Актывісты Моладзевага клуба “Крывічы” правялі Багач за 350 км ад Іркуцка

Калі кажаш сібіракам, што мы адправіліся правесці свята за 350 км ад Іркуцка, то яны ўспрымаюць гэта нармальна. Але калі кажаш пра гэта беларусам, то, як правіла, здзіўленню няма мяжы. Як? Няўжо бліжэй не было магчымасці? Бо далёка ехаць, стомна.

Так, сапраўды, 350 км у адзін бок, нават на хуткай маршрутцы, - гэта мінімум чатыры гадзіны чыстага часу ў дарозе. “Калі ўсё будзе добра...” - так звычайна кажуць кіроўцы. І гэта зразумела, бо ў дарозе ўсё можа адбыцца (цьху, цьху, цьху).

Але хіба цяжкасці дарогі нас страшаць? Мы жывем у Іркуцкай вобласці, якая па тэрыторыі як уся Украіна, Беларусь, Літва, Латвія, Эстонія разам. Але насельніцтва ў нашай вобласці ўсяго толькі каля трох мільёнаў чалавек. У той час як толькі ў Беларусі 10 мільёнаў.

Таму адлегласці паміж селішчамі велізарныя. Але не гэта галоўнае. Галоўнае, што наш Моладзевы клуб «Крывічы» паставіў перад сабой задачу аб'ехаць як мага больш беларускіх паселішчаў у Прыбайкаллі і правесці там разнастайныя беларускія абрадавыя святы. Для чаго? Адказ вельмі просты: каб адрадзіць у маладых нашчадках беларускіх перасяленцаў цягу да народнай традыцыі.

Так ужо атрымалася, што вёска, якая доўгі час кансерватыўна захоўвала традыцыйную культуру ў Сібіры, цяпер крыху “разгубілася”. Неаднаразовая змена ўлады, змена ўмоваў жыцця, працэс “узбуйнення вёсак” у 1960-я гады, “разруха” ў 1990-я... усё адбілася.

Але галоўнае іншае. Засталася цяга да каранёў. Засталося жаданне ўспомніць і захаваць свой нацыянальны каларыт. Ну а мы, моладзь з Іркуцка, з задавальненнем адгукаемся на заклік сялян і, ужо вывучыўшы з навукова-этнаграфічнага пункту гледжання той ці іншы абрад, гатовыя “вярнуць” яго ў вёску.

Вось і атрымліваецца, што “гарадскія” прыязджаюць у вёску “сельскія” святы праводзіць. І тут, мабыць, трэба заўважыць, што большасць нашай моладзі таксама з вёсак. Прыехалі ў горад, паступілі, атрымалі вышэйшую адукацыю, засталіся. А нехта яшчэ і вучыцца. Але ж цяга да вёскі не загасла! Так што калі мы прыязджаем у вёску, мы сябе там адчуваем як дома! Да таго ж беларускія вёскі Прыбайкалля славяцца сваёй гасціннасцю!

Вось так летам Моладзевы клуб “Крывiчы”, сабраўшы актывістаў і прыхільнікаў нашых “імкненняў”, выправіўся за 130 км ад Іркуцка па настойлівым запрашэнні сельскіх актывістаў у вёску Ахіны Эхірыт-Булагацкага раёна, каб адрадзіць свята Купалле. Нас, іркуцянаў, было чалавек 50, а вясковых сабралася больш за 300. У выніку свята атрымалася масавым, дружным і вясёлым! Усю ноч - песні, гульні, карагоды, танцы! Ахінцы - нашчадкі заходніх палешукоў - ужо цяпер кажуць: “Давайце зробім Купалле ў нашым сяле штогадовым!”. А мы адказваем: “А давайце!”

Упэўнены, што яшчэ пару разоў правядзем сумесна, а затым ужо жыхары Ахінаў “не адпусцяць” гэты найпрыгажэйшы беларускі абрад са свайго сяла!

Ну а на восень у нас паўсталі іншыя планы. Мы атрымалі чарговае запрашэнне ўжо з іншай вёскі, заснаванай беларускімі перасяленцамі з Гомельшчыны. Вёска Тарнопаль Балаганскага раёна была ўтвораная ў 1930-я гады, падчас калектывізацыі, з бліжэйшых хутароў, якія заснавалі іх продкі ў пачатку ХХ стагоддзя. А побач з Тарнопалем ёсць і больш старое беларускае сяло Анучынск, утворанае ў 1909 годзе. Вось так і стаяць гэтыя дзве беларускія вёскі побач.

