Беларуска-Эстонскае Згуртаванне адзначыла свой 30-гадовы юбілей

Шмат гадоў таму, напярэдадні здабыцця незалежнасці нашымі Рэспублікамі – Эстонскай і Беларускай – у павеце Іда-Вірумаа ўзбуяў “БЭЗ”. Гэтае найцудоўнае суквецце праз усе трыццаць гадоў свайго красавання нязменна пакідала самыя цёплыя ўспаміны ў душы кожнага, хто пазнаёміўся з гэтай арганізацыяй. Пахваліцца, што супрацоўнічалі з “БЭЗам”, сёння могуць не толькі эстонцы, але і латышы, літоўцы, расійцы і нават амерыканцы. Але, назіраючы за поспехамі Беларуска-Эстонскага Згуртавання, адмысловыя гонар і радасць адчуваюць усё ж беларусы – незалежна ад краіны пражывання.

Колішняя патрыятычная ініцыятыва беларускай інтэлігенцыі Эстоніі за гэтыя гады ўвасобілася ў дзясяткі паспяховых праектаў і сотні праведзеных імпрэзаў, натхніла на стварэнне новых нацыянальных суполак беларусаў з іншых эстонскіх гарадоў. Праз увесь гэты час не змаўкае спеў ансамблю “Бэз” пад кіраўніцтвам спадарыні Зінаіды Клыгі, не перапыняецца традыцыя святкавання нашых беларускіх святаў і гістарычных угодкаў у Эстоніі, а беларусы краінаў Балтыі жывуць успамінамі і чаканнем новых фэстаў “Родныя напевы” і “Усмешка па-беларуску”. Сябры “БЭЗу” не толькі захоўваюць і прапагандуюць беларускую культуру ў замежжы, развіваюць сувязі з суайчыннікамі і спрыяюць нацыянальнай кансалідацыі, але і бяруць актыўны ўдзел у мясцовым дзяржаўным кіраванні. Лішне казаць, што ўсё гэта не апынулася па-за ўвагай эстонскай дзяржавы і таксама было з ейнага боку належным чынам уганаравана.

А для нас дзейнасць “БЭЗу” – не толькі прыклад і крыніца натхнення, як для многіх іншых беларускіх суполак у свеце. Гісторыя Беларуска-Эстонскага Згуртавання непарыўна звязаная з гісторыяй Згуртавання беларусаў свету: ваша арганізацыя стаяла ля вытокаў “Бацькаўшчыны” і, да таго ж, “БЭЗ” заўжды меў прадстаўніцтва у яе Вялікай Радзе.

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” сардэчна віншуе ўсіх сяброў Беларуска-Эстонскага Згуртавання Іда-Вірумаа БЭЗ з юбілеем! Ад усяго сэрца жадаем вам яшчэ большага натхнення, новых поспехаў і яскравых падзеяў у жыцці супольнасці! Беларусы ўсяго свету ўдзячныя вам за беларускую справу, якую вы разам з усімі робіце.




Зінаіда Клыга, старшыня Таварыства беларускай культуры Іда-Вірумаа “БЭЗ”:

Насамрэч юбілей Беларуска-Эстонскага Згуртавання Іда-Вірумаа БЭЗ прыходзіцца на канец сакавіка, і ў сакавіку мы паспелі сціпла адзначыць пачатак трыццаць першага году нашага існавання. Якраз тады ў нас былі "ўлазіны" ў новае памяшканне. Але паколькі задума правесці ў верасні IV Фестываль беларускай песні "Родныя напевы" была ўжо тады, мы і вырашылі заадно публічна адзначыць 30-годдзе БЭЗа, 30-годдзе ансамбля "Бэз" і 150-гадовы юбілей традыцыі спеўных святаў у Эстоніі.


01-P1520794.jpg

Зінаіда Клыга і Ніна Шыдлоўская


Мне здаецца, што ўсё атрымалася правесці на вельмі добрым узроўні. Як звычайна, на фестываль мы запрасілі іншыя беларускія суполкі Эстоніі. Не абыйшлося без адкрыццяў – гэтым разам нашы слухачы ўпершыню пачулі выступ тартускай суполкі "Спадкі", з якой мы два гады знаёмыя. А таксама з дзяўчынай з зусім маладой суполкі "Пялёстак". Прыехалі нашы старыя "Сябры" з Нарвы, якім хутка ўжо споўніцца дваццаць гадоў. Была суполка "Лёс" з Таліна, суполка з Маарду "Ялінка". Да нас далучыліся зборны ансамбль з валаснога Народнага дому Тамміку і клуб гумару гульні і песні "Хмелеўскія валацугі", яны вельмі ўсіх развесялілі.

