Справаздача аб дзейнасці МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” ў 2020 г.
Зацверджана Вялікай Радай МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Пратакол № 4 ад 28.12.2020 г.
У 2020 годзе Беларусь сустрэла некалькі вельмі сур’ёзных выклікаў, якія паўплывалі на ўсю краіну і канешне ж, на дзейнасць нашай арганізацыі -- гэта пандэмія каронавірусу. На шмат якія грамадскія праблемы і з’явы Згуртаванню даводзілася рэагаваць па меры іх узнікнення і адпаведна перабудоўваць сваю дзейнасць.
Найперш давялося скарэктаваць фармат правядзення планавых статутных мерапрыемстваў – пасяджэнняў Управы і Радаў, большасць з якіх праводзілася пісьмовым апытаннем.
Не зважаючы на гэта, дзейнасць МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” ажыццяўлялася ў адпаведнасці са Статутам аб’яднання і на падставе рашэнняў яго кіруючых органаў. Штодзённа ішла бягучая праца Згуртавання, камунікацыя з сябрамі арганізацыі з Беларусі і замежжа. Штодзённа абнаўляўся сайт Згуртавання zbsb.org, штомесяц выдаваўся і дасылаўся па суполках беларусаў замежжа і іншых падпісчыках бюлетэнь “Беларусы ў свеце”. Рыхтаваліся і накіроўваліся віншаванні сябрам “Бацькаўшчыны” і суполкам, якія адзначалі юбілейныя даты: у сувязі з юбілеямі сяброў Рады – колішняй старшыні Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі Лёлі Міхалюк, супрацоўніка шведскага радыё і аўтара шматлікіх беларускіх культурніцкіх праектаў Дзмітрыя Плакса, навукоўца і грамадскага дзеяча Валянціна Голубева, старшыні Севастопальскага таварыства беларусаў імя Максіма Багдановіча „Пагоня“ Валерыя Барташа, прэзідэнткі Асацыяцыі беларусаў Эстоніі Ніны Савінавай, кіраўніка Беларускага саюзу ў Польшчы Яўгена Вапы, навукоўца і архівіста Лявона Юрэвіча, а таксама сябра Згуртавання, мастака-ювеліра, што аднавіў вобраз Крыжа Еўфрасінні Полацкай (ініцыятыва была зацверджана на Першым з’ездзе беларусаў свету”) Міколы Кузьміча.
Адпаведнымі віншаваннямі і публікацыямі рэагавала Згуртаванне на трохгоддзе беларускай эстонскай арганізацыі “Спадкі”, 30-годдзе з дня рэгістрацыі нашага Згуртавання “Бацькаўшчына”.
У 2020 годзе Згуртаванне ўжо традыцыйна ўдзельнічала ў вызначэнні пераможцаў літаратурнага конкурсу разам з РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” і ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.
У працяг асветнай дзейнасці, у кастрычніку 2020 года Згуртаванне прыклала арганізацыйныя высілкі, каб у “Бібліятэцы Бацькаўшчыны” выйшаў збор прац Вітаўта Тумаша пад адной вокладкай. А ў лістападзе пры арганізацыйнай дапамозе Згуртавання пабачыла свет кніга пра дзеяча замежжа – Міколу Равенскага.
Разам з усёй грамадскасцю Беларусі Згуртаванне рэагавала на выклікі пандэміі, што пачала пашырацца ў нашай краіне. Згуртаванне зрабіла цэлы шэраг дабрачынных інфармацыйных акцый з мэтай пашырэння ўзаемадапамогі, а таксама звярталіся да беларусаў замежжа з просьбай дапамагчы сваёй краіне ў гэты цяжкі час. З разгортваннем пандэміі Згуртаванне правяло інфармацыйную кампанію «Дапаможам разам!» з заклікам да грамадства аказваць дапамогу дамам-інтэрнатам і іншым уразлівым групам. А пазней, заклікала ўсіх неабыякавых да ўдзелу ў акцыі “Чытай і здаравей”, у выніку якой сотні кніг беларускіх аўтараў былі перададзены ў шпіталі, дзе ляжалі людзі, хворыя на каронавірус. У красавіку Згуртаванне звярталася да грамадскасці Беларусі з просьбай падпісаць петыцыю аб неабходнасці застрахаваць жыцці беларускіх медыкаў, якія апынуліся на перадавой барацьбы з кавідам. Адмыслова для дзетак Згуртаванне спрыяла перакладу з украінскай на беларускую мову размалёўкі для дзетак пра каронавірус, якую Згуртаванне дапамагло распаўсюдзіць па садках і дамах-інтэрнатах нашай краіны.
