1 ліпеня ў Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь адбылося першае пасяджэнне Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа. Удзел у ім бралі прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і дзяржустановаў Беларусі, якія займаюцца справамі беларускага замежжа, а таксама прадстаўнікі беларускіх арганізацый з 18-ці краінаў. Згуртаванне “Бацькаўшчына” ў складзе Савета прадстаўляюць Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская.
Праграма пасяджэння складалася з дзвюх частак: першая была прысвечаная развіццю супрацоўніцтва ў галіне культуры, а другая - гандлёва-эканамічнаму і інвестыцыйнаму супрацоўніцтву. Пасля кожнага асноўнага даклада жадаючыя выказваліся і задавалі пытанні. А на падставе выказванняў ад прадстаўнікоў беларускіх арганізацый з Іспаніі, Італіі, Чэхіі, Латвіі, Малдовы, Казахстана, Расіі і Беларусі былі сфармуляваныя прапановы, якія былі зафіксаваныя ў пратаколе пасяджэння і паступілі ў Міністэрства замежных спраў.
У прыватнасці, было прапанавана распрацаваць дзяржаўную праграму “Беларусы ў свеце” на 2016-2020 гады, актывізаваць працу па ўшанаванні слынных беларускіх дзеячаў, а таксама падключыць беларускую дыяспару да інфармавання аб праектах “Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў”. Ёсць патрэба ў распрацоўцы дапаможніка па вывучэнні беларускай мовы як замежнай - магчымасць яго падрыхтоўкі будзе разгледжаная МЗС.
Шмат увагі было нададзена пытанням каардынацыі і ўзаемадзеяння беларусаў замежжа як паміж суполкамі, так і з іх гістарычнай Радзімай. Прапануецца больш актыўна запрашаць беларускія творчыя калектывы замежжа, у тым ліку і моладзь, для ўдзелу ў культурных мерапрыемствах, што праводзяцца ў Беларусі. Прагучала ідэя ладзіць прэс-туры ў Беларусь для замежных СМІ, у тым ліку і друкаваных выданняў беларусаў замежжа, а ў друкаваных СМІ Беларусі стварыць раздзелы, прысвечаныя беларускай дыяспары.
Дыппрадстаўніцтвам рэкамендуюць шчыльней кантактаваць з беларускімі дыяспарамі, а афіцыйным прадстаўнікам Беларусі падчас іх паездак за мяжу ладзіць сустрэчы з суайчыннікамі, якія там пражываюць.
Для лепшага абмену інфармацыяй паміж беларускімі супольнасцямі замежжа прапануецца стварыць інтэрнэт-партал, які тэарэтычна мог бы выкарыстоўвацца і як пляцоўка для прасоўвання за мяжой экспартных беларускіх тавараў.
Таксама ўдзельнікі пасяджэння прапанавалі вывучыць мэтазгоднасць стварэння ў Беларусі цэнтральнай арганізацыі накшталт “Россотрудничества”, што існуе ў Расіі. Такая арганізацыя мела б на мэце каардынацыю супрацоўніцтва з прадстаўнікамі беларускай дыяспары, папулярызацыю беларускай культуры і беларускіх тавараў за мяжой.
Для актывізацыі эканамічнага супрацоўніцтва ў наступным годзе прапануецца правесці дзелавы форум прадстаўнікоў беларускай дыяспары.
Кансультатыўны савет не абмінуў увагай і пытанне аб магчымым паляпшэнні прававога становішча беларусаў замежжа. Міністэрства замежных спраў Беларусі будзе разглядаць мэтазгоднасць увядзення “карты беларуса”, магчымасць адмены працэдуры рэгістрацыі для беларусаў замежжа падчас іх візітаў у Беларусь, а таксама магчымасць распрацоўкі механізму выплаты пенсій грамадзянам Беларусі, якія стала пражываюць за мяжой. У адукацыйнай сферы прапанавана запрашаць да ўдзелу ў рэспубліканскіх алімпіядах па беларускай мове і па гісторыі Беларусі пераможцаў адпаведных алімпіядаў і конкурсаў з ліку прадстаўнікоў беларускага замежжа, а пры паступленні ў ВНУ прадугледзець наяўнасць квотных месцаў для беларусаў замежжа - незалежна ад наяўнасці пагадненняў аб адукацыі з краінамі іх пражывання.
Прапановы Кансультатыўнага савета тычыліся і такіх лакальных ды надзённых пытанняў, як дапамога беларускай дыяспары ў Ліепаі (Латвія) з рамонтам і арэндай памяшкання, а таксама спрыянне таму, каб беларускія самадзейныя калектывы Італіі змаглі высупіць у беларускім павільёне падчас выставы ЭКСПА-2015 у Мілане. Акрамя таго, у Італіі прапануецца стварыць беларускі культурны цэнтр. Таксама будзе разглядацца магчымасць стварэння беларускіх грамадскіх арганізацый у Іспаніі і на Сярэднім Захадзе ЗША.
Наступнае пасяджэнне Кансультатыўнага савета дамовіліся правесці ў другім квартале 2016 года. Да гэтага часу будзе разгледжаная мэтазгоднасць правядзення такіх сустрэч штоквартальна.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”