У новым выпуску відэапраекта «Словы мацней» спявачка Кецеван Асраташвілі чытае верш Ігната Дварчаніна «Покліч».
Кецеван Асраташвілі — спявачка, акторка, настаўніца, заснавальніца гурта K3TYVANA. Нарадзілася ў 1994-м у Тбілісі ў грузінска-беларускай сям’і, праз 5 гадоў пераехала ў Мінск. Скончыла Дзяржаўны ўніверсітэт культуры. У 2014 г. намiнацыя песьнi года Беларусi «клубны хiт» з беларускамоўнай песняй, у фармаце электроннай музыкi «Боль». Прадстаўнік ад Беларусi на фестывалi «Файне мiсто 2018» (Украiна, г. Тернопiль), двойчы ўдзельнiчала ва ўкраінскiм «Х-фактары». Фіналістка конкурсу «ЗАСПЯВАЙ. BY». Кецеван — чалавек з неабыякавай душой і актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, якую не баіцца выказваць публічна. Бярэ ўдзел у праекце, каб выказаць салідарнасць і падтрымаць рэпрэсаваных дзеячоў і дзяячак культуры.
Ігнат Дварчанін (1895-1937), яго шлях — пастаяннае памкненне да асветы і патрабаванне асветы для беларусаў. Выхадзец з вяскоўцаў, праз усе нягоды пачатку ХХ стагоддзя, ён ідзе да сваёй мэты. Настаўнічае ў вясковых школах, трапляе на фронт І сусветнай, аказваецца на Заходнім фронце і ўдзельнічае ў станаўленні беларускай дзяржаўнасці — ён сябра партыі Беларуская сацылістычная грамада, дэлегат Усебеларускага з’езду. У 1918-м працуе ў Маскве сярод нацыянал-камуністаў у Беларускім нацыянальным камісарыяце, спрыяе ўзнікненню Савецкай Беларусі. Потым пераязджае на захад, працуе на дробных пасадах у Вільні, Дзвінску (Даўгаўпілсе), піша вершы. Урэшце трапляе на гісторыка-філалагічны факультэт Карлава ўніверсітэта ў Празе, дзе пасля заканчэння вучобы абараняе дысертацыю «Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве». Пасля Прагі разам з дзеячамі БСРГ уключаецца ў культурніцкую дзейнасць (выдае «Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры», выкладае ў Віленскай беларускай гімназіі) і палітычную барацьбу, становіцца дэпутатам Сейму, польскага парламенту, ад Наваградскай акругі. У 1930-м арыштаваны польскімі ўладамі і асуджаны да 8 год турмы. У 1932, разам з іншымі беларускімі пасламі польскага сейму, абменены савецкай уладай у выніку дамоваў паміж Польшчай і СССР. Праз зусім кароткі час усе былыя парламентарыі былі арыштаваныя ўжо ў Менску па чарговай калектыўнай сфабрыкаванай справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру». Дварчанін прыгаворваецца да расстрэлу з заменай пакарання на 10 год лагероў. Там, на поўначы Расіі, на будаўніцтве Беламорканалу, ён адбывае новы тэрмін, там жа ў лагеры яго зноў арыштоўваюць у 1937-м, каб расстраляць.
Гэты праект – рэакцыя на пераслед людзей, якія неўзабаве пасля згаданых выбараў у розных людных мясцінах Мінска сталі збірацца, каб разам спяваць беларускія песні. Найбольш актыўных з іх, і найперш, культурніцкіх дзеячаў, сталі цікаваць.
У кожным роліку праекта сучасныя дзеячы культуры, якія пацярпелі ад пераследу і ўціску пасля 9 жніўня 2020 года, чытаюць творы сваіх папярэднікаў, асуджаных у сталінскія часы.
Як гэта ні жахліва, але паміж лёсамі творцаў у 1930-я гады і ў 2020-м ёсць пэўная аналогія.
«Словы мацней»: Леанід Паўлёнак чытае Уладзіміра Жылку
«Словы мацней»: Аляксандр Памідораў чытае твор Зямы Піваварава
«Словы мацней»: Галіна Казіміроўская чытае твор Міхася Чарота
«Словы мацней»: Ганна Комар чытае Францішка Аляхновіча
«Словы мацней»: Тарас Тарналіцкі чытае Станіслава Грынкевіча
«Словы мацней»: Андрусь Такінданг чытае верш Паўлюка Шукайлы
«Словы мацней»: Дзмітрый Строцаў чытае Майсея Кульбака
«Словы мацней»: Лэслі Найф чытае верш Вацлава Ластоўскага
«Словы мацней»: Раман Абрамчук чытае Максіма Гарэцкага