Тарнопальцы шануюць сваё паходжанне. У іх нават адна з вуліц называецца Гомельская. А яшчэ ў савецкі час у Тарнопалі быў утвораны ансамбль «Марусенькi». Назвалі так таму, што ў творчы калектыў уліліся 7 жанчын на імя Марыя (па-вясковаму Маруся), а асаблівай зорачкай гэтага калектыву была цётка Дуся Заікіна (так яе ўсё тут называлі). «Марусенькi» славіліся на ўсю ваколіцу. Песні ў асноўным спявалі старадаўнія, беларускія. Не толькі ў сваім раёне - іх запрашалі на шматлікія фестывалі і святы і ў іншыя раёны, ды і ў сам Іркуцк. А яны не адмаўляліся, ехалі і спявалі. Мужы, праўда, толькі бурчалі, бо гаспадарка ўся на іх у адсутнасць жонак. Ды ўсё ж жартавалі: «Галоўнае з сабой каго не прывязіце!». Намякаючы на залётнікаў, бо жанчыны прыгожыя, ды да таго ж так спяваюць…

Але, на жаль, час не шкадуе нікога. Многія Марусі памерлі, і цёткі Дусі таксама гады чатыры ўжо як не стала... Яе я ведаў асабіста. Сустракаліся заўсёды як родныя. Дзівіла мяне цётка Дуся сваёй мудрасцю і жвавасцю характару. Здавалася, усё ёй хоць бы што. Знай сабе спявае!

І ўсё ж ансамбль “Марусенькі” вёскі Тарнопаль і цяпер “дае пораху”. Са “старога” складу засталася бабуля Марыя Паўлаўна Макрэцкая, з “сярэдняга” звяна спяваюць Надзея Фёдараўна Самахвалава і Тамара Рыгораўна Дубавец. Ну, ёсць і “новая” зорачка Таццяна Васільеўна Дарчы.

Дарэчы, пра Таццяну Дарчы хочацца сказаць асобна. Працуе ў школе настаўнікам інфарматыкі і намеснікам дырэктара школы па выхаваўчай працы, гадуе дачку (таксама яшчэ тую пявунню!), ды займаецца грамадскай працай. Менавіта Таццяна ўзначальвае мясцовую беларускую ячэйку і будуе вялікія планы па арганізацыі этнакультурнага жыцця вёскі.

Вось Таццяна і патэлефанавала мне з прапановай: 5 кастрычніка здзейсніць “культурны дэсант” нашага Моладзевага клуба “Крывiчы” ў Тарнопаль. Ну, а падставай паслужыла правядзенне абраду “Багач”.

Стэлефанаваліся, памеркавалі, вырашылі! А чаму б і не. Ураджай сабраны добры, восеньскія работы амаль усе завершаныя. Трэба было б гэта “адзначыць”!

Ды і сцэнар просты. Засталося толькі 350 км адмахаць...

Гэтым разам на такую ​​адлегласць змог паехаць дэсант “Крывічаў” паменей. Усяго 11 чалавек з Іркуцка і адзін з горада Зіма. Асноўная нагрузка легла на песенны калектыў “Крывiчы”. І тут асабліва хочацца падзякаваць Старшыні Моладзевага клуба “Крывічы” і кіраўніку аўтэнтычнага ансамбля - Волі Галанавай і яе “песенным” сяброўкам: Каці Тукач, Юлі Гайсінай, Лізе Таранушанка і Соні Куліковай.

Менавіта гэтыя пяць дзяўчат выцягнулі абрадавую частку свята “Багач”. І хлопцы, канечне, з нашага “дэсанту” актыўна дапамагалі.

А пачаўся абрад з таго, што мы ўтварылі групу ў нацыянальных беларускіх строях для абыходу вёскі. а чале працэсіі ішлі два хлопцы: я з сапраўдным старадаўнім лубком (глыбокая драўляная чара) і Андрусь Майснер са снапамі ў руках, абвязаны стужкай з арнаментам. За намі ішлі пявучыя дзяўчыны, а за імі ўсе астатнія, хто паступова далучаўся да працэсіі.

Хоць і вецер прахалодны падняўся, але наша імкненне да ажыццяўлення Абраду ён не спыніў.

Пакуль наша дружная каманда ішла ад хаты да хаты, дзяўчаты спявалі «дажыначныя» песні. Падышоўшы да чарговай брамы, мы спявалі, пакуль не выходзіла гаспадыня дома. Затым мы ўсе ёй кланяліся, і я казаў: “Дзень добры, гаспадынька! А ці багата ваша хата?” Мне адказвалі: “Багата!”. Я зноў: “А ці добры ўраджай вы сабралі ў гэтым годзе?” У адказ чуў: “Добры!” Я працягваю: “Ну, а раз добры ўраджай, дык, гаспадынька, нам дагаджай. Насып зерне на Багач, ды не шкадуй, каб у новым годзе яшчэ лепшы быў у цябе ўраджай!” Гаспадыня сыпала рукамі некалькі жменяў збожжа ў наш лубок. Мы ёй зноў кланяліся. Яна кланялася нам. Затым “Крывiчы” спявалі гаспадыні абрадавую песню на добры ўраджай. І мы, запрасіўшы гаспадыню дома і ўсіх яе дамачадцаў у сельскі клуб на свята, ішлі далей.

