Беларусь прадоўжыць аказваць падтрымку беларусам замежжа ў захаванні мовы і культуры. Аб гэтым заявіў 1 ліпеня міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей на першым пасяджэнні Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры МЗС Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе знешнепалітычнага ведамства.
«Міністр адзначыў, што прыняцце закона (аб беларусах замежжа. — Заўвага БЕЛТА) абгрунтоўвае палітычную ўвагу да пытання дыяспары з боку МЗС. Ён падкрэсліў, што дзяржава прадоўжыць аказваць беларусам замежжа ўсю магчымую падтрымку ў захаванні беларускай ідэнтычнасці, мовы, культуры, а таксама ў самаарганізацыі, развіцці эканамічных і гуманітарных сувязей з радзімай. Уладзімір Макей заявіў, што знешнепалітычнае ведамства будзе служыць у якасці аб’ектыўна зацікаўленага сябра для ўсіх прадстаўнікоў беларускіх арганізацый з замежных дзяржаў, якія прыйдуць у Беларусь або ў беларускія пасольствы з канструктыўным настроем», — паведамілі ў МЗС.
Савет створаны ў адпаведнасці з законам «Аб беларусах замежжа» 2014 года, які ўскладае на МЗС адказнасць за каардынацыю работы органаў дзяржкіравання па рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы адносін з беларускай дыяспарай. У пасяджэнні савета прымалі ўдзел 32 прадстаўнікі беларускіх арганізацый з 18 краін. Удзельнікі гэтай сустрэчы абмеркавалі бягучы стан супрацоўніцтва ў сферах культурнай, адукацыйнай і іншай падтрымкі беларусаў замежжа з боку дзяржавы, удзел і ролю беларусаў замежжа ў эканамічных сувязях паміж Беларуссю і краінамі іх пражывання.
«Быў узняты шэраг праблемных пытанняў, якія будуць больш падрабязна разгледжаны ў ходзе далейшых кантактаў прадстаўнікоў беларускіх абшчын з галіновымі міністэрствамі. Прадстаўнікі дыяспары, беларускіх дзяржаўных устаноў і недзяржаўных арганізацый адзначылі, што ва ўсіх сферах узаемадзеяння існуе значны патэнцыял, які трэба аператыўна развіваць», — растлумачылі ў МЗС. На пасяджэнні савета была дасягнута дамоўленасць аб тым, што вынікі дыскусіі, якая была на гэтай сустрэчы, будуць пакладзены ў аснову дарожнай карты далейшых крокаў з боку беларускай дзяржавы адносна інтарэсаў беларускай дыяспары. Сярод такіх першых крокаў, над якімі цяпер працуюць у МЗС і іншых дзяржаўных установах, — прадаўжэнне тэрміну дзеяння дзяржаўнай праграмы «Беларусы ў свеце» на 2016-2020 гады, стварэнне адзінага інтэрнэт-партала аб жыцці беларусаў за мяжой, правядзенне дзелавога форуму беларусаў замежжа ў Мінску ў 2016 годзе.