Рэзалюцыя Сёмага з’езда беларусаў свету МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”
“Справа захавання і ўмацавання незалежнасці Беларусі – справа ўсіх беларусаў”15–16 ліпеня 2017 г., г. Мінск
Незалежная Беларусь – гэта вольная і суверэнная дзяржава, моцная і самадастатковая нацыя, аўтэнтычная гісторыя і культура, родная матчына мова, нацыянальная сімволіка – герб “Пагоня” і бел-чырвона-белы сцяг.
Мы, беларусы, здаўна жывём у цэнтры Еўропы. Ад ІХ–Х стагоддзяў да сённяшняга часу ў той ці іншай форме мы мелі свае дзяржаўныя ўтварэнні. Калі ворагі забіралі ў нас незалежнасць, мы ўпарта і мэтанакіравана вярталі яе. Бо кожны беларус зберагае генетычную памяць пра вольнае жыццё. Бо кожны беларус мае неад’емнае пачуццё свабоды.
Мы маем гераічную і слаўную гісторыю. Замкі, храмы, палацы, ратушы, кніжніцы-бібліятэкі. Маем старажытнае роднае слова. Назаўжды з намі Рагнеда, Усяслаў Чарадзей, Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Давыд Гарадзенскі, Міндоўг, Альгерд, Вітаўт Вялікі, Мікола Гусоўскі, Казімір Семяновіч, гетман Астрожскі, Тадэвуш Касцюшка, Кастусь Каліноўскі, Янка Купала, Якуб Колас, Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Ластоўскі, Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі, Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў і іншых дзеячаў беларускай гісторыі.
Мы ганарымся Францішкам Скарынам, які 500 гадоў таму прынёс нашым продкам друкаваную ў роднай мове Біблію і запачаткаваў кнігадрукаванне сярод усходніх славян. Мы ганарымся аднымі з самых дасканалых у Раннім Новым часе зборамі законаў – Статутамі Вялікага Княства Літоўскага на старабеларускай мове.
Дзяржаўнасць на нашых землях пачалася з Полацкага княства і знайшла працяг у многіх падобных утварэннях на нашых землях: Тураўскім, Гарадзенскім, Смаленскім, Наваградскім, Віцебскім і іншых княствах, яшчэ больш развілася і расквітнела ў Вялікім Княстве Літоўскім – нашай супольнай з літоўцамі і ўкраінцамі сярэднявечнай і раннемадэрнай дзяржаве, якая потым увайшла ў склад Рэчы Паспалітай абодвух народаў да яе падзелаў. Імкненне нашых продкаў быць гаспадарамі на роднай зямлі пастаянна праяўлялася і пад уладай Расійскай імперыі: праз паўстанне Тадэвуша Касцюшкі, Лістападаўскае паўстанне 1831 г., паўстанне Кастуся Каліноўскага 1863-1864 гг., і праз барацьбу за свае правы, за сваю культуру ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ стст..
25 сакавіка 2018 года мы будзем святкаваць 100-годдзе абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, калі беларусы чарговы раз голасна, на ўвесь свет абвясцілі сваё права мець нацыянальную дзяржаву на этнічна беларускіх землях са сталіцай у Менску. Абвяшчэнне БНР стала кульмінацыйным пунктам нашага нацыянальнага абуджэння і адначасова пачаткам канстытуцыйнага афармлення беларускай дзяржаўнасці ў найноўшым часе. Вынікам напружанай працы і змагання ва ўсіх сферах жыцця: культурнай, палітычнай і эканамічнай.
Паўнавартаснай нацыя робіцца толькі тады, калі для найбольш эфектыўнага і гарманічнага свайго развіцця, для абароны ўласных інтарэсаў стварае нацыянальную незалежную дзяржаву. Гэты працэс для беларусаў быў надзвычай складаным і працяглым. БНР, з прычыны неспрыяльных абставін, не змагла рэалізавацца напоўніцу. БССР, паводле шэрагу прычын, не магла ў дастатковай ступені адпавядаць усім інтарэсам нашай нацыі і забяспечваць яе ўсебаковае гарманічнае развіццё. Але існаванне беларусаў як асобнай нацыі з правам на ўласную дзяржаву ўжо нікім не магло быць аспрэчана. Невыпадкова, што БССР стала адной з дзяржаў-сузаснавальніц ААН.
Урэшце, у 1991 годзе як вынік уздыму чарговай хвалі беларускага нацыянальнага Адраджэння паўстала незалежная і суверэнная Рэспубліка Беларусь, свабодная і самастойная краіна, якая стварыла свае органы кіравання, войска, эканамічную сістэму, распрацавала нацыянальнае заканадаўства, прыняла асноўны закон – Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. На жаль, цягам апошніх двух дзесяцігоддзяў нацыянальная ідэнтычнасць нашага народа, аснова незалежнасці краіны, заставалася на другім плане ў адукацыйнай, культурнай, сацыяльнай палітыцы беларускіх уладаў. Такая пазіцыя павялічвае ўнутраную нестабільнасць і, у спалучэнні з геапалітычнымі амбіцыямі больш моцных дзяржаў, можа пагражаць незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці нашай краіны.
Стратэгія захавання незалежнасці палягае ў еднасці ўсёй нацыі на грунце нацыянальных каштоўнасцяў і дэмакратычных інстытутаў. Мы выступаем за дэмакратычныя свабодныя выбары і адмову ад пераследу па палітычных матывах.
На ўсіх папярэдніх шасці з’ездах беларусаў свету пытанні дзяржаўнасці, суверэнітэту і незалежнасці Беларусі шырока абмяркоўваліся і адлюстроўваліся ў выніковых дакументах. Бо сам факт існавання сваёй незалежнай дзяржавы выклікае гонар і годнасць у кожнага беларуса, надае кожнаму нашаму суайчынніку самапавагу і грамадзянска-прававую абароненасць, у якім бы канцы зямнога шара ён ні жыў.
Сёмы з’езд беларусаў свету канстатуе, што сучасная беларуская дзяржаўнасць з’яўляецца заканамерным і лагічным працягам гістарычных нацыя- і дзяржаватворчых працэсаў у Беларусі, гарантыяй устойлівага і паслядоўнага развіцця беларускага народа, яго мовы і культуры ў глабальным свеце.
Справа захавання і ўмацавання незалежнасці Беларусі – справа ўсіх беларусаў.