тэматычны комікс для падлеткаў з 12-ці выпускаў.

Новы накірунак у дзейнасці Кампаніі – сур’ёзная праца па манетызацыі брэнду “Будзьма беларусамі!” з тым, каб у перспектыве падтрымліваць дзейнасць кампаніі. У траўні і кастрычніку прайшлі цыклы платных майстар-класаў па вырабу керамічных сувеніраў “Беларускія рамёствы. Традыцыі і сучаснасць” і “Чароўныя далонькі” адпаведна. У снежні была запушчана інтэрнэт-крама budzma-krama.by, у якой можна набыць адзенне і сувеніры са стылізаванай нацыянальнай сімволікай і на нацыянальную тэматыку. Цягам 2019 года кампанія “Будзьма беларусамі!” ў супрацоўніцтве з Саюзам беларускіх пісьменнікаў ладзіць шматлікія сустрэчы з творцамі ў розных кутках Беларусі, , інфармацыя пра іх, як і раней, рэгулярна публікуецца на інфармацыйным рэсурсе Кампаніі.

Асноўная дзейнасць кампаніі “Будзьма беларусамі!” працягвае скіроўвацца ў рэгіёны, дзе важна павышаць грамадскую актыўнасці і ініцыятыўнасць людзей.

З рэзананснага ў Мінску: 29 чэрвеня ў дворыку Нацыянальнага гістарычнага музея адбыўся фестываль для дзяцей “Вандроўка ў дзівосны сад”, дзе маленькіх наведнікаў чакала гульня-спектакль “Хто расце ў садзе?”, розныя конкурсы і майстар-класы.

Варта адзначыць асобна супольны праект кампаніі “Будзьма беларусамі!”, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і Саюза беларускіх пісьменнікаў – адкрыццё літаратурнай гасцёўні “Будзьма з кнігай!”. Мэта гэтага праекту – стварэнне прасторы для камерных сустрэч на літаратурныя тэмы.

Як і раней, “Будзьма!” пры канцы году выдала чарговы выпуск календара “Не маўчы па-беларуску, гэтым разам на экалагічную тэматыку.

Улічваючы сучасныя трэнды, кампанія “Будзьма!” шмат увагі і высілкаў аддае онлай актыўнасці, не толькі аператыўна асвятляючы розныя культурніцкія і грамадскія падзеі, але і ўздымаючы тэмы, якія важныя для скіравання свядомасці людзей у нацыянальна арыентаванае рэчышча.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"