Алег Рудакоў пра жыццё іркуцкіх "Крывічоў"

На сядзібу Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” 27 сакавіка завітаў з далёкай Сібіры сябра нашай Рады Алег Рудакоў. Цягам некалькіх дзён, праведзеных у Беларусі, ён паспеў паўдзельнічаць у моўных курсах “Мова TUT”, пабываць у Віцебску, а яшчэ прайсціся ў мінскім шэсці на Дзень Волі з плакатам, які запомніўся многім: “Беларуская мова - адзіная дзяржаўная!”. Як пракаментаваў сам спадар Алег, гэта гучыць адразу і як напамін, і як заклік.

І ў Сібіры таксама, як многім з нашых чытачоў вядома, жыццё сябра Моладзевага клуба “Крывічы” Алега Рудакова пасіўным ніяк не назавеш: нездарма адным з яго першых словаў у гутарцы з намі было слова “актыў”. Таму, бадай, усім будзе цікава даведацца, што спадар Алег распавёў пра сённяшняе жыццё, навіны і планы “Крывічоў”!

У Іркуцку ў нас ёсць два актывы - Моладзевага клуба Крывічы і Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага, а яшчэ мора беларусаў, якія так ці іначай далучаюцца да іх дзейнасці, ходзяць на іх мерапрыемствы.

“Крывічы” заўсёды збіраюць на сваіх мерапрыемствах аўдыторыю не меншую за 50 чалавек. Сярод апошніх найбольш гучных мерапрыемстваў, у якіх мы ўдзельнічалі ў Іркуцку, творчая сустрэча ў абласной бібліятэцы імя Малчанава-Сібірскага, куды нас запрасілі на пасяджэнне клуба “Родословие”. У Іркуцку гэта даволі папулярны клуб. (Дарэчы, у бібліятэку Згуртавання Алег Рудакоў прэзентаваў кнігу Таццяны Мунінай “Древо жизни рода Гринцевич”, выдадзеную пры дапамозе гэтага клуба - Рэд.). Яны дапамагаюць кожнаму чалавеку, які да іх звяртаецца, знайсці іх карані, калі гэта магчыма. У асноўным у гэтым клубе людзі сталага веку, але ёсць і шмат зацікаўленай моладзі. Наша сустрэча складалася з трох частак. Першая - лекторый, дзе я распавядаў пра тое, хто такія беларусы, як і чаму яны перасяляліся ў Прыбайкалле, хто са знакамітых беларусаў трапляў туды. У другім блоку былі спевы гурта “Крывічы”, прычым у розных варыянтах - і Воля (Галанава - Рэд.) адна, сольна, і мы з Воляй, і Воля з дзяўчатамі, і мужчыны - у нас цяпер, акрамя мяне, яшчэ двое мужчын ходзяць у гурт “Крывічы”. Усяго нас у гурце 8 чалавек, а сам актыў клуба - 16-17 чалавек. А трэці блок сустрэчы быў танцавальны.

Што яшчэ цікава: на гэтым мерапрыемстве я пазнаёміўся з адной беларускай па прозвішчы Вечар - жанчына сталага ўзросту ўжо, і яна распавяла, што яе дзед быў рэпрэсаваны ў 1930-х гадах. Яе сям’я была спачатку выселена ў Сібір, і ім дазволілі жыць толькі ў Іркуцку, а дзеда ўвогуле расстралялі. Гэтая спадарыня цяпер актывістка таварыства “Мемарыял”, і яна прэзентавала нам кнігу - дзявяты том “Мемарыяла”, і там вельмі шмат імёнаў беларусаў, прычым там не толькі расказваецца пра іх, але і ёсць некаторыя расповеды людзей, што змаглі выжыць і ў каго ўдалося ўзяць інтэрв’ю. У тым ліку там былі такія жахлівыя артыкулы, дзе распавядалася, што былі нават разнарадкі, колькі трэба было чалавек арыштаваць, колькі трэба было расстраляць. Там быў прыведзены ліст аднаго чэкіста, які кпіў з таго, што, маўляў, у вашым раёне расстраляна на 15 чалавек менш, чым трэба было, маўляў, чаму гэта так, чаму не выконваеце разнарадку - тэрмінова знайсці людзей, расстраляць… Пісаў: нам не хапае людзей для будаўніцтва цаглянага завода, значыць, вашаму раёну абавязкова знайсці 34 чалавекі, рэпрэсаваць, арыштаваць і паставіць на завод. Такая была жахлівая схема.

