Сёння, 28 лістапада, Згуртаванню беларусаў Канады спаўняецца 65 гадоў. Безумоўна, гэта вялікі тэрмін для арганізацыі, і не можа не цешыць тое, што і сёння арганізацыя працягвае актыўную працу. Напярэдадні юбілею мы пагутарылі са Старшынёй Згуртавання беларусаў Канады Валянцінай Шаўчэнка аб жыцці і набытках арганізацыі, аб планах на будучыню.
“Бацькаўшчына”: Набліжаецца цудоўны юбілей, 65-годдзе Згуртавання беларусаў Канады. З чым сустакае Згуртаванне такі юбілей, з якімі набыткамі?
Валянціна Шаўчэнка: Галоўным набыткам я лічу тое, што, нягледзячы на шматлікія цяжкасці, Згуртаванне беларусаў Канады жыве і працягвае традыцыі тых, хто гэтую арганізацыю заснаваў, застаецца верным ідэалам 25 Сакавіка. На маю думку, ЗБК з'яўляецца адной з самых актыўных беларускіх суполак свету.
“Бацькаўшчына”: 65 гадоў – гэта цэлая эпоха, Згуртаванне аб’ядноўвае беларусаў розных пакаленняў і, напэўна, вырасціла не адно пакаленне. Распавядзіце пра моладзь ЗБК.
ВШ: На жаль, да нас далучаецца няшмат моладзі, але ж тая, што далучылася – гэта цудоўныя хлопцы і дзяўчаты. Гэта Піліп і Аліна Тананкі, Алена Лявончанка, Ірына Тоўсцік і Зміцер Доўнар, Аляксандра Саленік, Алесь Бычынскі, Сяргей Вашкевіч, Алеся Манькоўская і шмат іншых. Сучаснасць уносіць свае карэктывы ў жыццё, рытм яго змяніўся, змяніліся і сродкі камунікацыі, але ж, нягледзячы на гэта, маладым людзям патрэбныя жывыя зносіны. Яны хочуць, каб іх дзеці размаўлялі па-беларуску, каб спявалі беларускія песні, каб раслі беларусамі. І, што вельмі важна, на іх можна заўсёды абаперціся, папрасіць дапамогі, падтрымкі ці проста паразмаўляць. Некаторыя маладыя хлопцы і дзяўчаты нават не з'яўляюцца сябрамі ЗБК, але ж часам яны бяруць у нашым жыцці такі вялікі ўдзел, што фармальнае сяброўства ў арганізацыі ўжо не мае ніякага значэння. І, шчыра кажучы, для мяне няважна, ці з'яўляецца чалавек сябрам ЗБК, – галоўнае, што ён адчувае сябе беларусам. А такое адчуванне ў нас падзяляе ўся моладзь. Калі гэтым летам мы пачалі аднаўляць Беларускі Крыж, было вельмі прыемна назіраць, як працуюць браты Cтэфановічы. Гэтыя два хлопцы, 13-ці і 16-ці гадоў, дапамагалі з такім энтузіязмам, што было відавочна: ніякія электронныя гульні не могуць параўнацца з магчымасцю ўзяць удзел у супольнай працы.
“Бацькаўшчына”: Як Вы лічыце, чаму беларусы, якія жывуць у Канадзе сёння і якіх відавочна шмат, не далучаюцца да дзейнасці таварыства? І што, на Вашую думку, трэба зрабіць, каб прыцягнуць іх?
