Пяты з'езд беларусаў свету

18-19 ліпеня 2009 г. 

г. Мiнск

За некалькі дзён да пачатку З’езду ў Мінск пачалі з’язджацца беларусы з розных краін. Яны заходзілі на сядзібу “Бацькаўшчыны”, цікавіліся тым, як ідзе падрыхтоўка да З’езду, расказвалі пра дзейнасць беларускіх суполак за мяжой.

Апошнім падрыхтоўчым момантам стала паседжанне Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, што адбылося напярэдадні З’езду, увечары 17 ліпеня. На паседжанні былі абмеркаваныя праекты выніковых дакументаў, прапанаваныя кандыдатуры ганаровых сяброў “Бацькаўшчыны”, кандыдатуры на пасаду кіраўніка і старшыні Рады Згуртавання, сяброў Вялікай Рады і Управы.

Першы дзень

18 ліпеня а 9-й раніцы перад будынкам Міжнароднага адукацыйнага цэнтру IBB пачалі збірацца дэлегаты і госці З’езду. На ўваходзе ўсіх вітаў знакаміты дудар Пузыня. Пасля рэгістрацыі дэлегатаў і гасцей а 10-й раніцы адбылося ўрачыстае адкрыццё Пятага з’езду беларусаў свету. Прагучаў гімн “Бацькаўшчыны”. Затым з уступным словам выступіў кіраўнік МГА “ЗБС “Бацькашчына” Аляксей Марачкін. Быў заслуханы аўдыёзварот ад старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы. Таксама вітанні З’езду беларусаў свету даслалі Управа Беларуска-амерыканскага задзіночання, Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусы Масквы”, Федэральная Рада беларусаў Аўстраліі, старшыня былога Згуртавання беларусаў Бельгіі Янка Жучка, Віленскае беларускае таварыства палітычных вязняў і ссыльных, Рыгор Барадулін, старшыня Рады “Бацькаўшчыны” з 1993 да 1999 г. Ганна Сурмач, старшыня ініцыятывы “Еўрапейская кааліцыя” Мікола Статкевіч.

Пасля выбараў рабочых органаў і зацверджання парадку дня З’езду перад прысутнымі выступілі пасол Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь Стэфан Эрыксан, міністр культуры Павел Латушка, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка.

З дакладамі па асноўнай тэме З’езду – “Нацыянальная ідэнтычнасць беларусаў у сучасным свеце: праблемы захавання і развіцця” – выступілі кіраўнік МГА “ЗБС “Бацькашчына” Аляксей Марачкін, гісторыкі Наталля Гардзіенка (Беларусь) і Янка Запруднік (ЗША), дырэктар Беларусага інстытута стратэгічных даследаванняў Віталь Сіліцкі (Беларусь). З дакладам пра праблемы беларусаў Іркуцку і аб’яднання беларусаў у супольнасць у межах Расіі выступіў Алег Рудакоў - старшыня Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Я. Чэрскага.

Пасля асноўных дакладаў выступалі дэлегаты З’езду. Асаблівую ўвагу прысутных прыцягнулі выступы пісьменніцы Вольгі Іпатавай і палітыка Юрыя Хадыкі. Вольга Іпатава звярнулася да міністра культуры Паўла Латушкі з просьбай “вярнуць” беларускіх пісьменнікаў у бібліятэкі і школы, даць ім магчымасць выступаць. Юры Хадыка агучыў сваю асцярогу наконт таго, што абраная тэма З’езду – “Нацыянальная ідэнтычнасць беларусаў у сучасным свеце: праблемы захавання і развіцця” – можа звесціся толькі да лінгвістычнага аспекту, аднак тут жа запэўніў, што ўжо ў пачатку працы З’езду стала зразумела, што гэта не так. Таксама спадар Хадыка звярнуўся да міністра культуры з просьбай звярнуць асаблівую ўвагу на праблему рэстытуцыі і на праблему рэстаўрацыі гістарычна-культурных помнікаў. Ён заклікаў міністра зрабіць усё магчымае, каб захаваць хоць некалькі сапраўды ідэнтычных архітэктурных помнікаў.

