Госця з Малдовы - Ганна Мазур наведала сядзібу Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” 31 кастрычніка. Яна - старшыня створанага сёлета Беларускага культурнага руху Малдовы (БКРМ). Спадарыня Ганна прыехала ў Беларусь разам са сваімі дзецьмі на юбілей да маці, а перад ад’ездам завітала, каб падзяліцца поспехамі і планамі арганізацыі.
Алена Макоўская, Ганна Мазур і Ніна Шыдлоўская
Пра некаторыя падзеі ў жыцці БКРМ чытачы нашага сайта і бюлетэня “Беларусы ў свеце” ўжо ведаюць, бо Ганна Мазур стала дасылае інфармацыйныя матэрыялы і падтрымлівае сувязь. Ужо згадвалася, напрыклад, аб праекце “Дзверы да этнічных каранёў”, аб удзеле ў Днях славянскай пісьмовасці ў Малдове і ў шэрагу тэлеперадач, паведамлялася пра афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Малдову ў верасні. “Да гэтага апошні раз ён тут быў у 1996 годзе, калі адкрывалася наша амбасада, - патлумачыла Ганна Мазур. - Як мне сказалі, колькі было афіцыйных візітаў, Аляксандр Рыгоравіч ніколі не сустракаўся з прадстаўнікамі дыяспары. А тут няхай хоць на тыя 5-10 хвілін, але ён пагутарыў з намі, даў нам магчымасць нешта выказаць, так што гэта была, можна сказаць, таксама гістарычная падзея. Сустракалі прэзідэнта хлебам-соллю, на ручніку, які вышывала яшчэ мая прабабуля. Я лічу, што калі дыяспары ў іншых краінах свету будуць мець магчымасць на такім узроўні адчуваць да сябе ўвагу, то гэта будзе дарагога варта”.
За гэты час адбыліся і іншыя цікавыя, значныя і нават гістарычныя падзеі. Адна з іх - гэта форум нацыянальных меншасцяў Рэспублікі Малдова, які адбыўся ўпершыню за 20-гадовую гісторыю існавання незалежнай дзяржавы. Гэтае ўрачыстае мерапрыемства адбылося 18 верасня ў Палацы Рэспублікі ў Кішынёве пад патранатам старшыні малдоўскага парламента Ігара Кормана. Форум сабраў больш за 500 прадстаўнікоў розных этнасаў.
Падчас форума нацыянальных меншасцяў Рэспублікі Малдова
“Гэта была канцэптуальная і важная падзея, - сказала спадарыня Ганна. - Мы разам з прадстаўнікамі дзяржавы абмяркоўвалі нашыя праблемы, планы, перспектывы, таму што цяпер так неспакойна ў свеце, і няясна, куды рухацца далей, як жыць разам. Падзея выклікала добры рэзананс, спадзяемся, што яна будзе мець працяг”.
Апрача іншага, на форуме абмяркоўвалі канцэпцыю законапраекта: “Стратэгія інтэграцыі нацыянальных меншасцяў Рэспублікі Малдова”, над распрацоўкай якога цяпер працуюць Бюро міжэтнічных адносін Рэспублікі Малдова і прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў.
Прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў мелі магчымасць выступіць на гэтым форуме: разам з прэзідэнтам і прэм’ер-міністрам слова мелі прадстаўнікі арганізацый украінцаў, рускіх, гагаузаў і балгараў. Далі слова і старшыні Беларускага культурнага руху Ганне Мазур, якая выступіла ад імя беларусаў Малдовы. Уступ спадарыня Ганна зрабіла па-беларуску і па-румынску (асноўны тэкст быў на рускай мове). “Калі я сказала вітальнае слова па-беларуску, гэта выклікала шквал апладысментаў, - згадала яна. - Увогуле малдаване ва ўсім вельмі добра ставяцца да беларусаў”. Прамову спадарыні Ганны можна пачытаць па спасылцы.
Гэтыя словы выдатна падмацоўвае наступны прыклад. У беларускай школцы, дзе з дзецьмі займалася Ганна Мазур, ёсць дзеткі, якія з Беларуссю ніяк не былі звязаныя, але якія пачалі ўдзельнічаць у беларускіх мерапрыемствах. Адна такая дзяўчынка - 10-гадовая Альбіна Анфінагенава - пагадзілася развучыць беларускую песню, каб выканаць яе на Рэспубліканскам фестывалі этнасаў. Гэты штогадовы фестываль, які праводзіць Міністэрства культуры Малдовы разам з Бюро міжэтнічных адносін, праходзіў і ў верасні гэтага года вось ужо ў чатырнаццаты раз. У БКРМ была магчымасць прадставіць невялічкі беларускі блок у самым сэрцы Кішынёва - на сцэне цэнтральнага парку імя Штэфана Чэл Марэ. Альбіне Беларусь вельмі падабаецца, і таму яна вывучыла акапэльна песню “Жаўраначка” (якую спявае Алеся і гурт “Сябры”) і выканала яе неверагодна чыста і прыгожа, нібы сапраўды прыехала з Беларусі. Ганна Мазур сказала, што ўражанне ад выканання было незабыўнае: “Стаіш, слухаеш, думаеш і разумееш: нават дзеля толькі такіх момантаў варта рабіць нешта на карысць роднай зямлі. Калі ёсць шчырае жаданне прышчапіць і выхаваць родны беларускі парастак там, дзе, здавалася б, яго быць і не павінна, то гэта магчыма”.