Канцэрт атрымаўся элегантны. У адной палове выступалі нашыя суполкі, а ў другой – сапраўдная зорка Ірэна Катвіцкая. У Ірэну я проста закахалася. Яна прынесла на наш фестываль тую ноту сапраўднасці, этнічнасці, якой нам так не хапае ўдалечыні.

Мы атрымалі шмат віншаванняў, і да канцэрту, і падчас яго. І ад "Бацькаўшчыны", і ад пасла Беларусі ў Эстоніі Вячаслава Качанава, ад кіраўніцтва нашага і суседніх гарадоў.


Ірэна Катвіцкая, спявачка, кампазітар, этнамузыколаг:

Я вельмі ўдзячная, што старшыня Рады "Бацькаўшчыны" Ніна Шыдлоўская запрасіла мяне на гэтае святкаванне ад Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына". Дзякуючы гэтаму я ўпершыню пабывала ў Эстоніі і пабачыла, як там жывуць людзі, як развіваецца эстонская культура а таксама даведалася, як пачуваюцца беларусы і іншыя нацыянальнасці. Фармат нашай вандроўкі, хай яна і доўжылася ўсяго пяць дзён , усё ж дазволіў, пазнаёміцца з архітэктурай, канцэртнымі заламі, прыродай, ацаніць эканамічны ўзровень і паназіраць за штодзённым побытам жыхароў гэтай прыбалтыйскай краіны.


02-P1520456.jpg

Ніна Шыдлоўская і Ірэна Катвіцкая


Вельмі ўразіла і спадабалася, што ў Эстоніі няма адчування адчужанасці ўладнай "вертыкалі". Усе сувязі "гарызантальныя". Чыноўнікі з міністэрстваў, розных фондаў, прадстаўнікі мэрыі, як высветлілася, могуць пачаць вырашаць праблему, якую ім сфармулюе, напрыклад, звычайная школьная настаўніца падчас сумеснага банкету. Яны па-простаму ўсё абмяркоўваюць, і мясцовае кіраванне там мае вельмі вялікую вагу.

Я нарэшце асабіста пазнаёмілася са спадарыняй Зінаідай Клыгай. Для мяне яна знакавая асоба, але да гэтага часу мы стасаваліся толькі праз месенджэры.

У першы дзень праходзіў IV фестываль "Родныя напевы Іда-Вірумаа", прысвечаны беларускім дыяспарам. Сабраліся беларускія калектывы з Тарту, з Нарвы, з Таліна, з Йыхві... А на другі дзень быў XVI мультыкультурны фестываль "Festival Rahvuskultuuride loomepada", які праходзіў пры падтрымцы мэрыі горада Йыхві ў вялікай залі на 600 месцаў з добрым гукам. На ім былі прадстаўленыя ўсе нацыянальнасці, якія жывуць у Эстоніі – асабіста ў мяне атрымалася паразмаўляць з прадстаўнікамі украінскай дыяспары, яўрэйскай, татарскай... Высветлілася, што нацыянальныя мяншыні ў Эстоніі падтрымлівае адмысловы дзяржаўны фонд, бо гэта выгадна для дзяржавы: адчуваючы падтрымку сваёй нацыянальнасці з боку Эстоніі, грамадзяне ўсіх нацыянальнасцяў, у сваю чаргу, падтрымліваюць Эстонію.

Таксама на другі дзень я ўзяла ўдзел у культурніцка-навуковай канферэнцыі "Свята песні як носьбіт культурнай ідэнтычнасці", дзе распавяла пра сучасны стан беларускага фальклору і свае музычныя праекты, у якіх фолк інтэгруецца ў новыя накірункі музыкі – world-music, ethno-jazz, folktronika... Таксама я развіваю накірунак арт-фольк-тэрапіі, займаюся гэтым сумесна з Нацыянальным Цэнтрам рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў.


03-P1520769.jpg

Ірэна Катвіцкая


У мяне засталося адчуванне, што сваім удзелам у мерапрыемстве мы з Нінай Шыдлоўскай зрабілі нейкі станоўчы ўплыў ў беларускую культуру Эстоніі, у адносіны паміж дзяржавай і дыяспарай. Прадстаўнікі міністэрства культуры вельмі зацікавіліся маім выкананнем аўтэнтычных акапэльных спеваў, і цяпер мы рыхтуем наступныя канцэрты на фестывалях краіны. Я нават атрымала прапанову да ўдзелу ў мерапрыемствах украінскай дыяспары, бо маем вельмі блізкія карані ў нацыянальных культурах.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына",
фота Віктар Бойкачаў