У межах акцыі, прысвечанай 100-годдзю беларускай легальнай школы, Анатоль Івашчанка распавядае пра свой досвед выкладання мовы, пра беларускія летнікі і пра самую магчымасць ці немагчымасць навучаць беларушчыне.
А не так і шмат змянілася за гэтыя сто год. І перадусім, як на мяне, – у стратэгіях выхавання і змагання за розумы беларусаў (і тожэ-беларусаў). Дарэчы, цяжка сказаць, калі сітуацыя была горшай і калі лепшай. Давайце згадаем аповесць Максіма Гарэцкага “Дзве душы” (1919) і рэфлексіі настаўніка Міколы Канцавога адносна таго, што яго прыяцель і былы аднакласнік Ігнат Абдзіраловіч – пасля “каласальнага поспеху” Адраджэння – так і не “навяртаецца” ў беларушчыну. Прачытайце, калі ласка, гэты фрагмент:
“Яму здавалася ці як бы чулася, што некалі Ігнась сам разгледзіцца і навернецца і яшчэ павядзець за сабою такіх, як ён, Мікола. Яму здавалася, што наварачываць Ігнася – ненатуральны занятак. Дык жа і сорамна было б даводзіць Ігнасю тое, што можна даводзіць хіба цёмнаму, непісьменнаму чалавеку, каторы навет не ведае, што ён беларус. Апрача таго, Мікола з Ігнасём быў выхаванцам аднэй школы, у якой абодва былі звычайнымі «рускімі», аб беларускай свядомасці нічога й не чулі, дык і дзеля гэтага было неяк сорамна агітаваць Абдзіраловіча ці тое – быццам даросламу і здольнаму чалавеку выкладаць па-настаўніцку новую азбуку, заместа той фальшывай, якую дала ім маскоўская школа. Ігнась Абдзіраловіч і азбука, хоць бы й новая, – гэта ж дапраўды сорам, калі такі чалавек дасюль яшчэ патрабуець яе, – так разважаў Мікола аб любым сваім таварышу, аднак не ганіў яго, бо ведаў, што і тут ёсць свае важныя прычыны, толькі гэты пункт, праз недахват часу, быў найболей нез’яснёны для самога вучыцеля. Апрача таго, Міколу Канцавому здавалася, што адраджэнне ў астатні час, праз вайну і рэвалюцыю, зваявала сябе каласальны паспех, так што няма ўжо патрэбы давадзіць шмат чаго такога, што вымагала даводжання яшчэ ўсяго якіх пяць гадоў таму назад… Яму здавалася, што ўсе рэнегаты-беларусы ведаюць аб адраджэнні і аб тым, што павінны адраджацца, і калі не адраджаюцца, дык з прычыны прыкрай людской нядбайнасці і папсаванасці сваей натуры. Разумеецца, Абдзіраловіч у вачох Міколы залічаўся да катэгорыі нядбайных, а не папсаваных рэнегатаў. Навет для нядбайнасці Абдзіраловіча Мікола прызнаваў важныя бязвінячыя прычыны, бо дужа любіў і шанаваў яго”.
Тут усё: і разуменне, што навязванне і прымус – не наш метад, і самаедства, і прорва паміж пасіянарыямі і паслухмяна-маўклівай, і пачуццё віны, і іншыя інтэлігенцкія штучкі…
Як і тады, у беларускім асяродку, у адсутнасці рэальна нацыянальнай дзяржавы, усё трымаецца на чалавечым фактары – сіле асобы і волі рабіць справу ў неспрыяльных варунках. Асабіста мяне да беларушчыны прывёў настаўнік беларускай мовы. Акрамя таго, што тады, у сярэдзіне 90-х, на мову і літаратуру ў праграме адводзілася значна больш часу, чым цяпер, ён рабіў шмат пазакласнай працы – кіраваў гістарычным гуртком, ладзіў беларускамоўныя летнікі. У старэйшых класах мы выязджалі на тыдзень у лес, дзе ўмовай было камунікаванне выключна на мове.
Пазней у межах праграмы ЗБС “Бацькаўшчына” такія летнікі пачалі ладзіць мы самі (толькі вывозілі дзетак не ў лес, а ў Польшчу ці Чэхію, дзе ўплыў расейшчыны ў побыце быў выключаны апрыёры). Была створаная цікавая праграма. Аддача ад гэтых выездаў была каласальная.
На маю думку, самы дзейсны сродак пашырэння і мовы, і духу беларушчыны – аднаўленне беларускамоўных летнікаў (а таксама зімнікаў, восеннікаў і вясеннікаў), асяродкаў, дзе чалавек будзе знаходзіцца ў сітуацыі абсалютнае беларускамоўнасці. Файна, што моўныя курсы карыстаюцца папулярнасцю (хаця як чалавек, які добра ўяўляе ўзровень школьнай адукацыі, сумняваюся ў вялікім ККД курсаў, разлічаных хоць бы на базавыя веды). Але іх аўдыторыя пераважна студэнцтва. А як жа быць са школьніцтвам, з тынэйджарамі? Яны проста кінутыя – і дзяржавай, і NGO. Летнікі, пры належнай арганізацыі, – мажлівасць вырваць чалавека з шызоіднага білінгвізму ў нармалёвы белмоўны асяродак. Дастаткова двух з паловай тыдняў, каб цалкам расейскамоўнае дзіцё пачало размаўляць. Праверана. І няхай пасля, вярнуўшыся дахаты, большасць звернецца да рускай мовы, зерне будзе кінутае. І пераход да беларускамоўнай камунікацыі ў далейшым станецца простым і натуральным – як шчоўканне на клавіятуры спалучэннем ctrl-shift.