Справаздача па дзейнасці МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” ў перыяд з ліпеня 2013 г. па ліпень 2017 г.
Гэта – не праграмны выступ, не рэфлексія вакол асноўнай тэмы з’езда, не агучванне канцэптуальных падыходаў да пашырэння супрацоўніцтва Беларусь–Дыяспара. Гэта – справаздачны даклад пра зробленае Управай і апаратам Згуртавання “Бацькаўшчына” за перыяд ад Шостага з’езда беларусаў свету.
У справаздачу ўвайшлі самыя значныя мерапрыемствы і крокі Згуртавання за год. Як і раней, дзейнасць ажыццяўлялася ў адпаведнасці са Статутам аб’яднання і на падставе рашэнняў яго кіруючых органаў.
Штодзённа ішла бягучая праца Згуртавання, камунікацыя з сябрамі арганізацыі з Беларусі і замежжа. Рэгулярна збіраліся на пасяджэнне Управы і Рады.
І пачну з падзякі. Найперш Вялікай і Малой Радам, Управе, штатнаму апарату. Асобны дзякуй за падрыхтоўку і арганізацыю сёлетняга Сёмага з’езда і сустаршыням Арганізацыйнага камітэта (а гэта, нагадаю, Радзім Гарэцкі, Алег Рудакоў, Алена Макоўская, Ніна Шыдлоўская). Дзякуй вялікі Арганізацыйнаму камітэту, які складаўся з Малой Рады з уключэннем у яго і старшыні Атаўскага аддзела ЗБК Пётры Мурзёнка. І, канешне ж – вялікі дзякуй нашым супрацоўнікам і валанцёрам, без іх ахвярнасці, арганізаванасці і зладжанасці працы немагчыма наладзіць працу такога шматколькаснага і прадстаўнічага мерапрыемства.
Так, мяняецца дыяспара, мяняецца сама краіна, мяняюцца тэхналогіі камунікацыі. Мяняецца і Згуртаванне “Бацькаўшчына”. Застаюцца нязменнымі яе прынцыпы:
-
адраджэнне Беларусі як суверэннай дзяржавы, краіны-маці для ўсіх беларусаў свету, кансалідацыя беларусаў як нацыі, роўнай сярод роўных у сусветнай супольнасці, выхаванне нацыянальнай свядомасці беларусаў,
-
спрыянне росту павагі беларусаў да сваёй гісторыі, культуры і мовы, любові да роднай зямлі;
-
духоўнае, арганізацыйнае, эканамічнае яднанне ў адзіную супольнасць усіх беларусаў, што жывуць па-за межамі Беларусі і на Бацькаўшчыне, захаванне і паглыбленне іх беларускасці;
-
мацаванне дружбы з іншымі народамі, узаемнай зацікаўленасці, пазнанне гісторыі, культуры краінаў, дзе жывуць беларусы, выхаванне павагі да людзей іншых нацыянальнасцяў, якія жывуць з беларусамі на іх Бацькаўшчыне.
Для “Бацькаўшчыны” беларус – гэтай не толькі і не столькі этнічная прыналежнасць, колькі самавызначэнне асобы на грунце павагі і папулярызацыі бел. мовы, культуры, бел.традыцый. Жаданне і канкрэтныя дзеянні, якія дэманструюць сваю прыналежнасць да беларускай нацыі.
І ў 2014 годзе такі самы падыход нарэшце замацаваны ў ПЕРШЫМ у гісторыі незалежнай Рэспублікі Беларусь - Законе «Аб беларусах замежжа». Менавіта гэты Закон вызначаны асноўныя прынцыпы, мэты і напрамкі дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносін з беларусамі замежжа ў мэтах забеспячэння салідарнасці беларусаў ва ўсім свеце, захавання нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці беларусаў замежжа і ўмацавання іх сувязей з Рэспублікай Беларусь. і меры дзяржаўнай падтрымкі, што аказваецца беларусам замежжа ў Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі.
Ад 2001 года ЗБСБ прасоўвала прыняцце такога юрыдычнага падмурку. ВАЖНА: у ім вызначаецца, што (акрамя месца паходжання) да беларусаў замежжа адносяцца і тыя, хто, ідэнтыфікуюць сябе як беларусы з пункту гледжання этнічнай прыналежнасці да беларускага народа або беларускай мовы, культуры, гістарычных сувязей, ведання і захавання беларускіх традыцый і звычаяў.
