У Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь адбылося пятае пасяджэнне Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа, якое адкрыў міністр замежных спраў Уладзімір Макей.
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, члены Савета з 17 краін, а таксама прадстаўнікі дзяржаўных устаноў Беларусі, грамадскіх аб'яднанняў. Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” прадстаўлялі яго кіраўніцы Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская.
Падчас пасяджэння ўдзельнікі Савета падвялі вынiкi работы за год і намецілі новыя сферы сумеснай дзейнасці ў мэтах умацавання сувязей паміж дыяспарай і беларускай дзяржавай.
У сваім выступленні У.Макей адзначыў, што культурна-гуманітарнае супрацоўніцтва з дыяспарай, якое асабліва паспяхова развівалася ў апошнія гады, можа стаць добрым прыкладам для ўзмацнення іншых напрамкаў узаемадзеяння, такіх як адукацыя, навука, турызм, падтрымка моладзі. Падкрэсліў каштоўнасць унёску дыяспары ў працэс вяртання на радзіму спадчыны яе знакамітых сыноў і дачок, што працуе на ўмацаванне нашай нацыянальнай ідэнтычнасці.
У.Макей выказаў удзячнасць прадстаўнікам беларускай дыяспары ў Германіі, Ізраіле, Кыргызстане, Літве, Латвіі, Малдове, Польшчы, Расіі, Чэхіі і іншых краінах замежжа за іх актыўнае прасоўванне эканамічных інтарэсаў Беларусі за мяжой
За плённую работу па папулярызацыі беларускай культуры і значны ўклад ва ўмацаванне іміджу нашай краіны Міністр замежных спраў узнагародзіў восем замежных членаў Савета юбілейным медалём “100 гадоў дыпламатычнай службе Беларусі”. У.Макей выказаў упэўненасць, што гэта высокая ўзнагарода будзе яшчэ больш натхняць на новыя добрыя справы на карысць нашай Радзімы.
Паводле facebook.com/belarusmfa