Абвешчаны поўны спіс прэміі Арсенневай

У поўны спіс сёлетняй прэміі імя Наталлі Арсенневай за найлепшую кнігу паэзіі ўвайшло 17 кніг. Да ўдзелу ў конкурсе прымаліся паэтычныя кнігі на беларускай мове, выдадзеныя ў 2020 годзе. 

Сёлета на прэміі Арсенневай прадстаўлены восем беларускіх, адно ўкраінскае і адно чэшскае выдавецтва. Лідарам па колькасці намінантаў з’яўляецца выдавецтва “Кнігазбор” – пяць паэтычных зборнікаў, выдавецтва “Галіяфы” прадстаўлена чатырма кнігамі, “Медысонт” – дзвюма кнігамі. Усе астатнія выдавецтвы намінавалі на прэмію па адной кнізе.


Поўны спіс намінантаў на прэмію імя Наталлі Арсенневай:

  • Маргарыта Аляшкевіч “Слоўныя ловы”. Выдавецтва “Галіяфы”, Мінск.

  • Васіль Аўраменка “Кругі і колы”. Выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск.

  • Міхал Бараноўскі “Volumen.2”. Выдавецтва “Медысонт”, Мінск.

  • Алеся Башарымава “Расамаха”. Выдавецтва “Медысонт”, Мінск.

  • Раіса Варонік “Вінаградная лаза”. Выдавецтва “Слонімская друкарня”, Слонім.

  • Вольга Гапеева “Словы, якія са мной адбыліся”. Выдавецтва “Галіяфы”, Мінск.

  • Зінаіда Дудзюк “Прадвызначэнне”. Выдавецтва “Альтэрнатыва”, Брэст.

  • Васіль Жуковіч “Боль, і вера, і любоў”. Выдавецтва “Каўчэг”, Мінск.

  • Артур Камароўскі “Вада пачынае жыць”. Выдавецтва “Галіяфы”, Мінск.

  • Мікола Кандратаў “На Божай далані”. Выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск.

  • Марыя Мартысевіч “Як пазбыцца Маматута”. Выдавецтва “Koska”, Мінск.

  • Ванда Марцінш Душ Рэйш “Мора мары”. Выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск.

  • Яна Нікіфарава “Пяць стадый прыняцца Яны Н.”. Выдавецтва “Галіяфы”, Мінск.

  • Алесь Плотка “Лотас на асфальце”. Выдавецтва “Люта справа”, Кіеў.

  • Юля Цімафеева “ROT”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск; выдавецтва “Вясна”, Прага.

  • Людміла Шчэрба “Я пакідаю сонца тут…”. Выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск.

  • Таццяна Яцук “Алфавітная музыка слоў”. Выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск.

Пераможцу вызначаць сябры журы: паэт і літаратуразнаўца Віктар Жыбуль, паэт і перакладчык Сяргей Прылуцкі, пісьменніца і літаратуразнаўца Ганна Севярынец, паэтка, бард, выкладчыца Лера Сом, паэт, перакладчык і лаўрэат прэміі Наталлі Арсенневай 2020 Андрэй Хадановіч.

Прэмія за найлепшую кнігу паэзіі была заснаваная ў 2017 годзе ў гонар Наталлі Арсенневай – выбітнай беларускай паэткі, зоркі літаратуры Заходняй Беларусі, аўтаркі знакавага верша “Магутны Божа”.

У 2020 годзе прэмію атрымаў Андрэй Хадановіч за кнігу “Школа травы”, у 2019 – Марыя Мартысевіч за кнігу “Сарматыя”, у 2018 годзе Алесь Разанаў і яго кніга “Перавыбранае”. Першым лаўрэтам прэміі быў Уладзімір Някляеў, які ў 2017 годзе атрымаў ўзнагароду за кнігу “Толькі вершы”.

Арганізатарамі прэміі з’яўляюцца Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр і Згуртаванне “Бацькаўшчына”.  Літаратурная прэмія імя Наталлі Арсенневай заснаваная пры спрыянні Фонду культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі.

Сачыць за навінамі прэміі Наталлі Арсенневай можна на старонцы ў Facebook і на сайтах арганізатараў, задаць пытанні можна, напісаўшы на адрас paezija@gmail.com.


Інфармацыйны цэнтр МГА „ЗБС „Бацькаўшчына“