І ў тым, што менавіта такі падыход, замацаваны юрыдычна на дзяржаўным узроўні, у немалой ступені заслуга Згуртавання.
Усе гэтыя гады Згуртаванне працавала дзеля таго, каб і грамадскасць Беларусі, і дзяржаўныя структуры ўсведамлялі значнасць паслядоўнай супрацы з беларусамі замежжа. Прыняцце Закона — першы важны крок у гэтым кірунку, але недастатковы. Таму праца “Бацькаўшчыны” будзе і надалей скіраваная на фармаванне прапаноў для юрыдычнага замацавання практычных механізмаў супрацы дзяржава — дыяспара. І адзін з такіх крокаў – прыняцце рэзалюцый на сённяшнім з’ездзе.
З’езды беларусаў свету застаюцца быць важнымі форумамі – абмен думак, пошук кампрамісаў, супольная выпрацоўка.
Мы не толькі патрабуем ад дзяржавы. Мы прапаноўваем. А часам і тлумачым. Увогуле пытанням беларускай дыяспары, яе жыццю і дзейнасці, тэндэнцыям і перспектывам надавалася вельмі пільная ўвага з боку Згуртавання. Гэта знайшло сваё адлюстраванне і ў падрыхтоўцы да Сёмага з’езда беларусаў свету, якое распачалося ў 2016 годзе, і падчас шэрагу сустрэч з дзяржаўнымі органамі Беларусі, у тым ліку з прадстаўнікамі Міністэрства замежных спраў і асабіста міністрам, і ў рэгулярных удзелах кіраўніцтва Згуртавання ў пасяджэннях Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжы пры МЗС.
Дзеля выканання рашэнняў папярэдніх З’ездаў беларусаў свету, “Бацькаўшчына” звярнулася да Міністэрства адукацыі з тым, каб уключыць у іх план дзейнасці выданне электронных і папяровых падручнікаў беларускай мовы для замежных навучэнцаў, пры гэтым выказаўшы гатоўнасць дапамагчы з перакладам на беларускую мову і адаптацыю існуючых навучальных матэрыялаў, а таксама ў распаўсюдзе гэтых падручнікаў па суполках беларускай дыяспары. Таксама быў накіраваны ліст да Міністэрства замежных справаў з прапановамі, якія агучваліся шмат разоў, але тым не менш не страцілі сваёй актуальнасці: стварыць у МЗС асобны аддзел/структуру па справах беларусаў замежжа, а таксама разгледзіць магчымасць стварэння асобных пасадаў ці надання функцый ужо існуючым спецыялістам у пасольствах і консульствах па ўмацаванні сувязяў з белрускай дыяспарай.
І спадзяемся, што ў недалёкай будучыні супрацоўніцтва Згуртавання “Бацькаўшчына” з дзяржаўнымі інстытуцыямі дзякуючы сваёй выніковасці на агульную карысць будзе ўзорам супрацы грамадскага сектару і дзяржавы.
Пералік партнёраў Згуртавання “Бацькаўшчна” вельмі вялікі. Па-за межамі Беларусі Згуртаванне супрацоўнічае з рознай ступенню актыўнасці з 125 арганізацыямі ў больш чым 20-ці краінах. У самой Беларусі адзначу толькі найбліжэйшых, найцяснейшых з партнёраў – Саюз беларускіх пісьменнікаў на чале з Барысам Сачанкам, Таварыства беларуска мовы на чале з Алегам Трусавым, Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры на чале з Антонам Астаповічам.
Дарэчы, менавіта ў цесным партнёрстве з цэлым шэрагам беларускіх грамадскіх аб’яднанняў – Саюзам беларускіх пісьменнікаў, Таварыствам беларускай мовы, Таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры, Саюзам дызайнераў і Саюзам мастакоў Беларусі, мы звярнуліся ў 2016 годзе да Адміністрацыі прэзідэнта з тым, каб Дзень друку ў Беларусі быў перанесены з 5 мая на 6 жніўня, на дзень, калі Скарына надрукаваў Біблію.
