Віншаванне Згуртаванню беларусаў Канады з 65-годдзем

Шаноўныя сябры Згуртавання беларусаў Канады!

Управа Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” віншуе вас з  65-годдзем ЗБК. Ваша арганізацыя – адзін  з найстарэйшых беларускіх асяродкаў у свеце – ёсць сведчаннем неўміручасці  беларускага духу, беларускай  нацыянальнай ідэі. З дзейнасцю Згуртавання неразрыўна звязаныя імёны  вядомых, слынных грамадскіх, культурных дзеячаў беларускай эміграцыі: Кастуся Акулы, Наталлі Арсенневай, Барыса Рагулі, Вінцэнта Жук-Грышкевіча, Міколы Ганька, Аляксея Грыцука ды многіх іншых.

Згуртаванне беларусаў Канады праз усю сваю дзейнасць дэманструе важнасць той місіі, якую нясе, а гэта – захаванне і развіццё беларускай прысутнасці, вернасць ідэалам БНР, актыўная культурна-асветная дзейнасць.

Сёння многія беларусы, што нарадзіліся ўжо ў Канадзе, дзякуючы менавіта Згуртаванню, памятаюць пра свае карані, дапамагаюць у працы асяродку. Не зважаючы на шматлікія складанасці і адсутнасць дапамогі з боку гістарычнай Радзімы, Згуртаванне беларусаў Канады рэгулярна ладзіць музычныя і літаратурныя сустрэчы, святкаванні Дня Волі і беларускіх традыцыйных святаў, праводзіць акцыі салідарнасці, а таксама выступае адным з арганізатараў рэгулярных з’ездаў беларусаў Паўночнай Амерыкі. Важна і тое, што сябры Згуртавання годна прадстаўляюць сваю Радзіму падчас самых розных мерапрыемстваў і святаў, якія праводзяцца ў Канадзе з удзелам многіх нацыянальнасцяў.

Шаноўныя сябры! Мы ведаем і цэнім вашу  дзейнасць па захаванні і развіцці беларускага культурнага і палітычнага жыцця ў Канадзе. Шчыра зычым вам здароўя, моцы духу, веры і імпэту. Няхай вашая праца прыносіць плён і радасць!

Жыве Беларусь!

Управа МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”