Сёмы з’езд беларусаў свету пройдзе сёлета 15—16 ліпеня ў Мінску.
На другім пасяджэнні Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа Міністр замежных спраў Уладзімір Макей адзначаў, што ў 2017-м пройдзе VII з’езд беларусаў свету. Арганізатарам яго, па традыцыі, выступіць Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”.
“Падрыхтоўка і правядзенне гэтага мерапрыемства стане адным з галоўных кірункаў работы ў сферы ўзаемадзеяння з суайчыннікамі. На з’ездзе павінны быць прыняты сапраўды важныя рашэнні, якія дазволяць актывізаваць дзейнасць беларусаў замежжа”, — казаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.
Нядаўна ж адбылася сустрэча Уладзіміра Макея з прадстаўніцамі кіраўніцтва ЗБС “Бацькаўшчына” Аленай Макоўскай і Нінай Шыдлоўскай. У прэс-службе МЗС паведамілі, што бакі вялі зацікаўленую размову на тэмы супрацоўніцтва з беларусамі замежжа ў розных сферах, абмеркаваны і пытанні правядзення VII з’езду беларусаў свету”.
Была вызначана і тэма будучага з’езду: “Беларуская нацыя, беларуская дзяржаўнасць, беларускае замежжа — выклікі сучаснасці ды стратэгія развіцця”. А для высвятлення найбольш важных пытанняў, якія хвалююць супляменнікаў, цяпер праводзіцца апытанне. Анкеты дасылаюцца ў беларускія суполкі за мяжой. Існуе і электронная форма апытання — на сайце ЗБС “Бацькаўшчына”.
Нагадаем, што з’езды беларусаў свету ладзяцца раз на чатыры гады, першы прайшоў у 1993 годзе.
“Голас Радзімы”