Алег Краўцоў: Новая беларуская ідэнтычнасць як трэнд і перспектыва

Добры дзень, паважаныя паны-брацця беларусы!

Ключавыя пытанні нашага з'езду – захаванне дзяржаўнасці і слабая ідэнтычнасць беларусаў.

Калі мы гаворым аб дзяржаве і яе суверэнітэце, то спачатку трэба вызначыцца: ці з'яўляецца дзяржава каштоўнасцю самой у сабе? Ці дзяржава набывае каштоўнасць, калі яна адпавядае нашым чаканням і запатрабаванням?

Іншымі словамі, ці павінныя мы, беларусы, турбавацца наконт захавання суверэнітэту дзяржавы – аскепка СССР, у якой постсавецкая аўтарытарная ўлада душыць нашае нацыянальнае жыццё і парушае нашыя грамадзянскія правы і свабоды?

У таталітарным СССР улады знішчалі і рэпрэсавалі найлепшых людзей нашага народа. Сённяшняя Рэспубліка Беларусь – непасрэдная спадкаемка БССР. Тут міністр дазваляе сабе надзяваць форму катаў НКВД. Тут захаваны савецкія гімн, герб, сцяг, назвы вуліц. Тут тыя ж метады кіравання і гаспадарання, тое ж стаўленне да людзей. Тут па-ранейшаму квітнее тэлефоннае права. Для падаўлення нязгодных у вялікай колькасці набытыя “аўтазакі”. Тут самая вялікая ў свеце колькасць паліцыі (міліцыі) на душу насельніцтва (ААН рэкамендуе 222 палісмены на 100 тысяч насельніцтва. У нас жа 1442 чалавекі на 100 тысяч насельніцтва, г.зн. у 6,5 разоў больш!)

Еўрапейская цывілізацыя даўно выпрацавала формулу стварэння дзяржавы, у якой асоба адчувае сябе камфортна. Гэтая формула завецца дэмакратычная нацыянальная дзяржава. У такой дзяржаве падтрымліваецца грамадзянская ініцыятыва ва ўсіх сферах грамадскага і эканамічнага жыцця, створаныя шырокія магчымасці для самарэалізацыі грамадзян у любой сферы дзейнасці.

Неабходна канстатаваць, што ў беларусаў на сённяшні дзень нацыянальнай дзяржавы няма. Той Беларусі, пра якую марылі стваральнікі БНР, пра якую працягваюць марыць сучасныя нацыянальна арыентаваныя грамадзяне, не існуе. Таму, на маю думку, няма сэнсу гаварыць аб дзяржаўным суверэнітэце. Пра гэта няхай хвалююцца чыноўнікі постсавецкай адміністрацыі. Наша задача – працягваць нацыянальнае развіццё ў тых вузкіх рамках, якія ўсталявала для нас аўтарытарная ўлада (і за тое ёй дзякуй).

Цяпер што да слабай нацыянальнай ідэнтычнасці, якую мы ўсе фіксуем цягам многіх гадоў.

Еўрапейскія нацыі будаваліся шляхам фармавання ў сваіх прадстаўнікоў станоўчай (пазітыўнай) нацыянальнай ідэнтычнасці, пры якой усё звязанае з роднай гісторыяй, культурай, традыцыямі, мовай выклікае падтрымку, лучнасць і станоўчыя эмоцыі.

Трэба прызнаць, што ў беларусаў пераважае адмоўная (негатыўная) нацыянальная ідэнтычнасць. Рэальна яна абмяжоўваецца традыцыйным вызначэннем сябе ў якасці беларусаў на перапісах насельніцтва.

Беларускі нацыянальны праект быў аформлены ў СССР. Галоўнай мэтай савецкіх нацыянальных праектаў было пазбаўленне народаў нацыянальнай ідэнтычнасці дзеля стварэння безнацыянальнага камуністычнага грамадства на аснове расійскай мовы і культуры.

Неабходна адзначыць, што ў дачыненні да беларусаў савецкія паліттэхнолагі са сваёй задачай справіліся вельмі паспяхова.

Нам напісалі непрывабную гісторыю, у якой мы заўсёды былі прыгнечаным народам, нам намалявалі непрыглядны вобраз беларуса-батрака, у нашую свядомасць заклалі савецкія культурныя коды, па якіх мы сёння жывем. Для нас нават падабралі адпаведную саманазву, якая прыжылася і ўспрымаецца сёння як спрадвечная.

Такая ідэнтычнасць мусіла выклікаць негатыўныя эмоцыі і жаданне бегчы ад яе. І беларусы беглі і бягуць ад такой ідэнтычнасці – і ў часы БССР і сёння. Тым больш яе не прымае новае пакаленне. Менавіта гэта мы фіксуем з году ў год.

Негатыўная ідэнтычнасць патрабуе пераадолення. І новае пакаленне беларусаў знайшло для сябе выхад. Усё больш асвечаных беларусаў, асабліва ў асяроддзі моладзі, называе сябе "літвінамі", выводзіць сваю этнічнасць з ВКЛ і нават з дахрысціянскіх часоў. На нашых вачах адбываецца нараджэнне новай “тутэйшай” ідэнтычнасці.

Гэтыя новыя беларусы-літвіны прызнаюць сваімі сімваламі "Пагоню" і бел-чырвона-белы сцяг. Яны носяць вышыванкі, арганізуюць гурткі вывучэння мовы, святкуюць Купалле, перамогу на Грунвальдскім полі і пад Оршай, збіраюцца на рыцарскія фэсты і рок-фестывалі, ствараюць групы ў сацсетках, даюць сваім дзецям імёны літоўскіх князёў. У гэтай новай ідэнтычнасці закладзеная іншая грамадзянская пазіцыя, іншая эстэтыка, іншы культурны код, іншае бачанне мінулага і будучыні сваёй краіны.

Гэты новы нацыянальны праект ажыццяўляецца і будзе ажыццяўляцца незалежна ад жадання чыноўнікаў і адміністрацыі прэзідэнта.

Гэта іншы цывілізацыйны выбар новага пакалення, за якім будучыня. І гэта зразумела, бо цывілізаваная еўрапейская будучыня ў прававой нацыянальнай дзяржаве нашмат цікавейшая і прывабнейшая, чым гібенне ў мадэрнізаваных Саветах з перспектывай спаўзці ў сучаснае варварства так званага "рускага свету" ці ператварыцца ў новую Паўночную Карэю ў цэнтры Еўропы.

У заключэнне хацелася б даць свой адказ на два ключавыя пытанні.

Ці патрэбная нам свая дзяржава? Так, патрэбная! Але гэта павінная быць канцэптуальна іншая дзяржава. Гэта павінная быць нацыянальная дзяржава еўрапейскага тыпу з грамадзянскімі свабодамі, са свабодна абіранай і рэгулярна зменнай уладай, з выразным, ясным і прывабным вобразам будучыні.

Ці патрэбная нам ідэнтычнасць? Так, патрэбная! Але гэта мусіць быць сучасная нацыянальная ідэнтычнасць, якая выклікае толькі станоўчыя эмоцыі, якую хочацца культываваць у сабе самім і ў сваіх дзецях!

Шчыра дзякую за ўвагу.

Жадаю ўсім поспехаў і плённай працы на ніве нацыянальнага адраджэння!

Алег Краўцоў
Таварыства беларускай культуры імя Ф. Скарыны, г. Масква
VII з’езд беларусаў свету 15-16 ліпеня 2017 г.