40 гадоў без права ўезду ў краіну

Адбываецца гэта наступным чынам. Тэлефануюць малазнаёмыя людзі і паведамляюць сакрэтную інфармацыю: „Жах! Вас праслухоўваюць, за вамі сочаць! Вы на кручку ў спецслужбаў! Яны здольныя зрабіць з вамі што заўгодна!“. А калі раптам ты не збаяўся, ладзяць сустрэчу з людзьмі „адтуль“, якія выразна тлумачаць: на тэрыторыі РФ ты не патрэбны. Затым адмаўляюць у праве на жыхарства, спасылаючыся на ФСБ ці МУС, і праз тыдзень актывіста ўжо няма ў краіне.


01-1c916b19655b4e999967ef245d124465.png

Акцыя салідарнасці ў Маскве. Фота: Улад Докшын / «Новая»


Усё гэта - без адзінай паперкі, без пастаноў і пратаколаў. Толькі словы і тэлефанаванні. Старонняму назіральніку можа падацца, што гэта бязглуздзіца. Што чалавек нешта сам сабе напрыдумляў і раптам з’ехаў. Але гэта не трызненне, гэта спецаперацыя.

Да канца снежня беларусаў, якія выходзілі на акцыі да амбасадаў у Маскве і Пецярбургу, па вялікім рахунку ніхто не чапаў. Усё абмяжоўвалася адзінкавымі затрыманнямі, ды і тыя можна па пальцах пералічыць. Амаль кожны раз без пратаколаў і штрафаў. Паліцыянты млява прасілі паводзіць сябе на вуліцы спакойна, але ўрэшце нібыта змірыліся з сітуацыяй.

Выходзяць сабе - і няхай, Пуціна ж не лаюць, Навальнага не хваляць. А да Расіі гэтыя акцыі наогул ніякага дачынення не маюць.

Гайкі пачалі закручваць у снежні. Затрымалі 14 беларусаў, якія сабраліся ў цэнтры Пецярбургу, - нібыта праз парушэнне пандэмічных правілаў. Прыехаў Цэнтр «Э», хаця незразумела, з якога часу ў нас кавідам займаецца Цэнтр «Э». «Э» - гэта экстрэмізм, а не эпідэмія або «Э, нешта вы мне не падабаецеся». Але прыехалі, пагутарылі, пасля чаго выхады спыніліся. Але ў Маскве выходзілі да канца студзеня, хаця і адчувалася, што хмары робяцца гусцейшымі.

У студзені з Ланай Савановіч, каардынатаркай беларускай дыяспары, звязаўся знаёмы адвакат (знаёмы вельмі аддалена). І сказаў, што яе праслухоўваюць, а таксама праглядаюць паводле ключавых словах перапіску. Ёсць, маўляў, такая праграма, што рэагуе на ключавыя словы.

Лана сказала: «Ха-ха!». Тэлефануе нейкі мужык ды вярзе лухту. Няможна да гэтага сур’ёзна ставіцца. Калі яна апавяла мне гэта, я адразу ўспомніў, як нас запалохвалі ў верасні, калі мы з сябрамі рабілі „Партызан-фэст“ у падтрымку рэпрэсаваных у Беларусі. Тады таксама тэлефанаваў далёкі знаёмы, які нібыта меў сувязі ў сілавых структурах, і казаў, што нас праслухоўваюць, што „там“ - ведаюць кожны наш крок. І калі мы адважымся зладзіць канцэрт, то прыедуць, усіх павяжуць і павыдзіраюць правады з сеткі. Усё чыста тое самае. З той толькі розніцай, што ў нас пашпарты расейскія, а ў Ланы – рэгістрацыя, і яна нават не мела віду на жыхарства.

У лютым, ужо пасля акцый за Навальнага, яна паехала атрымліваць гэты дакумент. Па тэлефоне ёй сказалі, што ўсё добра, можна прыязджаць. Дый падставы законныя: муж у яе – грамадзянін РФ, дачка таксама грамадзянка.

Яна прыязджае ў Сахарава, якраз у той самы момант, калі туды звозяць з усёй Масквы затрыманых „на Навальным“: „Працягваю пашпарт, дзяўчынка адыходзіць і вяртаецца з акругленымі вачыма: «Вам адмова па лініі ФСБ». – «Чаму ФСБ? І што цяпер рабіць?» Навяла даведкі праз знаёмых, тыя сказалі: «Так, гэта праўда. Гаворка ідзе пра пагрозу канстытуцыйнаму ладу РФ, ні больш ні менш. Неадкладна з’язджайце!». Тэлефаную ў «Грамадзянскую помач» (Мінюст прызнаў арганізацыю замежным агентам) да адвакатаў, і яны мне тлумачаць: «У вас максімум два тыдні. Гэтыя справы не аспрэчваюцца, гэта ФСБ, усё бессэнсоўна»“.

