Беларускі культурны рух Малдовы адчыняе «Дзверы да этнічных каранёў».

Вось і лета прайшло... Найлепшы час для падарожжаў і адкрыццяў падышоў да свайго лагічнага завяршэння. Новае міжнароднае грамадскае аб'яднанне «Беларускі культурны рух Малдовы» (БКРМ), якое сёлета ў траўні атрымала рэгістрацыю Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Малдова, вырашыла канструктыўна выкарыстаць летні перыяд і даць добры старт сваёй ​​грамадскай дзейнасці. На сённяшні дзень Беларускі культурны рух Малдовы налічвае ўжо каля сотнi сябраў. Гэта грамадзяне Малдовы, Беларусі, Румыніі, Украіны і нават Канады, людзі розных узростаў, прафесій, канфесій і сацыяльнага дастатку, якія адносяць сябе да беларускага этнасу альбо праяўляюць цікавасць да беларускай культуры.

Афіцыйны пачатак грамадскай дзейнасці аб'яднання «Беларускі культурны рух Малдовы» распачаўся сімвалічна – з удзелу ва ўрачыстым адкрыцці Дзён славянскага пісьменства і культуры ў Рэспубліцы Малдова. Дзякуючы нашаму руху беларуская мова ўпэўнена гучала нароўні з іншымі мовамі на такім значным рэспубліканскім фэсце. Гэта стала для нас сапраўдным гонарам. У чэрвені і ліпені БКРМ узяў удзел у шэрагу рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцый пры Бюро межэтнічных адносін Рэспублікі Малдова, зрабіў значны ўнёсак у арганізацыю і правядзенне другога агульнарэспубліканскага форуму моладзі «Малдова новага пакалення – 2014». Шырокі рэзананс выклікаў удзел нашага грамадскага аб'яднання ў шэрагу тэлевізійных і радыёпраграм у Рэспубліке Малдова, дзе мы імкнуліся звярнуць больш пільную ўвагу да беларускай культуры і да традыцыі беларускай дыяспары Малдовы.

Але самым цікавым і эмацыйным для нашых сяброў стаў праект «Дзверы да этнічных каранёў», які быў ініцыяваны і запушчаны БКРМ улетку. Асноўная мэта гэтага праекта – ажыццяўленне сустрэч беларускіх дзяцей замежжа з этнічнай Радзімай – Рэспублікай Беларусь. У сувязі з пэўнымі абставінамі, звязанымі як з абмежаваннем у фінансах, так і з нагоды небяспечнай сітуацыі ва Украіне, транзіт праз якую быў патрэбен, БКРМ у сёлетні праект «Дзверы да этнічных каранёў» здолеў уключыць толькі сціплую колькасць удзельнікаў ад ліку ўсіх тых, хто жадаў узяць у ім удзел. На вялікі жаль, матэрыяльнае становішча некаторых беларускіх сем’яў у Малдове больш чым сціплае, таму вывозіць дзяцей у Беларусь толькі сваімі ўласнымі намаганнямі без сур'ёзнай дабрачыннай падтрымкі проста немагчыма.

Аднак, нягледзячы на ўсе праблемы і абставіны, ідэя дала старт. У ліпені гэта года здзейснілася першая паездка этнічных беларускіх дзяцей з Малдовы ў Рэспубліку Беларусь, якая прынесла шмат незабыўных уражанняў яе ўдзельнікам. У рамках культурнай праграмы быў праведзены шэраг цікавых экскурсій па сталіцы Беларусі - горадзе Мінску, адбылася культурная паездка ў Гомель, былі ажыццёўленыя вандроўкі па Гродзенскай і Мінскай абласцях. Напрыканцы паездкі адбылася сяброўская канструктыўная сустрэча з дырэктарам Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур спадаром Міхаілам Леанідавічам Рыбаковым, за што яму яшчэ раз вялікі дзякуй ад БКРМ!

Убачаныя на ўласныя вочы краявіды Беларусі, горад-прыгажун Мінск, яго плошчы, праспекты, паркі і Траецкае прадмесце, новы Музей Вялікай айчыннай Вайны, экскурсіі па Свіслачы, палацава-паркавы ансамбль Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі, урачыстае адкрыццё мастацкай выставы «Гульня» беларускага мастака з Малдовы Вячаслава Ігнаценкі ў галерэі імя Г.Х. Вашчанкі, безумоўна, зрабілі на ўсіх удзельнікаў праекта незабыўныя ўражанні.

Аднак асаблівае захапленне ў дзяцей замежжа выклікалі нават самыя, здавалася б, звыклыя для многіх беларусаў з'явы: шырыня і прастора вуліц гарадоў, сапраўдны хвойны беларускі лес і жытнёвае поле з налітым спелым калоссем, палёты буслоў і вялікія статкі кароў на палетках, беларускія чарніцы і грыбы-лісічкі, паездка ў Мінскім метрапалітэне і новыя электрычныя кампостэры ў гарадскім транспарце, смак беларускага марожанага і тваражкоў, што кожную раніцу былі на стале. Вось якое яно, шматграннае і вельмі цікавае адкрыццё этнічных каранёў!

Па вяртанні ў Кішынёў, засталося столькі добрых эмоцый і ўражанняў ад першай у жыцці паездкі ў Беларусь, што і словамі не перадаць. А цяпер, як толькі на якім-небудзь канале малдаўскага тэлебачання гутарка заходзіць пра Рэспубліку Беларусь або гучыць слова «Мінск», дзеці кідаюць усе справы і хуценька бягуць да блакітнага экрану.

На пачатку восені Праўленне БКРМ, атрымаўшы такі неверагодны зарад стваральнай энергіі ад роднай зямлі ад шчаслівых дзіцячых вачэй, прыняло рашэнне: зрабіць усё магчымае, каб праект «Дзверы да этнічных каранёў» надалей жыў і набіраў моц. Было праяўлена шчырае жаданне зрабіць яго праектам штогадовым і маштабным, на якасным узроўні. Таму шчыра спадзяемся на тое, што сёлета была толькі самая першая і сціплая спроба, так бы мовіць, “пілот”, які пакладзе добрую традыцыю і прыклад.

І хто ведае, магчыма, дзякуючы моцнаму жаданню і агульным намаганням з будучымі нашымі партнёрамі, праект «Дзверы да этнічных каранёў» здолее стаць сапраўдным правадніком, тымі дзвярыма, што не перастануць адчыняцца і паказваць беларускім дзецям замежжа прыгажосць і моц іх этнічнай Радзімы – іх этнічных каранёў!

Мы ўпэўненыя, што практыка рэалізацыі такіх грамадскіх дабрачынных праграм павінна ўмацоўвацца і пашырацца ў аб'яднаннях беларусаў замежжа, бо накіравана яна на святое – нашу будучыню. На погляд БКРМ, такія праекты, як «Дзверы да этнічных каранёў», маюць велізарнае, стратэгічна важнае значэнне і абавязкова знойдуць падтрымку аднадумцаў. Правільнае культурнае развіццё духоўнага патэнцыялу дзяцей беларусаў замежжа сёння-заўтра абавязкова дасць выдатныя вынікі на карысць іх этнічнай зямлі – Рэспублікі Беларусь.

Ганна Мазур,

культуролаг,

Старшыня  Праўлення БКРМ