Сёмы з’езд беларусаў свету МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”: Прапановы ў дзяржаўную стратэгію “Беларусь — дыяспара” на перыяд да 2025 года
15–16 ліпеня 2017 г., г. Мінск
Сёння, ва ўмовах павышэння мабільнасці і росту магчымасцяў аддаленага ўзаемадзеяння, дыяспары набываюць новае значэнне. У сучасным свеце міграцыя стала больш актыўнай і разнастайнай, цяпер яна датычыцца сацыяльнага, культурнага, палітычнага жыцця і спараджае глабальны дыялог як у краінах паходжання, так і ў краінах пражывання дыяспары.
Патэнцыял дыяспары як “моста” паміж грамадствам і дзяржавай, а таксама паміж краінамі паходжання і пражывання стаўся агульнапрызнаным фактам.
Цягам апошніх дзесяцігоддзяў у многіх краінах былі створаныя дзяржаўныя падраздзяленні, якія адказваюць за ўзаемадзеянне з дыяспарай. Дзякуючы гэтаму дыяспара зрабілася паўнавартасным партнёрам у вырашэнні нацыянальных пытанняў і ў міжнародных адносінах.
Спецыяльныя міжурадавыя і парламенцкія камітэты гэтых краін ажыццяўляюць каардынацыю дзеянняў у выканаўчай і заканадаўчай сферах, забяспечваюць нарматыўна-прававую базу па інтэнсіфікацыі ўзаемадзеяння з дыяспарай. Важным крокам з’яўляецца распрацоўка спецыяльных дзяржаўных праграм, арыентаваных на дыяспару як удзельніцу працэсу развіцця.
Сёння ў свеце за межамі Беларусі пражывае больш за 3,5 мільёны беларусаў. Гэта багаты патэнцыял для развіцця Беларусі, прыцягнення ў краіну новых тэхналогій, методык, ведаў і інвестыцый у сацыяльную, культурную, эканамічную і іншыя сферы. Таму супрацоўніцтва з беларускай дыяспарай павіннае заключацца як у захаванні і падтрымцы дыяспары, так і ў інтэнсіфікацыі ўзаемавыгадных адносін.
16 чэрвеня 2014 года быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь №162-З “Аб беларусах замежжа”, які з’яўляецца першым і вельмі важным крокам у развіцці супрацоўніцтва Беларусь — дыяспара. Закон замацоўвае юрыдычны тэрмін “беларус замежжа”, акрэслівае кампетэнцыі дзяржаўных інстытуцыяў. У рамках Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2016–2020 гады дзейнічае падпраграма “Беларусы ў свеце”, накіраваная на задавальненне культурных патрэбаў арганізацый дыяспары.
I. Агульныя палажэнні:
1) Канцэпцыя развіцця супрацоўніцтва Беларусь — дыяспара (далей — Канцэпцыя) вызначае прыярытэтныя напрамкі, мэты, задачы і меркаваныя вынікі дзяржаўнай палітыкі развіцця супрацоўніцтва па кірунку Рэспубліка Беларусь — дыяспара.
2) Канцэпцыя вызначае прынцыпы і механізмы супрацоўніцтва з арганізацыямі дыяспары, ролю грамадзянскай супольнасці ў справе развіцця ўзаемадзеяння Беларусь — дыяспара.
3) Канцэпцыя грунтуецца на палажэннях Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Законе “Аб беларусах замежжа”, Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, міжнародных дамовах i пагадненнях Рэспублікі Беларусь, прынцыпах міжнароднага права, законах і падзаконных актах, з улікам зацікаўленасці беларускай дыяспары, актуальных патрэбаў Беларусі, сучасных міжнародных рэалій, новых выклікаў і тэндэнцый у міжнацыянальных адносінах, перадавога вопыту замежных краін.
4) Канцэпцыя развівае палажэнні Закона “Аб беларусах замежжа”, з’яўляецца адным з інструментаў яго рэалізацыі і ў той жа час уяўляе сабой самастойны дакумент доўгатэрміновага стратэгічнага планавання на рэспубліканскім узроўні.
5) Канцэпцыя дапаўняе і развівае асаблівасці дзяржаўнай палітыкі развіцця супрацоўніцтва Беларусь — дыяспара, не супярэчачы ёй, у сферах грамадскага кіравання і эканомікі; вызначае спосабы гарманізацыі гэтай палітыкі з агульнадзяржаўнымі праграмамі. Канцэпцыя прапануе сістэму маніторынгу рэалізацыі і ацэнкі палітыкі развіцця супрацоўніцтва Беларусь — дыяспара.