Пасля перапынку быў заслуханы справаздачны даклад мандатнай камісіі. Згодна з дакладам, на З’ездзе прысутнічалі 252 дэлегаты з 18 краін свету, якія прадстаўлялі больш за 50 суполак беларусаў замежжа. Палова дэлегатаў прадстаўляла краіны замежжа.

Са справаздачным дакладам аб дзейнасці МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” выступіла старшыня Вялікай Рады Алена Макоўская. Яна агучыла праблемы, з якімі сутыкалася “Бацькаўшчына” на працягу апошніх чатырох гадоў, расказала пра культурніцкія акцыі, што ладзіла “Бацькаўшчына", пра кнігі, выдадзеныя “Бацькаўшчынай”, і пра дзейнасць кампаніі “Будзьма беларусамі!”, каардынатарам якой з’яўляецца Згуртаванне. З кароткімі дакладамі выступілі Юры Статкевіч (Малдова), Вячка Целеш (Латвія), Юрка Станкевіч (Чэхія), Анатоль Міхнавец (Польшча), Валянцін Стэх (Літва). Затым удзельнікі З’езду разышліся на працу па секцыях: “Сродкі нацыянальнай ідэнтыфікацыі беларусаў у Беларусі і свеце (мова, літаратура, мастацтва, друк і г.д.)”, “Магчымасці ўзаемадзеяння метраполіі і дыяспары ў захаванні нацыянальнай ідэнтычнасці і культурнай спадчыны беларусаў”, “Беларуская ідэнтычнасць у еўрапейскім кантэксце”.

Дзейнасць З’езду асвятлялі 19 перыядычных выданняў, 4 інфармацыйныя агенцтвы, 6 інтэрнэт-сайтаў. Таксама на З’ездзе працавалі журналісты Радыё Свабода, Радыё Рацыя, “Deutsche Welle”, радыёстанцыі “Беларусь”, Літоўскага нацыянальнага радыё, Нацыянальнай радыёкампаніі Украіны, І канала Беларускага радыё. Працу З’езду здымалі тэлеканалы СТВ, АНТ, Першы канал, Белсат.

Завяршыўся першы дзень Пятага з’езду святочным канцэртам. Дэлегатаў і гасцей сваімі выступамі парадавалі этна-джазавы гурт “Акана-НХС”, гурт сярэднявечнай музыкі “Стары Ольса”, трыё “Вытокі”, гурт “Зігзаг” у асобе Ігара Загумёнава, гурт “Jab Club”, лідэр гурта “White Night Blues” Юры Несцярэнка, бард Алесь Камоцкі, сёлетні ўдзельнік Еўрабачання Пётр Ялфімаў, Зміцер Вайцюшкевіч, гурт “Рэха”.