Так мы абышлі добры дзясятак дамоў. Лубок быў насыпаны даверху. І вось з гэтым лубком і з песнямі мы прыйшлі ў клуб. Там ужо поўная зала народу сабралася: і стары, і малады. Нават месца на ўсіх не хапіла. Мясцовыя хлопцы і мужчыны саступілі месцы жанчынам і дзецям, а самі стаялі ззаду ля батарэй.

Мы сталі перад сцэнай. На сцэне стаяў стол, пакрыты белым абрусам. Пасярэдзіне абруса ляжаў вышыты ручнік. З нашай каманды наперад выйшла Воля і сказала:

Ручнік, ручнічок,

аберажы наш лубок.

Багач, Багач!

Не забывай нашай нівы!

Дай ніве спор у снапах,

стагамі ў гумне, зярном у клеці.

Пасля гэтых слоў, я паставіў Лубок са збожжам на ручнічок. Уставіў у цэнтр лубка свечку і запаліў яе.

Затым распавёў усім прысутным пра свята “Багач”: “З даўніх часоў для нашых продкаў канец збору ўраджаю меў важнае сімвалічнае значэнне. Увесь каляндарны год у беларускіх земляробаў быў разбіты на пэўныя цыклы.

Выконваецца гэты цыкл - добра, значыць, будзе дастатак і спакой у доме, у сям'і. А ўжо калі нешта пайшло не так, значыць, прагнявілі багоў і сваіх продкаў, якія, паводле пераканання беларусаў, назіраюць за намі з выраю - нябеснага раю.

Скончыўшы збор ураджаю, трэба адзначыць гэтую падзею пэўным рытуалам - правесці “Багач”.

Добры быў ўраджай ці не вельмі, але ў любым разе ў свірнах маецца пэўны дастатак.

Самы час падвесці вынік збору ўраджаю.

Само слова “Багач” мае тры сэнсавыя значэнні. Першае - “Багач” ад слова «багацце», г.зн., сабраны ўраджай і ёсць галоўнае багацце земляроба. Другое - «Багач» - гэта міфалагічнае Боства, якое адказвае за збор ураджаю і за яго захаванне. Трэцяе - так называлі саму лубку (выдзеўбаную драўляную чару) з усыпаным туды збожжам, у цэнтры якога стаяла запаленая свечка.

Усе тры значэнні словы «Багач» дапаўняюць адзно адное і прымушаюць нас з вялікай увагай ставіцца да самога абраду.

У беларускай традыцыі ў час правядзення абраду не было выпадковых рухаў, прадметаў або слоў. Усё мела пэўнае сімвалічнае значэнне.

Асэнсоўваючы гэтае свята, можна прыйсці да яго сапраўднага разумення. З аднаго боку, неабходна аддаць даніну “Багачу” і “Дажбогу” - Богу Сонца - за тое, што яны дазволілі сабраць ураджай. З іншага боку, неабходна “замовіць” словам і дзеяннямі перад гэтымі боствамі захаванне гэтага ўраджаю, папрасіць захаваць ад усялякіх напасцяў і спусташэнняў.

Тое, што ў лубок, насыпаны збожжам, ставіцца запаленая свечка, кажа, што “Багач” (правобразам яго з'яўляецца зерне) і “Дажбог” (правобраз - запаленая свечка) наглядна дэманструюць аб'яднаны сімвал дабрабыту, якое залежыць ад Сонца (агонь свечкі). Бо менавіта Сонца абагравае, асвятляе і адорвае (распаленым воскам) сваёю ласкаю наш ураджай.

Даўней на “Багач” збіраліся усім мястэчкам. Спачатку выбіралі дом, гаспадары якога павінны былі захоўваць “Багач” (лубок з збожжам) да наступнага года. Прычым кожны год гэта павінны былі быць розныя людзі. У абраным доме бралі лубок, насыпалі трохі збожжа і ішлі па ўсім сяле, абыходзячы кожны дом. Ішлі з абрадавымі песнямі.