6) Дзяржаўная палітыка развіцця супрацоўніцтва Беларусь — дыяспара ажыццяўляецца органамі дзяржаўнага кіравання пад кіраўніцтвам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пры садзейнічанні профільных органаў, у тым ліку сіламі грамадскіх структур.
7) Канцэпцыя вызначае асноўныя грамадскія рэсурсы развіцця супрацоўніцтва Беларусь — дыяспара, у тым ліку задачы прасоўвання пазітыўнай інфармацыі аб супрацоўніцтве Беларусь — дыяспара.
8) У Канцэпцыі пералічаныя органы, адказныя за ажыццяўленне дзяржаўнай палітыкі развіцця супрацоўніцтва Беларусь — дыяспара, іх паўнамоцтвы і функцыі, а таксама задачы па рэгуляванні дзейнасці дзяржаўных органаў у гэтай сферы і забеспячэнні эфектыўнага супрацоўніцтва паміж імі.
II. Прынцыпы, мэты і задачы Канцэпцыі1) Дзяржаўная палітыка ў галіне супрацоўніцтва Беларусь — дыяспара ўяўляе сабой комплекс прававых, эканамічных, дыпламатычных, адукацыйных, культурных, арганізацыйных дзеянняў, накіраваных на захаванне беларускасці, забеспячэнне сістэматызаванага ўдзелу дыяспары ў жыццёва важных для Рэспублікі Беларусь пытаннях у рамках развіцця Беларусі як незалежнай нацыянальнай дзяржавы .
2) Мэта Канцэпцыі: захаванне і паглыбленне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў замежжа, забеспячэнне сістэмнага ўдзелу дыяспары ў жыццёва важных для Рэспублікі Беларусь пытаннях у рамках развіцця Беларусі як незалежнай нацыянальнай дзяржавы.
3) Задачы Канцэпцыі:
-
захаванне і ўмацаванне беларускай дыяспары, яе нацыянальнай самабытнасці і культурнай спадчыны;
- паглыбленне ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж дыяспарай і Беларуссю, прыцягненне ў Беларусь замежнага вопыту і інвестыцый у эканоміку, сацыяльную, адукацыйную і культурную сферы.
III. Ключавыя элементы Канцэпцыі:
1) Пабудова даверу
Сучаснае беларускае грамадства недастаткова інфармуецца пра тое, што за межамі краіны існуе і актыўна развіваецца беларуская дыяспара, якая, па розных ацэнках, дасягае 3,5 млн чалавек, г.зн. прыкладна 1/3 насельніцтва рэспублікі. Дасягненні і поспехі прадстаўнікоў беларускай дыяспары выключаныя з сённяшняга культурнага кантэксту, а значыць, і з гістарычнай памяці. У навучальных праграмах школ і ўніверсітэтаў няма спецыяльных раздзелаў і курсаў, прысвечаных дыяспары, адсутнічаюць згадкі пра дзеячаў культуры, навукі і мастацтва беларускага паходжання, якія працавалі за мяжой. Без інфармацыйна-асветніцкай, адукацыйнай кампаніі ўнутры Беларусі пабудова даверу паміж нашай краінай і дыяспарай немагчымая.
2) Прыцягненне/заахвочванне дыяспары
Паколькі ў сучасным свеце роля дыяспары трансфармавалася і цяпер яе прадстаўнікі выступаюць рэальнымі медыятарамі паміж гістарычнай Радзімай і грамадствам, неабходна, з аднаго боку, актывізаваць удзел дыяспары ва ўнутраным жыцці Беларусі, а з другога — сістэмна выкарыстоўваць пасярэдніцкі патэнцыял дыяспары.
3) Падтрымка дыяспары
Дзяржаўная палітыка ў гуманітарнай сферы мусіць быць накіраваная на паглыбленне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў замежжа, папулярызацыю беларускай культуры ў агульнасусветным маштабе, а таксама на прыцягненне моладзі з дыяспары да вывучэння беларускай мовы, культуры і традыцый.
4) Пашырэнне правоў і магчымасцяў
Прадстаўнікі беларускай дыяспары, якія дамагліся пэўнага сацыяльнага і эканамічнага дабрабыту ў краіне пражывання, нярэдка зацікаўленыя ў інвеставанні сродкаў для развіцця гістарычнай Радзімы і/або сумесных з беларускімі прадпрыемствамі праграм.
