ЗВАРОТ
да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага сходу, Ураду
пра стварэнне заканадаўчай і нарматыўна-прававой асновы
для ўзаемадзеяння з беларусамі замежжа
Больш за 3,5 мільёна беларусаў пражываюць за межамі Беларусі. У больш чым 20-ці краінах свету дзейнічае звыш 200 беларускіх арганізацый і асяродкаў.
Адсутнасць заканадаўчай і нарматыўна-прававой асновы ўзаемадзеяння нашай дзяржавы з беларусамі замежжа не толькі паскарае асіміляцыйныя працэсы і ставіць пад пагрозу прысутнасць беларускай нацыі ў свеце, але і абмяжоўвае палітычныя, культурныя і эканамічныя магчымасці развіцця Беларусі.
Пачынаючы з Першага з’езду беларусаў свету (1993 г.) на даручэнне шматлікіх арганізацый беларусаў замежжа МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” ставіла пытанне пра неабходнасць прыняцця закона “Аб беларусах замежжа”.
Усе суседнія краіны маюць заканадаўчыя акты, скіраваныя на падтрымку і супрацоўніцтва са сваімі дыяспарамі, што прыносіць станоўчыя вынікі для іх.
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” адзначае крокі дзяржаўных органаў Беларусі па актывізацыі працы над праектам згаданага закона пасля Пятага з’езду беларусаў свету (у 2009 г.), аднак лічыць, што гэты працэс патрабуе рашучага паскарэння і завяршэння.
У адпаведнасці з рашэннямі Першага (1993 г.), Другога (1997 г.), Трэцяга (2001 г.), Чацвёртага (2005 г.), Пятага (2009 г.) з’ездаў беларусаў свету мы, дэлегаты Шостага з’езду МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, звяртаем увагу на тое, што за больш чым 20 гадоў так і не створаная заканадаўчая і нарматыўна-прававая аснова для ўзаемадзеяння са шматмільённай беларускай дыяспарай:
1) не прыняты закон "Аб беларусах замежжа", не распрацаваны і заканадаўча не замацаваны статус “беларус замежжа”;
2) не прынятая дзяржаўная праграма "Беларусы ў свеце” ;
3) не створаны ва Урадзе Рэспублікі Беларусь Дзяржаўны камітэт па справах беларусаў замежжа;
4) не створаная ў парламенце Камісія па справах беларусаў замежжа;
5) не створаны ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі навуковы цэнтр па вывучэнні беларускай дыяспары.
Невыкарыстанне найбагацейшага патэнцыялу беларускай дыяспары прыносіць вялікія страты дзяржаўным інтарэсам Рэспублікі Беларусь і ўсёй беларускай нацыі.
Заклікаем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны сход, Урад паскорыць прыняцце закона “Аб беларусах замежжа” і Дзяржаўнай праграмы “Беларусы ў свеце” і ажыццявіць астатнія неабходныя арганізацыйныя захады для захавання і развіцця беларускага замежжа.
Шосты з’езд беларусаў свету
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
23–24 ліпеня 2013 г.
г. Мінск