“Гэтую вайну выйграў нямецкі настаўнік” – так казаў пра перамогу ў аўстра-прускай вайне 1866 года вялікі Бісмарк. У выніку “настаўніцкай перамогі” Прусія канчаткова забрала гегемонію ў нямецкіх землях і праз пяць гадоў стала Германскай імперыяй – наймагутнейшай дзяржавай Еўропы.
Сапраўды, важнасць існавання якаснай нацыянальнай школы нельга пераацаніць – яна рыхтуе не проста кадры, але адукаванага грамадзяніна, свядомага чалавека, без яе народ не можа гарманічна існаваць і развівацца. Сто гадоў таму сярод нацыянальных школ свету з’явілася і беларуская. Пра яе, пра падзеі, што адбываліся ў тыя часы і прывялі да з’яўлення беларускай школьнай адукацыі, сёння і пагаворым.
Нацыянальныя школы у ХІХ стагоддзі – “турма народаў” ці “турма народаў”?
Каб увасобіць сітуацыю з нацыянальнымі школамі да пачатку Першай сусветнай вайны, разгледзім прыклад з дзвюма шматнацыянальнымі імперыямі, якія за час існавання атрымалі пяшчотную мянушку “турма народаў”. Гаворка, зразумела, пойдзе пра Расійскую і Аўстра-Венгерскую імперыі. Буйныя кантынентальныя дзяржавы, што не мелі заморскіх калоніяў, населеныя вялікім мностваў нацыянальнасцяў, сярод якіх было шмат славян, – падабенства між імі відавочнае. Але аўстрыйская і расійская нацыянальная палітыка адрозніваліся прыкладна як Божы дар і яечня. У Аўстра-Венгрыі тытульныя нацыі – немцы (аўстрыякі) і венгры – не складалі нават нацыянальнай большасці, і таму для кіраўніцтва “Дунайскай манархіі” выпрацоўка ювелірнай нацпалітыкі была справай нумар адзін. Цяпер, як кажуць, у трэндзе спрашчаць стаўленне Вены да “малых” нацый да прымітыўнага divide et impera – “раздзяляць і валадарыць”. Маўляў, хітры Франц-Іосіф нацкоўваў венграў на румынаў, палякаў – на ўкраінцаў, чэхаў – на славакаў, а сам меў з таго гешэфт у выглядзе адсутнасці сепаратызму.
Думаю, не варта тлумачыць, што гэта абсурд. Людзі – не байцовыя сабакі, і такая палітыка можа прайсці ў кароткатэрміновай перспектыве (прапаганда можа накруціць масу, напрыклад, перад вайной), але жыць так дзесяцігоддзямі змогуць хіба люмпены, якім ўсё роўна, калі, каго і дзе біць. Насамрэч усё нашмат складаней і адначасова прасцей. Вена папросту зрабіла стаўку на нацыянальныя культуры – пры захоўванні верхавенства сваёй улады. Мы не кажам пра Венгрыю, якая пасля 1867 года стала раўнапраўным партнёрам у Двуадзінай манархіі, другой “стрыжнёвай нацыяй”, лепш прыгледзімся да іншых. Ужо ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя разгарнулася масавае адраджэнне чэшскай мовы, адукацыі і культуры. У 1858 годзе 53% чэшскіх школ першай ступені былі чэшскімі (улічваючы, што чэхі складалі толькі 62% насельніцтва краіны, можна казаць пра стоадсоткавы ахоп народа пачатковай адукацыяй на роднай мове). У 1859 годзе – ніводнай чыста чэшскай гімназіі (20 нямецкамоўных, 9 двухмоўных). А ў 1900 годзе ў Чэхіі з 91 гімназіі і рэальнага вучылішча (сярэдняя адукацыя) 51 была на чэшскай мове. Вышэйшая тэхнічная школа (1869) пераходзіць на родную для чэхаў мову, ствараецца паралельна з нямецкамоўным чэшскамоўны Пражскі ўніверсітэт (1882). У Харватыі адукацыя на харвацкай мове пачалася пасля “вясны народаў” 1848 года. У Галіцыі напрыканцы ХІХ стагоддзя колькасць украінскіх школ дасягнула 1900, у Букавіне ў 1913 – 216 (пры гэтым вышэйшая адукацыя ў асноўным вялася па-польску). Пералічваць можна доўга, але гаворка ўсё ж не толькі і не столькі пра Аўстра-Венгрыю, абмяжуюся выніковай статыстыкай: у аўстрыйскай частцы імперыі ў 1859 годзе было 78% нямецкіх школ, 12% змешаных і толькі 9% нацыянальных. А ў 1900 годзе – 56% нямецкіх, 40,5 (!) адсоткаў нацыянальных і 4 адсоткі змешаных школ.