Увогуле, з нагоды 500-годдзя беларускага друку Згуртаваннем “Баьцкаўшчына” і Саюзам беларускіх пісьменнікаў была абвешчана кампанія “Пяцісотгоднасць”, якая ўключыла ў сябе цэлы шэраг літаратурных сустрэч па Беларусі, а таксама інртэрв’ю і цікавыя матэрыялы на сайце арганізацыі. І гэта асобная тэма для выступу.
Усё больш актуальным становіцца для Згуртавання задача яднання беларусаў замежжа ў адну інфармацыйную прастору. Сядзіба “Бацькаўшчыны” традыцыйна адкрытая для ўсіх сяброў Згуртавання. Тут адбываецца шмат сустрэч з прадстаўнікамі беларусаў замежжа, і кожная з іх — радасная падзея. Як самі сустрэчы, так і гутаркі з гасцямі актыўна асвятляюцца на сайце Згуртавання і ў бюлетэні “Беларусы ў свеце”.
Ужо 17 гадоў “Бацькаўшчына” штомесячна выдае інфармацыйны бюлетэнь “Беларусы ў свеце”, які, па водгуках, стаў унікальнай крыніцай інфармацыі пра жыццё і дзейнасць беларусаў замежжа. Дзякуючы трываламу партнёрству з Беларускім гістарычным таварыствам (Беласток) і непасрэдна з інтэрнэт-бібліятэкай “Камунікат” амаль усе нумары бюлетэня “Беларусы ў свеце” можна знайсці на сайце kamunikat.org.
(Апякуецца яго выданнем наш прэсавы сакратар Сяргей Кандраценка, з якім пры падрыхтоўцы да з’езда, думаю, пазнаёміліся амаль усе).
Супраца з беларусамі замежжа:
Акрамя штодзённай камунікацыі (нашы дзверы адчыненыя для ўсіх) і інфармацыйна-метадычнай дапамогі, якую Згуртаванне аказвае на просьбы як суполак, так і асобных прадстаўнікоў беларусаў замежжа, прадстаўнікі “Бацькаўшчыны” імкнуцца актыўна ўдзельнічаць у мерапрыемствах, арганізаваных у беларускіх асяродках за мяжой.
Да прыкладу:
-
Намеснік старшыні Рады Барыс Стук прадстаўляў Згуртаванне падчас вечарыны з нагоды 25-годдзя латышскага “Світанку” (2014 г.), а падарункам для світанкаўцаў ад “Бацькаўшчыны” стаў выступ вядомага беларускага музыкі Змітра Вайцюшкевіча. Асобным святочным момантам было ўручэнне пасведчанняў да Юбілейнага медаля “20 год Першаму з’езду беларусаў свету”.
-
Узялі ўдзел Старшыня Рады Ніна Шыдлоўская і сябра Рады Наталля Гардзіенка і ў юбілейнай канферэнцыі з нагоды 25-годдзя Беларуска-эстонскага згуртавання.
-
Кіраўніцтва “Бацькаўшчыны” імкнецца рэгулярна браць удзел у мерапрыемствах, што ладзяць беларусі Літвы на чале з шаноўным Хведарам Нюнькам.
-
У чэрвені 2014 г. сябра Рады Згуртавання Наталля Гардзіенка брала ўдзел у 22-й штогадовай навуковай канферэнцыі “Санкт-Пецярбург і беларуская культура” (адбылася ў Санкт-Пецярбургу).
-
Старшыня Рады Ніна Шыдлоўская па запрашэнні моладзевай асацыяцыі “StudAlliance” прэзентавала ў Вільні досвед Згуртавання і культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” перад студэнтамі з Беларусі і ЕГУ.
-
У красавіку 2016 г. Згуртаванне адправіла беларускі дэсант на Падляшша для ўдзелу ў кніжным кірмашы ў Беластоку. Прадстаўнікі Згуртавання перадалі беларускія кнігі школам, а таксама арганізавалі сумесна з інтэрнэт-бібліятэкай “Камунікат” шэраг сустрэчаў з паэтамі Віталём Рыжковым і бардам Юрыем Несцярэнкам.
