Намаганнямі актывістаў Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага на адной з вяршыняў горнае сістэмы Хамар-Дабан у Прыбайкаллі з'явілася шыльда ў гонар сасланых у Сібір удзельнікаў Паўстання 1863 г. і асабіста аднаго з іх - Яна Чэрскага.
Шыльда была ўсталяваная падчас традыцыйнага паходу беларусаў Іркуцку на пік Чэрскага – адну з найвышэйшых кропак хрыбту Хамар-Дабан і аднаго з папулярных турыстычных маршрутаў Прыбайкалля. Паход быў прымеркаваны да 170-годдзя славутага даследчыка і прайшоў ужо трэці раз – першы паход адбыўся 10 гадоў таму, другі – 5 гадоў.
У тэксце шыльды на дзвюх мовах - рускай і беларускай - згадваюцца Паўстанне, высылка асуджаных на катаргу ўдзельнікаў, іхны ўплыў на жыццё Сібіры, а таксама асноўныя факты з біяграфіі Чэрскага. Побач месціцца ягоны партрэт, паўстанцкі герб і схематычныя выявы, якія адлюстроўваюць лёс навукоўца - ад паўстанцкае зброі да навуковых дасягненняў. Паход адбыўся 11-14-га жніўня, адразу па заканчэнні Фестывалю беларусаў свету на Байкале 3-9 жніўня.