Навошта гэта рабілася? Каб прадстаўнік кожнай або амаль кожнай нацыі адчуваў сабе ў імперыі “як дома”. Праблемы, шавінізм, прыгнёт, безумоўна, былі – я апісваю не краіну эльфаў – але ахарактарызаваць нацыянальную палітыку нашай першай “турмы народаў” інакш як вельмі паспяховую я не бяруся. Гісторыя гэта, дарэчы, пацвердзіла – Першая сусветная вайна, калі сапернікамі Аўстра-Венгрыі выступілі “аб’яднальніца славян” Расія (славяне агулам – 45% насельніцтва імперыі), Сербія (8,5% “аўстрыякаў” – сербы), Румынія (6,3%), Італія (1,5%), проста павінная была скончыцца для імперыі імгненным развалам і адыходам нацыянальных ускраін да варожых краін. На практыцы “Дунайская манархія” стаяла і паспяхова ваявала ажно да кастрычніка 1918 года, і, нягледзячы на праявы сепаратызму (чытаем “Прыгоды бравага салдата Швейка”), усе нацыянальнасці, што ваявалі ў Kaiserliche und Königliche Armee, выконвалі свой доўг да канца.
Звернемся да другой “турмы народаў” – Расійскай імперыі. Аповед будзе значна карацейшы, бо з нацыянальнай адукацыяй тут усё было нашмат больш сціпла. Канчатковай мэтай кіраўніцтва быў “плавільны кацёл”, дзе няма ніякай шматнацыянальнай дзяржавы, а ёсць рускія і ёсць чужынцы. Уласна нацыянальныя школы існавалі для “чужынцаў” (напрыклад, мусульманскіх народаў Каўказу і Сярэдняй Азіі, немцаў, яўрэяў). Беларусы і ўкраінцы-маларосы ў лік чужынцаў не ўваходзілі, а таму правоў на ўласную адукацыю не мелі. Таму ў кантэксце нашых продкаў варта разгледзець, якую ўвогуле адукацыю яны мелі магчымасць атрымаць.
Масква, 1912
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай на тэрыторыі Беларусі была арганізаваная Віленская адукацыйная акруга на чале з Адамам Чартарыйскім. Русіфікацыі не адбывалася, асноўнай мовай адукацыі заставалася польская. Масавая замена польскай мовы рускай пачала адбывацца пасля паўстання 1830 і асабліва 1863 года. У 1881 годзе на тэрыторыі пяці беларускіх губерняў дзейнічала 2185 школ, дзе вучылі на рускай мове. Адсотак пісьменных на землях сучаснай Беларусі напрыканцы ХІХ стагоддзя быў вышэйшы, чым у сярэднім па імперыі, але гэта прыблізна як “вышэйшы за Тырыяна Ланістэра” – 32% у параўнанні з 29,6%. Дарэчы, як дзейнічалі нацыянальныя школы, можна ўявіць сабе, ведаючы, што адсотак пісьменных на Каўказе складаў 12,4, у Сярэдняй Азіі – 3,3, і толькі ў Эстляндскай, Ліфляндскай і Курляндскай губернях быў большы за 70. Больш чым тры гады ў школах імперыі навучаліся ў 1911 годзе ажно 10,35% вучняў.