-
У верасні 2016 года праходзіла 32-я сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі, да ўдзелу ў якой таксама былі запрошаны кіраўнікі Згуртавання Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская. І падчас з’езду, і пасля яго кіраўніцтвам Згуртавання было праведзена шмат сустрэчаў з беларусамі Канады і ЗША, на якіх абмяркоўвалася і сітуацыя ў беларускай дыяспары гэтых краінаў, і шляхі па ўзмацненні супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння, і канешне, ж сітуацыя ў самой Беларусі.
-
У лістападзе таго ж 2016 г. сябра Згуртавання Алесь Камоцкі прадстаўляў “Бацькаўшчыну” на мерапрыемстве, прысвечаным 25-гадоваму юбілею адной з найстарэйшых беларускіх арганізацый Латвіі.
Дзейнасць нашых беларусаў у краінах свайго пражывання адзначалася і адміністрацыямі тых гарадоў, і самой Беларуссю. Так, член праўлення беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” (Даўгаўпілс, Латвія) Таццяна Бучэль атрымала ўдзячную грамату Даўгаўпілскай краёвай думы за працу на карысць самакіравання Даўгаўпілскага краю і яго жыхароў, а сябру Вялікай Рады “Бацькаўшчыны” з Томска Любоў Адаскевіч прэзідэнт Беларусі ўганараваў медалём Ф.Скарыны.
Вельмі прыемна, што не абышла ўзнагарода і нашу арганізацыю: у ліпені 2016 г. “Бацькаўшчына” атрымала прэмію і ганаровую падзяку Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтваў за актыўнае пашырэнне ведаў пра беларускае замежжа.
Увосень 2014 г. з ініцыятывы Наталлі Гардзіенка Згуртаванне “Бацькаўшчына” разам з Саюзам беларускіх пісьменнікаў заснавала Прэмію імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў за кнігу ў галіне непрыдуманай літаратуры (non-fiction). Цяпер ідзе працэс вылучэння на прэмію. Удзельнічаць у ёй могуць творы як з Беларусі, так і замежжа. Падрабязная інфармацыя пра Прэмію — на сайце zbsb.org. Прэмія ўручалася ўжо двойчы.
“Бацькаўшчына” ўвесь гэты час працягвае рабіць актыўныя, паслядоўныя крокі дзеля захавання і папулярызацыі замежнай беларускай культурнай спадчыны. За гэты перыяд было выдадзена 10 кніг у серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”. Асаблівасць кніжнай серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” — гэта тое, што там выходзяць унікальныя даследаванні гісторыі і жыцця беларускай дыяспары, якія раней нідзе не друкаваліся.
Хачу адзначыць, што і гэтая кніга, як і цэлы шэраг іншых, выдаецца Згуртаваннем дзякуючы цеснай супрацы з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва (ЗША) і найперш – з Лявонам Юрэвічам, Янкам Запруднікам, Вітаўтам Кіпелем. З гэтага боку – Наталляй Гардзіенка.
Назаву толькі некаторыя з іх:
-
“З фальварка Марцінова да Фармінгтонскіх узгоркаў” – успаміны беларускага эмігранта Святаслава Шабовіча, які страціў падчас вайны бацькоў і падлеткам мусіў эміграваць. Прадмову да кнігі напісала Наталля Гардзіенка. Кніга аздобленая здымкамі розных часоў з сямейнага архіву аўтара.
-
Тры тамы “Рада БНР (1970—1982): Падзеі і дакументы. Гэты том, як і папярэдні, стаў вынікам сумеснай працы гісторыкаў і архівістаў Наталлі Гардзіенкі і Лявона Юрэвіча (ЗША). У выданні сабрана шмат дакументаў, якія раней не друкаваліся, што робіць кнігу цікавай як звычайным чытачам, так і гісторыкам.
-
Кніга Алега Гардзіенкі “БЦР: стварэнне, дзейнасць, заняпад (1943–1995 гг.)” была падрыхтаваная да выдання і стане 29-й кнігай у серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”. Кніга ёсць плёнам шматгадовага даследавання аўтарам дзейнасці Беларускай Цэнтральнай Рады.
