1 лістапада 2014 г. у Кішынёве адкрылася чарговая персанальная выстава ўраджэнца Беларусі, выпускніка Беларускай акадэміі мастацтваў, члена Саюза мастакоў Малдовы, намесніка старшыні Беларускай абшчыны Малдовы Вячаслава Ігнаценкі.
Выстава пад назвай «Усім, хто любіць Малдову і Беларусь» была арганізаваная Беларускай суполкай Малдовы і артсалонам «Артсувенір» пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова.
На экспазіцыі прадстаўлены каля 100 работ вядомага ў Беларусі і Малдове мастака: пейзажы Кішынёва, Малдовы, Беларусі, эцюды і г.д. На адкрыцці выставы прысутнічалі часовы павераны ў справах Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова Андрэй Кароль, дэпутаты парламента Малдовы, творчая інтэлігенцыя, якія высока ацанілі працы, талент і майстэрства Вячаслава Ігнаценка.
Экспазіцыю наведаў таксама кіраўнік Дэлегацыі Еўрапейскага саюза ў Малдове Пірка Тапіола з жонкай.
Выстава Вячаслава Ігнаценкі стала мерапрыемствам што спрыяе далейшаму ўмацаванню сувязяў, даверу і дружбы паміж народамі Беларусі і Малдовы.
Нягледзячы на тое, што Вячаслаў Ігнаценка вялікую частку жыцця жыве і працуе ў Малдове, карані яго жывапіснага таленту ляжаць у беларускай мастацкай школе.
Вячаслаў Ігнаценка - сталы ўдзельнік мастацкіх выстаў у Малдове, Украіне, Беларусі, краінах далёкага замежжа. Работы мастака ёсць ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Гістарычным музеі Беларусі, Нацыянальным мастацкім музеі Малдовы, Нацыянальным музеі прыроды і этнаграфіі Малдовы, Рэспубліканскай карціннай галерэі ім. А.В. Лосева г. Бендэры (Прыднястроўскі рэгіён), Мікалаеўскім абласным мастацкім музеі імя В.В. Верашчагіна (Украіна), Музеі выяўленчых мастацтваў імя А. Белага ў Іллічоўску (Украіна), а таксама ў прыватных зборах Малдовы і многіх замежных краін.
Варта адзначыць, што спадар Вячаслаў сёлета адзначае свой 60-гадовы юбілей. На яго рахунку каля 40 персанальных выстаў у розных гарадах: Мінску, Кішынёве, Ціраспалі, Бельцы, Камраце, Адэсе, Белгарад-Днястроўскім, Таронта.
Вячаслаў Ігнаценка таксама актыўны сябра Беларускай абшчыны Малдовы, узначальвае ў ёй творчы напрамак. Ён з задавальненнем перадае свой творчы досвед і майстэрства новаму пакаленню.
Вынікамі супрацоўніцтва з ім стала правядзенне ў гэтым годзе некалькіх заняткаў нядзельнага класа ў Беларускай суполцы па тэматыцы выяўленчага мастацтва, а таксама цэлы шэраг выстаў і іншых творчых мерапрыемстваў.