ЗВАРОТ
Сёмага з’езда беларусаў свету МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь,да Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь,да Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Аб забеспячэнні прававых, арганізацыйных, фінансавых і іншых умоў для развіцця стратэгічнага супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і беларусаў замежжа
15–16 ліпеня 2017 г., г. Мінск
Па-за межамі Беларусі пражывае больш за 3,5 мільёны беларусаў у 73 краінах свету (амаль траціна агульнай колькасці сучаснага насельніцтва рэспублікі). Афіцыйна зарэгістраваныя і дзейнічаюць каля 200 беларускіх арганізацый у 26-ці краінах свету. Асноўная частка іх – арганізацыі беларускай дыяспары. Акрамя таго, у выніку міждзяржаўных тэрытарыяльных падзелаў у ХХ стагоддзі частка беларускага народа, якая апынулася за межамі Беларусі, уяўляе сабой аўтахтонныя нацыянальныя меншасці суседніх з Беларуссю краін (Польшча, Літва, Латвія, Расія, Украіна).
Беларуская дыяспара і беларуская нацыянальная меншасць – гэта не толькі вялізны чалавечы патэнцыял, гэта і іміджавыя прадстаўніцтвы Беларусі ў замежжы, своеасаблівая “мяккая сіла”, а таксама крыніца ведаў, экспертызы і інвестыцый у эканамічную, сацыяльную, адукацыйную, культурніцкую і іншыя сферы. На жаль, сёння гэты патэнцыял практычна не задзейнічаны ў развіцці нашай краіны, у той час як іншыя краіны свету актыўна будуюць і пашыраюць сувязі з сваімі дыяспарамі, што дае моцны імпульс грамадска-палітычнаму развіццю гэтых краін, іх эканомікам, агулам – дабрабыту народа. Пакуль жа наша краіна па арганізацыі супрацоўніцтва са сваёй дыяспарай моцна адстае ў параўнанні з краінамі-суседзямі. Невыкарыстанне найбагацейшага патэнцыялу беларускай дыяспары прыносіць вялікія страты дзяржаўным інтарэсам Рэспублікі Беларусь і ўсёй беларускай нацыі.
Прыняты 16 чэрвеня 2014 г. Закон Рэспублікі Беларусь № 162-з "Аб беларусах замежжа" носіць, фактычна, дэкларатыўны характар, фінансава не забяспечаны і патрабуе падмацавання практычнымі крокамі, найперш – прыняццем падзаконных актаў прамога ўздзеяння, якія б узмацнялі і пашыралі сувязі краіны з беларускім замежжам.
Звяртаемся да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага сходу і Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь з заклікам забяспечыць неабходныя прававыя, арганізацыйныя, фінансавыя і іншыя ўмовы для развіцця стратэгічнага супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і беларусаў замежжа, а менавіта:
- Цягам года распрацаваць Дзяржаўную стратэгію супрацоўніцтва з беларусамі замежжа на перыяд да 2025 года з улікам прапаноў беларускай дыяспары.
- Распрацаваць і прыняць на падставе вышэйзгаданай Стратэгіі і з улікам прапаноў беларускіх грамадскіх арганізацый з Беларусі і за яе межамі самастойную (ці асобную) Дзяржаўную праграму па супрацоўніцтве з беларусамі замежжа на перыяд да 2025 г, якая б уключала падпраграму «Па прыцягненні высокакваліфікаваных кадраў з беларускай дыяспары ў Рэспубліку Беларусь».
- Да канца 2017 г. стварыць у межах Урада Рэспублікі Беларусь дзяржаўны камітэт «Па справах беларусаў замежжа».
- Да канца 2017 г. стварыць у межах камiсii па мiжнародных справах Парламента Рэспублікі Беларусь падкамісіі «Па справах беларусаў замежжа»;
- Стварыць у Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь асобны аддзел «Па справах беларусаў замежжа».
- Цягам года стварыць у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі навуковы цэнтр па вывучэнні беларускай дыяспары.
- Распрацаваць і зацвердзіць (на падставе і з улікам прапаноў беларускіх грамадскіх арганізацый з Беларусі і за яе межамі) палажэнне «Аб статусе беларуса замежжа» з выдачай адпаведнага пасведчання «Беларус замежжа», якое б давала ў тым ліку права бязвізавага ўезду ў Беларусь;
- Стварыць у г. Мінску дзяржаўны культурна-інфармацыйны цэнтр беларусаў замежжа «Беларускі дом» з вылучэннем пад гэтыя мэты адпаведнага асобнага памяшкання.
- Паспрыяць беларускім нацыянальным меншасцям у атрыманні імі адпаведнага статусу ў краінах пражывання, што забяспечыць ім з боку дзяржавы пражывання падтрымку нацыянальнай самабытнасці, дапамогу ў атрыманні інфармацыі і адукацыі на роднай мове.
- Актывізаваць стварэнне культурна-інфармацыйных цэнтраў «Беларускі дом» у месцах кампактнага пражывання беларусаў замежжа.
- Стварыць дзяржаўную інфармацыйную базу «Беларусы замежжа», а таксама асобны дзяржаўны інфармацыйны інтэрнэт-партал для беларусаў замежжа; правесці аналіз асяродкаў беларускай дыяспары і ўжывання ў іх беларускай мовы.
- Прымеркаваць правядзенне чарговага Фестывалю мастацтваў беларусаў свету да 8-га з’езда беларусаў свету, што дазволіць пашырыць яго геаграфію і склад удзельнікаў, а таксама больш эфектыўна выкарыстаць бюджэтныя, пазабюджэтныя і прыватныя фінансавыя сродкі.
Ажыццяўленне вышэйзгаданых кірункаў дзейнасці выведзе супрацоўніцтва з беларусамі замежжа на новы ўзровень, створыць устойлівы падмурак для прыцягнення ў Рэспубліку Беларусь высокакваліфікаваных кадраў, новых тэхналогій, ведаў і замежных інвестыцый у эканоміку, сацыяльную, культурную і адукацыйную сферы.