Нацыянальная свядомасць масы беларусаў не развівалася, відавочна, у духу беларускасці, але з развіццём у рускім напрамку таксама былі праблемы. Якія, дарэчы, праявіліся ў час той самай Першай сусветнай. Цяжка не асацыяваць узровень развіцця нацыянальнай самасвядомасці з узроўнем адукацыі (Расія перад вайной – аўтсайдар з 617 непісьменнымі на 1000 прызыўнікоў, тая ж Аўстра-Венгрыя – 220 непісьменных, а Германія, напрыклад, – 1 на 3000). “Плавільны кацёл” рускай нацыі дрэнна плавіў як чужых, так і сваіх. Пра сваю Айчыну салдаты ведалі прыблізна наступнае (далей цытата вядомага генерала Аляксея Брусілава):
“…Даже после объявления войны прибывшие из внутренних областей России пополнения совершенно не понимали, какая это война свалилась им на голову как будто бы ни с того ни с сего. Сколько раз спрашивал я в окопах, из-за чего мы воюем, и всегда неизбежно получал ответ, что какой-то там эрц-герц-перц с женой были кем-то убиты, а потому австрияки хотели обидеть сербов. Но кто же такие сербы – не знал почти никто, что такое славяне – было также темно, а почему немцы из-за Сербии вздумали воевать – было совершенно неизвестно…
Можно ли было при такой моральной подготовке к войне ожидать подъема духа и вызвать сильный патриотизм в народных массах?! Чем был виноват наш простолюдин, что он не только ничего не слыхал о замыслах Германии, но и совсем не знал, что такая страна существует, зная лишь, что существуют немцы, которые обезьяну выдумали, и что зачастую сам губернатор – из этих умных и хитрых людей. Солдат не только не знал, что такое Германия и тем более Австрия, но он понятия не имел о своей матушке России. Он знал свой уезд и, пожалуй, губернию, знал, что есть Петербург и Москва, и на этом заканчивалось его знакомство со своим отечеством. Откуда же было взяться тут патриотизму, сознательной любви к великой родине?!”
У 1917 годзе палітыка “плавільнага катла” і адукацыйная палітыка імперыі пацярпелі поўны крах, і асноўным патрыятычным лозунгам салдат стала “Мы тамбоўскія, да нас немец не дойдзе”. “Турма народаў” расчыніла вароты і скончыла існаванне.
Сапраўды, просты селянін не быў вінаваты ў тым, што яго, без розніцы, рускі ён, беларус, украінец ці хто яшчэ, забылі навучыць чытаць, пісаць і любіць Радзіму. Але камусьці трэба было гэта рабіць. І ў 1915 годзе беларусы атрымалі шанец.
Акупацыя і адукацыя
Вялікае адступленне 1915 года аддало пад уладу немцаў амаль палову сучасных беларускіх зямель. Ваенныя дзеянні пакінем за дужкамі, спынімся на некаторых кроках акупацыйнай адміністрацыі. На першы погляд яе кіраўніцтва выглядае ледзь не беларусізатарамі. У канцы 1915 года галоўнакамандуючы на Усходнім фронце генерал-фельдмаршал Паўль фон Гіндэнбург выдаў “Палажэньні аб прымяненьні асноватворных дырэктываў да аднаўленьня школьнай адукацыі ад 22 сьнежня 1915 г. VIII. № 82.” У гэтым дакуменце было прапісана, у прыватнасці, гэта:
Als Muttersprache hat diejenige Sprache zu gelten, welche die Eltern im höuslichen Umgang mit den angemeldeten Kindern zu sprechen pflegen… Das Weissrussische, das mit dem Russischen nicht identisch ist, wird unbeschränkt Zugelassen.
“Матчынаю моваю лічыцца тая мова, у якой бацькі маюць звычай размаўляць з запісанымі ў школу дзецьмі у хатнім абыходку… У сумнеўных выпадках вырашае кіраўнік адміністрацыі пасьля заслухоўваньня школьнага ведамства… Беларуская, якая не зьяўляецца ідэнтычнаю расейскай, дапускаецца без абмежаваньняў”. Гэты дакумент цытуе вядомы беларускі пісьменнік, адзін з ідэолагаў БНР Антон Луцкевіч у сваім артыкуле “Прызнанне правоў беларускае мовы падчас сусветнае вайны”.
