Соты раз у першы клас! Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, Саюз беларускіх пісьменнікаў і баскетбольны клуб “Цмокі-Мінск” у межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” абвяшчаюць акцыю, прысвечаную 100-годдзю беларускай легальнай школы!
13 лістапада 1915 года ў Вільні была заснаваная першая афіцыйная беларуская школа, якая дала легальны пачатак масаваму беларускаму школьніцтву. Менавіта гэтая дата ў міжваеннай Заходняй Беларусі і ў БССР у 1920-я гады святкавалася як Дзень беларускай школы.
У межах акцыі “Соты раз у першы клас!” плануюцца разнастайныя актыўнасці і мерапрыемствы ў інтэрнэце і рэальным жыцці. Ініцыятары акцыі прапануюць супольна абмеркаваць стан беларускага школьніцтва ўчора і сёння, паразважаць над тым, што змянілася за 100 гадоў існавання беларускай школы, і пашукаць адказ на пытанне, чаму так мала нашых суайчыннікаў абірае для сваіх дзетак навучанне па-беларуску.
У гарадах і мястэчках па ўсёй Беларусі адбудуцца сустрэчы, падчас якіх вядомыя айчынныя літаратары, спартоўцы, грамадскія дзеячы раскажуць пра славутых беларусаў, што стаялі ля вытокаў нацыянальнай школы, – Алаізу Пашкевіч, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Янку Купалу, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і іншых знакавых постацяў беларускага адраджэння.
Ідэя акцыі неабыякавая і вам? Маеце крэатыўныя прапановы? Пішыце нам на razam@budzma.org і sbp@lit-bel.org.
Сачыце за навінамі на сайтах арганізатараў і далучайцеся да акцыі!
Зробім разам школу беларускай!