-
“Эмігрант Францыск Скарына, ці Апалогія” стала юбілейным, 25-м, выданнем. У кнізе Лявон Юрэвіч пад адной вокладкай сабраў скарыназнаўчыя дакументы беларускай эміграцыі.
-
“Па гарачых слядах мінуўшчыны” – кніга лістоў вядомага дзеяча беларускай эміграцыі і навукоўца з ЗША доктара Янкі Запрудніка. У яе ўвайшло выбранае ліставанне 1952–1959 гадоў. З ініцыятывы Н. Гардзіенкі і В. Трыгубовіч “Бацькаўшчынай” была зладжаная прэзентацыя гэтай кнігі ў мінскай кнігарні “ЛогвінаЎ”.
-
2-і выпуск “Дзённікаў і запісаў (1970–1978)” народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна пабачыў свет дзякуючы супольным намаганням “Бацькаўшчыны” і Саюза беларускіх пісьменнікаў у падсерыі “Людзі Беларусі”.
-
У гэтай жа серыі “Бібліятэка бацькаўшчыны” пабачыла свет другое выданне кнігі патрыярха беларускай эміграцыі на Захадзе Вітаўта Кіпеля «Беларусы ў ЗША».
А ў гэтым годзе дзякуючы Наталлі Гардзіенка і Лявону Юрэвічу, заснаваная новая з новай канцэпцыяй падсерыя ў вялікай кніжнай серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, заснаванай ў 2004 годзе –
“Спадчына: агледзіны» — адна з галоўных яе мэтаў: вярнуць з небыцця — выцягнуць з архіваў, з старой расцярушанай перыёдыкі — важныя для беларускай гісторыі і культуры тэксты і даць іх у кніжным выглядзе сённешнім чытачам, ад студэнтаў да даследчыкаў, аднавіўшы такім чынам часавую сувязь.
Першай кнігай у новай серыі стала «Выбранае» беларускага грамадскага дзеяча ў Празе, дзеяча БНР, публіцыста і філосафа Тамаша Грыба.
Назаву толькі некаторыя кнігі, выдадзеныя за гэты час, па-за серыяй.
-
Спрыяла “Бацькаўшчына” выданню кнігі Віктара Марціновіча “Мова”, а высокі чытацкі інтарэс падштурхнуў да некалькіх перавыданняў за кароткі час.
-
“Адвечныя плыні” Пятра Сільвестравіча Мурзёнка. Кнігу падрыхтаваў і ўклаў яго сын, Пётра Пятровіч Мурзёнак. Акрамя гістарычных нарысаў, апавяданняў, артыкулаў у кнігу ўвайшлі дзіцячыя расказы. Ёсць там і здымкі з сямейнага архіву.
І гэта толькі дзве з шэрагу, каб прадэманстраваць дыяпазон стыляў і геаграфію аўтараў.
У 2015 годзе Згуртаванне святкавала свой 25-гадовы юбілей, з гэтай нагоды быў абвешчаны конкурс працаў пра беларускае замежжа. У 2016 годзе журы падвяло вынікі, а ў ліпеня 2016 падчас прыезду Янкі Запрудніка і прэзентацыі кнігі “Кантакты: Сіла прыцягнення”, прысвечанай 90-годдзю славутага земляка, былі ўручаны прызы пераможцам. Самі ж працы ўвайшлі ў зборнік “Сшытак 2. Да гісторыі беларускай дыяспары”, які пад рэдактарствам Наталлі Гардзіенкі пабачыў свет у канцы 2016 года. Такім чынам яшчэ і 2016 год ішоў пад знакам юбілею Згуртавання.
Творчыя сустрэчы і прэзентацыі — паспяховы шлях папулярызацыі кніг, а з імі — і беларускай дыяспары, яе гісторыі і дзеячаў.
-
На малой радзіме пісьменніка (в. Лужкі Шаркаўчынскага р-на) пры дапамозе Згуртавання адбылася прэзентацыя кнігі Васіля Стомы “Маё мястэчка”, падчас якой Наталля Гардзіенка распавяла прысутным і пра кнігу, і пра складаны лёс яе аўтара, і пра дзейнасць “Бацькаўшчыны.
-
Арганізавала ў Мінску прэзентацыю кнігі “Ян Ялмужна” з удзелам аўтара — Антона Францішка Брыля.