Спадарыня Вечар звярнулася да нас па дапамогу, і мы сапраўды трошкі дапамаглі, падпісвалі лісты, былі слуханні… Справа ў тым, што ў нас у аэрапорце хочуць пашырыць ўзлётную паласу, але яе пашыраюць у бок, дзе знаходзяцца могілкі расстраляных - у нас там свае Курапаты, каля Піваварыхі. Гэтыя могілкі рэпрэсаваных знайшлі актывісты “Мемарыяла”. Цяпер паднялася грамадская плынь, каб не дапусціць такога пашырэння паласы. Пакуль цяжка сказаць, чым скончыцца гэтае змаганне.

Адно з апошніх нашых мерапрыемстваў - гэта Гуканне Вясны. У той дзень ляжаў снег, а на наступны дзень было +10, і рэзка пачало ўсё таяць - значыць, гукалі шчыра. Цяпер Моладзевы клуб “Крывічы” стараецца праводзіць выязныя мерапрыемствы, мы паставілі сабе такую мэту - вяртаць абрады, вяртаць асноўныя абрадава-каляндарныя святы ў вёску. Увосень ладзілі Багач, хадзілі ад хаты да хаты, збіралі зерне. Потым на 2 дні ездзілі калядаваць у вёску Тарнопаль Балаганскага раёна, на Гуканне вясны паехалі ў вёску Алкін Куйтунскага раёна. Гэта ўсё вёскі, утвораныя беларускімі перасяленцамі.

Гэта насамрэч іншы ўзровень - у горадзе не тая атмасфера. У вёсцы атрымліваеш больш цікавы водгук, для іх гэта нешта новае. Напрыклад, мы паказвалі танцы, і бабулькі вакол сядзяць, абмяркоўваюць, а я падыходжу да іх і пытаю: ну што, вы так танчылі? Не, кажуць, падэспань не так танчылі, а гэта так, было і такое! Палеміка разгараецца! Ім падабаецца, што гэта вяртаецца, што зноў танчаць тыя танцы, якія яны ў маладосці танчылі. Потым у нас была бяседа, да нас падыходзілі бабулькі, дзячылі і хвалілі, і моладзі вясковай шмат сабралося. Адчувалася лучнасць гарадской і вясковай моладзі.

Нядаўна ў нас праводзіўся семінар для настаўнікаў Іркуцка, дзе іх вырашылі пазнаёміць з некаторымі нацыянальнымі культурамі: татарскай, армянскай, бурацкай, рускай і беларускай. Наш клуб “Крывічы” запрасілі, каб мы там дапамаглі, мы і там паспявалі песні, трошкі танцаў паказалі. Дарэчы, арганізатары вельмі творча падышлі і далі яшчэ сваіх вучняў нам у дапамогу. У нас былі тры дзяўчынкі - усе тыповыя беларусачкі, і аказалася, што яны сапраўды нашчадкі беларусаў. Я быў прыемна здзіўлены. Калі ў шостых класах іх спыталі, хто жадае дапамагаць беларусам, то яны самі вызваліся. Мы з імі нават дамовіліся, каб яны прыходзілі да нас, цікавасць у іх ёсць. Так што жыццё ў нас вельмі насычанае, прыгожае, цікавае.

А цяпер пра нашыя планы! 5 красавіка правядзем у Іркуцку Камаедзіцу, пастараемся як мага шырэй гэтае свята правесці. Таксама абавязкова правядзем у канцы красавіка справаздачны сход Моладзевага клуба “Крывічы” (ён праходзіць раз на тры гады), будзе абноўлены актыў. Але самае галоўнае, што нас чакае наперадзе - гэта правесці круглы стол, прысвечаны 170-годдзю Яна Чэрскага. 3 траўня спаўняецца 170 гадоў з яго нараджэння. Я зараз ездзіў у Віцебск і ўжо звярнуўся да тамтэйшых навукоўцаў, таксама звязаўся з музеем у Валынцах, дзе Ян Чэрскі нарадзіўся, і мы дамовіліся, што гэты круглы стол мы правядзем у тры этапы: у Іркуцку, у Віцебску і ў Верхнедзвінскім раёне. У гэты музей на малой радзіме Чэрскага я пастараюся прывезці адбіткі рукапісаў Яна Чэрскага, якія захаваліся ў нас у Іркуцкім краязнаўчым музеі. Я спадзяюся, што гэтым круглым сталом мы дадзім нейкі штуршок справе стварэння музея Чэрскага ў Віцебску. Ад гэтай ідэі я не адыходжу: я жадаю стварыць гэты музей, паставіць помнік Яну Чэрскаму, а таксама зрабіць гарадамі-пабрацімамі Іркуцк і Віцебск.