Ад верасня беларусы замежжа маюць свой закон

21 верасня ўступілі ў сілу ўсе палажэнні Закона “Аб беларусах замежжа”, падпісанага Прэзідэнтам сёлета 16 чэрвеня. Спатрэбіўся доўгі шлях - амаль 13 гадоў, каб гэты важны дакумент урэшце быў прыняты. Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” ініцыявала распрацоўку Закона  ў далёкім 2001 годзе. Пачынаючы з Трэцяга з’езда беларусаў свету (2001 г.), пытанне прыняцця законапраекта было цэнтральным падчас усіх наступных з’ездаў. Юрыдычная камісія “Бацькаўшчыны” распрацавала прапановы ў законапраект, грунтуючыся на пажаданнях беларускай дыяспары і падобнага заканадаўства іншых унітарных краінаў свету. Ва Урад Беларусі накіроўваліся як прапановы Згуртавання, так і звароты ад дэлегатаў з заклікам прыняць адпаведны закон. Рабочая група для працы над законапраектам пры Нацыянальным цэнтры заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь стваралася двойчы: першы раз у 2002 годзе і другі раз у 2009-м. “Бацькаўшчына” працавала ў абедзвюх Рабочых групах, толькі праца ў першай так і не завяршылася прыняццем закона.

Тым не менш, “Бацькаўшчына” працягвала звяртацца да ўладных стуктураў, даказвала неабходнасць прыняцця законапраекта, яго актуальнасць для беларускай дыяспары, ладзіла рэгулярныя кансультацыі з арганізацыямі беларускага замежжа.

У 2009 годзе “Бацькаўшчыну” пачулі. Пасля Пятага з’езду беларусаў свету была стварана працоўная група, дзейнасць якой завяршылася прыняццем Закона ў 2014 годзе. Но новым этапе вялікую ролю ў працэсе прыняцця закона адыграла Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Асноўны ж цяжар узгаднення з іншымі дзяржаўнымі ўстановамі ўзяло МЗС.

Безумоўна, сённяшні Закон адрозніваецца ад таго законапраекта, што прапаноўвала “Бацькаўшчына”, носіць кампрамісны характар. Але тое, што закон прыняты, што ў ім замацаваны панятак “беларус замежжа” – ужо вельмі важны крок беларускай дзяржавы насустрач беларускаму замежжу.

Чытайце таксама:

Прапановы Згуртавання “Бацькаўшчына” ў сувязі з прыняццем Закона “Аб беларусах замежжа”