-
У ліпені мінулага года была арганізавана сустрэча з Янкам Запруднікам, а напярэдадні яе выйшла ўжо 30-я кніга з серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” “Кантакты”, прысвечаная 90-годдзю сп. Запрудніка.
Шмат робіцца “Бацькаўшчынай” дзеля папулярызацыі беларускай культуры як у Беларусі, так і ў замежжы:
-
Цягам года разам з Саюзам беларускіх пісьменнікаў актыўна ладзіліся творчыя сустрэчы і прэзентацыі, а кнігі з серыі “Бібліятэка Бацькаўшыны” былі прадстаўленыя на міжнародных кірмашах у розных краінах свету (Украіна, Польшча, Германія).
-
Згуртаванне разам з Саюзам беларускіх пісьменнікаў працягвала выпуск інфармацыйнага бюлетэня “Кніганоша” з навінкамі беларускага друку. Бюлетэнь выходзіў раз на два месяцы і рассылаўся па бібліятэках Беларусі, размяшчаўся на сайтах арганізацый-партнёраў.
Істотнай і важнай для паглыблення нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў ёсць праца Згуртавання (пачынаючы ад 2008 года) як каардынатара грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Менавіта высокія тэмпы асіміляцыі беларусаў замежжа, слабы прыток новых эмігрантаў у асяродкі (людзі працягваюць выязджаць, але толькі невялікая колькасць далучаецца да суполак) прымусілі Згуртаванне звярнуць увагу на стан нацыянальнай ідэнтычнасці ўнутры краіны. Пачалася праца па пошуку аднадумцаў і паплечнікаў, сярод якіх адпачатку ў кампаніі — Саюз беларускіх пісьменнікаў, Таварыства беларускай мовы, Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Агулам жа сёння ў кампаніі каля 50 партнёраў. Трэба адзначыць, што “Бацькаўшчына” не толькі каардынуе кампанію, але і сама рэалізоўвае вялікую колькасць мерапрыемстваў, анлайн- і камунікацыйных праектаў, стварае рэкламна-інфармацыйную прадукцыю.
Падрабязна пра ўсе мерапрыемствы (і партнёрскія, і тыя, што ладзіць непасрэдна “Бацькаўшчына”) інфармуецца праз сайт кампаніі budzma.by. Слоган кампаніі апошнія некалькі гадоў — “Культура паляпшае жыццё!”. Прычым тэрмін “культура” кампанія выкарыстоўвае не ў вузкім значэнні слова (=мастацтва), а імкнецца данесці, што абсалютна ўсе сферы жыццядзейнасці, дзе адбываецца камунікацыя людзей, і складаюць панятак культуры. Таму і мерапрыемствы кампанія ладзіць разнапланавыя.
Варта адзначыць асноўныя і найбольш рэзанансныя сярод тых мерапрыемстваў і кірункаў, што арганізоўвае непасрэдна “Бацькаўшчына”:
-
Дыскусійныя (ток-шоў) на актуальную для канкрэтна ўзятага горада/рэгіёна тэматыку і сустрэчы ў фармаце прэзентацый “Кірмаш праектаў” былі праведзеныя ў Мінску і рэгіянальных гарадах Беларусі. Асноўная мэта “Кірмашоў”— актывізацыя людзей да публічнай дзейнасці ў сферы культуры. Для журналістаў былі праведзеныя прэс-клубы ва ўсіх абласных гарадах Беларусі. Культурніцкія журналісты мусяць усведамляць, што яны не проста інфармуюць пра тую ці іншую падзею культурніцкага жыцця, але і фармуюць густ людзей, іх стаўленне да роднай культуры, таму і працаваць мусяць з адпаведнымі падыходамі і адказнасцю.
-
Не спыняюцца і літаратурна-музычныя мерапрыемствы. Так, ад студзеня 2014 г. былі праведзена супольна з Саюзам беларускіх пісьменнікаў сотні літаратурных сустрэчаў.
-
Да Міжнароднага дня роднай мовы кампанія стварыла серыю паштовак “Не маўчы па-беларуску!”, якія дапамогуць у штодзённай камунікацыі па-беларуску. Паштоўкі сталі таксама пачаткам цэлай камунікацыйнай праграмы, вынікам якой ёсць аднайменны насценны каляндар на 2015 год і прыстасаванні для андроідаў і айфонаў.