Праз тыдзень яна была ў Польшчы. Чалавек, які бачыў яе дасье, пацвердзіў: так, Лану сапраўды маніторылі, у ФСБ ёсць спіс кантактаў з яе мэсенджэраў. Савановіч, на іх меркаванне, арганізатарка незаконных мітынгаў ля амбасады Рэспублікі Беларусь. Хаця нідзе ніводнага разу пікеты ля амбасады не фігуравалі ў якасці незаконных мітынгаў. Калі яны незаконныя, дык чаму іх паўгады не разганялі? Ды і ніводнага пратаколу на Лану не існуе ў прыродзе. Але тым не менш.

А вось як гэта адбывалася з Русланам Хазіным. Руслан – інжынер-электратэхнік з Гродна, калісьці працаваў на прадпрыемстве „Гродна-Азот“, тым самым, на якім ладзілі стачкі. У Піцеры – з 2012-га. І ўсё ў яго было файна. Добрая праца, наладжаны побыт. У палітыку ніколі не лез, прычым не толькі ў расійскую, але і ў беларускую таксама. Пратэстным ён зрабіўся 9 жніўня, калі яму не далі прагаласаваць на выбарах, а затым ў Мінску пачаўся гвалт.

Тымі днямі ўсе стыхійным чынам перазнаёміліся міжсобку, з’явіўся чат „Беларусы Пецярбургу“, пачаліся выхады да амбасады. Дарэчы, выхады і пратэсты для Руслана, як і для Ланы, былі наогул не галоўнай і не самай важнай часткай актыўнасці. Галоўнымі былі – дапамога ўцекачам ад Лукашэнкі, матэрыяльная і юрыдычная.

Жытло, дакументы, працаўладкаванне.

Я апавядаю пра гэта так падрабязна, таму што Руслану, мяркуючы па ўсім, шыюць нешта накшталт кіраўніцтва баявой групай па ўказцы з-за мяжы. Адзіная баявая акцыя Руслана – бел-чырвона-белы сцяг над Ісакіем. Гэта адбылося ў лістападзе. Яны з сябрам сустрэлі чарговых бежанцаў, якія ў якасці прэзенту прывезлі ім пяціметровы сцяг. Шпацыравалі па цэнтры і вырашылі сфатаграфавацца на каланадзе Ісакіеўскага сабору. Працягвалася гэта прыкладна хвіліну. Штраф – 10 тысяч. І ўсё, пасля аж да самага да студзеня ўсё было ціха.


02-2397a6c8bad04682bf4e0ee8e1e29bf1.jpg

Скрыншот


А ў студзені – увага! – „прыйшла інфармацыя, што намі цікавіцца МУС Беларусі. І таму нам параілі на некаторы час сцішыцца, не высоўвацца. Я зразумеў, што ў мяне праслухоўваюць тэлефон, былі спробы ўлезьці ў мой телеграм. Раптоўна змяняліся нейкія налады, якія я не чапаў. Мы перайшлі на двухфакторнае шыфраванне, уключылі максімальную канфідэнцыйнасць, пачалі стасавацца праз уключаны VPN. Мінімум інфармацыі па тэлефоне, асноўнае – пры асабістай сустрэчы“.

Гэта сапраўды ўдае на канспірацыю. Адчуванне дурное: ты не робіш нічога незаконнага, а за табой усё адно сочаць. І, падобна, сапраўды сачылі:

„У нас у двары звычайна пяць-шэсць машын. Чужых практычна няма. А пасля 23 лютага з’явілася нейкая новая. Тымі днямі былі снегапады па начах, але менавіта ў гэтай машыны заўсёды былі працертыя вокны, яна такой чысценькай у параўнанні з іншымі стаяла, нібы толькі з гаража. І відэарэгістратар павернуты да майго пад’езду“.

