Вітанне Сёмага з’езда беларусаў свету МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” Шостаму з’езду Сусветнага кангрэсу татараў
15-16 ліпеня 2017 г., г. Мінск
Шаноўныя ўдзельнікі Шостага з’езду Сусветнага кангрэсу татараў!
Мы, прадстаўнікі беларускай дыяспары з 20-ці краінаў, якія сабраліся на Сёмы з’езд беларусаў свету 15 і 16 ліпеня ў Мінску, шчыра вітаем дэлегатаў форума, які традыцыйна збірае прадстаўнікоў татарскай дыяспары.
Гісторыя беларуска-татарскага мірнага суіснавання, супрацоўніцтва і ўзаемадапамогі ў Беларусі налічвае не менш за семсот гадоў. Ад пачатку XIV стагоддзя татары дапамагалі гаспадарам Вялікага княства Літоўскага – сярэднявечнай беларуска-літоўскай дзяржавы, у барацьбе супраць агрэсіі крыжакоў, а ў XV стагоддзі татары ўжо маглі сяліцца на нашых землях і мелі роўныя правы з карэнным насельніцтвам. За стагоддзі, пражытыя на беларускай зямлі, татары праявілі сябе вайсковым майстэрствам, адвагай і гаспадарлівасцю. Дзве культуры, беларуская і татарская, суіснучы разам, узбагачалі адна адну, яскравым прыкладам чаго могуць служыць “Аль-Кітабы” – рэлігійныя кнігі татар, напісаныя на беларускай мове татарскім пісьмом. Мірнае супольнае суіснаванне разам беларусаў і татараў на Беларусі працягваецца і ў нашы дні. Паводле апошняга перапісу насельніцтва ў 2009 годзе ў Беларусі пражывалі 7316 татар, актыўна працуюць арганізацыі татарскай дыяспары “Зікр уль-Кітаб” і фонд “Чышма”, захоўваюцца помнікі татарскай культуры, а напрыканцы мінулага года ў Мінску была ўрачыста адчыненая Саборная мячэць, у якой могуць адначасова знаходзіцца каля 1500 вернікаў. У сваю чаргу, выказваем шчырую ўдзячнасць за адкрыццё на вашай зямлі музея, які ўшаноўвае памяць знакавага для беларускай культуры дзеяча – паэта Янкі Купалы.
Сёння абедзве нацыі, беларуская і татарская, стаяць як мінімум перад адной супольнай праблемай -- размыццём нацыянальнай ідэнтычнасці. Маючы шматвяковы досвед супольнага жыцця і ўзаемадзеяння, нам і цяпер, для адэкватнага адказу выклікам часу, трэба знаходзіцца ў пастаянным дыялогу і не забывацца на ўзаемадапамогу адзін адному. Толькі захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці можа гарантаваць нашым народам паўнавартаснае існаванне і гарманічнае развіццё ў будучыні.
Шчыра жадаем, каб Шосты з’езд Сусветнага кангрэсу татараў стаўся сапраўдным святам татарскай культуры, прывёў да паляпшэння міжнародных кантактаў, узаемнага супрацоўніцтва паміж дзяржавай і татарскай дыяспарай, паспрыяў захаванню нацыянальнай ідэнтычнасці і развіццю татарскай культуры.