Віншуем з Днём Волі!
Дарагія сябры!
Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” віншуе ўсіх беларусаў з найвялікшым нацыянальным святам – Днём Волі!
25 сакавіка 103 гады таму Беларуская Народная Рэспубліка была абвешчана вольнай і незалежнай дзяржавай, беларусы зрабіліся гаспадарамі на сваёй зямлі. Дэмакратычныя ідэалы і каштоўнасці, закладзеныя заснавальнікамі беларускай дзяржаўнасці ў гэты падмурак уражваюць сваёй трываласцю і дальнабачнасцю, служаць духоўным арыенцірам і натхняюць людзей на ўвасабленне іх у рэчаіснасць.
Зычым усім годна адзначыць гэты Дзень Волі – у гэтым годзе як ніколі насычаны адчуваннем сусветнай беларускай салідарнасці! Будзьма разважлівымі і моцнымі! Не губляйма імпэту! Памятайма пра тых, хто, як і стагоддзе таму, ахвяраваў дзеля волі, незалежнасці і дэмакратыі ў Беларусі воляй асабістай, і цяпер сустракае свята за кратамі. Пра тых, хто паклаў за гэта сваё жыццё.
Жыве Беларусь!
|