Віншуем Беларуска-Амерыканскае Задзіночанне з юбілеем!

Больш за семдзесят гадоў таму, улетку 1949 года, у Нью-Ёрку адбылася амаль незаўважная для Злучаных Штатаў Амерыкі падзея. Але неўзабаве станоўчы эфект ад яе аказаўся настолькі маштабным, што яго адчулі не толькі беларусы ва ўсім свеце, але, нават нягледзячы на Жалезную заслону, суродзічы на Радзіме. Гэтай знакавай падзеяй быў арганізацыйны сход, удзельнікі якога запачаткавалі Беларуска-Амерыканскае Задзіночанне (БАЗА). Менавіта гэтай беларускай эмігранцкай арганізацыі, якая ўжо праз год атрымала афіцыйнае прызнанне амерыканскіх уладаў, было наканавана стаць найбуйнейшай і найважнейшай у беларускім руху Злучаных Штатаў. Уражаныя вашым каласальным даробкам, сучасныя даследчыкі феномену БАЗА усё часцей – і небеспадстаўна – гавораць пра вас ні многа ні мала як пра “беларускую цывілізацыю ў Амерыцы”.

Cёння БАЗА – гэта семдзесят гадоў адданай працы па даследаванні, захаванні і развіцці беларускай культуры і навукі, а таксама актыўнае спрыянне ў справе дэмакратычнага развіцця Беларусі, нязменны і заўважны ўплыў на ўсе сферы беларускага жыцця: культурнага, навуковага, палітычнага, рэлігійнага. Гісторыя БАЗА – гэта сотні праведзеных культурніцкіх і палітычных акцый, няспынная праца васьмі вялікіх аддзяленняў у Нью-Ёрку, Вашынгтоне і пяці штатах, шматлікія гурткі ў розных гарадах. А таксама – безліч творчых і працоўных планаў.

Мы ганарымся шматгадовай супрацай з Беларуска-Амерыканскім Задзіночаннем і разам з беларусамі ва ўсім свеце бярэм з вас прыклад і натхняемся вашымі дасягненнямі. Мы верым, што нашае плённае сяброўства будзе чым далей, тым мацней!

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” сардэчна віншуе ўсіх сяброў Беларуска-Амерыканскага Задзіночання з юбілеем! Зычым вам годна адсвяткаваць гэтую ўрачыстую дату! Няхай шэрагі БАЗА з кожным годам папаўняюцца вернымі паплечнікамі, а вы заўжды заставайцеся такімі самымі працаздольнымі і натхнёнымі.

Управа МГА „ЗБС „Бацькаўшчына