Напярэдадні канчатковага ўступлення Закона ў сілу, 12 верасня, адбылося пасяджэнне Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры Беларусі. Асноўным пытаннем пасяджэння, агучаным Міністрам культуры Барысам Святловым, быў далейшы лёс Кансультатыўнага савета. Справа ў тым, што законам “Аб беларусах замежжа” агаворваецца абавязковае стварэнне Кансультатыўнага савета толькі пры Міністэрстве замежных спраў, пры гэтым існуючы савет пры Міністэрстве культуры страчвае ранейшыя паўнамоцтвы. Таксама кансультатыўныя органы па справах беларусаў замежжа могуць быць створаны пры любых рэспубліканскіх органах дзяржаўнага кіравання, абласных і Мінскім выканкамах. Кампетэнцыя Савета пры Міністэрстве культуры асобна не агаворваецца. Бальшыня прадстаўнікоў беларускай дыяспары, што ўваходзяць у савет пры Міністэрстве культуры, выказаліся за працяг існавання Кансультатыўнага савета пры Мінкульце незалежна ад савета, які плануецца пры МЗС. Кіраўніцтва “Бацькаўшчыны” падтрымала меркаванне беларусаў замежжа, , адзначыўшы як ролю Міністэрства культуры ў прыняцці законапраекта, так і той факт, што культура з’яўляецца фундаментальнай асновай для згуртавання беларусаў у свеце, паглыблення іх ідэнтычнасці. Відавочна, што такі падыход у фармаванні саветаў будзе весці да падзелу кампетэнцый паміж міністэрствамі ў рабоце з беларускім замежжам. На жаль, закон не прадугледжвае стварэнне структуры, якая б разглядала праблемы беларускага замежжа комплексна.
Таксама кіраўніцтвам “Бацькаўшчыны” была выказана прапанова па стварэнні падобнага органа і пры Міністэрстве адукацыі. Вядома, што пытанне беларускага школьніцтва – гэта адно з найважнейшых для будучыні беларускай дыяспары, а за апошнія гады ў месцах кампактнага пражывання беларусаў замежжа не ўтварылася ніводнай новай школы. Стварэнне савета дазволіла б Міністэрству адукацыі быць больш інтэграваным у працэс супрацоўніцтва з беларускім замежжам.
Кіраўнікі “Бацькаўшчыны” таксама адзначылі важнасць прыняцця Закона “Аб беларусах замежжа”. На іх думку, зараз настае важны момант абмеркавання тых падзаконых актаў прамога дзеяння, якія павінны напоўніць закон практычнымі дзеяннямі. Было выказана спадзяванне, што гэтая функцыя – абмеркавання і прапановаў да дзяржавы адносна падзаконных актаў – будзе належаць Савету пры МЗС, як і функцыя агульнага фармулявання стратэгічных задачаў дзяржавы ў сферы супрацоўніцтва з беларускім замежжам.
Тое, што не прагучала на Савеце, але з чым “Бацькаўшчына” таксама мае намер звярнуцца да Міністэрства замежных справаў: каб у новым савеце бралі ўдзел прадстаўнікі беларускага замежжа не толькі з былога СССР, але і з краінаў далёкага замежжа.