У сувязі з тым, што цягам 2020 г. у замежжы з’явілася шмат новых ініцыятыў, прыйшлі новыя людзі ва ўжо існуючыя асяродкі дыяспары, Згуртаванне імкнулася арганізаваць дыялог паміж рознымі суполкамі беларусаў замежжа, а таксама аказваць ім інфармацыйную і метадычную дапамогу.
З-за пандэміі істотна змяніўся фармат і іншых планавых мерапрыемстваў Згуртавання. Давялося пераводзіць магчымыя з іх у фармат онлайну. Так, менавіта ў такім фармаце былі праведзеныя наступныя сустрэчы з экспертамі: “Будзьма моцнымі” (сустрэча з інструктарам па фітнэсу аб тым, як захаваць фізічнае здароўе, не выходзячы з дому), “Будзьма стойкімі” (сустрэча з псіхолагам, як мінімізаваць наступствы сацыяльнай ізаляцыі), “Будзьма моднымі”, “Будзьма экалагічнымі” і да т.п.
Таксама ў 2020 годзе Згуртаванне распачало распрацоўку некалькіх грунтоўных онлайн праектаў, скіраваных на папулярызацыю беларускай мовы і культуры, а таксама пашырэнне ведаў па гісторыі Беларусі і бларускага замежжа, пад час якіх Згуртаванне плануе асвятленне самых цікавых і разнастайных момантаў нашай гісторыі і культуры. Мерапрыемствы будуць рэалізаваныя ў 2021 годзе.
Справаздача пра паступленні і выдаткоўванні грашовых сродкаў і іншай маёмасці МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” за перыяд 01.01.2020 г. па 31.12.2020 г.
ЗАЦВЕРДЖАНА Малой Радай МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” (Пратакол № 15 ад 18.03.2021 г.)
За справаздачны перыяд паступленні і выдаткоўванні грашовых сродкаў МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” ажыццяўляліся праз разліковы рахунак у беларускіх рублях. Паступленні фарміраваліся за кошт дабрачынных ахвяраванняў сяброў арганізацыі. Паступленняў ад правядзення статутных мерапрыемстваў, як і даходаў ад прадпрымальніцкай дзейнасці, ад замежных дзяржаваў (арганізацый) не было. На балансе Згуртавання адсутнічае іншая маёмасць.
На 01.01.2020 г. на разліковым рахунку арганізацыі 2875,03 руб.,
на разліковым дабрачынным рахунку 0,28 руб,
на валютных рахунках: асноўным – 152,21 даляра ЗША, дабрачынным – 38,30 даляра ЗША, што складала 190,51 даляра, а таксама 0,42 еўра.
З 01.01.2020 па 31.12.2020 на разліковы рахунак арганізацыі паступіла грашовых сродкаў:
ахвяраванні | 31800,00 руб. |
працэнты за захаванне грошай на разліковым рахунку | 6,30 руб. |
працэнты за захаванне грошай на валютным рахунку | 0,30 руб. |
паступленні з ФСАН на выплату дапамогі па догляду за діцем | 7663,74 руб. |
Усяго паступіла грашовых сродкаў |
39470,34 руб. |
Выдаткавана грашовых сродкаў
заработная плата супрацоўнікаў | 21227,78 руб. |
дапамога на дзяцей, па часовай непрацаздольнасці, бальнічны па цяжарнасці і родах за кошт сродкаў ФСАН |
15829,71 руб. |
адлічэнні ў ФСАН | 12,00 руб. |
падаходны падатак з ФЗП | 1150,63 руб. |
унёскі ў Белдзяржстрах | 114,71 руб. |
за паслугі банка | 570,62 руб. |
падатак на нерухомасць |
880,63 руб. |
грашовыя сродкі за тэлефонныя паслугі РУП "Белтэлекам" | 881,52 руб. |
Усяго выдаткавана | 40667,60 руб. |
Колькасць супрацоўнікаў на пачатак 2020 г. налічвала 10 чалавек, з іх:
2 у адпачынку па догляду за дзіцем,
1 знешні сумяшчальнік,
прынята на працу 2 чалавекі,
звольнены 1 чалавек.
На канец 2020 г. колькасць супрацоўнікаў налічвала 11 чалавек, з іх:
10 чалавек на 0,5 стаўкі,
1 у адпачынку па догляду за дзіцем,
1 знешні сумяшчальнік на 0,25 стаўкі.
З валютных рахункаў валюта не прадавалася. На канец 2020 г. на ім захоўваліся 190,51 даляра ЗША і 0,42 еўра.
Па стане на 31.12.2020 г. на разліковым рахунку 1677,77 руб., на разліковым дабрачынным 0,28 руб. Усяго 1678,05 руб.
Інфармацыйны цэнтр МГА «ЗБС «Бацькаўшчына»