-
Адным з вынікам шэрагу мерапрыемстваў у Магілёўскай і Віцебскай абласцях стала тое, што мясцовыя адміністрацыі пачалі больш улічваць культурніцкія ініцыятывы грамадзян. Так, дзякуючы высілкам грамадскіх ініцыятываў стаў рэгулярным унікальны фестываль “Дранiк-fest” Таксама адметнасцю Беларусі стаў і зладжаны колькі гадоў таму пры нашай дапамозе Фестываль беларускай міфалогіі “У госці да Лепельскага Цмока” ў Лепелі.
-
Штогадовы фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі “Аднак!” — эфектыўная пляцоўка для таго, каб нацыянальныя пытанні (найперш мовы як камунікацыйнага інструменту) прасоўваць у бізнес-асяродку. Напярэдадні Фестывалю былі арганізаваныя майстар-класы, а ў фестывальны дзень — адмысловая адукацыйная праграма. Кампанія “Будзьма!” як арганізатар адзначае ўплыў Фестывалю на рэкламны рынак — сёння беларускамоўная рэклама робіцца адным з трэндаў!
-
Важным сродкам папулярызацыі беларускай культуры і ўласна мерапрыемстваў кампаніі “Будзьма беларусамі!” ёсць партал. За акрэслены перыяд аўдыторыя budzma.by вырасла на 30-35%. Зроблены акцэнт на большую перыядычнасць з’яўлення новай інфармацыі і пашырэння іх тэматычнай разнастайнасці. Павялічаная колькасць аўтарскіх калонак і інтэрв’ю з культурнымі героямі Беларусі, гістарычныя, мовазнаўчыя і палемічныя артыкулы. Анлайн-праекты кампаніі:
-
Зроблены першы ў Беларусі прафесійны буктрэйлер паводле апавядання Міхася Стральцова “Смаленне вепрука” рэжысёрам Змітром Вайноўскім, у ролях — Альгерд Бахарэвіч і Максім Жбанкоў. Мэта — падтрымка цікавасці да беларускай літаратуры.
-
Кампанія працягвае насычаць святочную тэматыку беларускамоўнай прадукцыяй. Так, да прыкладу, дня Святога Валянціна выйшаў шэраг валянцінак па-беларуску. Дызайн паштовак зрабіў мастак Міхал Анемпадыстаў. Разам з музыкам і мастаком Лявонам Вольскім да шэрагу агульных і прафесійных святаў выходзяць анлайн гумарыстычныя паштоўкі.
-
Кампанія імкнецца не толькі сама ладзіць якасныя і рэзанансныямерапрыемствы. Важна ствараць такі “прадукт”, уздымаць такія тэмы, даваць такія прыклады, каб яны натхнялі і падштурхоўвалі іншых. Так, пасля прэзентацыі камунікацыйнай кампаніі “Краіна цмокаў” адбыўся рэбрэндынг баскетбольнага клуба “Мінск-2006” у “Цмокі-Мінск”. А ў гэтым годзе менавіта дзякуючы кампаніі “Будзьма беларусамі!” пачаў працу першы беларускамоўны сайт байцоўскага клуба ў краіне — patriotgym.by. Папулярны ў чытачоў і праект “Байцоўскі ген”, на ўдзел у ім з ахвотаю пагадзілася некалькі беларускіх файтараў сусветнага ўзроўню. Усе гэтыя мерапрыемствы выклікалі станоўчы рэзананс у грамадстве. Так, спорт — важная, перспектыўная частка сучаснай беларускай культуры, і ў гэтай сферы варта працягваць паслядоўную культурніцкую працу.
-
Здзейснена некалькі відэапраектаў. Журналісцкіх праектаў.
-
І пералік яшчэ вялікі.
Важна адзначыць.
-
Усе мерапрыемствы кампаніі асвятляюцца ў прэсе, у тым ліку і рэгіянальнай, і гэта вельмі важна для папулярызацыі ідэй кампаніі. Такім чынам фармуючы з людзей пазітыўнае стаўленне да беларускай культуры і як сучасных праяўленняў і ўвасабленныў, абуджае цікаўнасць да беларускай гісторый найперш у маладога пакалення.
