Секцыя “Беларуская дыяспара і Беларусь: стратэгія ўзаемадзеяння ў сучасных умовах”: канспект выступаў і падсумаванне вынікаў

Секцыя “Беларуская дыяспара і Беларусь: стратэгія ўзаемадзеяння ў сучасных умовах”: канспект выступаў і падсумаванне вынікаў

16 ліпеня 2017 г.

Мадэратары: Н. Гардзіенка, А. Чайчыц

Пісарэвіч Вадзім – начальнік упраўлення глабальнай палітыкі і гуманітарнага супрацоўніцтва галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь выступіў з агульнай інфармацыяй пра дзяржаўную палітыку адносна дыяспары, а менавіта праінфармаваў пра стварэнне кансультатыўнай рады пры міністэрстве, рашэнні якой носяць рэкамендацыйны характар, пастаяннае інфармаванне арганізацый беларускай дыяспары праз сайт і выпуск газеты “Голас Радзімы” пры “Савецкай Беларусі”, дзяржаўную падпраграму “Беларусы ў свеце” (адну з чатырох падпраграм дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” 2016 -2020 гады), а таксама пра ўзаемадзеянне з ЗБС “Бацькаўшчына”.

За выступам В. Пісарэвіча паследвала шмат эмацыйных пытанняў і рэплікаў ад удзельнікаў секцыі з беларускай дыяспары, якія крытыкавалі працу беларускіх амбасадаў з дыяспарай, а менавіта: адсутнасць пераемнасці паміж дыпламатамі пры іхняй ратацыі, няўвага да патрэбаў дыяспары, не ўлічванне вопыту дыяспары і яе меркаванняў.

Выступы удзельнікаў секцыі з дыяспары:

Кацярына Фаронда, ЗША: з інфармацыяй пра дабрачынныя праекты на карысць Беларусі – дапамогу дзіцячым дамам і г.д., дзелавыя праекты з Беларуссю.

Надзея Нортан, Каліфорнія, ЗША: культурніцкія і грамадскія праекты беларусаў у Каліфорніі, магчымасці дзелавога супрацоўніцтва ў ІТ-сферы.

Крысціна Шыянок, Чэхія: распавяла пра тое, як гуртуюцца беларусы ў Чэхіі. Суполка не грунтуецца на фармалізаванай арганізацыі, ладзяцца народныя святы, дабрачынныя праекты, палітычныя акцыі.

Людміла Сінякова, Даўгаўпілс (Дзвінск), Латвія: беларуская суполка існуе ўжо больш за 20 гадоў, заслужыла вялікі аўтарытэт у мясцовых уладаў. Ёсць беларускія школкі, радыёперадача на беларускай мове. Праца вядзецца на энтузіязме, без штатных супрацоўнікаў. З прапановаў – увесці пасведчанне Беларуса замежжа, які б даваў магчымасць наведваць Беларусь без візаў.

Мікалай Цімашэнка, ЗША: аб'яднанне беларускіх прафесіяналаў у свеце, вопыт дабрачынных праектаў. Малыя праекты прадэманстравалі сваю эфектыўнасць. Дапамога дзецям, выданне кнігаў, стыпендыя імя Аркадзя Смоліча.

Аляксандр Скрыпель, Маскоўская вобласць, Расія: у Маскоўскай вобласці пражывае больш за 200 тысячаў беларусаў, ёсць суполкі ў многіх гарадах. Праінфармаваў пра іх дзейнасць і магчымыя накірункі супрацоўніцтва.

Ларыса Слесарава, Літоўская Рэспубліка: пра дзейнасць у Вільні беларускай гімназіі і яе багатыя традыцыі.

Сасновіч Аляксандр Львовіч - начальнік аддзела па справах нацыянальнасцяў апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў: распавёў пра дзяржаўную падтрымку культурніцкіх ініцыятыў дыяспары, праведзеныя мерапрыемствы.

Аляксандр Макаранка, Адэса, Украіна: распавёў пра тое, як беларуская дыяспара ў Адэсе дапамагае ўмацоўваць эканамічныя сувязі паміж Беларуссю і Ўкраінай, шчыльна ўзаемадзейнічае з дыпламатычным прадстаўніцтвам Беларусі.

Сяргей Чумакоў, Харкаў, Украіна: аб'яднанне беларусаў у Харкаве з'явілася ў 90-я гг., гуртуе ня толькі беларусаў, але ўсіх, хто цікавіцца Беларуссю.

Алена Глагоўская, Гданьск, Польшча: абуралася фактам таго, што для наведвання Беларусі прадстаўнікамі беларусамі замежжа, у тым ліку заслужанымі дзеячамі дыяспарамі, якія аддалі шмат гадоў беларускай працы ў Польшчы, неабходныя візы, прычым за візы даводзіцца плаціць з уласных сродкаў. Гэта моцна перашкаджае ўдзелу ў навуковых мерапрыемствах у Беларусі.

Пятро Якубук, Крым, Украіна (пад фактычным кантролем РФ): павіншаваў з'езд ад імя беларусаў паўднёвага берагу Крыма

Беларускія навукоўцы Дзмітры Караў з Гародні і Іван Саверчанка: распавялі пра працу і напрацоўкі, якія вядуцца ў Беларусі па тэме ўзаемадзеяння з дыяспарай. Так, пры Гарадзенскім універсітэце ёсць міждысцыплінарны цэнтр даследванняў дыяспараў і беларусаў замежжа. Прафесар І. Саверчанка распавёў пра распрацаваную стратэгію-2030 http://srrb.niks.by/info/program.pdf , якую трэба выкарыстоўваць для планавання працы з дыяспарай.

Андрэй Стрыжак, Беларусь: распавёў пра ініцыятывы by_help і Маршрут Беларусь-АТО, запрасіў да супрацы па дабрачынных праектах.

На секцыі былі агучаны наступныя прапановы збоку прадстаўнікоў і кіраўнікоў арганізацый беларускай дыяспары:

  • Заканадаўчае замацаванне статусу беларуса замежжа праз увядзенне пасведчанняў беларуса замежжа, якое будзе даваць іх носьбітам перавагі пры наведванні і стасаванні з Беларуссю ў параўнанні з іншымі замежнымі грамадзянамі.

  • Палягчэнне ці скасаванне візавага рэжыму для беларусаў замежжа.

  • Абмен інфармацыяй пра дабрачынныя і іншыя праектах паміж беларусамі ў розных краінах. Пашырэнне сеткі інфармацыйнага партнёрства і развіцца на яе базе супрацоўніцва.

  • Больш актыўная і больш якасная камунікацыя паміж пасольствамі і дыяспарай, лепшы ўлік меркавання і рэальных патрэбаў дыяспары пры фармаванні дзяржаўнай палітыкі ў гэтым кірунку.