Тады ж Руслану заблакавалі пропуск у „Лахта-цэнтр“, дзе ён кіраваў электратэхнічнымі працамі. Правялі да ахоўнага офісу – там хлопцы хочуць з вамі пагутарыць. „А я разумею ўжо, што за хлопцы. Паверх цалкам пусты. Ходзяць два мужычкі па калідоры. Прайшлі міма, адзін зайшоў ззаду, устаў каля выхаду на лесвіцу, другі дагнаў нас і кажа начальніку аховы: «Свабодны». Маўляў, ідзі гуляй. А мне ў твар тыкае корачкамі: «Крымінальны вышук. Для вас не дзіва, што мы вамі цікавімся?» Я кажу: «Калі крымінальны вышук, то дзіва, а калі нейкая іншая служба, дык я прыкладна здагадваюся, пра што вы хочаце пагутарыць».


03-f280f3a81f0c4899ac37f75bf42f1777.jpg

Руслан Хазін каля амбасады ў Маскве. Фота з асабістага архіву


І сталі канкрэтна цікавіцца, якім чынам я каардыную людзей, ад каго атрымліваю інфармацыю і заданні. Пытаюся: «А чаму наша дзейнасць вас так раздражняе?» – «Вы тут збіраецеся па беларускай тэматыцы, а нашыя бачаць гэта і таксама робяць мітынгі, гэта трыгер для пратэстаў, звязаных з Навальным». Сэнс быў такі, што мы падаем дрэнны прыклад расейцам. І яшчэ такія словы былі: «Вы змагаецеся за сваю краіну і сваіх людзей, а мы – за сваю». «За краіну ці за народ?» – «Усё зразумела, дамаўляцца не жадаеце. Тады прыйдзецца з’ехаць. У дачыненні да вас ужо ёсць крымінальная справа». – «Якая?» – «Вы ж разумееце нашы магчымасці, мы можам гэта як заўгодна аформіць».

– А ці быў варыянт, каб дамовіцца з імі?

– Так, наўпроста казалі: «Падзяліцеся інфармацыяй, і мы пабудуем дыялог». Хацелі ведаць, з кім я звязаны, якім чынам трымаю сувязь.

– Яны сапраўды лічаць, быццам ёсць нейкая змова, нейкая заходняя кантора, якая кіруе пратэстам?

– Мне падалося, што сапраўды. Паводле іхнай версіі намі кіруе офіс Ціханоўскай або нейкая іншая арганізацыя, а я з ёй звязаны, і праз мяне паступаюць указанні для пратэстоўцаў. Гэтая тэма гучала цягам дзвюх гадзінаў, да яе вярталіся літаральна праз кожныя дзесяць хвілін.

– Што было далей?

– Праз тры дні патэлефанавалі: «Добры дзень, як вашы справы? Ці збіраеце рэчы?» На наступны дзень яшчэ адзін званок, зноў ад іх: ці я ўжо купіў квіток? Я зразумеў, што далей чакаць небяспечна. Калі праз пару дзён не паеду, дык мне дапамогуць. А дапамогуць – гэта азначае дэпартацыю ў Беларусь, дзе мяне дакладна нічога добрага не чакае. Раніцай я сабраў рэчы і «на перакладных», аплочваючы ўсе выдаткі толькі наяўнымі, даехаў да мяжы з Украінай. Адтуль – у Польшчу, я меў гуманітарную візу“.

Як і ў гісторыі Ланы, у аповедзе Руслана не фігуруе ніводнай паперкі, усё на словах. Яго нават звольнілі па тэлефанаванні:

„Патэлефанавалі з праваахоўных органаў, сказалі, што трэба цябе звольніць“. Зразумела, для чаго гэта робіцца. Каб нельга было звярнуцца ў прэсу, каб не было што аспрэчыць праз суд.

Зразумела, чаму яны так напалоханыя. Навідавоку прыклад Уладлена Лася, юрыста ФБК (Мінюст прызнаў арганізацыю замежным агентам), якога ў студзені вывезлі ў Беларусь з мяшком на галаве. А ў Беларусі такіх людзей, як Лана і Руслан, чакаюць катаванні і смерць.

І ёсць яшчэ адна важная гісторыя, якая зараз прыцягнула ўвагу. Працэс экстрадыцыі чатырох беларусаў: Прылуцкага, Кудзіна, Шабалюка і Казімірава. Усе чацвёра цяпер у СІЗА, трое ў Маскве, адзін у Піцеры. Кожнага на радзіме чакаюць сур’ёзныя тэрміны за ўдзел у пратэстах. Яны звярнуліся па палітычны прытулак да расейскіх уладаў, але замест прытулку трапілі ў турму.