ВШ: Выглядае, што гэта праблема не толькі беларусаў. Я сустракалася з сябрамі сербскай, румынскай, польскай і іншых суполак – паўсюль паўстае тое самае пытанне: як далучыць новых людзей да грамадскага жыцця. Але ж, наколькі мне здаецца, такая сітуацыя цяпер па ўсім свеце. І наагул, калі разглядаць псіхалогію чалавека, дык усяго некалькі адсоткаў жыхароў любой краіны з'яўляюцца актыўнымі, астатнія людзі проста жывуць сваім жыццём і ўключаюцца ў нейкія рухі ці грамадскую дзейнасць толькі тады, калі закранаюцца такія важныя рэчы, як рэлігія, здароўе ці жыццё. Можаце прадоўжыць самі, зыходзячы з сучаснай сітуацыі ў Беларусі. Пакуль што ў Канадзе гэтыя пытанні не паўстаюць, і таму людзі жывуць сваім жыццём – шмат працуюць, гадуюць дзяцей, а сувязь з Радзімай трымаюць праз віртуальную прастору ці амаль што кожны год наведваючы родных і сяброў. Гэта раней, для эміграцыі пасляваеннага пакалення, калі немагчыма было нават падумаць пра тое, што калі-небудзь удасца наведаць Бацькаўшчыну, нацыянальная суполка замяняла людзям сваякоў, што засталіся на Радзіме, – і таму значна больш людзей бралі ўдзел у дзейнасці ЗБК. Трэба дадаць, што, на жаль, "дзякуючы" шматгадовай русіфікацыі Беларусі, многія людзі страцілі сваю нацыянальную ідэнтыфікацыю і часам не лічаць сябе беларусамі. Таксама, на маю думку, у нашых людзей ёсць трывалы імунітэт супраць грамадскага жыцця, які сфарміраваўся ў часы СССР, – таму яны не хочуць далучацца да якой-небудзь арганізацыі. Але ж, нягледзячы на усё пералічанае, ёсць шмат актыўных людзей, якія ўкладаюць душу ў дзейнасць ЗБК, ахвяруюць свой час і грошы на тое, каб арганізацыя працягвала існаваць. Віялета Кавалёва, Наталля Колас, Юрка Шаўчэнка, Зміцер Леановіч, Андрэй Бабко, Надзея Дробіна, Ігар Фялюшкін, Вольга Манькоўская, Алесь Кот, Юрка Рапецкі, Зміцер Эльяшэвіч, Слаўка Кавалёў, Петра Мурзёнак, Юрка Шамецька, Руслан Качаткоў - спіс можна і трэба продоўжыць.
Што зрабіць, каб больш людзей далучалася? – мне здаецца, трэба больш праводзіць культурных мерапрыемстваў, ствараць клубы па інтарэсах, рабіць нешта такое, што аб'ядноўвае людзей. Цудоўным прыкладам такой дзейнасці ёсць фолк–гурт “Яваровы людзі”, удзельнікі якога не толькі спяваюць і танчаць, але ж з часам становяцца актыўнымі сябрамі нашага таварыства. Трэба ладзіць нефармальныя акцыі – пасля таго, як мы ўзнялі бел-чырвона-белы сцяг над Таронта, да нас далучыліся некалькі маладых хлопцаў, так ім спадабалася гэтая акцыя. Адно ведаю дакладна – нельга стамляць людзей доўгімі прамовамі ці кідацца лозунгамі, гэты шлях ужо не працуе. Трэба шукаць сучасныя сродкі размовы ці агітацыі.
“Бацькаўшчына”: Як для Вас асабіста пачынаўся шлях у ЗБК?
ВШ: Вы будзеце здзіўленыя, але ж мой шлях у ЗБК пачаўся каля 40 гадоў таму. Маю сяброўку як дачку афіцэра вызвалілі ад вывучэння беларускай мовы. Я прыйшла са школы і папрасіла свайго бацьку, каб мяне таксама вызвалілі, бо, як і большасць дзяцей, я не вельмі хацела вывучаць родную мову. Бацька неяк сцямнеў тварам і сказаў – вельмі спакойна, але ж так, што я памятаю гэта праз усе гады – “Родную мову вывучаць будзеш, бо ты – беларуска”. І вось гэта – "ты беларуска" – і прывяло мяне ў ЗБК. Прывяло праз любоў да ўсяго таго, што мой бацька ўклаў тады ў свае словы, праз удзел у шматлікіх дэманстрацыях і мітынгах на Бацькаўшчыне, праз надзею і расчараванне, праз рашэнне з'ехаць у эміграцыю... Пра ЗБК мы даведаліся яшчэ ў Мінску ад нашага сябра-мастака, і калі прыехалі ў Канаду на пачатку сакавіка 1998 года – адразу пазванілі сп. Міколу Ганьку. І ўжо праз некалькі тыдняў нашая маленькая дачка чытала беларускі верш на святкаванні Дня Волі. Вось так, праз гады, словы “ты – беларуска” вярнуліся, і так пачаўся ці працягнуўся мой шлях у ЗБК. Але ж я б хацела дадаць, што гэта не мой шлях, гэта шлях супольны для мяне і майго мужа Юркі, без падтрымкі і дапамогі якога было б цяжка выконваць абавязкі Старшыні ЗБК.