Калі працэсія падыходзіла да чарговага дома, з яго выходзілі гаспадары з усімі дамачадцамі і высыпалі кожны па жмені збожжа ў агульны лубок. Пасля таго як абышлі ўсю вёску, “Багач” прыносілі ў першы дом і ставілі на ганаровае месца на абрадавы ручнік. З пэўнымі рытуальнымі словамі ставілася і запальвалася свечка. Пасля гэтага ўсе ўдзельнікі сядалі за стол і спачатку частаваліся вялікім святочным караваем, спечаным гаспадарамі, з мёдам. Затым ішло звычайнае застолле. Да стала ўся вёска прыносіла свае харчы. Ну а ў канцы свята моладзь ладзіла танцавальныя вячоркі.

Дарэчы, як сцвярджаў этнограф Адам Багдановіч, менавіта падчас правядзення “Багача” маладыя хлопцы і дзяўчаты канчаткова прыглядаліся адзно да аднаго. А ўжо пасля “Багача” многія засылалі сваіх сватоў і граліся вяселлі.

Вось і мы цяпер у вашай вёсцы адраджаем гэтае старадаўняе беларускае свята!”

Пасля майго аповеду наперад выйшла Каця Тукач і сказала наступныя словы:

Каравай, малявай.

Хто працу зрабіў, дык налятай.

Бяры лусту хлеба,

ды малаці зерне, як трэба.

“Гаспадыня” вёскі Таццяна Дарчы вынесла наперад каравай і мёд у чары. Каця, адламаўшы кавалачак ад каравая, сказала:

А гэты каравайчык

птушкам на вырайчык!

Аднясіце яго ў неба,

пачастуйце нашага хлеба!

У гэтым дзеянні заключаецца магія сувязі з продкамі. Кавалачак каравая Каця вынесла на двор і расцерла яго на крошкі для “птушак”, каб яны аднеслі наш дар у вырай багам і продкам нашым.

Затым з рэштай караваю і мёдам (каб жыццё было багатым і салодкім) я абышоў кожнага ўдзельніка і гледача ў клубе. Усе адломвалі па кавалачку каравая, мачалі ў мёд і елі. Гэтая працэдура асабліва спадабалася дзецям!

Ну вось асноўны абрад здзейснены.

Але свята прадоўжылася. Сіламі ансамбляў “Марусенькі” і “Крывічы” былі выкананы некалькі беларускіх песень, ужо не абрадавага значэння. Асабліва парадаваў жартаўлівы гульнявы нумар “Марусенек”, дзе Тамара Рыгораўна Дубавец сыграла “Дзядзьку”, а Надзея Фёдараўна Самахвалава “Цётку”.

Ну а затым, як водзіцца, мы ўсе перайшлі да танцавальнага блоку. І тут асабліва мяне парадавалі дзеці і... бабулі, якія не прапускалі ніводнага танцу. Хоць моладзь, вядома, таксама не адставала.

А я з асаблівым задавальненнем танцаваў з бабуляй-“марусенькай” Марыяй Паўлаўнай Макрэцкай “Падэспань”, а з юнай 6-ці гадовай Людмілай “Матлёт”.

Але падчас танцаў усіх скарыла сваёй энергіяй і суперактыўнасцю маладая пара - Каця Тукач і Андрусь Майснер. Яны былі асабліва “станцаваныя”. “Напэўна, ведаюць адно аднаго” - падумалі ўсе...

У канцы нашага свята я ўручыў Таццяне Дарчы некалькі падарункаў: кнігі і дыскі з метадычнымі матэрыяламі для іх далейшай працы ў гэтай вёсцы па адраджэнні беларускай культуры. Музыку для танцаў мы таксама ім перапісалі. Здаецца, цяпер уся вёска з задавальненнем затанчыць зноў гэтыя танцы. Бо Марыя Паўлаўна Макрэцкая мне так і сказала: "Во, раней мы тое ж танцавалі: полечку, падэспанец, кракавяк, во-во як зараз!”.

Так, яшчэ хацелася б адзначыць асаблівую гасціннасць тарнопальцаў! «Марусенькі» падрыхтавалі для ўсяго нашага дэсанту выдатныя два (!) абеды. Прычым у адпаведнасці з беларускай традыцыяй! Як толькі мы прыехалі, нас пакармілі, і перад ад'ездам нас зноў пакармілі. Цяпер гэтыя абеды ўспамінаюцца з асаблівым задавальненнем...

Эх, напэўна, я запрацаваўся... Нешта прагаладаўся! Трэба заканчваць гэты нарыс і схадзіць паесці, ці што...

Дзякуй Тарнопальцам за прыём, за жаданне адраджаць традыцыі продкаў, за актыўны ўдзел у абрадзе!

“Крывiчам” дзякуй за стойкасць, дружность, мабільнасць, творчую прафесійнасць і за беларускасць!

Відаць, што з такімі захопленымі людзьмі беларуская культура ў Прыбайкаллі не толькі захаваецца, але і будзе паспяхова развівацца!

“Прыбайкальскі беларус” - Алег Рудакоў