І Лана, і Руслан спрабавалі і спрабуюць ім дапамагчы. Арганізоўвалі перадачы, распаўсюджвалі інфармацыю праз СМІ. Пільная ўвага ў дачыненні да іх, напэўна, была яшчэ і праз гэта. Больш за тое, яны звярталіся да дэпутатаў і чыноўнікаў, прасілі заступіцца, і гэта таксама, напэўна, выклікала раздражненне. Лана да гэтага часу не хоча верыць, што расейская дзяржава на баку Лукашэнкі. Для яе і для многіх іншых усё залежыць ад таго, як цяпер абыйдуца з гэтымі чатырма. Выдадуць – тады ўсё, канец, з Расеяй усё зразумела. Не выдадуць – значыць, яшчэ не ўсё страчана. Астатняе – драбяза, можна і пацярпець. Беларусы – вельмі цярплівыя людзі.

Між тым, прэсінг ідзе поўным ходам. Неабавязкова гэта дэпартацыя, спосабаў ціску шмат. „Нашу дзяўчыну цягалі на Лубянку, – расказвае Лана, – схілялі да падпісання паперы аб супрацоўніцтве. Хтосьці вытрымлівае такое, хтосьці ламаецца. Але я нікога не асуджаю, кожны мае сваю мяжу ўпартасці, «заўзятасці», як кажуць беларусы.

– Ці шмат такіх прыкладаў? Які наогул маштаб бедства?

– Я ведаю самае малое дзесяцёх, але ўсяго, напэўна, больш. Людзі не любяць расказваць пра такое. Проста бачна: вось чалавек актыўны, а вось нешта з ім адбылося, і ён рэзка сыходзіць у цень. Як падмянілі, адразу: «Усё-усё, ніякай палітыкі…» Яшчэ адну дзяўчынку папярэджвалі знаёмыя, былыя сілавікі: «Ты ходзіш па тонкім лёдзе». І такога шмат, асабліва цяпер.

Новы кейс – справа дзвюх дзяўчат, якія фатаграфаваліся з БЧБ-сцягам 31 студзеня. Насці М. і Ларысе Н. прысудзілі ў лютым штрафу 10 тысяч, ды тае бяды. Але ўжо падчас суду іх папярэдзілі, што могуць быць праблемы з міграцыйнымі службамі. І не зманілі. Насця паехала ў Сахарава падавацца на від на жыхарства, там яе адразу ж праверылі па базе і нават не прынялі дакументы. „Вырашайце спачатку свае праблемы з МУС“. – „А што здарылася?“ – „Вам на 40 гадоў забаронены ўезд у РФ“. На 40 гадоў. Да 2061 году. За фатаграфію.

Якія страшныя людзі гэтыя беларусы, небяспечныя. Але чаму за іх так узяліся менавіта зараз, а перад гэтым некалькі месяцаў амаль не чапалі? Відаць, справа ў Навальным.

Хтосьці наверсе моцна перакананы, што сілы зла спрабуюць рэалізаваць у Расіі беларускі сцэнар. Беларусь – роўна Навальны. Гучыць гэта бязглузда, і можна было б пасмяяцца, каб не дзесяткі людзей, якіх выганяюць з краіны, запалохваюць, праслухоўваюць.

А самае галоўнае, што ўсё гэта абсалютна пазбаўлена сэнсу. Колькі грошай траціцца дарма, колькі часу, колькі высілкаў. За мінулы год кавід навучыў людзей, што многія рэчы можна рабіць праз інтэрнэт, а не асабіста. Дамаўляцца з адвакатамі і збіраць дапамогу рэпрэсаваным з Варшавы не больш складана, чым з Піцера і Масквы.

А ў нейкім сэнсе нават прасцей: дакладна ведаеш, што па цябе не прыйдуць. Ютуб-каналы, тэлеграм-каналы, стрымы – спыніць усё гэта немагчыма. Што мусіць здарыцца, таго не абмінеш. Вось толькі крыўдна, што Расея ў гэтай гісторыі выступае ў ролі паліцэйскага цэрбера. Гэта відавочна не на карысць нашаму іміджу.

Лана так і сказала мне:

– Сваёй мэты яны не дасягнулі. І мне здаецца, што не дасягнуць. Спачатку, вядома, быў шок, але калі я прыехала ў Варшаву, то вольна ўздыхнула, развязаліся рукі. Пакуль я знаходзілася тут, мы ўжо сабралі грошы на тое, грошы на сёе, дапамаглі таму, зрабілі гэта…

– А як жа барацьба з рэжымам?

– А мы не хістаем рэжым і ніколі не хісталі. Мы дапамагаем тым, хто ад яго пацярпеў.

Ян Шэнкман, „Новая Газета“