Прынята на
Пятым з’ездзе беларусаў свету
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
19 ліпеня 2009 г.
Прагр
ама
“Беларусы ў свеце”
(2009 – 2013 гг.)
г. Мінск
Змест праграмы
1. Уводзіны
2. Мэты праграмы
3. Задачы праграмы
4. Арганізацыйна-прававая дзейнасць
5. Дзейнасць у галіне культуры
6. Дзейнасць у галіне навукі і адукацыі
7. Дзейнасць у галіне інфармацыйнага абмену
8. Дзейнасць у галіне гуманітарнай дапамогі і пераадолення наступстваў Чарнобыльскай катастрофы
9. Фінансавая аснова рэалізацыі праграмы
1. УВОДЗІНЫ
1.1. Праграма “Беларусы ў свеце” распрацавана на падставе прапаноў, якія паступілі ў адрас МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” ад сяброў аб’яднання – прадстаўнікоў беларускай дыяспары.
1.2. Праграма прадстаўляе стратэгічныя кірункі развіцця ўзаемадачыненняў дыяспары і метраполіі.
1.3. Пад тэрмінам “беларусы замежжа” ў праграме маюцца на ўвазе наступныя катэгорыі асобаў беларускага паходжання альбо нацыянальнасці, якія пастаянна законна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь:
- грамадзяне Рэспублікі Беларусь;
- грамадзяне замежных краін альбо асобы без грамадзянства, якія нарадзіліся на тэрыторыі БССР альбо Рэспублікі Беларусь, з’яўляліся грамадзянамі былога СССР альбо Рэспублікі Беларусь;
- асобы, якія нарадзіліся на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь да 1 студзеня 1919 г.;
- асобы, якія ніколі не пакідалі беларускай тэрыторыі, але з-за геапалітычных працэсаў у перыяд з 1918 па 1948 гг. апынуліся па-за межамі сучаснай тэрыторыі Рэспублікі Беларусь;
- асобы, якія лічаць сябе беларусамі, незалежна ад месца нараджэння і пражывання.
1.4. На падставе гэтай праграмы маюць распрацоўвацца гадавыя планы дзейнасці МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”.
2. МЭТЫ ПРАГРАМЫ
Асноўнымі мэтамі праграмы з’яўляюцца:
2.1. Захаванне беларускай прысутнасці ў свеце ў розных яе формах і праявах.
2.2. Кансалідацыя беларускай нацыі дзеля духоўнага, эканамічнага і дзяржаўнага адраджэння Бацькаўшчыны.
2.3. Умацаванне грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.
3. ЗАДАЧЫ ПРАГРАМЫ
Для дасягнення пастаўленых мэтаў неабходнае вырашэнне наступных задач:
3.1. Стварэнне ўмоў для захавання нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў у краінах пражывання.
3.2. Забеспячэнне рэалізацыі палажэнняў Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, што датычаць нацыянальных, этнічных, рэлігійных і моўных меншасцяў, якая была ўхвалена на 47-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН і іншых міжнародных дакументаў у дачыненні да прадстаўнікоў беларускіх нацыянальных меншасцяў.
3.3. Стварэнне адзінай інфармацыйнай прасторы сусветнай беларускай супольнасці.
3.4. Аказанне канкрэтнай дапамогі беларускім арганізацыям замежжа ў забеспячэнні іх нацыянальна-культурных патрэбаў, абароне іх правоў, падвышэнні ўзроўню іх актыўнасці ў галіне культуры і адукацыі.
3.5. Унясенне зменаў у нарматыўныя дакументы Рэспублікі Беларусь для захавання і развіцця беларускай прысутнасці ў свеце.
4. АРГАНІЗАЦЫЙНА-ПРАВАВАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ
Для вырашэння пастаўленых задач неабходна ажыццявіць наступныя захады ў арганізацыйна-прававым кірунку:
4.1. Стварыць у складзе Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь асобную структуру па справах беларусаў замежжа (Камітэт па справах беларусаў замежжа).
4.2. Стварыць у Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь камісію па справах беларусаў замежжа.
4.3. Стварыць асобныя пасады у пасольствах і консульствах Рэспублікі Беларусь па справах беларускай дыяспары, а таксама цэнтры юрыдычнай дапамогі замежным беларусам.
4.4. Прыняць закон Рэспублікі Беларусь “Аб беларусах замежжа” і адпаведную дзяржаўную праграму, дзе б былі прадугледжаныя для замежных беларусаў магчымасці:
• атрымліваць бясплатныя візы для наведвання Беларусі;
• адмяніць працэдуру рэгістрацыі для беларусаў замежжа пры ўездзе ў Рэспубліку Беларусь;
• зменшыць консульскі збор пенсіянерам і інвалідам, пражываючым за мяжой, пры атрыманні пашпартоў грамадзяніна Рэспублікі Беларусь;
• атрымліваць на льготных умовах сярэднюю і вышэйшую адукацыю ў Беларусі;
• атрымліваць права набыцця маёмасці ў Беларусі;
• атрымліваць працу ў Беларусі без абмежаванняў і г.д.
