10 верасня, у кавярні "Грай" прайшла цырымонія ўручэння паэтычнай прэміі імя Наталлі Арсенневай. Атрымала прэмію Марыя Мартысевіч за сваю кнігу "Сарматыя".
Марыя Мартысевіч
У кароткі спіс прэтэндэнтаў на ўзнагароду таксама ўваходзілі: Уладзімір Арлоў "Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань" і Надзея Артымовіч "Краявід з невідочнай памылкай".
Уладзімір Арлоў
Яўген Вапа, які прадстаўляў Надзею Артымовіч
Міхаіл Бараноўскі
У склад журы прэміі сёлета ўвайшлі паэт і загадчык літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіл Бараноўскі, паэтка, перакладчыца і літаратуразнаўца Марыяна Кіяноўская, літаратуразнаўца і доктар філалагічных навук Анжэла Мельнікава, паэтка і бард Лера Сом, паэт і арганізатар літаратурных мерапрыемстваў Дзмітрый Строцаў.
Арганізатары прэміі — Беларускі ПЭН-цэнтр, ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Узнагарода была ўручана пры падтрымцы Фонда культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі і сёлета склала 4000 беларускіх рублёў.
Прэмія мае вялікае аб’яднаўчае значэнне для беларусаў усяго свету, паколькі ў конкурсе ўдзельнічаюць аўтары і з Беларусі, і з беларускай дыяспары. Прэмія злучае літаратуру Беларусі і замежжа, падкрэслівае культурнае адзінства беларусаў і сведчыць аб цікавасці беларусаў замежжа да Беларусі, іх гатоўнасць удзельнічаць у грамадскім і культурным жыцці краіны.