Аднак такая “талерантнасць” Гіндэнбурга не павінная ўводзіць у зман. У тым жа самым артыкуле Луцкевіч прыводзіць і іншыя радкі таго ж дакумента:
“Моваю навучаньня павінна быць матчына мова. У якой меры ў школах зь ненямецкай матчынай мовай навучаньне будзе адбывацца таксама па-нямецку, гэта я абумоўлю пасьля прапановы ведамства маім рашэньнем. Ва ўсіх школах ад ніжэйшай да вышэйшай ступені нямецкую належыць вывучаць як мага больш гадзінаў, з тым каб кожнае дзіця пры выпуску са школы дастаткова валодала вуснаю і пісьмоваю моваю.
Расейская як мова навучаньня забараняецца ва ўсіх школах, аднак яе дазваляецца ўводзіць як факультатыўны прадмет у сярэдніх і вышэйшых школах.
Абавязкова пажадана, каб моваю пэдагогаў у зносінах з вышэйстаячым школьным ведамствам і пры вядзеньні дзелавых кніг была нямецкая.Таму чакаецца, што ўсе пэдагогі як мага хутчэй авалодаюць нямецкаю моваю.”
Мы бачым, што галоўнай мэтай “адраджэння” беларускай мовы і адукацыі для германскага галоўнакамандуючага была ліквідацыя рускамоўнага элементу на акупаваных тэрыторыях і замена яго нямецкім.
І ўсё ж такі школа!
Спробы наладзіць навучанне па-беларуску былі яшчэ да вайны. Так, яшчэ ў 1907–1909 гг. у “Нашай Ніве” друкаваліся артыкулы пра неабходнасць існавання беларускіх навучальных устаноў, пра тое, што людзі жадаюць і могуць наладзіць навучанне на мове, на якой размаўляла амаль усё сельскае насельніцтва і якая была дагэтуль так мала распаўсюджаная як літаратурная.
Пасля таго як стала “можна”, узніклі іншыя праблемы. Не хапала, катастрафічна не хапала настаўнікаў. Нядзіўна: жыць у франтавых умовах мала каму хочацца, і большасць інтэлігенцыі так ці інакш намагалася ўцячы ад вайны. Але хто хоча – той можа, і 13 лістапада 1915 года у Вільні была адкрытая першая (!) легальная (!) беларуская (!) школа. Асноўныя намаганні пры адкрыцці рабілі не Гіндэнбург і кайзер Вільгельм, а Баляслаў Пачопка і Алаіза Пашкевіч (Цётка), сярод настаўнікаў былі ўжо згаданы Антон Луцкевіч, яго брат Іван, Вацлаў Ластоўскі… Хутка пачалі працаваць і настаўніцкія курсы спачатку ў самой Вільні, а потым і на Лідчыне, дзе, як паведамляў “Гоман”, вучылася ў 1916 годзе 26 чалавек. 15 кастрычніка таго ж года адкрылася настаўніцкая семінарыя ў Свіслачы – яна працавала да лістапада 1918 года і падрыхтавала амаль паўтары сотні настаўнікаў. А ў канцы вайны столькі было ўжо не настаўнікаў, а школ – адукацыя набірала абароты. У пачатку 1918 года, калі немцы імкліва рухаліся на Усход пасля двух гадоў пазіцыйнай вайны, некалькі беларускіх школ узнікла ў на ўсходніх беларускіх тэрыторыях.
А што потым? А потым вайна скончылася, пачалася іншая – савецка-польская, і Заходняя Беларусь апынулася ў складзе Другой Рэчы Паспалітай. І “федэратыўнай” ці “шматнацыянальнай” польская рэспубліка быць не імкнулася. Аператыўна была зачыненая абсалютная большасць беларускіх школ. А наступная хваля беларускай адукацыі рынула ўжо з Усходу – з СССР, дзе камуністычнае кіраўніцтва, прынамсі на раннім этапе, вельмі добра карысталася менавіта аўстра-венгерскім досведам…