Архіўныя матэрыялы і музейныя экспанаты перадаў Беларускі інстытут навукі і мастацтва з Нью-Ёрка ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, што ў Мінску.
Наталля Гардзіенка
Гэты тыя матэрыялы, якія атрымлівала гісторык Наталля Гардзіенка ў прыватным парадку. Але было прынята рашэнне перадаць калекцыю ў спецыялізаваную ўстанову, каб даць магчымасць працы з імі большай колькасці навукоўцаў.
«БІНІМ ствараўся з ідэяй гуртавання беларускіх інтэлектуалаў у эміграцыі. І з ідэяй збірання ўсяго беларускага, што знаходзілася за мяжой. Калекцыя БІНІМа — гэта не толькі ліставанні, гэта і розныя архівы пісьменнікаў, мастакоў.
Калекцыі паштовак, марак, значкаў, медалёў, бланкаў з беларускай сімволікай. Усё, што выдавалася ў беларускіх асяродках: Канадзе, ЗША, Аўстраліі, Вялікабрытаніі… Ідэя сённяшняга кіраўніка БІНІМу Вітаўта Кіпеля ў тым, што беларускія скарбы павінны захоўвацца ў Беларусі і быць даступныя для даследчыкаў», — адзначыла Наталля Гардзіенка.
Ганна Запартыка, дырэктар архіва-музея, заўважыла, што да іх і раней паступалі матэрыялы пра беларусаў з-за мяжы — з БІНІМа, іншымі шляхамі. Гэта і архіў Масея Сяднёва, Міхася Забэйды-Суміцкага, сямейны фонд Максіма Багдановіча…
Што ж перадалі цяпер?
Аўтографы беларускіх літаратараў 1920-х гадоў, якія вучыліся разам з Антонам Адамовічам у педтэхнікуме. Гэта Паўлюк Трус,Тодар Кляшторны… Тут і рукапісны варыянт кнігі Алеся Салаўя, якія ён рабіў у Аўстрыі ў канцы 1940-х. Анкеты дзеячаў эміграцыі, якія ўступалі ў БІНІМ — больш за пяць дзясяткаў (Кастусь Акула, Мікола Равенскі, Наталля Арсеннева, Масей Сяднёў). Фрагменты архіваў Арсенневай, Юркі Віцьбіча… Паштоўкі пачатку ХХ ст. з беларускімі тэмамі. Нацыянальны строй Раісы Жук-Грышкевіч. Саматканыя паясы. Усяго шэсць скрыняў.
На жаль, гэтыя дакументы яшчэ тры-чатыры гады будуць апрацоўвацца перад тым, як трапяць у рукі даследчыкаў.
Падчас перадачы артэфактаў быў прэзентаваны чарговы выпуск альманаха «Запісы БІНІМу», дзе, у тым ліку, расказваецца пра перададзеныя калекцыі. Да альманаха прыкладзены дыск, на якім у электронным варыянце знаходзяцца некаторыя матэрыялы.
У гэтым выпуску «Запісаў», між іншым, друкуецца дзённік Кастуся Езавітава, які ён вёў у апошнія месяцы ў Нямеччыне да арышту СМЕРШаўцамі.
Па словах Наталлі Гардзіенкі, БІНІМ гатовы яшчэ перадаваць матэрыялы. Але рабіць тэхнічна гэта не заўжды проста.
І гісторык заклікала спецыялістаў, якія бываюць у Нью-Ёрку, звязвацца з ёй і прывозіць у Мінск дакументы. Бо, на жаль, пошта працуе не так спраўна, і здараліся выпадкі, калі нешта не даходзіла да Беларусі.
Сяргей Макарэвіч, фота Насты Храловіч