Выступае Альбіна Анфінагенава
Выдатнай навіной для нас стала з’яўленне штомесячнай перадачы па-беларуску на рэспубліканскім радыё Малдовы. Распачаў яе Генадзь Зяньковіч, прафесійны журналіст і кіраўнік новага грамадскага аб’яднання - Таварыства дружбы і супрацоўніцтва “Беларусь - Малдова”. У перадачах, якія атрымалі назву “Беларуская крыніца”, распавядаецца пра жыццё беларускай дыяспары, а пачуць іх кожную першую сераду месяца можна не толькі ў Малдове, але і ў памежных рэгіёнах. У будучым мяркуецца змясціць гэтыя перадачы на сайце БКРМ, які ўжо распрацоўваецца. Ганна Мазур выказала спадзяванне, што інтэрнэт-старонка арганізацыі з’явіцца да канца года.
Сярод іншых планаў - пашырэнне праекта “Дзверы да этнічных каранёў”. Калі будзе магчымасць, у наступным годзе плануецца ўключыць у яго больш значную колькасць дзетак. Таксама БКРМ рыхтуецца да такой значнай падзеі як святкаванне 60-годдзя мастака Вячаслава Ігнаценкі, да якой плануецца зрабіць яго персанальную выставу ў Бюро міжэтнічных адносін. (Нядаўна мы змяшчалі на сайце матэрыял Юрыя Статкевіча пра яго выставу “Усім, хто любіць Малдову і Беларусь”.)
Шматлікія планы звязаныя са стварэннем Беларускага культурнага цэнтра імя Янкі Купалы для ўсіх беларусаў Малдовы, пра што афіцыйна абвясціла Ганна Бабіна - гаспадыня новага гандлёвага цэнтра “Керамін Гранд Кераміка” - падчас яго ўрачыстага адкрыцця ў рамках афіцыйнага візіту ў Малдову кіраўніка Беларусі. Гэтае памяшканне, якое гаспадыня выдзеліла беларусам Малдовы, месціцца ў цэнтры Кішынёва, у вялізным, сучасным і прыгожым будынку. Яно павінна стаць, як выказаўся Аляксандр Лукашэнка, прывабным астраўком беларускай зямлі ў Малдове і садзейнічаць папулярызацыі беларускай культуры, умацаванню дружбы паміж нашымі народамі. Паводле словаў Ганны Мазур, сама Ганна Бабіна - малдаванка, але мае вялікую любоў да беларусаў і шчыра жадае дапамагчы. Пакуль яшчэ само памяшканне праходзіць завяршальныя стадыі рамонту, таму ўся беларуская дыяспара знаходзіцца ў прадчуванні адкрыцця абвешчанага Беларускага культурнага цэнтра імя Янкі Купалы. Таксама цяпер вырашаецца пытанне, хто будзе куратарам гэтага цэнтра. Пасля адкрыцця Беларускага культурнага цэнтра там плануецца правесці калядныя і навагоднія мерапрыемствы.
Дагэтуль жа ўласных асобных памяшканняў у беларускай дыяспары няма: праца вядзецца або дома ў сябраў суполак, або ў памяшканнях, якія бясплатна выдзяляе пад канкрэтныя праекты Бюро міжнацыянальных адносін.
Актывісты БКРМ
Увогуле ж жыццё беларусаў Малдовы віруе: яны ўвесь час удзельнічаюць у розных мерапрыемствах. Ладзіцца шмат семінараў, пасяджэнняў і канферэнцый на розныя тэмы - напрыклад, як захаваць сваю мову, культуру, ідэнтычнасць у іншай дзяржаве або якія могуць быць стратэгіі па інтэграцыі нацыянальных меншасцяў Еўропы.
Ганна Мазур называе беларусаў Малдовы сапраўднымі патрыётамі: “Я не ведаю, як беларусы працуюць у іншых краінах, але што датычыцца Малдовы, гэта патрыятызм у чыстым выглядзе. Бо ў нас няма грошай або нейкай падтрымкі, а ёсць проста шчырае жаданне рабіць нешта на карысць роднай зямлі. I тое, што робяць нашыя беларусы, нашыя 10 суполак, і як мы упэўнена і годна гучым у Малдове нават на ўзроўні з іншымі этнасамі, якія маюць рэальную і немалую грашовую падтрымку ад сваіх краін, наглядна дэманструе наш сапраўдны моцны патрыятызм. Нашыя беларускія карані, беларускае сэрца, наша зямля даюць нам гэты запал”.
Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"