4.5. Заснаваць у складзе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі спецыяльную навуковую структуру (цэнтр\інстытут) для вывучэння і аналізу тэндэнцый развіцця беларускіх дыяспараў у розных краінах свету.
4.6. Аднавіць у г. Мінску ў прыстасаваным памяшканні сталую працу Беларускага дому МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” і на яго базе:
• інфармацыйна-аналітычнага цэнтра беларускага замежжа,
• культурна-асветнага цэнтра,
• музея беларускага замежжа;
• архіву беларускага замежжа,
• бібліятэкі беларускага замежжа.
4.7. Аказваць дапамогу ў правядзенні з’ездаў беларусаў Еўропы, міжнародных форумаў і іншых мерапрыемстваў беларусаў замежжа.
4.8. Аказваць неабходную арганізацыйную і метадычную дапамогу ў стварэнні беларускіх культурна-асветных цэнтраў у месцах кампактнага пражывання беларусаў.
4.9. Звяртацца да ўплывовых міжнародных арганізацый (ААН, АБСЕ і інш.) дзеля забеспячэння на міжнародным узроўні абароны правоў беларускай дыяспары.
5. ДЗЕЙНАСЦЬ У ГАЛІНЕ КУЛЬТУРЫ
Для дасягнення пастаўленых мэтаў неабходна арганізаваць дзейнасць у наступных кірунках культурніцкага супрацоўніцтва метраполіі і дыяспараў:
5.1. Актывізаваць выданне навукова-папулярных, мастацкіх і інш. кніг, прысвечаных беларускім дыяспарам, іх гісторыі, рэлігійнаму жыццю, нацыянальнай адукацыі і інш.
5.2. Ажыццяўляць падтрымку пісьменнікаў беларускага замежжа і выданне іх твораў.
5.3. Падтрымліваць выданне кніг па гісторыі і культуры Беларусі.
5.4. Аказваць дапамогу існуючым у замежжы беларускім бібліятэкам у папаўненні іх фондаў.
5.5. Садзейнічаць адкрыццю новых бібліятэк пры дзеючых грамадскіх арганізацыях і культурных цэнтрах беларусаў замежжа.
5.6. Арганізоўваць і дапамагаць у правядзенні творчых сустрэч, семінараў, канферэнцый з удзелам навукоўцаў, пісьменнікаў і інш. дзеячаў беларускай культуры ў асяродках беларускага замежжа.
5.7. Рэалізоўваць сумесна з асяродкамі беларусаў у замежжы культурна-асветныя праграмы абмену вопытам нацыянальнага, грамадскага, культурна-асветнага і інш. характару.
5.8. Арганізоўваць і дапамагаць у правядзенні фестываляў і конкурсаў беларускай песні з удзелам беларусаў замежжа і іх фальклорных калектываў.
5.9. Арганізоўваць гастролі беларускіх мастацкіх калектываў і асобных выканаўцаў у асяродках беларускага замежжа.
5.10. Аказваць метадычную падтрымку беларускім мастацкім калектывам замежжа, спрыяць ім у набыцці беларускіх касцюмаў, выданні альбомаў.
5.11. Дапамагаць у правядзенні выстаў мастакоў беларускага замежжа ў Беларусі.
5.12.. Аказваць дапамогу грамадскім арганізацыям беларусаў свету ў арганізацыі і правядзенні нацыянальных святаў.
5.13. Садзейнічаць правядзенню літаратурнага конкурсу “Дэбют”, арганізаванага Беларускім саюзам ў Польшчы і рэдакцыяй газеты “Ніва”.
5.14. Пашыраць кантакты з моладдзю з беларускіх дыяспараў праз правядзенне сумесных мерапрыемстваў культурна-асветнага характару.
5.15. Падтрымаць нацыянальную культурніцкую кампанію “Будзьма беларусамі”, спрыяць далучэнню да гэтай кампаніі асяродкаў беларускага замежжа.
5.16. Спрыяць развіццю нацыянальнага турызму праз арганізацыю падарожжаў і адпачынкаў у Беларусі беларусаў замежжа і іх дзяцей.
6. ДЗЕЙНАСЦЬ У ГАЛІНЕ НАВУКІ І АДУКАЦЫІ
Для вырашэння пастаўленых задач неабходна ажыццявіць наступную дзейнасць у галіне навукі і адукацыі:
6.1. Стымуляваць правядзенне навуковых даследаванняў у наступных кірунках:
• комплекснае вывучэнне прычын эміграцыі з беларускіх земляў у мінулым і цяперашні час;
• вывучэнне праблем адаптацыі беларусаў у іншакультурнай прасторы;
• вывучэнне рэлігійнага жыцця беларускай эміграцыі;
• выяўленне агульных рысаў беларускіх дыяспараў і іх рэгіянальнай спецыфікі;
• аналіз дзейнасці культурных таварыстваў, арганізацый, саюзаў і цэнтраў беларусаў за мяжой;
• ацэнка ўзаемаўплыву культураў метраполіі і беларускага замежжа;
• вывучэнне штодзённага жыцця беларускіх дыяспараў;
• вывучэнне гісторыі і сучаснага стану беларускай музейнай і архіўнай справы ў замежжы;
• аналіз становішча беларускай культуры на памежных тэрыторыях;
• ацэнка ўкладу беларусаў замежжа ў сусветную гісторыю і культуру.