“Бацькаўшчына”: Што для Вас значыць праца ў гэтай арганізацыі?
ВШ: Шчыра кажучы, я не ўяўляю сабе нашае з Юркам жыццё ў Канадзе без ЗБК. Для нас праца ў гэтай арганізацыі азначае магчымасць сустракацца з сябрамі, магчымасць дапамагаць людзям тут, у Канадзе, і падтрымліваць аднадумцаў на Бацькаўшчыне. Гэта магчымасць захавання беларускай мовы, традыцый і культуры ў канадыйскім асяроддзі. Гэта магчымасць выказаць сваю палітычную і грамадскую пазіцыю і падтрымаць дэмакратычныя працэсы ў Беларусі. Гэта магчымасць мець цікавае жыццё, адчуваць сваю запатрабаванасць. Ведаеце, у гэтым годзе мы шмат часу аддалі на тое, каб аднавіць беларускі Крыж. Юрка зрабіў яго сваімі рукамі – а трэба дадаць, што вышыня Крыжа 4 з паловай метры, ён уяўляе сабой даволі складаную інжынерную канструкцыю. Гэта заняло шмат часу і сіл, але ж трэба было бачыць шчаслівыя твары людзей, калі Крыж паўстаў і яго асвяціла сонца. І я зразумела, што праца ў ЗБК дае унікальную магчымасць рабіць жыццё людзей трохі святлейшым і весялейшым, магчымасць зрабіць наш свет лепшым.
“Бацькаўшчына”: Якімі асноўнымі здабыткамі таварыства вы ганарыцеся?
ВШ: Перш за усё, гэта тое, што ЗБК ведаюць як у Канадзе, так і на Бацькаўшчыне. Я ганаруся тым, што мы працягваем справу, якая пачалася 65 гадоў таму, што ЗБК ладзіць культурныя мерапрыемствы і палітычныя акцыі, на якія прыходзіць шмат людзей. Ганаруся тым, што ў нас існуе фолк-гурт «Яваровы людзі», жаночы клуб «Гузік». Тым, што новае пакаленне наведвае нашыя імпрэзы і дапамагае тым ветэранам ЗБК, якія па стане здароўя ўжо не могуць бываць у нашым цэнтры, – гэта вельмі важна. Ганаруся тым, што жыве Беларусь у Канадзе!
“Бацькаўшчына”: Калі ласка, акрэсліце планы ЗБК на будучыню.
ВШ: Ну вядома, адсвяткаваць 65-ю гадавіну ЗБК. Я вельмі спадзяюся, што гэтае свята, якое будзе адзначацца разам з гадавінай Слуцкага збройнага чыну, пройдзе цікава. Мы плануем тэлемост з Мінскам, Прагай, Вільняй, Нью-Йоркам, Атавай – спадзяюся, што вы таксама далучыцеся. Апошнім часам я шмат працавала з архіўнымі дакументамі ЗБК і знайшла нямала цікавага. Пастараюся, каб людзі таксама змаглі дакрануцца да гісторыі і сваімі вачамі пабачыць, як стваралася арганізацыя, але ж спадзяюся зрабіць гэта нефармальна. Будзе некалькі сюрпрызаў, аднак зараз не хачу пра іх казаць.
Вельмі спадзяюся, што атрымаецца ўзяць удзел у сусветнай акцыі беларусаў замежжа 19 снежня.
Потым – традыцыйная Навагодняя вечарына, дзіцячая Калядная Ялінка, ужо традыцыйны вечар беларускай лірыкі, Дзень Волі – гэта толькі буйныя мерапрыемствы. Ну і, вядома ж, падрыхтоўка да ўдзелу у 31-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі, якая адбудзецца на пачатку верасня 2014 г. у Нью-Ёрку.