На магіле Хведара Нюнькі (1928–2018), славутага віленскага беларускага дзеяча, пахаванага на праваслаўных могілках у раёне Ліпоўка (Лепкальніс), з’явіўся помнік.
Хведар Нюнька адзін з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, цягам некалькіх дзесяцігодзяў узначальваў Таварыства беларускай культуры ў Літве, ініцыяваў стварэнне беларускай школы ў Вільні, разам са сваімі паплечнікамі дамогся ўганаравання шэрагу славутых беларусаў – дзякуючы гэтаму іх імёнамі названыя некаторыя вуліцы горада, усталяваныя дзясяткі мемарыяльных дошак і захавана месца забойства Кастуся Каліноўскага на Лукішскім пляцы.
Паколькі Хведар Нюнька быў пахаваны побач з сваёй жонкай Нінай, каб усталяваць яму помнік патрабавалася сур’ёзная рэканструкцыя агульнага надмагілля. Асноўны фінансавы цяжар па рэалізацыі рэканструкцыі лёг на плечы сям’і спадара Хведара. Але не засталіся ўбаку і тыя беларусы, для якіх смерць Хведара Нюнькі стала таксама і асабістай стратай.
Ад імя сям’і спадара Хведара і Згуртавання “Бацькаўшчына” мы шчыра дзякуем усім, хто пералічваў сродкі, каб дапамагчы годна ўганараваць памяць чалавека, які, прысвяціў сваё жыццё служэнню Беларусі.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”