Распрацоўка спецыяльных праграм, скіраваных на пашырэнне правоў беларусаў замежжа, дазволіць як супольнасцям, так і індывідуальным прадстаўнікам узмацняць сувязі і выкарыстоўваць рэсурсы для пашырэння сваіх магчымасцяў, расстаноўкі ўласных прыярытэтаў і паляпшэння дабрабыту.
IV. Кірункі работы па рэалізацыі Канцэпцыі
1) Дзеля пабудовы адзінай культурнай і ментальнай прасторы паміж грамадзянамі Беларусі і прадстаўнікамі беларускай дыяспары, выкаранення рознасці, што ўзнікла ў савецкі час і ў першыя гады нашай незалежнасці, неабходна:
a) паставіць на сістэмную аснову вывучэнне дыяспары, забяспечыць дзяржаўнай падтрымкай спецыяльныя даследаванні па дыяспаральнай тэматыцы;
b) папулярызаваць дзейнасць і дасягненні дыяспары (інфармацыйныя і камунікацыйныя кампаніі ў Беларусі);
c) рэалізоўваць на сістэмнай аснове спецыяльныя праграмы для моладзі з Беларусі і з дыяспары, у тым ліку летнія школы, конкурсы, фестывалі;d) уключаць у школьныя і ўніверсітэцкія праграмы спецыяльныя курсы пра беларускую дыяспару, у тым ліку пра творчасць беларускіх пісьменнікаў з дыяспары і беларускай эміграцыйнай літаратуры.
2) З мэтай заахвочвання ўдзелу беларускай дыяспары ва ўнутраным жыцці Рэспублікі Беларусь, а таксама для больш сістэмнага і ўсебаковага выкарыстання патэнцыялу дыяспары ў сферы эканомікі, культуры, адукацыі і навукі, садзейнічання выкарыстанню інтэлектуальнага патэнцыялу і аказання падтрымкі тым, хто жадае вярнуцца, неабходна:
a) распрацаваць адпаведную дзяржаўную праграму;
b) распрацаваць і ўкараніць праграмы, якія стымулююць кансалідацыю нацыі і працэс рэпатрыяцыі; сумесна з адпаведнымі органамі дзяржаўнага кіравання стварыць механізм аператыўнай сувязі з дапамогай электронных камунікацый;
c) зыходзячы з інтарэсаў прадстаўнікоў дыяспары пашырыць нарматыўна-прававую базу партнёрства з дзяржавамі, у якіх пражываюць беларусы замежжа;
d) праводзіць на рэгулярнай аснове міжнародныя канферэнцыі і форумы, у тым ліку галіновыя з прыцягненнем спецыялістаў з дыяспары з мэтай абмену вопытам, прафесійнага росту мясцовых (з Рэспублікі Беларусь) спецыялістаў, стварэння прафесійных міжнародных сетак;
e) арганізаваць падтрымку беларускіх пісьменнікаў, мастакоў, архітэктараў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і іншых культурных дзеячаў дыяспары.
3) Для развіцця дзяржаўнай палітыкі ў гуманітарнай сферы, накіраванай на паглыбленне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў у дыяспары, папулярызацыю беларускай культуры ў агульнасусветным маштабе, а таксама на прыцягненне моладзі — членаў дыяспары да вывучэння беларускай мовы, культуры і традыцый неабходна:
a) распрацаваць навучальныя праграмы па беларускай мове і гісторыі Беларусі, якія маглі б быць выкарыстаныя ў навучальным працэсе ў школах і ВНУ тых дзяржаў, дзе пражываюць прадстаўнікі беларускай дыяспары;
b) распрацаваць сертыфікат міжнароднага ўзору для пацверджання ўзроўню ведання беларускай мовы, забяспечыць інтэнсіўныя курсы падрыхтоўкі і апарат для іх адміністравання;
c) сумесна з міжнароднымі структурамі (ЮНЕСКА), а таксама на нацыянальным узроўні распрацаваць і ўкараніць праграмы абароны беларускай гісторыка-культурнай, архітэктурнай спадчыны (у тым ліку гістарычныя пабудовы рэлігійнага, адміністрацыйнага, гаспадарчага прызначэння, некропалі) як на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, так і па-за яе межамі;
d) праводзіць штогадовыя (як на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, так і за яе межамі) міжнародныя фестывалі беларускай мовы, культуры, нацыянальных традыцый.
4) Дзеля пашырэння сеткі беларускай дыяспары павялічыць магчымасці дыяспаральных супольнасцяў праз механізмы іх эканамічнага і іміджавага заахвочвання.