Збор рэвалюцыйных прац Вітаўта Тумаша пад адной вокладкай

Чарговы сюрпрыз ад „Бібліятэкі «Бацькаўшчыны»“ – у падсерыі „Спадчына. Агледзіны“ выйшаў збор галоўных навуковых працаў Вітаўта Тумаша. Кніга мае ажно чатыры прадмовы, а кожны са змешчаных у ёй тэкстаў грунтоўна пракаментаваны ў фірмовым стылі даследчыкаў-укладальнікаў Наталлі Гардзіенка і Лявона Юрэвіча – колькасць падрадковых каментароў ідзе на чатырохзначныя лікі.

Пад адной вокладкай змешчаны рэвалюцыйныя „Пытанні этнагенезу і культурнага развіцця беларусаў (балцкі элемент пры паўстанні сучаснага беларускага народу)“ і праца „Жыццё і дзейнасць Францыска Скарыны“, якая ў свой час апярэджвала тутэйшае скарыназнаўства, аперуючы дакументамі аб здачы Скарынам экзамену, доказамі „маскоўскага эпізоду“ ў яго жыццяпісе, а таксама аргументамі ў барацьбе з „геаргізацыяй“ Скарыны. Следам за імі ідзе „Кніжная справа на Беларусі“ і некалькі драбнейшых артыкулаў.

Вітаўт Тумаш (1910–1998) – чалавек, імя якога адным з самых першых прыходзіць на розум, калі размова заходзіць пра ўнёсак беларускай эміграцыі ў нацыянальную навуку.

Са словаў блізкага атачэння, сам Вітаўт Тумаш амаль што фізіялагічна не трываў любой публічнасці ў дачыненні да сваёй персоны і ўнікаў яе як толькі мог. Але капрызны лёс настойліва вёў яго праз знакавыя беларускія культурніцкія асяродкі на Радзіме і ў эміграцыі, нязменна выводзячы ў першыя шэрагі, зацягваў у палітычныя сітуацыі, слова „неадназначнасць“ для якіх ёсць ці не самай мяккай характарыстыкай, і спрыяў у навуцы, нярэдка дазваляючы на некалькі крокаў апярэджваць калегаў з метраполіі. Беларуская гімназія ў Вільні, Віленскі ўніверсітэт, хор Шырмы, віцэ-старшынства ў Таварыстве беларускай школы, дзейнасць у Беларускім нацыянальным камітэце ў Варшаве, у Беларускім камітэце ў Лодзі, пасада мінскага бурмістра ўлетку 1941 г., старшынства ва ўрадзе БНР і ў Фундацыі П.Крэчэўскага на эміграцыі. І нарэшце – заснаванне Беларускага інстытута навукі і мастацтва і плённая праца ў гэтай установе, якая дасёння карыстаецца нязменна вялікім аўтарытэтам сярод даследчыкаў.

Уважлівы чытач мог заўважыць, што тэксты гэтага аўтара з’яўляліся ў „Бібліятэцы «Бацькаўшчыны»“ і раней. Ён быў удзельнікам ліставання камітэта па стварэнні беларускага пераклада Бібліі (Лявон Юрэвіч „Шматгалосы эпісталярыум“), скарыназнаўчага ліставання (Лявон Юрэвіч „Эмігрант Францыск Скарына, ці Апалогія“), а таксама ліставання па падрыхтоўцы эміграцыйнага, нецэнзураванага збора твораў Янкі Купалы „Спадчына“ („Як укладалі «Спадчыну»“).

„Выбранае“ Вітаўта Тумаша і іншыя выданні серыі можна:

набыць у Мінску:

  • Акадэмкніга (пр-т Незалежнасці, 72)

  • Светач (пр-т Пераможцаў, 11)

  • Цэнтральная кнігарня (пр-т Незалежнасці, 19),

  • Веды (вул. К.Маркса, 36),


або набыць праз інтэрнэт: knihi.by


Інфармацыйны цэнтр МГА „ЗБС «Бацькаўшчына»“,
фота facebook.com/natalla.hardziyenka