У суботу 28 верасня беларусы Канады сабраліся ў сакральным месцы – Прошчы Пакутнікаў (Martyrs’ Shrine) каля антарыйскага гораду Мідлэнд, каб аднавіць Беларускі Еўфрасіннеўскі Крыж. Крыж быў упершыню пастаўлены ў гэтым традыцыйным месцы паломніцтва прадстаўнікамі беларускай дыяспары з усяго свету ў 1988 годзе у памяць 1000-годдзя хрысціянства ў Беларусі. Арганізатарамі і галоўнымі фундатарамі гэтага праекту былі Вінцук і Раіса Жук-Грышкевічы, на ўрачыстае адкрыццё Крыжа прыязджала Наталля Арсеннева, якая прысвяціла Беларускаму Крыжу ў Мідлэндзе адзін з сваіх вядомых вершаў.
У гэтым годзе Крыж давялося дэмантаваць, бо за дваццаць пяць гадоў драўніна, з якой ён быў зроблены, спарахнела дарэшты. Дзякуючы ахвяраванням беларускай грамады Канады, Амерыкі і Беларусі і працы рук Юркі Шаўчэнкі, на свята Узвіжання паўстаў новы чатырохметровы Крыж. Падчас урачыстай службы Крыж асвяціў япіскап Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Уладыка Святаслаў. Напрыканцы службы беларусы Канады праспявалі традыцыйны гімн "Магутны Божа".
Крыж увасабляе надзею беларускай грамады на вызваленне І адраджэнне вольнай Бацькаўшчыны, што, на жаль, не страціла актуальнасці і сёння. Першы Крыж быў пастаўлены пакаленнем паваенных эмігрантаў, сёння новае пакаленне беларусаў Канады пацвердзіла сваю адданасць справе Беларушчыны.
Жыве Беларусь!