Другі дзень

Другі дзень З’езду пачаўся з сустрэчы дэлегатаў з міністрамі, прадстаўнікамі міністэрстваў і іншых дзяржаўных установаў. На гэтай сустрэчы прысутнічалі міністр культуры Павел Латушка, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка, намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур, пасол па асаблівых даручэннях Уладзімір Шчасны, старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і сувязях з СНД Сяргей Маскевіч, кіраўнік Упраўлення друкаваных СМІ і замежных сувязяў Міністэрства інфармацыі Уладзімір Матусевіч, намеснік кіраўніка Упраўлення вышэйшай адукацыі, загадчык аддзелу выкладання грамадазнаўчых дысцыплінаў Міністэрства адукацыі Надзея Ганушчанка. Большасць пытанняў былі адрасаваны спадару Латушку. Авацыі прысутных выклікала прапанова Аляксея Марачкіна, адрасаваная Паўлу Латушку, пра наданне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай мовы ў краіне, на якое спадар Латушка адказаў, што асабіста ён як грамадзянін Рэспублікі Беларусь падтрымлівае гэтую прапанову, аднак як міністр культуры вымушаны папярэдзіць пра небяспеку гвалтоўнага насаджэння беларускай мовы, адзначыўшы, што гэтае пытанне нельга вырашыць загадам за адзін дзень. Увогуле трэба адзначыць, што спадар Латушка трымаўся вельмі годна. Адзінае пытанне, на якое ён не змог адказаць, датычыла занясення бел-чырвона-белага сцягу ў спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў. Спадар міністр адразу прызнаўся, што не гатовы адказаць на гэтае пытанне, і паабяцаў разгледзець яго пасля вывучэння. Адным з вострых пытанняў, якія былі ўзнятыя на сустрэчы, было пытанне пра аднаўленне Беларускага ліцэя імя Якуба Коласа. Адказваючы на яго, спадарыня Ганушчанка спаслалася на тое, што ліцэй не прайшоў атэстацыі, падчас праверкі ў ліцэі былі выяўленыя недахопы матэрыяльна-тэхнічнага стану ды іншыя. Аднак, паводле яе словаў, у Беларусі ёсць шмат іншых ліцэяў, якія даюць вельмі высокі ўзровень падрыхтоўкі. Былі таксама ўзнятыя пытанні спрашчэння візавага рэжыму для беларусаў замежжа, пытанні забяспечання падручнікамі беларускіх школаў за мяжой, стварэння тэлеканалаў, якія вялі б вяшчанне па-беларуску, вяртання ЕГУ ў Беларусь. Сустрэча працягвалася 2 гадзіны, але і гэтага было мала, шмат яшчэ пытанняў не паспелі агучыць, і спадар Латушка яшчэ доўга размаўляў з дэлегатамі ў фае адукацыйнага цэнтру.

Таксама ў другі дзень адбылася прэзентацыя кніг, сустрэча з творчай інтэлігенцыяй, падвядзенне вынікаў працы секцый, прыняцце выніковых дакументаў, выбары кіроўных органаў.

На З’ездзе былі прынятыя наступныя выніковыя дакументы:

Кіраўніком МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” амаль адзінагалосна (двое дэлегатаў устрымаліся) была абраная Алена Макоўская, старшынёй Рады – Ніна Шыдлоўская. Намеснікамі старшыні Рады абраныя Валеры Герасімаў і Барыс Стук.

Спіс сябраў Вялікай Рады, зацверджаны на Пятым з'ездзе беларусаў свету.

Ганаровымі сябрамі МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” сталі Вячка Целеш (Латвія), Адам Мальдзіс (Беларусь), Аляксей Марачкін (Беларусь), Валеры Барташ (Украіна), Юрка Станкевіч (Чэхія), Вячка Станкевіч (ЗША).

Пасля выбараў новая кіраўніца МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алена Макоўская выказала падзяку свайму папярэдніку Аляксею Марачкіну, Вялікай Радзе і Управе мінулага абрання. Асобную падзяку ад імя дэлегатаў З’езду спадарыня Макоўская выказала за дапамогу ў арганізацыі З’езду і фінансавую падтрымку Валерыю Казакову (Расія), Ірэне Калядзе-Смірновай (ЗША), Згуртаванню беларусаў Вялікай Брытаніі, Згуртаванню беларусаў Канады, парафіі Св. Кірылы Тураўскага БАПЦ у Канадзе, Змітру Ярашэўскаму (Германія), Ніне Петуховай (ЗША), Янку Марцінкевічу (Латвія), Андрэю Макагону (Расія), Але Орса-Рамана (ЗША), Марыі Ганько (Канада), Зінаідзе Гімпелевіч (Канада), Вользе Грыцук (Канада), Надзеі Дробінай (Канада), Алесю Кату (Канада), Юрку Станкевічу (Чэхія), Пятру Мурзёнку і Наталлі Баркар (Канада). Менавіта дзякуючы гэтым асобам і арганізацыям стала магчымае правядзенне Пятага з’езду беларусаў свету.

-------------------------------------------------------------------------------------------

Даклады па асноўнай тэме з'езду: "Нацыянальная Ідэнтычнасць беларусаў у сучасным свеце: праблемы захавання і развіцця"