6.2. Праводзіць навуковыя сустрэчы, семінары, канферэнцыі, прысвечаныя вывучэнню праблематыкі беларускага замежжа і публікаваць іх матэрыялы.
6.3. Арганізаваць працу па стварэнні Энцыклапедыі беларускай дыяспары.
6.4. Спрыяць пашырэнню ў замежжы беларускамоўных школ і класаў, увядзенню ў школьныя праграмы беларускай мовы і літаратуры як прадмета.
6.5. Аказваць дапамогу ўжо існуючым беларускім школам у замежжы.
6.6. Спрыяць беларускай моладзі замежжа ў атрыманні сярэдняй і вышэйшай адукацыі ў Беларусі.
6.7. Арганізаваць павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў беларускай мовы, літаратуры, гісторыі замежных навучальных установаў у адпаведных інстытутах Беларусі
6.8. Падтрымаць выданне спецыяльных падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для замежных беларускіх школ.
6.9. Праводзіць агульнабеларускія конкурсы беларусазнаўчага кірунку з прыцягненнем школьнікаў беларускага замежжа.
7. ДЗЕЙНАСЦЬ У ГАЛІНЕ ІНФАРМАЦЫЙНАГА АБМЕНУ
Дасягненне пастаўленых мэтаў патрабуе ажыццяўлення наступных захадаў у кірунку інфармацыйнага абмену:
7.1. Ажыццяўляць сістэматычнае інфармаванне беларускіх дыяспараў пра навіны ў Беларусі.
7.2. Збіраць і пашыраць інфармацыю пра жыццё беларускага замежжа ў СМІ метраполіі.
7.3. Стварыць і своечасова папаўняць базу дадзеных па беларускіх арганізацыях, выданнях, дзеячах замежжа.
7.4. Збіраць, аналізаваць і распаўсюджваць матэрыялы аб парушэнні правоў чалавека і беларускай нацыянальнай меншасці ў краінах пражывання беларусаў.
7.5. Ажыццяўляць падтрымку, метадычную і інфармацыйную дапамогу выданням беларускай дыяспары.
7.6. Дапамагаць замежным асяродкам беларусаў у набыцці неабходных ім беларускіх кіна-, відэа- і аўдыёматэрыялаў.
7.7. Спрыяць арганізацыям беларусаў замежжа ў падпісцы на беларускамоўныя выданні Рэспублікі Беларусь.
7.8. Наладзіць інфармаванне беларусаў замежжа аб апублікаваных і запланаваных да выдання кнігах па беларускай гісторыі, культуры і навуцы, а таксама кнігах, прысвечаных дыяспаразнаўчай праблематыцы.
7.9. Актывізаваць дзейнасць інфармацыйна-аналітычнага цэнтра, створанага пры МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, яго сайту і электроннай бібліятэкі.
7.10. Наладзіць абмен інфармацыяй паміж асяродкамі беларускага замежжа адносна спецыфікі пражывання беларусаў у розных краінах і арганізацыі беларускай дзейнасці.
8. ДЗЕЙНАСЦЬ У ГАЛІНЕ ГУМАНІТАРНАЙ ДАПАМОГІ і ПЕРААДОЛЕННЯ НАСТУПСТВАЎ ЧАРНОБЫЛЬСКАЙ КАТАСТРОФЫ І
Кансалідацыя гуманітарнай дзейнасці беларусаў замежжа і метраполіі патрабуе ажыццяўлення наступных дзеянняў:
8.1. Наладзіць пастаяннае інфармаванне беларускай сусветнай супольнасці аб бягучым стане спраў, звязаных з наступствамі Чарнобыльскай катастрофы на Беларусі.
8.2. Арганізаваць прыцягненне дапамогі сусветнай беларускай супольнасці ў вырашэнні канкрэтных праблем, звязаных з пераадоленнем наступстваў Чарнобыльскай катастрофы (гуманітарная дапамога, аздараўленне беларускіх дзяцей).
9. ФІНАНСАВАЯ АСНОВА РЭАЛІЗАЦЫІ ПРАГРАМЫ
Рэалізацыя асноўных мэтаў і задач праграмы патрабуе:
9.1. Выдзялення бюджэтных сродкаў на рэалізацыю асобных пунктаў праграмы.
9.2. Прыцягнення фінансавых сродкаў беларускіх асяродкаў у замежжы, сяброў МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, а таксама міжнародных арганізацый і фондаў
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”