-
На сёння кампанія з’яўляецца заўважным лідарам меркаванняў сферы культуры, а сайт — унікальнай крыніцай навін падзей культуры ў Мінску і рэгіёнах, якая паступова ператвараецца ў пляцоўку для абмеркавання матэрыялаў палемічнага характару.
-
Спадзяемся, што многія напрацоўкі будуць вельмі карыснымі для асяродкаў беларускай дыяспары для арганізацыі і папулярызацыі сваёй дзейнасці.
Асноўныя дасягненні дзейнасці культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” магчыма будзе ацаніць значна пазней, бо праца, звязаная з паглыбленнем нацыянальнай ідэнтычнасці цяжкавымяральная і доўгатэрміновая. Аднак ужо цяпер можна гаварыць, што дзякуючы паслядоўнай працы адбылося:
-
замацаванне тэрміну “нацыянальная ідэнтычнасць” у грамадскім дыскурсе;
-
стварэнне трэндаў на беларускае, найперш — беларускую мову абсалютна ў розных сферах жыцця па-за культурніцкім полем (бізнесасяродках, спорце, турызме і інш.);
-
пашырэнне панятку “культура” як значнага (асноўнага) складніка ў сацыяльных працэсах, як рухавіка развіцця грамадства;
-
фармаванне станоўчага стаўлення ў бізнес-асяродку да супрацы з грамадскімі ініцыятывамі па беларускіх культурных праектах.
І мы вельмі радыя, што стаўленне да беларускага ў шырокім сэнсе гэтага слова мяняецца на пазітыўную зацікаўленасць. А маладое пакаленне беларусаў нават лічыць, што яны знайшлі новую ідэнтычнасць, якая нараджаецца на старой беларускай: грунтуецца на бел-чырвона-белым сцягу, «Пагоні», вышыванцы, моладзь ганарыцца перамогай пад Оршай і пад Грунвальдам, святкуе Купалу. І хоць я не магу пагадзіцца з існуючым меркаваннем, што гэта зусім іншы цывілізацыйны выбар і зусім іншы цывілізацыйны код, бо гэта якраз натуральны лагічны працяг напрацовак папярэдніх пакаленняў. Тым не менш увасабленне гэтай беларускасці ў новых, сучасных формах і фарматах – вось гэта якраз працэс пазітыўны і неабходны.
Мы ведаем, што для некаторых арганізацый беларусаў замежжа сёння асноўная і адзінай формай узаемадзеяння ёсць падтрымка сувязяў, супрацоўніцтва з грамадскім сектарам Беларусі. Яны працуюць на развіццё беларускай мовы і культуры, не толькі ў сваіх асяродках, а і для нас, хто жыве тут. І гэта – наш падмурак. Аднак, для ўстойлівага доўгатэрміновага развіцця ўсіх сектараў (у тым ліку дзяржаўнага) трэба, набраўшыся разумення і цярпення, наладжваць дыялог, каб у выніку мы нарэшце займелі не проста незалежную дзяржаву, якой сёння ёсць Рэспубліка Беларусь, а нарэшце жылі ў дзяржаве нацыянальнай.
Змены мала бачныя, але яны ёсць. Прыходзіць разуменне і ў грамадстве краіны, Разуменне – дыяспара не проста неад’емная частка беларускай культуры, а важны партнёр для яе развіцця
Усе мы розныя, кожны мае сваё меркаванне (і ў гэтай разнастайнасці – наша каштоўнасць). Але ў момантах значна важнейшых за асабістае – захаванне і развіццё беларускай нацыі, захавання і ўмацавання дзяржаўнай незалежнасці, пабудове нацыянальнай дзяржавы – мы мусім знаходзіць кампармісы, глядзець шырэй за свае ўласныя выгоды, каб разам рухаць краіну ў пазітыўным, прагрэсіўным, дэмакратычным кірунку развіцця.
І як сказаў учора Міністр замежных справаў Уладзімір Макей, “Мы павінны ад менталітэту супрацьстаяння перайсці да менталітэту партнёрства. Іншага шляху няма”.