Зварот дэлегатаў Сёмага з’езду беларусаў свету МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” да кіраўніка гарадской акругі г. Калінінграда Ярашуку А.Р. аб наданні імя Францыска Скарыны вуліцы ў Калінінградзе (Расійская Федэрацыя)

Зварот дэлегатаў Сёмага з’езду беларусаў свету МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” да кіраўніка гарадской акругі г. Калінінграда Ярашуку А.Р. аб наданні імя Францыска Скарыны вуліцы ў Калінінградзе (Расійская Федэрацыя)

15-16 ліпеня 2017 г., г. Мінск, Беларусь

Шаноўны спадар мэр!

6 жніўня 2017 года Рэспубліка Беларусь, беларусы краіны і дыяспары, уся сусветная культурная грамадскасць адзначаюць вялікае свята – 500-годдзе з дня выхаду ў Празе першай усходнеславянскай друкаванай кнігі “Псалтыр”, выдадзенай найвыдатнейшым перакладчыкам, філосафам, першадрукаром Францыскам Скарынам з беларускага горада Полацка. Друкаваная Біблія Скарыны выйшла раней за Біблію Марціна Лютэра, за французскія і англійскія, польскія і літоўскія пераклады.

Дзейнасць выдатных сыноў Беларусі зрабіла неацэнны уклад у развіццё многіх краінаў, у тым ліку і расійскай дзяржаўнасці, культуры і навукі: гэта Іван Фёдараў і Сімяон Полацкі, Міхаіл Глінка, Жарэс Алфёраў і сотні іншых найвядомейшых дзеячаў. Пасля Другой сусветнай вайны вялікая колькасць беларусаў апынулася ў Калінінградскай вобласці, стаўшы значнай дыяспарай краю.

Расійская Федэрацыя – шматнацыянальная краіна, у якой кампактна пражываюць многія народы. І ўнёсак гэтых народаў годна ўшаноўваецца расійскай дзяржавай. Да прыкладу, на сённяшні дзень тры вуліцы Калінінграда названыя імёнамі выдатных украінскіх дзеячаў: Багдана Хмяльніцкага, Тараса Шаўчэнкі, Івана Франко. У той жа час, нягледзячы на тое, што існуе цэлы шэраг знакамітых беларусаў, лёс якіх быў звязаны з Караляўцом — Кёнігсбергам — Калінінградам, факт беларускай прысутнасці ніяк не адзначаны ў назвах вуліц і населеных пунктаў рэгіёна.

У сувязі са знакавай для ўсяго ўсходнеславянскага кнігадрукавання датай бачыцца натуральным, калі першай асобай беларускага паходжання, ушанаванай у Калінінградзе, стане Францыск Скарына. Менавіта ён працаваў у Кёнігсбергу ў 1530 годзе па запрашэнні Альбрэхта Брандэнбурга, першага герцага Прусіі і заснавальніка Кёнігсбергскага ўніверсітэта. Перакладчыцкая, асветніцкая і выдавецкая дзейнасць Францыска Скарыны зрабіла вялікі уплыў на развіццё гуманітарнай думкі і друкарскай справы на тэрыторыі сучасных Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы і Чэхіі. Францыск Скарына ўшанаваны ЮНЕСКА як дзеяч сусветнага маштабу, які апярэдзіў свой час. У 2004 годзе перад будынкам Расійскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Імануіла Канта ў Калінінградзе быў усталяваны помнік Францыску Скарыну. Лічым, што лагічным працягам ушанавання памяці ўсходнеславянскага першадрукара было б з’яўленне ў Калінінградзе вуліцы імя Францыска Скарыны.

У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі беларускай дыяспары з 20-ці краінаў, якія сабраліся на Сёмы з’езд беларусаў свету 15 і 16 ліпеня ў Мінску, звяртаемся да вас з просьбай надаць адной з вуліц Калінінграда імя Францыска Скарыны.

Па даручэнні дэлегатаў Сёмага з’езда беларусаў свету,

Кіраўнік МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” А. П. Макоўская

Старшыня Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Н. А. Шыдлоўская